ПУНКТУА́ЦЫЯ (позналац. punctuatio ад лац. punctum кропка),

1) сістэма знакаў прыпынку і правіл іх выкарыстання; пастаноўка знакаў прыпынку ў тэксце.

2) Практычная лінгвістычная дысцыпліна, якая вывучае асновы (прынцыпы) пастаноўкі знакаў прыпынку, іх фарміраванне і развіццё.

Знакі прыпынку паказваюць на сэнсавыя адносіны паміж часткамі выказвання, дапамагаюць правільна чытаць і разумець пісьмовы тэкст. Пастаноўка знакаў прыпынку заснавана на сэнсавым, структурна-грамат. (сінтакс.) і інтанацыйным прынцыпах, якія звычайна сумяшчаюцца з перавагай сэнсавага. Так. пастаноўка паміж ч. бяззлучнікавага сказа коскі або працяжніка ці двукроп’я поўнасцю залежыць ад семантыкі сказа, тых сэнсавых адносін, што ўстанаўліваюцца паміж яго часткамі. У сказе «У гэтым годзе добра родзіць: дождж і сонца ў госці ходзяць» (Я.​Пушча) двукроп’ем абазначаны прычынна-выніковыя адносіны паміж ч. бяззлучнікавага складанага сказа з паказаннем на прычыну ў 2-й яго частцы; «У гэтым годзе добра родзіць, дождж і сонца ў госці ходзяць» — коска паказвае пералічэнне. Пры рознай П. гэты сказ па-рознаму чытаецца і чуецца: двукроп’е як знак большай выяўленчай сілы абазначае працяглую паўзу. Аднак у любым выпадку знак прыпынку паказвае на сінтакс. структуру сказа, аддзяляе (выдзяляе) яго часткі. Нарматыўнасць П., аднолькавае разуменне знакаў прыпынку мае вял. сац. значэнне: садзейнічае лепшым зносінам паміж тым, хто піша, і тым, хто чытае.

Літ.:

Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1980;

Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1982. Клюсаў Г.Н. Асновы і нормы сучаснай беларускай пунктуацыі Б.м., 1993.

П.​У.​Сцяцко.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛОВАЗЛУЧЭ́ННЕ,

свабоднае сэнсавае і фармальнае аб’яднанне двух і болей паўназначных слоў, якое служыць для выражэння адносін паміж паняццямі, што абазначаны гэтымі словамі. Напр., «сонечны дзень», «бегчы лесам», «нехта з супрацоўнікаў рэдакцыі». У адрозненне ад сказа не мае прэдыкатыўнага значэння, не перадае закончанага выказвання. У маўленні С. выступае ў якасці часткі паведамлення. Найб. агульныя разрады С. вылучаюцца на падставе колькасці аб’яднаных слоў (двухслоўныя, ці простыя, і шматслоўныя, ці складаныя) і тыпу адносін паміж імі (спалучальныя і падпарадкавальныя). Утварэнне і ўжыванне спалучальных С. («гарады і вёскі», «слухаў, але не рэагаваў») падпарадкоўваюцца правілам функцыянавання аднародных членаў сказа. Падпарадкавальныя С. па ступені злітнасці кампанентаў падзяляюцца на сінтаксічна свабодныя і сінтаксічна несвабодныя («пераплёты кніг» — «некалькі кніг»). У залежнасці ад галоўнага слова вылучаюць С. дзеяслоўныя («скласці план»), назоўнікавыя («папера для чарчэння»), прыметнікавыя («варты ўзнагароды»), прыслоўныя («далёка ад дому»), лічэбнікавыя («трое ў шынялях»). Усе падпарадкавальныя С. маюць бінарную структуру, падзяляюцца на гал. частку і залежную («ліст ад маці», «стары ясень каля нашай хаты»). У бел. мове выкарыстоўваюцца 3 асн. спосабы пабудовы падпарадкавальных С.: дапасаванне, кіраванне, прымыканне. Сродкі выражэння падпарадкавання: флексіі, службовыя словы, словапарадак і інтанацыя (у сказе).

Літ.:

Міхневіч А.Я. Сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні ў беларускай мове. Мн., 1965;

Падгайскі Л.П. Словазлучэнне ў беларускай мове. Мн., 1971;

Наркевіч А.І. Сістэма словазлучэнняў у сучаснай беларускай мове. Мн., 1981;

Бандарэнка Т.П. Аднатыпныя словазлучэнні ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1981;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 15, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы ордэна піяраў — пачатковыя вучылішчы і калегіумы.

