Аса́ (БРС), асва (Гарэц., Нас., Др.-Падб., Яруш., Мядзв., Касп., Жд., Янк. БФ), асі́ны (БРС, Яруш.), асвінае (Жд.), асаед‑асвейнік (Інстр. II). Рус., укр., балг. оса, польск., славац., чэш. дыял., славен. osa, серб.-харв. о̀са, чэш. vosa, в.-луж. wosa, палаб. vȧsă. Ст.-рус., ст.-бел. оса, рус. дыял. осва ’тс’. Літ. vapsà, vapsvà, лат. wapsene, прус. wobse, ням. Wespe, лац. vespa (з метатэзай). Словы ўзыходзяць да і.-е. *u̯obhsā ’тс’, якое лічаць роднасным з коранем *u̯ebh‑ткаць’. На агульнаславянскі характар беларускага слова ўказваў Булахаў, Курс суч., 144. Для этымалогіі гл. Фасмер, 3, 156; Траўтман, 342; Покарны, 117 а. Пачатковае v страчана ў сувязі з разуменнем яго як прыстаўнога ці па аналогіі з *ostr‑; выпадзенне ‑p‑ (Аткупшчыкоў, Из истории, 63) адносна ранняе, але так ці іначай звязана з тэндэнцыяй узыходзячай гучнасці. Беларускія, рускія і літоўскія формы з канчатковым ‑va старажытныя (Фрэнкель, 1196–1197), паводле Герца (Брян. гов., 1, 55), адлюстроўваюць стары суфікс; калі ўлічыць паралелі ўкр. мурашва, мушва, можна пагадзіцца з Атрэмбскім, 2, 89, у тым, што першапачаткова асва і пад. былі зборнымі назоўнікамі, параўн., аднак, вутва ’качка’ (КСТ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стано́к, ‑нка, м.

1. Машына для апрацоўкі якіх‑н. матэрыялаў (металу, драўніны і пад.) і для вырабу чаго‑н. Такарны станок. Свідравальны станок. □ — Тут у нас сабіраюць унікальныя станкі, — нарэшце парушае маўчанне сакратар, — таму канвеера ці яшчэ якіх тэхнічных навінак, як бачыце, няма. Асіпенка.

2. Прыстасаванне для якіх‑н. работ; апора для якіх‑н. прылад, механізмаў. Станок для прамывання золата. □ Гараць над ракою заранкі У сонечных іскрах вясны, Прыйшлі да станкоў віцяблянкі Квяцістыя ткаць дываны. Русак.

3. Металічная аснова, на якой умацоўваюцца гарматы, кулямёты; лафет.

4. Спец. Прыстасаванне для ўмацавання палатна, устаноўкі каркаса, скульптурнага матэрыялу пры рабоце над карцінай, скульптурай.

5. Спец. Прыстасаванне для апоры ў час некаторых заняткаў, трэніроўкі. Станок для прыцэльнай стральбы.

6. Прыстасаванне, у якое ставяць жывёлу (для лячэння і пад.); стойла. Вера зайшла ў станок, пагладзіла карову па цёпламу боку. Асіпенка. Шэмет хацеў быў ступіць у кароўнік, прайсці ўздоўж паміж станкамі, але Клім спыніў яго: — Не трэба, усё там як паложана. Лобан.

•••

Бесчаўнаковы станок — станок, які не мае чаўнака.

Карусельны станок — вертыкальны такарны станок для апрацоўкі вялікіх дэталей.

Рэвальверны станок — такарны станок з рухомай (вакол восі) галоўкай.

