КРАЙ (ад агульнаслав. краяци — рэзаць),
1) першапачаткова мясцовасць на ўскраіне дзяржавы (адсюль назва), пазней — краіна, вобласць, мясцовасць, вял. геагр. вобласць. Тэрмін ужываецца таксама ў сэнсе радзіма, родны кут (вывучае краязнаўства); як сінонім назвы ўсёй тэр. (Беларусь — Беларускі К.) або асобных яе частак (Палескі К., азёрны К., партызанскі К.).
2) У Расіі 18 — пач. 20 ст. назва ўскраінных тэр. імперыі, якія складаліся з некалькіх губерняў або абласцей пад агульным кіраўніцтвам. Афіцыйна адносілася да Каўказа (Каўказскі К. у 1882—1905) і Туркестана (Туркестанскі К. у 1886—1917). У 19 — пач. 20 ст. тэрыторыя, куды ўваходзілі бел. і літ. губерні, называлася Паўн.-Зах. К.
3) У Расіі з 1924 буйная адм.-тэр. адзінка (Алтайскі, Краснадарскі, Краснаярскі, Прыморскі, Стаўрапольскі, Хабараўскі краі).
т. 8, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)