Першыя П.ш. заснаваны ў Рыме ў 1597, пазней створаны ў Іспаніі, Францыі, Германіі, Польшчы і інш. Асн. іх задача — выхаванне дзяцей розных саслоўяў у духу рэлігійнасці і адданасці каталіцызму. Піярскі калегіум узначальвалі рэктар (займаўся адм. справамі) і прэфект (загадваў навуч. часткай). Навуч. курс падзяляўся на 7 класаў праформа (вучылі пісаць, чытаць і асновам арыфметыкі), інфіма (тыя ж прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства, рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі 1—5-га класаў мелі званне магістраў, а 6—7-га — прафесараў. Навучанне бясплатнае (плата толькі за інтэрнат). Найб. збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але выконвалі шэраг прац па школьнай гаспадарцы. Падабенства навуч. праграмы П.ш. на езуіцкую і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навуч. ўстановы папулярнымі ў Рэчы Паспалітай.

На Беларусі ў 18 ст. П.ш. меліся ў Шчучыне, Воранаве, Зэльве, Расонах, Віцебску, Лідзе, Паставах, Драгічыне, Дуброўне і інш. У 1822—31 працавала Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. У 1740—50-я г. па ініцыятыве польскага асветніка і педагога С.Канарскага праведзена рэформа П.ш. (скарочаны курс тэалогіі, уведзены польская мова, грамадскія і прыродазнаўча-матэм. навукі). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі і стварэння Віленскай навучальнай акругі становішча П.ш. змянілася. У 1804 піярскія навуч. ўстановы ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. У 1831—34 П.ш. пераўтвораны ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы ці зачынены.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЗ,

1) у мовазнаўстве — камунікатыўна-сінтаксічная адзінка, якая складаецца са спалучэння слоў ці асобнага слова і служыць для выражэння думкі або пачуцця.

Гал. асаблівасці С. — камунікатыўнасць, прэдыкатыўнасць, грамат. аформленасць, сэнсавая і інтанацыйная закончанасць. Камунікатыўнасць заключаецца ў тым, што С. служыць асн. сродкам моўных зносін, прызначаны для паведамлення пра з’явы і падзеі аб’ектыўнай рэчаіснасці. Прэдыкатыўнасць выражае ацэнку рэчаіснасці, паказвае, што сцвярджаецца або адмаўляецца ў С. Яна рэалізуецца пры дапамозе сінтакс. мадальнасці і сінтакс. часу, якія вызначаюць адносіны таго, пра што паведамляецца, да рэчаіснасці і канкрэтнага часу (цяперашняга, прошлага, будучага) і выражаюцца дзеяслоўнымі катэгорыямі ладу, часу і асобы, а пры іх недастатковасці або адсутнасці — мадальнымі словамі, часціцамі, інтанацыяй.

Словы і спалучэнні слоў у С. заўсёды граматычна арганізаваны сінтакс. сувязямі і адносінамі ў цэласнае адзінства, якое змяшчае асобную думку, пачуццё і вызначаецца адноснай сэнсавай і інтанацыйнай закончанасцю: «Лёгкі ветрык чуць прыкметна збажыну калыша» (Я.​Купала). У залежнасці ад колькасці прэдыкатыўных асноў (адна ці болей) дзеляцца на простыя сказы і складаныя сказы. Пэўным чынам арганізаваная паслядоўнасць С. стварае звязны тэкст, які ляжыць у аснове твораў маст., публіцыстычнай і інш. л-ры.

2) У музыцы — найбольшая частка перыяду, якая заканчваецца кадэнцыяй. Звычайна існуе як частка цэлага, зрэдку набывае самаст. значэнне (у незамкнутай гал. партыі санатнай формы). У простай 3-часткавай форме С. можа выконваць функцыю перыяду як формы яе частак. Паводле канцэпцыі класічнай ням. муз.-тэарэт. школы (Г.​Рыман), усякая 1-часткавая пабудова без кадэнцыі ў сярэдзіне яе з’яўляецца С., у гэтым выпадку перыяд, што не падзяляецца на С., трактуецца як С.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986;

Гл. да арт. Форма музычная.

Л.​І.​Бурак (мовазнаўства).