Саматкацкі станок — ткацкі станок; кросны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Начы́нне ’інструменты, прылады’ (Яруш.), ’драўляны посуд; набор рамесніцкіх прылад, інструментаў’ (Нас.), начы́нье ’набор прылад’: начынье кросна ткаць (ТС), начы́ння, начы́не, начы́нё, начы́нё ’ўвесь посуд у хаце; інструмент’ (Сл. ПЗБ), начы́нё ’сталярны інструмент’ (навагр., Нар. словатв.), начэнё ’рамесніцкія прылады’ (Кліх), начэ́ня ’сталярны інструмент’ (нясвіж., З нар. сл.), ’начынне, рэчы’ (лід., Сл. ПЗБ), ст.-бел. начине ’сукупнасць прадметаў, прыналежнасць якога-небудзь ужытку; посуд рознага прызначэння; рамесніцкі інструмент’ (Дасл. (Гродна), 121), укр. начи́ння ’посуд; інструмент, прылады; частка кроснаў’, польск. naczynie ’ёмістасці, посуд; прылады, інструменты’, чэш. náčiní ’рамесніцкія прылады; кухонны посуд’. Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 94), ст.-бел. начинье (начынье) ’прылада, інструмент’ (з пач. XVI ст.) запазычана са ст.-польск. naczynie ’тс’; улічваючы геаграфію, хутчэй можна гаварыць пра арэальную інавацыю, цэнтр якой знаходзіўся, відаць, на чэшскай моўнай тэрыторыі (параўн. ст.-чэш. náčiní ’інструмент; посуд’). Да чын ’спосаб’, параўн. такім чынам ’так, такім спосабам’, паралельнае да надоба, надобʼе ’хатнія рэчы, прылады’ (славен. dob ’спосаб, рад’), параўн. балг. на́чин ’спосаб’ і інш., першапачаткова ’рэчы, што прызначаюцца для пэўнага спосабу працы; адпаведным чынам выкарыстоўваюцца’, гл. Махэк₂, 387; Брукнер, 82. Маг. начы́ньня ’вантробы’ (Бяльк.), фармальна тоеснае разгледжаным словам, мае іншае паходжанне: ад начыня́ць, чыні́ць ’фаршыраваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вірга́цца ’брыкацца (пра коней)’ (зэльв., Сцяц.). Укр. вергати(ся) ’кідацца, шпурляцца’ < вере́чи, вергу, рус. вергать ’тс’, польск. wierzgać ’брыкаць’, wirgać ’тс’; ’перакульвацца’, н.-луж. wjergaś ’кідаць(ца), шпурляцца’, в.-луж. wjerhać ’шпурляць, рваць’, wjerhać so ’змагацца’, чэш. vrhati (se) ’кідаць(ца)’, ст.-чэш. vrci (vrhu), славац. vrhať (sa) ’тс’, славен. vrẹ́ci, серб.-харв. вр̏ћи (вр̏гнем//вр̏жем), вp̏ћ, харв.-кайк. vreći ’тс’, макед. врска ’сцёбаць’, врсне ’сцебануць’, балг. въргам ’кінуць’, ст.-слав. врѣшти, врѣщи, врьгѫ ’тс’. Прасл. vьrgǫ, vьrgati ’штурхаць, кідаць’. Ст.-слав. изврагъ ’ізгой’ з’яўляецца другой ступенню чаргавання кораня vorg‑ < і.-е. кораня *u̯reg‑/*u̯erg‑ ’гнаць’ (параўн. літ. var̃gas ’бяда, патрэба, нястача’, гоц. wrikan ’праследаваць’, ст.-англ. wrecan ’гнаць, помсціцца’, ням. rächen ’помсціць’, лац. urgeo ’цясніць, штурхаць, гнаць’). У слав. мовах маецца і рэдукаваны корань vьrgati (Трубачоў, История терм., 176–177; Мартынаў, Лекс. взаим., 153–155). Гл. таксама Праабражэнскі, 1, 73; Фік, 1, 549; Вальдэ, 821; Траўтман, 361; Міклашыч, 383; Голуб-Копечны, 423; Брукнер, 618; Махэк₂, 700; Фасмер, 1, 294–295; Скок, 3, 621. Младэнаў (667) збліжае лексему з ням. Werk ’работа, справа’, wirken ’дзейнічаць’; ’ткаць’. Каралюнас (ZfSl, 2, 1974, 203–206) адносіць сюды літ. vérgti ’гнаць у рабства, рабіць рабом’, vérgas, ver̃gas ’раб’, лат. ver̂gs, vḕrgs ’тс’. Бел.-польск. семантычная ізалекса.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго-што. Прымусіць пайсці адкуль‑н. [Лабановіч] помніць спатканне з незнаёмаю жанчынаю, што ішла да яго, а ён прагнаў яе. Колас. Стары таксама падняўся.., без патрэбы паправіў на стале бялюткі абрус, прагнаў з лавы ката. Васілевіч. // Вызваліць прымусова ад выканання якіх‑н. абавязкаў. [Антаніна Пятроўна:] З завода цябе прагналі, і тут я вінавата. Крапіва. // Прымусіць адступіць (ворага, непрыяцеля). Калі ж прагонім чужаземца, Калі пакінем мы лясы, Случчанка гладзіць зноў красёнцы Ткаць залатыя паясы. Астрэйка.

