АРГАНАГЕ́НЫ,

хім. элементы, неабходныя для жыццядзейнасці жывых арганізмаў. Вядома каля 20 элементаў. Сав. вучоны Б.Б.Палынаў (1968) вылучыў арганагены абсалютныя (кісларод, вадарод, вуглярод, азот, марганец, калій, сера), без якіх немагчыма існаванне арганізмаў і з якіх пераважна пабудаваны арган. рэчывы — бялкі, тлушчы, вугляводы, ферменты, гармоны, вітаміны і прадукты іх пераўтварэнняў, і арганагены спецыяльныя (крэмній, натрый, кальцый, жалеза, фтор, магній, стронцый, бор, цынк, медзь, бром, ёд), неабходныя многім, але не ўсім арганізмам.

т. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)