т. 14, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАМАТЭМА́ТЫКА (ад мета... + матэматыка),

раздзел матэматычнай логікі, у якім вывучаюцца асновы матэматыкі, структура і заканамернасці матэм. доказаў з дапамогай фармальных метадаў. Тэрмін «М.» ўвёў Д.Гільберт для абазначэння тэорыі, якая аналізуе структуру і ўласцівасці фармальных сістэм. У шырокім сэнсе — метатэорыя матэматыкі.

Паводле Гільберта, фармалізаваная сістэма, што атрымліваецца ў выніку фармалізацыі навук. тэорыі, даследуецца (на прадмет высвятлення яе несупярэчлівасці, паўнаты, вырашальнасці і ўзаемасувязі з інш. тэорыямі, незалежнасці яе аксіём і інш.) змястоўнымі метадамі, якія не апелююць да сэнсу яе аб’ектаў (формул). Гэта канцэпцыя (наз. фінітызм) прадугледжвае выкарыстанне канечных канструкцый («наглядных» матэм. прадметаў, эфектыўна здзяйсняльных працэсаў) і адмаўляе абстракцыю актуальнай бесканечнасці (гл. Абстракцыя). К.Гёдэль паказаў абмежаванасць фінітных (простых) метадаў для даследавання фармалізаваных тэорый; у 1931 ён даказаў тэарэму аб непаўнаце дастаткова багатых фармальных сістэм (у т. л. аксіяматычнай мностваў тэорыі і арыфметыкі натуральных лікаў) і аб немагчымасці доказу несупярэчлівасці сістэмы з дапамогай сродкаў, якія фармалізуюцца ў гэтай сістэме. Для доказу несупярэчлівасці фундаментальных матэм. тэорый сучасная М. выкарыстоўвае больш складаныя, нефінітныя метады.

Састаўная частка прадмета М. — даследаванне фармалізаваных матэм. тэорый, выкладзеных у выглядзе сімвалічных моў, і вывучэнне саміх гэтых моў. Мноства канечных паслядоўнасцей з аперацыямі над імі таксама могуць быць аб’ектамі матэм. даследавання. Гэта абумоўлівае выкарыстанне ў М. метадаў алгебры (гл. Булева алгебра), тэорыі мностваў і тапалогіі. Шырока выкарыстоўваецца ў М. гёдэлеўскі метад арыфметызацыі метатэорыі і тэорыя рэкурсіўных функцый. У больш вузкім сэнсе да М. (у адрозненне ад металогікі) адносяць пытанні сінтаксісу, прадметнай матэм. тэорыі (гл. Сінтаксіс у логіцы); семантыку вылучаюць у якасці самаст. галіны даследавання (гл. Семантыка лагічная).

Літ.:

Клини С.К. Введение в метаматематику: Пер. с англ. М., 1957;

Расёва Е., Сикорский Р. Математика метаматематики: Пер. с англ. М., 1972;

Гильберт Д., Бернайс П. Основания математики: Теория доказательств: Пер. с нем. М., 1982.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАСЛАВЯ́НСКАЯ МО́ВА,

самая старажытная літаратурна-пісьмовая мова славян. Належыць да паўд.-слав. падгрупы славянскіх моў. Зафіксавана ў помніках 10—11 ст., што працягвалі літ. традыцыю перакладзеных у 9 ст. з грэч. мовы асветнікамі Кірылам і Мяфодзіем і іх вучнямі хрысц. царк. кніг. У аснове С.м. — паўд.-македонскі (салунскі) дыялект стараж.-балг. мовы. Мае шмат агульнага з праславянскай мовай. С.м. зрабіла ўплыў на рускую мову, асабліва на яе сінтаксіс і лексіку. На беларускую мову ўплывала ў стараж. перыяд. Зберагліся спісы кірыла-мяфодзьеўскіх перакладаў 10—11 ст., напісаныя глаголіцай («Кіеўскія лісткі», Зографскае, Марыінскае і Асеманіева евангеллі, «Зборнік Клоца», «Сінайскі псалтыр», «Сінайскі трэбнік») і кірыліцай («Савіна кніга», Супрасльскі рукапіс, Астрамірава евангелле, Енінскі апостал, Тураўскае евангелле і інш.).