2. каго-што. Гонячы, прымусіць рухацца ў якім‑н. напрамку праз што‑н., побач з чым‑н. і пад. Па цэнтральнай вуліцы прагналі некалькі чалавек палонных немцаў. Гурскі. — Я табе памагу прагнаць [кароў] паўз грэчку, — сказаў Скуратовіч. Чорны. // Накіроўваючы куды‑н., правесці. Прагнаць плыты.

3. перан.; што. Прымусіць знікнуць; рассеяць, спыніць, пазбавіцца чаго‑н. Думкі зусім прагналі сон. [Якаў] адчыніў свіран і сеў на парозе. Чарнышэвіч. Пачуўся недзе далёка-далёка плач трубы пастуха. Гэты знаёмы і блізкі сэрцу гук прагнаў усе змрочныя думкі. Чарот.

4. што і без дап. Вельмі хутка праехаць, прабегчы якую‑н. адлегласць.

5. што. Хутка рухаючыся або накіроўваючы рух чаго‑н., утварыць пракос, разору і пад. Прагнаць пракос. Прагнаць разору.

6. перан.; што. Разм. Напіцца; наталіць. [Нор] піў і ўсё ніяк не мог прагнаць смагу. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Крэс́ла1 ’прадмет мэблі’ (ТСБМ, Касп., Сцяшк., Бяльк.). Укр. крісло, рус. кресло, ст.-рус. кресло ’тс’, ст.-польск. krzesło, чэш. křeslo, славац. kreslo ’тс’. Практычная адсутнасць паўднёваславянскіх паралелей вельмі ўскладняе рэканструкцыю. Першапачатковым значэннем трэба лічыць ’рамачная ці плеценая канструкцыя’. Параўн. крэсла2, крэсла3, крэсла4 (гл.) і кросна (гл.). Паралелізм гэтых форм і значэнняў у балтыйскіх і славянскіх мовах супярэчыць гіпотэзе аб запазычанні са славянскіх у балтыйскія ці наадварот (параўн. Трубачоў, 12, 128 і Тапароў, L–K, 180–182). У лік балтыйскіх лексем, якія параўноўваюцца са славянскімі, уваходзяць ст.-прус. creslan (марфалагічны адэкватнае прасл. kreslo), літ. krė́slas, лат. kresls ’тс’. Улічваючы ‑slo‑суфіксацыю, можна сцвярджаць аб існаванні прасл. *kresiti, kresati ў значэнні ’ткаць’. Параўн. ст.-грэч. κρόκη ’уток’ κρέχω ’тку’. Але ўсё гэта вельмі праблематычна, паколькі цяжка зразумець знікненне ўсіх слядоў дзеяслова ў балтаў і славян.

Крэ́сла2 ’верхняя задняя частка штаноў’ (Янк. II), ’рамбавідная ўстаўка паміж калашынамі штаноў’ (Малч., Жыв. сл., Ян., Маш.). Укр. кресло ’тс’. Да крэсла1 (гл.).

Крэ́сла3 ’прарэх, шырынка’ (Нар. словатв., Нар. сл., Шатал., Сцяшк.). Гл. крэсла2.

Крэ́сла4 ’прамежнасць паміж заднімі нагамі жывёліны’ (Жыв. сл.). Гл. крэсла2.

Крэ́сла5 ’дошка ў прасніцы, на якой сядзіць пралля’ (Сцяшк. Сл., Шатал.). Гл. крэсла1.

Крэ́сла6 ’частка калёс, якая накладваецца на пярэднюю вось’ (Сцяшк. Сл., Шатал.). Гл. крэсла1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

двор 1, двара, м.

1. Участак зямлі пры доме, хаце, прадпрыемстве, абгароджаны плотам ці сценамі будынкаў. Выйсці з хаты на двор. Выехаць з двара. □ Прасторны, роўны двор вясёлы Заўсёды повен быў жывёлы. Колас. Хата мела ў сабе пяць акон: тры на двор і два на вуліцу. Гартны. // Абгароджаны ўчастак з будынкамі для скаціны. Скацінны двор. □ Меркавалася сена з грудоў прывезці да коннага двара. Чарнышэвіч.

2. Сялянскі дом, хата з усімі гаспадарчымі пабудовамі; асобная сялянская гаспадарка. Сяло Чмарава па ўзгор’і — вялікае, а хаты параскіданы як папала; некалькі двароў ёсць новых. Каваль. Вучняў было нямнога — вёска налічвала ўсяго сорак двароў. Кавалёў. / У значэнні падліковай адзінкі. З разлікам на кожны двор.

