ША́ХМАТАЎ Аляксей Аляксандравіч (17.6.1864, г. Нарва, Эстонія — 16.8.1920),
рускі мовазнавец. Акад.Пецярб.АН (1894). Скончыў Маскоўскі ун-т (1887). У 1906—20 старшыня Аддз.рус. мовы і славеснасці, з 1909 праф.Пецярб. ун-та. Даследаваў слав. акцэнталогію, пытанні параўнальнай фанетыкі і граматыкі слав. моў, стараж. і сучасныя індаеўрап. мовы, фін. і мардоўскую мовы. Распрацаваў гіст. марфалогію рус. мовы. Заклаў асновы вывучэння летапісаў і тэксталогіі як навукі. Аўтар прац па гіст. фанетыцы («Даследаванні ў галіне рускай фанетыкі», 1893—94; «Да гісторыі гукаў рускай мовы», 1896—1903; «Нарыс найдаўнейшага перыяду гісторыі рускай мовы», 1915), марфалогіі і сінтаксісе («Курс гісторыі рускай мовы», 2-е выд., 1910—11; «Нарыс сучаснай рускай літаратурнай мовы», 1913; «Сінтаксіс рускай мовы», выд. 1925—27), дыялекталогіі, лексікаграфіі, гісторыі і сучаснай рус. мове, гісторыі ўсх. славян, стараж.-рус. л-ры, укр. і бел. мовах. Выдаў тэксты бел.-літ. летапісаў і хронік у серыі «Поўны збор рускіх летапісаў» (т. 17, 1907, з С.Л.Пташыцкім). Вял. ўвагу аддаваў Супрасльскаму спісу Беларуска-літоўскага летапісу 1446, зрабіў выснову пра яго рус. крыніцы. Запісваў фальклор у Барысаўскім пав. У 1914—15 чытаў у Петраградскім ун-це курс «Беларуская мова ў сучасных яе гаворках», дапамагаў Б.Тарашкевічу ў стварэнні «Беларускай граматыкі для школ». Перапісваўся з дзеячамі бел. навукі і культуры У.Дабравольскім, М.Доўнар-Запольскім, Я.Дылам, Я.Карскім, Е.Раманавым, П.Шэйнам і інш.
Тв.:
Разыскания о русских летописях. М., 2001.
Літ.:
Макаров В.И. А.А.Шахматов. М., 1981;
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 1. Мн., 1976;
Славяноведение в дореволюционной России: Биобиблиогр. словарь. М., 1979;
Супрун А.Е., Калюта А.М. Введение в славянскую филологию. Мн., 1981. С. 323—326;
Чамярыцкі В.А. Гістарыяграфія беларуска-літоўскага летапісання (дасавецкі перыяд) // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1981.