ІНВАЛЮ́ЦЫЯ (ад лац. involutio выгін, завіток, згортванне),
1) рэдукцыя або страта ў эвалюцыі асобных органаў, спрашчэнне будовы і функцыі якога-н. органа ў працэсе анта- і філагенезу, напр., розныя ступені рэдукцыі кішэчніка ў некат. паразітычных чарвей, членістаногіх, рэдукцыя адростка сляпой кішкі ў драпежных жывёл.
2) Адваротнае развіццё органаў, тканак, клетак, напр. І. маткі ў пасляродавы перыяд, узроставая І. вілачкавай залозы, эпіфіза.
3) Атрафія органаў пры паталогіі і старэнні, напр. узроставае згасанне палавой актыўнасці, якое суправаджаецца зменамі марфал. структуры палавых органаў, зніжэннем іх функцый, атрафіяй палавых залоз.
4) Выраджэнне мікраарганізмаў, калі яны пад уплывам неспрыяльных фактараў (ядаў, радыяцыі і інш.) набываюць нязвыклую для іх форму.
5) Адна з перабудоў зародка. Тэрмін «І.» часам выкарыстоўваюць як сінонім інвагінацыі (форма гаструляцыі).
т. 7, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЙ (ад агульнаслав. краяци — рэзаць),
1) першапачаткова мясцовасць на ўскраіне дзяржавы (адсюль назва), пазней — краіна, вобласць, мясцовасць, вял. геагр. вобласць. Тэрмін ужываецца таксама ў сэнсе радзіма, родны кут (вывучае краязнаўства); як сінонім назвы ўсёй тэр. (Беларусь — Беларускі К.) або асобных яе частак (Палескі К., азёрны К., партызанскі К.).
2) У Расіі 18 — пач. 20 ст. назва ўскраінных тэр. імперыі, якія складаліся з некалькіх губерняў або абласцей пад агульным кіраўніцтвам. Афіцыйна адносілася да Каўказа (Каўказскі К. у 1882—1905) і Туркестана (Туркестанскі К. у 1886—1917). У 19 — пач. 20 ст. тэрыторыя, куды ўваходзілі бел. і літ. губерні, называлася Паўн.-Зах. К.
3) У Расіі з 1924 буйная адм.-тэр. адзінка (Алтайскі, Краснадарскі, Краснаярскі, Прыморскі, Стаўрапольскі, Хабараўскі краі).
т. 8, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЯ ГАЛЕРЭ́Я,
1) спецыяльна прыстасаванае памяшканне для экспанавання твораў мастацтва. Тэрмін «М.г.» ўжываецца і як сінонім музеяў мастацкіх (гл. таксама Карцінная галерэя).
2) Установа, якая займаецца экспанаваннем, захоўваннем, вывучэннем, прапагандай твораў мастацтва і Сумяшчае музейную дзейнасць з камерцыйнай (выстаўкі-продажы, маст. аўкцыёны і інш.). Важная састаўная частка фарміравання маст. рынку. На Беларусі дзейнічае рэсп. Мастацкая галерэя Саюза мастакоў Беларусі ў Мінску. З пач. 1990-х г. галерэйная дзейнасць на Беларусі ажыццяўляецца пры розных прадпрыемствах, установах, прыватнымі асобамі: маст. цэнтр «Жыльбел», «Стары горад» пры Саюзе кампазітараў Беларусі, «Мастацтва» пры цэнтр. салоне-магазіне Маст. фонду Беларусі, «А.Л.» пры Цэнтры сучаснай бел. драматургіі, «Шостая лінія» пры акц. т-ве «Белтэхналогія» (усе ў Мінску); прыватныя «На ростанях» (Мінск), «У Пушкіна» (Віцебск), «У майстра» (Гродна) і інш.
т. 10, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Збрусава́ць ’патаўсцець, зацвярдзець’, збруснець ’зацвярдзець’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. брусянець ’напухнуць’, брузнуць ’таўсцець’. Значэнне ’зацвярдзець’ — абазначэнне з’явы, што адбываецца побач з напуханнем, а ’патаўсцець’ — фактычна сінонім да ’напухаць’. Не выключаны пры фарміраванні значэння ’зацвярдзець’ народна-этымалагічныя асацыяцыі з брус (гл.). Гл. таксама Лучыц-Федарэц (Бел.-рус. ізал., 64).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВЕРАГО́ДНАСЦЬ,
абгрунтаванасць, доказнасць і бясспрэчнасць ведаў. Тэрмін выкарыстоўваецца ў логіцы, гнасеалогіі, тэорыі імавернасцяў, прававой навуцы. Верагодныя суджэнні падзяляюцца на асэртарычныя (канстатуюць рэальнае становішча спраў) і ападыктычныя (сцвярджаюць неабходную сувязь з’яў). У філас. і логіка-метадалагічных даследаваннях верагоднасць найчасцей выкарыстоўваюць для характарыстыкі абгрунтаваных, даказаных ведаў і як сінонім ісціны. Найб. поўны і глыбокі крытэрый верагоднасці ведаў — грамадска-гіст. практыка. У эксперым. прыродазнаўстве верагоднымі ведамі лічаць тыя, што набылі эмпірычнае пацвярджэнне ў ходзе назіранняў і доследаў. Лагічны крытэрый верагоднасці ведаў звязаны з правільнасцю апрацоўкі эмпірычных даных і лагічных аперацый з ведамі, верагоднасць якіх устаноўлена раней. Верагодныя веды (суджэнні) трэба адрозніваць ад імавернасных, адпаведнасць якіх рэчаіснасці сцвярджаецца толькі ў якасці іх магчымай характарыстыкі (у выпадку ўвядзення колькасных крытэрыяў вызначаецца ступень такой магчымасці, гл. Імавернасць).
