ДЫЯЛЕКТАЛО́ГІЯ (ад дыялект + ...логія),
раздзел мовазнаўства, які вывучае дыялекты. Бел. Д. вылучылася з фалькларыстыкі і этнаграфіі ў канцы 19 ст.
Фактычныя звесткі пра жывую вусную мову беларусаў пачалі назапашвацца ў фалькл.этнагр. запісах 1-й пал. 19 ст. Такая спадарожная рэгістрацыя бел. дыялектнай мовы была асноўнай да пач. 20 ст. (З.Я.Даленга-Хадакоўскі, І.І.Шыдлоўскі, М.А.Дзмітрыеў, Я.Чачот, П.М.Шпілеўскі, А.Кіркор. Р.С.Зянькевіч, П.В.Шэйн, П.А.Бяссонаў, М.Я.Нікіфароўскі, Е.Р.Раманаў, М.А.Янчук, М.В.Доўнар-Запольскі, А.Я.Багдановіч, М.Федароўскі і інш.). Спробы лінгвістычнага даследавання сабраных матэрыялаў адносяцца да 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (І.І.Насовіч, М.А.Коласаў, К.Ю.Апель, І.А.Нядзёшаў, Раманаў, У.М.Дабравольскі, А.К.Сержпутоўскі, І.А.Сербаў). Заснавальнікам бел. Д. стаў Я.Ф.Карскі. Пытанні бел. Д. асвятляліся таксама ў працах па рускай (усх. слав.) гісторыі і Д. (А.І.Сабалеўскі, А.А.Шахматаў, В.А.Багародзіцкі). Важнае значэнне мелі працы Маск. дыялекталагічнай камісіі (М.М.Дурнаво, М.М.Сакалоў, Дз.М.Ушакоў).
У сав. час працягвалася вывучэнне гаворак паасобных раёнаў Беларусі, у т. л. бел.-ўкр. і бел.-рус. моўных сумежжаў (П.А.Бузук, П.А.Растаргуеў), бел. міждыялектнай зоны пераходных гаворак (І.В.Воўк-Левановіч, С.М.Некрашэвіч). Выконвалася шырокая праграма збірання дыялектнай лексікі, распрацаваная камісіяй Інбелкульта па складанні слоўніка жывой бел. мовы. Выйшлі (з 16 запланаваных) «краёвыя» слоўнікі Віцебшчыны (М.І.Каспяровіч), Чэрвеньшчыны (М.В.Шатэрнік), Калінінскай акр. і ўсх. Магілёўшчыны (І.К.Бялькевіч), зах. Браншчыны (Растаргуеў). Узнікла новая галіна Д. — лінгвістычная геаграфія, «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» Бузука (1928) — першы нац. атлас у слав. Д. У пасляваен. часы дэталёва абследавана мова паасобных раёнаў і абласцей Беларусі і прааналізаваны шэраг катэгорый і з’яў дыялектнай мовы — назоўнік, прыметнік, займеннік, дзеяслоў, словаўтварэнне, сінтаксіс, гукі, аканне (М.В.Бірыла, Ю.Ф.Мацкевіч, Н.Т.Вайтовіч і інш.). У галіне лексікалогіі і лексікаграфіі праводзіцца збіранне матэрыялаў, якія друкуюцца ў выглядзе дыялектных слоўнікаў, дыялектных лексікаграфічных зборнікаў («Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», т. 1—5, 1979—86; «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87, «Дыялектны слоўнік», вып. 1—3, 1959—70, Ф.М.Янкоўскага, асобныя зборы лексікі і фразеалогіі Мсціслаўшчыны Г.Ф.Юрчанкі і інш.). Створаны комплекс фундаментальных лінгвагеаграфічных прац: «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (т. 1—4, 1993—97, выд. працягваецца) і інш. З 1970-х г. даследуюцца тэматычныя групы дыялектных слоў, лексіка старых рамёстваў, лексічныя сувязі бел. гаворак з інш. мовамі і іх дыялектамі. Новы кірунак бел. Д. — вывучэнне сучаснага мясц. маўлення і моўнай сітуацыі ў сельскіх рэгіёнах і гарадах рэспублікі.
Літ.:
Нарысы па беларускай дыялекталогіі. Мн., 1964;
Блінава Э.Д., Мяцельская Е.С. Беларуская дыялекталогія. 2 выд. Мн., 1980.
А.А.Крывіцкі.
т. 6, с. 310