КІНА́ЗЫ, фосфатрансферазы,

ферменты класа трансфераз, што каталізуюць рэакцыі пераносу фасфарыльнага астатку ад адэназінтрыфосфарнай кіслаты (АТФ), радзей ад інш. нуклеазідтрыфасфатаў, на субстраты. Удзельнічаюць у фасфарыліраванні нізкамалекулярных злучэнняў (глюкоза, вітаміны) і бялкоў. Рэакцыі пераносу К.

ажыццяўляюць з затратай энергіі АТФ (неабарачальныя рэакцыі) і без затраты (абарачальныя рэакцыі). Прысутнічаюць ва ўсіх жывых клетках і адыгрываюць значную ролю ў рэгуляцыі абмену рэчываў. Вядома каля 200 К. Вызначэнне актыўнасці крэацінкіназы ў сываратцы крыві выкарыстоўваюць у дыягностыцы інфаркту міякарда і міяпатый.

т. 8, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)