У.К.Лукашэвіч.
т. 4, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМАСІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. semasia значэнне, сэнс + ...логія),
раздзел мовазнаўства, які вывучае спосабы абазначэння паняццяў і тыпы змен іх назваў; выкарыстоўваецца і як сінонім семантыкі. Тэрмін «С.» ўжываецца ў гіст. і параўнальна-гістарычным мовазнаўстве, асабліва пры аналізе характару семантычных змен у сувязі з іх этымалагічнай трактоўкай, рэканструкцыяй першаснай, унутр. формы слова і ў выпадках семантычнага паралелізму стандартных шляхоў развіцця значэнняў слоў. Тэарэт. С. вызначае найб. агульныя заканамернасці, якія пашыраюцца на цэласнае семантычнае поле. Асобную галіну С. складаюць метафарычныя змены па падабенстве, метанімічныя — па сумежнасці, якія разам з гіпербалай і сінекдахай ствараюць семіятычны аспект С.
Літ.:
Звегинцев В.А. Семасиология. М., 1957;
Покровский М.М. Избранные работы по языкознанию. М., 1959;
Мартынов В.В. Категории языка: Семиол. аспект. М., 1982;
Плотников Б.А. Основы семасиологии. Мн., 1984.
В.У.Мартынаў.
т. 14, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Стакро́ць ж. р. ‘сто разоў’, прысл. ‘у сто разоў’ (Нас., Байк. і Некр.), сто́краць ‘тс’ (Гарэц., Касп.). З польск. stokroć ‘тс’, якое ад sto ‘сто’ і ‑kroć; апошняе да прасл. *kortъ (параўн. рус. стокра́т), якое чаргаваннем галосных звязана з *čersti, *čьrtǫ ‘рэзаць’; параўн. сінонім раз < рэзаць; гл. Фасмер, 2, 368–369; Махэк₂, 290.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Небакра́й ’небасхіл; гарызонт’ (ТСБМ). Наватвор, аўтарства якога прыпісваецца паэту А. Зарыцкаму (М. Стральцоў у кн.: Слова наша роднае. Мн., 1986, 125): паэтычны сінонім да небасхіл (гл.), параўн. рус. небозем ’гарызонт’ (аўтарства прыпісваецца Далю), польск. niebokrąg ’акружнасць неба’ і пад. Хутчэй за ўсё з укр. небокра́й ’тс’ (яшчэ ў Шаўчэнкі). З не́ба і край ’канец, мяжа’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВО́ЛЯ,
1) у псіхалогіі свядомая самарэгуляцыя суб’ектам сваёй дзейнасці і паводзін, якая забяспечвае пераадоленне цяжкасцей пры дасягненні мэты. Розныя вытлумачэнні волі ў філасофіі і псіхалогіі звязаны з процілегласцю канцэпцый дэтэрмінізму і індэтэрмінізму. Першы разглядае волю як абумоўленую звонку (фіз., псіхал., сац. прычынамі або божым прадвызначэннем), другі — як аўтаномную і незалежную сілу (гл. Свабода волі). У вучэннях валюнтарызму воля ўяўляецца як адвечная і першасная падстава сусветнага працэсу і чалавечай дзейнасці. У т.зв. «аўтагенетычных» тэорыях воля разглядаецца як нешта спецыфічнае, незалежнае, што не зводзіцца да якіх-н. працэсаў (В.Вунт, Н.Ах, І.Ліндворскі), а ў «гетэрагенетычных» тэорыях — як нешта другаснае, прадукт інш. псіхал. фактараў і з’яў (І.Ф.Гербарт, Г.Эбінгаўз, Э.Блейлер, прадстаўнікі асацыянізму).
2) У праве — адлюстраваная ў сістэме нормаў права воля класа, які эканамічна і палітычна пануе ў грамадстве. Тэрмін «воля» выкарыстоўваецца ў заканадаўстве і як сінонім волевыяўлення ўдзельнікаў праваадносін.
т. 4, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ЗЯМЛЯ́ гістарычная вобласць у бас. Зах. Дзвіны, Бярэзіны, Віліі. Назва «П.з.» выкарыстана ў Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1128 пры апісанні падзей 980 як сінонім Полацкага княства. Гэта тэрыторыя ў Іпацьеўскім летапісе пад 862 названа воласцю Полацка, а ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1092 — яго вобласцю. У Лаўрэнцьеўскім летапісе П.з. названа «отчиной» Рагнеды, яе сына Ізяслава і іх нашчадкаў (у сэнсе бацькаўшчына, зямля продкаў). Тут склалася Полацкае княства-дзяржава з дынастыяй Ізяславічаў (Рагвалодавічаў). З 1392 вярх. правіцелем П.з. стаў вял. князь ВКЛ. У 14—15 ст. захоўвалася ўнутр. аўтаномія П.з. як асобнай адм. адзінкі ВКЛ. Паводле прывілеяў, што вызначалі прававы стан П.з., вярх. ўлада гарантавала непадзельнасць яе тэрыторыі, абавязвалася прызначаць у горад велікакняжацкіх намеснікаў толькі са згоды мясц. баяр і мяшчан. У грамадска-паліт. жыцці П.з. вял. ролю адыгрывала веча. На аснове П.з. ў 1504 утворана Полацкае ваяводства. Г.В.Штыхаў.
т. 12, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)