3. Гіст. Памесце, маёнтак. Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты. Ткаць залатыя паясы. Багдановіч. Памятаў Рыгор і тыя моманты, калі цёмныя лістападаўскія ночы асвятляліся вогненнымі факеламі з панскіх двароў. Гартны.

4. Гаспадарчы цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства (калгаса, саўгаса і пад.). Калгасны двор — стайня і кароўнік — быў на загуменні. Лобан.

•••

Манетны двор — дзяржаўнае прадпрыемства, якое вырабляе манеты, ордэны, медалі і іншыя знакі і вырабы з металу, прымяняючы залачэнне, серабрэнне і ювелірныя эмалі.

Заезны двор (дом) (уст.) — памяшканне для начлегу з дваром для коней і фурманак, а таксама карчмой.

На дварэ — не ў хаце, на вуліцы, на адкрытым паветры.

На двор — па натуральнай патрэбе (схадзіць, папрасіцца, хацець і пад.).

Ні кала ні двара гл. кол ​2.

Прахадны двор — а) адкрыты двор, праз які можна прайсці чужым людзям; б) хата, дом і пад., куды часта прыходзяць людзі.

двор 2, двара, м.

У манархічных краінах — манарх і яго акружэнне. Будучы апазіцыйна настроеным да царскага двара, Сувораў не аднойчы трапляў у няміласць. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ты́каць1 ‘торкаць, тыцкаць’, ‘паказваць’, ‘даваць, падсоўваць што-небудзь каму-небудзь’, ‘рабіць папрок, упікаць’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Мат. Гом.): не тыкай на сонцэ, бо рука отсохне (Сержп. Прык.), ‘уторкваць, утыкаць’ (ТСБМ, Нас., Федар. 6, ТС), ‘закладаць снапы ў азярод, запраўляць, запіхваць’ (калінк., люб., Сл. ПЗБ), ‘соваць’: языча, языча, куды цябе тыча (пух., З нар. сл.), тыкаць, утыкаць (нос) ‘умешвацца не ў сваю справу’ (Юрч. Фраз.), тыкаць у нос ‘рэзка ўказваць’, тыкаць пальцамі ‘адкрыта асуджаць’ (там жа), ты́кнуць ‘ткнуць, сунуць’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), тыко́ць ‘тыц’ (ТС), ст.-бел. тыкати ‘ўтыкаць; закранаць, датычыць’ (ГСБМ), ‘натыкаць’: дѣти на колье тыкахоу (XV ст., Карскі 2-3, 456). Параўн. укр. ти́кати, рус. ты́кать, стараж.-рус. тыкати ‘штурхаць’, ц.-слав. тыкати ‘калоць’; польск. tykać ‘дакранацца’, ‘кранаць’, ‘адносіцца, належаць’, ‘убіваць у зямлю’, славін. takac ‘датыкацца’, палаб. tåicě ‘тыкае’; н.-луж. tykaś ‘кранаць, датыкацца, штурхаць, тыкаць’, ‘падаваць’, в.-луж. tykać ‘соваць, тыкаць, утыкаць, набіваць (люльку)’, славен. tikati ‘належаць, адносіцца’, харв. tȉcati, серб. ти́цати ‘датыкацца’, ‘закранаць’, ‘датычыць’, балг. ти́кам ‘тыкаць, штурхаць’. Прасл. *tykati ‘датыкацца’ < ‘калоць, басці’, ‘злёгку таўчы, закрануць’ суадносіцца з прасл. *tъknǫti ‘дакрануцца’ (Сной₂, 764), гл. ткаць, ткнуць; роднаснае лат. tūkaȃt, tūcît ‘мясіць, ціснуць, мяць, запіхваць, біць, грукаць’, літ. tuksė́ti ‘стукаць, грукаць, біцца (аб сэрцы)’, ст.-в.-ням. dûchen ‘ціснуць’, ст.-грэч. τύκος ‘малаток’, ‘сякера’, асец. tuǧd ‘біцца, змагацца’, ťyst, ťunst ‘запіхваць, саваць’, ‘калоць’ < і.-е. *(s)teu̯‑ ‘таўчы, біць’ і *tēu̯‑ (Каруліс, 2, 435; Фасмер, 4, 130; ЕСУМ, 5, 566; Арол, 4, 124).