Фанетыцы С.м. ўласцівы галосны «ě» (ѣ), насавыя галосныя «э» (ѧ), «е» (ѩ), «о» (ѫ), «ё» (ѭ), рэдукаваныя «ъ», «ь»; зычныя — складовыя «р» і «л», цвёрдыя «г», «к», «х» і мяккія «ж», «ч», «ц», «j», «дз» (s), «жд», «шт» (щ), няпоўнагалоссе, «ра», «ла» ў пачатку слова. Граматыцы С.м. ўласцівы адзіночны, парны і мн. л., 7 склонаў, у т. л. клічны, 6 скланенняў (у помніках 11 ст. намецілася іх перабудова ў скланенні па родах), дваякія формы асабовых і зваротнага займеннікаў у давальным і вінавальным склонах, 4 формы прошлага часу дзеясловаў (аорыст, імперфект, перфект, плюсквамперфект), іменная форма дзеяслова супін для ўказання на мэту дзеяння, свабодны парадак слоў, назоўны склон іменнай часткі выказніка, канструкцыі з двайнымі склонамі ў ролі дапаўнення, непаўтарэнне адмоўя пры выказніку. У лексіцы С.м. шмат кніжна-абстрактных слоў грэч., менш лац. і ням. паходжання. З 11 ст. ў кожнага слав. народа С.м. пачала выступаць у мясц. рэдакцыях, якія прынята называць царкоўнаславянскай мовай.

Літ.:

Ван-Вейк Н. История старославянского языка: Пер. с нем. М., 1957;

Кривчик В.Ф., Можейко Н.С. Старославянский язык. Мн., 1970;

Жуковская Л.П. Текстология и язык древнейших славянских памятников. М., 1976.

У.​М.​Свяжынскі.

т. 15, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ХМАТАЎ Аляксей Аляксандравіч (17.6.1864, г. Нарва, Эстонія — 16.8.1920),

рускі мовазнавец. Акад. Пецярб. АН (1894). Скончыў Маскоўскі ун-т (1887). У 1906—20 старшыня Аддз. рус. мовы і славеснасці, з 1909 праф. Пецярб. ун-та. Даследаваў слав. акцэнталогію, пытанні параўнальнай фанетыкі і граматыкі слав. моў, стараж. і сучасныя індаеўрап. мовы, фін. і мардоўскую мовы. Распрацаваў гіст. марфалогію рус. мовы. Заклаў асновы вывучэння летапісаў і тэксталогіі як навукі. Аўтар прац па гіст. фанетыцы («Даследаванні ў галіне рускай фанетыкі», 1893—94; «Да гісторыі гукаў рускай мовы», 1896—1903; «Нарыс найдаўнейшага перыяду гісторыі рускай мовы», 1915), марфалогіі і сінтаксісе («Курс гісторыі рускай мовы», 2-е выд., 1910—11; «Нарыс сучаснай рускай літаратурнай мовы», 1913; «Сінтаксіс рускай мовы», выд. 1925—27), дыялекталогіі, лексікаграфіі, гісторыі і сучаснай рус. мове, гісторыі ўсх. славян, стараж.-рус. л-ры, укр. і бел. мовах. Выдаў тэксты бел.-літ. летапісаў і хронік у серыі «Поўны збор рускіх летапісаў» (т. 17, 1907, з С.​Л.​Пташыцкім). Вял. ўвагу аддаваў Супрасльскаму спісу Беларуска-літоўскага летапісу 1446, зрабіў выснову пра яго рус. крыніцы. Запісваў фальклор у Барысаўскім пав. У 1914—15 чытаў у Петраградскім ун-це курс «Беларуская мова ў сучасных яе гаворках», дапамагаў Б.​Тарашкевічу ў стварэнні «Беларускай граматыкі для школ». Перапісваўся з дзеячамі бел. навукі і культуры У.​Дабравольскім, М.​Доўнар-Запольскім, Я.​Дылам, Я.​Карскім, Е.​Раманавым, П.​Шэйнам і інш.

Тв.:

Разыскания о русских летописях. М., 2001.

Літ.:

Макаров В.И. А.​А.​Шахматов. М., 1981;

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 1. Мн., 1976;

Славяноведение в дореволюционной России: Биобиблиогр. словарь. М., 1979;

Супрун А.Е., Калюта А.М. Введение в славянскую филологию. Мн., 1981. С. 323—326;

Чамярыцкі В.А. Гістарыяграфія беларуска-літоўскага летапісання (дасавецкі перыяд) // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1981.

В.​У.​Скалабан.

