СЛОВАЗЛУЧЭ́ННЕ,
свабоднае сэнсавае і фармальнае аб’яднанне двух і болей паўназначных слоў, якое служыць для выражэння адносін паміж паняццямі, што абазначаны гэтымі словамі. Напр., «сонечны дзень», «бегчы лесам», «нехта з супрацоўнікаў рэдакцыі». У адрозненне ад сказа не мае прэдыкатыўнага значэння, не перадае закончанага выказвання. У маўленні С. выступае ў якасці часткі паведамлення. Найб. агульныя разрады С. вылучаюцца на падставе колькасці аб’яднаных слоў (двухслоўныя, ці простыя, і шматслоўныя, ці складаныя) і тыпу адносін паміж імі (спалучальныя і падпарадкавальныя). Утварэнне і ўжыванне спалучальных С. («гарады і вёскі», «слухаў, але не рэагаваў») падпарадкоўваюцца правілам функцыянавання аднародных членаў сказа. Падпарадкавальныя С. па ступені злітнасці кампанентаў падзяляюцца на сінтаксічна свабодныя і сінтаксічна несвабодныя («пераплёты кніг» — «некалькі кніг»). У залежнасці ад галоўнага слова вылучаюць С. дзеяслоўныя («скласці план»), назоўнікавыя («папера для чарчэння»), прыметнікавыя («варты ўзнагароды»), прыслоўныя («далёка ад дому»), лічэбнікавыя («трое ў шынялях»). Усе падпарадкавальныя С. маюць бінарную структуру, падзяляюцца на гал. частку і залежную («ліст ад маці», «стары ясень каля нашай хаты»). У бел. мове выкарыстоўваюцца 3 асн. спосабы пабудовы падпарадкавальных С.: дапасаванне, кіраванне, прымыканне. Сродкі выражэння падпарадкавання: флексіі, службовыя словы, словапарадак і інтанацыя (у сказе).
Літ.:
Міхневіч А.Я. Сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні ў беларускай мове. Мн., 1965;
Падгайскі Л.П. Словазлучэнне ў беларускай мове. Мн., 1971;
Наркевіч А.І. Сістэма словазлучэнняў у сучаснай беларускай мове. Мн., 1981;
Бандарэнка Т.П. Аднатыпныя словазлучэнні ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1981;
Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.
А.Я.Міхневіч.
т. 15, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)