Ты́каць2 разм. ‘гаварыць камусьці «ты», называць імем’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), ты́кацца ‘звяртацца на «ты»’ (ТС): ni tykajsie za mnojy, ja z taboju świniej ni paświŭ (Федар. 4). Параўн. укр. ти́кати ‘звяртацца на «ты»’, рус. ты́кать ‘тс’, польск. tykać ‘тс’, н.-луж. tykáš se ‘тс’, в.-луж. tykać ‘тс’, чэш. tykat ‘тс’, славац. tykať si ‘тс’, серб. ти́кати ‘тс’, харв. tíkati ‘тс’, славен. tikati ‘тс’. Утвораны ад займенніка 2 ас. адз. л. ты (< прасл. *ty) накшталт ням. duzen (< du ‘ты’), франц. tutuer (< tu ‘ты’) (Сной₂, 764; Фасмер, 4, 130; ЕСУМ, 5, 563; Арол, 4, 125).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыбра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; заг. прыбяры; зак.

1. каго-што. Адзець прыгожа, лепш, чым звычайна. Прыбраць да шлюбу. □ — Прыбраць бы іх прыгожа, — сумна ўсміхаецца Люська, — якраз як сёстры Фёдаравы... Ракітны. // Пакрыць чым‑н. для ўпрыгожвання; упрыгожыць. Сцены прыбралі самымі прыгожымі дыванамі, якія ўмелі ткаць бярозаўскія жанкі. Васілевіч. З іх [дзяўчат] адна вянком удала Галаву сабе прыбрала. Танк. Мароз прыбраў, як майскай квеценню, Сады, палеткі і дамы. Астрэйка.

2. што і без дап. Прывесці ў парадак што‑н., навесці чысціню дзе‑н. Прыбраць у хаце. □ Старанна прыбрала.. [Ганна] кухню, змяла, выцерла кожную пылінку. Колас. Собіч даўно прыбраў стол, але чакаў, глянуўшы на Марыну: яна стаяла каля акна задумаўшыся. Скрыган.

3. што. Прыняць, зняць, знесці адкуль‑н. Прыбраць посуд са стала. Прыбраць камень з дарогі. □ Вясной перад іхнім домам разбілі газоны, заасфальтавалі тратуар, прыбралі хлуд. Лось. [Аканом] паклікаў усіх, хто забудаваўся з Гальвасавага лесу, і сказаў за лес заплаціць, а за самаўпраўства даць штраф. А хаты прыбраць з Гальвасавага поля. Чорны. // каго. Разм. Зняць, вызваліць. [Антон Васільевіч], відаць, дабіваецца, каб мяне прыбралі з пасады старшыні. Паслядовіч.

4. каго-што. Разм. Знішчыць, забіць. — Самі ведаеце, як тады жыццё наша калгаснае ішлося. Пабудовы спалены, зямля запушчана, ні цяпла, ні людзей... Усё вайна прыбрала. Сачанка. [Вінцук:] — Так то яно так, але поўзаюць жа па свеце такія гады. І не прыбярэ такую поскудзь ніхто. Машара. [Мікола-падпольшчык:] — Ваня, ты заставайся ў горадзе, прыбяры гада як мага хутчэй, пакуль ён не нарабіў бяды. Новікаў.

5. каго-што. Разм. Завалодаць чым‑н., прысвоіць каго‑, што‑н. Зямлю ж гектараў паўтара Прыбраў вясковы абдзірала, Прыслужнік панскага двара. Колас.

6. што. Разм. Сабраць (ураджай з поля, сена і пад.). — Збожжа прыбралі, азіміну пасеялі — чаму ж не пагасцяваць крыху ў добрага чалавека? Пянкрат. З поля прыбралі багаты ўраджай, сеялі жыта. Чорны. // Канчаткова зрабіць што‑н. на якой‑н. тэрыторыі. — Балота прыбралі ўжо? — Учора касілі ўсім сялом — скончылі! Краўчанка.