А.А.Шахматаў.

т. 17, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫПАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

адзін з кірункаў лінгвістычных даследаванняў, што ўстанаўлівае падабенствы і адрозненні моў свету (моўнага ладу), якія карэняцца ў найб. агульных і найб. важных якасцях мовы і не залежаць ад іх генет. роднасці. Засн. на прынцыпах тыпалогіі моўнай. Узнікла ў 19 ст., грунтавалася на вывучэнні падабенства і адрознення ў марфал. структуры моў незалежна ад іх роднасных сувязей (гл. Марфалагічная класіфікацыя моў). Паводле гэтай класіфікацыі натуральныя мовы падзяляюцца на 4 тыпы: коранеізаляваныя мовы, аглюцінатыўныя мовы, інкарпараваныя мовы і флектыўныя мовы. Аднак многія мовы не падпадаюць пад «чыстыя» тыпы марфал. класіфікацыі, бо маюць асаблівасці розных тыпаў. Інш. канцэпцыя была пакладзена ў аснову Т.к.м. у 20 ст. Э.​Сепірам: улічваліся тыпы функцыянавання фармальна-грамат. элементаў і перадаваемых імі грамат. паняццяў: каранёвых, канкрэтных, дэрывацыйных, канкрэтна-рэляцыйных і чыста-рэляцыйных. Камбінацыі гэтых прыкмет даюць 2 асн. тыпы моў: чыста-рэляцыйныя і змяшана-рэляцыйныя. Спробу зменшыць расплывістасць тыпаў моў паводле Сепіра зрабіў Дж.​Грынберг, які ўвёў колькасныя паказчыкі і стварыў т.зв. квантытатыўную тыпалогію моў. Істотнае навук. значэнне мае падзел на сінтэтычныя мовы і аналітычныя мовы. Крытэрыем Т.к.м. можа служыць сінтаксіс, а менавіта — структура сказа. На гэтай падставе мовы падзяляюць на намінатыўныя (уся будова сказа падпарадкавана максімальнаму адрозненню суб’екта дзеяння і яго аб’екта), эргатыўныя (сказы проціпастаўляюцца паводле актыўнасці суб’екта: актыўны суб’ект перадаецца адмысловым эргатыўным склонам), актыўныя (вылучаюцца наяўнасцю семантыка-сінтакс. апазіцыі актыўнай і пасіўнай канструкцый), класныя [істотнае значэнне маюць разрады (класы) назоўнікаў і дзеясловаў, спалучэнні якіх рэалізуюцца ў розных структурах сказаў] і нейтральныя (вылучаюцца тым, што не фіксуюць выразна суб’ектна-аб’ектныя адносіны). Акрамя ўнутр. асаблівасцей моў, у аснову Т.к.м. могуць быць пакладзены іх знешнія сац. характарыстыкі: функцыянальная разнастайнасць і аб’ём зносін на пэўнай мове, наяўнасць пісьменства і працягласць пісьмовых традыцый, ступень унармаванасці мовы, дыялектная і сацыялектная разгалінаванасць нар. мовы, прававы, канфесіянальны, пед. і інш. статус мовы. Стварэнне сучасных несупярэчлівых структурных і сац. Т.к.м. ідзе пераважна па шляху ўдакладнення і эксплікацыі крытэрыяў іх падзелу на тыпы, а таксама распрацоўкі апарату універсальнай метамовы. Значныя дасягненні ў галіне Т.к.м. належаць мовазнаўцам Т.​Мешчанінаву, Т.​Мілеўскаму, Н.​Мячкоўскай, У.​Скалічку, Б.​Успенскаму і інш.

Літ.:

Кузнецов П.С. Морфологическая классификация языков. М., 1954;

Успенский Б.А. Структурная типология языков. М., 1965;

Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980;

Мечковская Н.Б. Общее языкознание: Структурная и социал. типология языков. М., 2000.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛЕКТАЛО́ГІЯ (ад дыялект + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае дыялекты. Бел. Д. вылучылася з фалькларыстыкі і этнаграфіі ў канцы 19 ст.