•••

Прыбраць да рук — а) захапіць сабе, прысвоіць; б) прымусіць каго‑н. быць паслухмяным. Вялая думка стала больш акрэсленай і перарасла ў рашэнне: прыбраць да рук гэтага.. ветрагона. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тачы́ць1 ’вастрыць, завострываць’, ’вырабляць што-небудзь на такарным станку’, ’дзіравіць, пашкоджваць (пра насякомых, грызуноў; пра дзеянне вады, ветру)’; ’неадступна мучыць, пазбаўляць сіл (пра хваробу, думкі, пачуцці і пад.)’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’вастрыць’, ’рыць; грызці’ (Сл. ПЗБ), ’вастрыць’ (Бяльк.; ашм., Стан.; Сержп. Прык.), ’дзіравіць, прагрызаць’ (Нас.), ’наточваць’ (Ласт.), точы́ць ’грызці, рыць; усоўваць’ (ТС), точы́ть ’вастрыць’ (Вруб.); сюды ж тачы́цца ’лезці, рабіць хады’ (Федар. 4), точы́цца ’лезці, чапляцца’ (ТС). Укр. точи́ти ’вастрыць; апрацоўваць’, ’грызці, праядаць’; ’пазбаўляць сіл, здароўя’, рус. точи́тъ ’вастрыць; грызці’, стараж.-рус. точити ’праядаць’, польск. toczyć ’вастрыць’, в.-луж. točić ’вастрыць; грызці’, н.-луж. tocyś ’тс’, чэш. točit ’вастрыць, выточваць’, славац. točiť ’тс’, серб.-харв. то̀чити ’вастрыць; грызці’, балг. то́ча ’вастрыць’, макед. точи ’тс’. З прасл. *točiti ’вастрыць, абточваць’, якое звязана з *točiti ’гнаць, прымушаць бегчы’ > ’абточваць, паварочваючы’. З падобным развіццём семантыкі літ. tekė́ti ’бегчы’ і ’вастрыць’ (Брукнер, бі). Славянскія словы збліжалі з арм. tʼekʼem ’кручу, пляту, намотваю’, лац. texereткаць, плесці’ (ЕСУМ, 5, бі 1; Фасмер, 4, 90; Брукнер, 573; Голуб-Ліер, 478; Махэк₂, 637–638).

Тачы́ць2 ’наліваць’ (Сл. ПЗБ), ’ліць, цадзіць’ (Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. точити ’выдзяляць, раздаваць’, ’рассыпаць’, войну точити ’ваяваць’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж тачы́ць вайну́ ’сварыцца, вадзіцца’ (Сл. ПЗБ), тачы́цца ’ліцца, вылівацца’ (Байк. і Некр.), ’ліцца; сыпацца патрохі’ (Нас., Стан.), ’працякаць’ (Ян.), ’паўзці, імкліва пранікаць’: мухі ў хату точуцца (в.-дзв., Сл. ПЗБ), вада точыцца (ашм., Сл. ПЗБ), ’рухацца, перамяшчацца’: рак точыцца назат (гродз., Сл. ПЗБ), точы́цца ’сачыцца’ (ТС). Укр. точи́ти ’ліць, выпускаць (вадкасць), цадзіць’, точи́тися ’цячы, выцякаць’, рус. точи́ть ’выпускаць (вадкасць)’, стараж.-рус. точи́ти ’выдзяляць вільгаць; праліваць’, польск. toczyć ’разліваць’, чэш. točiti ’ліць, цадзіць’, славац. točiť ’цадзіць, наліваць’, славен. točiti ’ліць’, серб.-харв. то̀чити ’наліваць, ліць; цячы, ліцца’, балг. точа ’цадзіць, наліваць, разліваць’, макед. точи ’тс’, ст.-слав. точити ’выпускаць (вадкасць); гнаць, пераследаваць’. З прасл. *točiti ’пускаць, бегчы, цячы; гнаць’, каўзатыва ад *tekti ’цячы’ (ЕСУМ, 5, 610; Чарных, 2, 254; Фасмер, 4, 90; Брукнер, 573; Голуб-Ліер, 478; Махэк₂, 637–638). Паводле Борыся (637), аднаго паходжання з папярэднім словам (гл.), пры гэтым прасл. *točiti мела агульнае значэнне ’рабіць так, каб нешта цякло, плыло’, ’перамяшчаць нешта, надаючы яму вярчэнне’, ’апрацоўваць прадмет, верцячы яго’. Параўн. і тачаць, гл.

Тачы́ць3 ’падаўжаць, сточваць адно з адным’ (калінк., Сл. ПЗБ), точы́ць ’тс’ (ТС). Гл. папярэдняе слова; у аснове значэнне ’круціць, віць’.

Тачы́ць4 ’расціраць, церці’: тачылі ягады на машынку (рагач., Сл. ПЗБ). Гл. тачы́ць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)