Фактычныя звесткі пра жывую вусную мову беларусаў пачалі назапашвацца ў фалькл.этнагр. запісах 1-й пал. 19 ст. Такая спадарожная рэгістрацыя бел. дыялектнай мовы была асноўнай да пач. 20 ст. (З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, І.​І.​Шыдлоўскі, М.​А.​Дзмітрыеў, Я.​Чачот, П.​М.​Шпілеўскі, А.​Кіркор. Р.​С.​Зянькевіч, П.​В.​Шэйн, П.​А.​Бяссонаў, М.​Я.​Нікіфароўскі, Е.​Р.​Раманаў, М.​А.​Янчук, М.​В.​Доўнар-Запольскі, А.​Я.​Багдановіч, М.​Федароўскі і інш.). Спробы лінгвістычнага даследавання сабраных матэрыялаў адносяцца да 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (І.​І.​Насовіч, М.​А.​Коласаў, К.​Ю.​Апель, І.​А.​Нядзёшаў, Раманаў, У.​М.​Дабравольскі, А.​К.​Сержпутоўскі, І.​А.​Сербаў). Заснавальнікам бел. Д. стаў Я.Ф.Карскі. Пытанні бел. Д. асвятляліся таксама ў працах па рускай (усх. слав.) гісторыі і Д. (А.​І.​Сабалеўскі, А.​А.​Шахматаў, В.​А.​Багародзіцкі). Важнае значэнне мелі працы Маск. дыялекталагічнай камісіі (М.​М.​Дурнаво, М.​М.​Сакалоў, Дз.​М.​Ушакоў).

У сав. час працягвалася вывучэнне гаворак паасобных раёнаў Беларусі, у т. л. бел.-ўкр. і бел.-рус. моўных сумежжаў (П.​А.​Бузук, П.​А.​Растаргуеў), бел. міждыялектнай зоны пераходных гаворак (І.​В.​Воўк-Левановіч, С.​М.​Некрашэвіч). Выконвалася шырокая праграма збірання дыялектнай лексікі, распрацаваная камісіяй Інбелкульта па складанні слоўніка жывой бел. мовы. Выйшлі (з 16 запланаваных) «краёвыя» слоўнікі Віцебшчыны (М.​І.​Каспяровіч), Чэрвеньшчыны (М.​В.​Шатэрнік), Калінінскай акр. і ўсх. Магілёўшчыны (І.​К.​Бялькевіч), зах. Браншчыны (Растаргуеў). Узнікла новая галіна Д. — лінгвістычная геаграфія, «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» Бузука (1928) — першы нац. атлас у слав. Д. У пасляваен. часы дэталёва абследавана мова паасобных раёнаў і абласцей Беларусі і прааналізаваны шэраг катэгорый і з’яў дыялектнай мовы — назоўнік, прыметнік, займеннік, дзеяслоў, словаўтварэнне, сінтаксіс, гукі, аканне (М.​В.​Бірыла, Ю.​Ф.​Мацкевіч, Н.​Т.​Вайтовіч і інш.). У галіне лексікалогіі і лексікаграфіі праводзіцца збіранне матэрыялаў, якія друкуюцца ў выглядзе дыялектных слоўнікаў, дыялектных лексікаграфічных зборнікаў («Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», т. 1—5, 1979—86; «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87, «Дыялектны слоўнік», вып. 1—3, 1959—70, Ф.​М.​Янкоўскага, асобныя зборы лексікі і фразеалогіі Мсціслаўшчыны Г.​Ф.​Юрчанкі і інш.). Створаны комплекс фундаментальных лінгвагеаграфічных прац: «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (т. 1—4, 1993—97, выд. працягваецца) і інш. З 1970-х г. даследуюцца тэматычныя групы дыялектных слоў, лексіка старых рамёстваў, лексічныя сувязі бел. гаворак з інш. мовамі і іх дыялектамі. Новы кірунак бел. Д. — вывучэнне сучаснага мясц. маўлення і моўнай сітуацыі ў сельскіх рэгіёнах і гарадах рэспублікі.

Літ.:

Нарысы па беларускай дыялекталогіі. Мн., 1964;

Блінава Э.Д., Мяцельская Е.С. Беларуская дыялекталогія. 2 выд. Мн., 1980.

А.​А.​Крывіцкі.

т. 6, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАТРЫ́ЦКІ Мялецій (свецкае імя Максім Герасімавіч; 1577, г.п. Смотрыч Дунаевецкага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 27.12.1633),

бел. і ўкр. пісьменнік-палеміст, грамадска-паліт. і царк. дзеяч. Сын Г.​Д.​Сматрыцкага. Першапачатковую адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам бацькі і вучонага грэка Кірылы Лукарыса, будучага канстанцінопальскага патрыярха. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. З 1601 служыў у кн. Б.​Саламярэцкага (мяст. Баркулабава Аршанскага пав.). Разам з сынам князя ўдасканальваў веды ў Лейпцыгскім і Вітэнбергскім ун-тах, пабываў у Нюрнбергу, Вроцлаве, Вюрцбургу. Потым жыў у маёнтках Саламярэцкага каля Мінска. Уступіў у Віленскае правасл. брацтва пры Троіцкім манастыры, дзе зблізіўся з Л.​Карповічам. Выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. Пісаў на стараж. бел. і ўкр., лац., польскай мовах (многія творы напісаны макаранічнай мовай). У 1608 супраць твораў І.​Пацея «Ерасі...» і «Гармонія...» выдаў «Антыграфі...», у 1610 пад псеўданімам Тэафіл Арфалог — «Трэнас», дзе ад імя «маці-царквы», што сімвалізавала прыгнечаную радзіму, заклікаў народы Беларусі і Украіны да аб’яднання супраць каталіцызму. Твор выклікаў шырокую грамадска-паліт. рэакцыю. На яго кнігу палемічнымі творамі адказалі П.​Скарга і І.​Марахоўскі. У 1617 пастрыгся ў манахі пад імем Мялецій. Працаваў у брацкай школе Віленскага Святадухаўскага манастыра, рэктарам Кіеўскай брацкай школы (1618—20). Вынікам пед. дзейнасці стала «Грамматики словенския правильная синтагма...» (1618—1619, цяпер г. Вевіс, Літва), дзе ўпершыню на высокім навук. узроўні тлумачыліся арфаграфія, этымалогія, сінтаксіс і прасодыя. Больш як 2 стагоддзі яна была адным з самых аўтарытэтных падручнікаў па слав. мовазнаўстве, двойчы перавыдавалася ў Маскве (1648, 1721), вытрымкі з яе І.​Капіевіч надрукаваў у Галандыі («Руковедение во грамматику словенороссийскую», 1706). У 18—1-й пал. 19 ст. яна стала ўзорам для сербскай, харвацкай, рум. і балг. граматык. З 1620 архіепіскап полацкі, епіскап віцебскі і мсціслаўскі. Аўтар «Трактата пра паходжанне Святога Духа» і «Палінодыі...» (каля 1615), прадмовы да «Евангелля вучыцельнага патрыярха Каліста» (1616), «Казання... на чэснае пахаванне... Лявонція Карповіча» (1620), «Апраўданне нявіннасці» і «Абароны апраўдання» (1621), «Дадатку да абарон апраўдання» і «Выкрывання з’едлівых твораў» (1622), «Юстыфікацыі...» і «Суплікацыі...» на імя сената і караля (1623). Напалоханы ўзмацненнем нац.-вызв. руху і забойствам уніяцкага архіепіскапа І.​Кунцэвіча, паломнічаў па святых мясцінах Б.​Усходу (1624—25). У 1627 тайна, у 1628 адкрыта перайшоў на бок уніятаў. У творах «Апалогія...», «Разважанне пра шэсць розніц паміж Усходняй і Заходняй цэрквамі», «Пратэстацыя» (усе 1628), «Паранэіс...» і «Экзатэіс...» (1629) адрокся ад сваіх антыуніяцкіх твораў, выступаў супраць правасл. пісьменнікаў-палемістаў С.​Зізанія, Клірыка Астрожскага, Хрыстафора Філалета. С. — прадстаўнік барока. Стыль і мова яго твораў сталі ўзорам для Л.​Карповіча, З.​Капысценскага, А.​Мужылоўскага і інш.

Літ.:

Осинский А.С. Мелетий Смотрицкий, архиепископ Полоцкий. Киев. 1912;

Загайко П.К. Українські письменники-полемісти кінця XVI — початку XVII ст. в боротьбі проти Ватікану і унії. Київ, 1957;

Прокошина Е.С. Мелетий Смотрицкий. Мн., 1966;

Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968;

История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;

Німчук В.В. Граматика М.​Смотрицького — перлина давнього мовознавства // Мелетий Смотрицький: Граматика. Київ, 1979;

Короткий В.Г. Творческий путь Мелетия Смотрицкого. Мн., 1987.

У.​Г.​Кароткі.

М.Сматрыцкі.

т. 15, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)