ДРАЧ, дзяркач (Crex crex),

птушка сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. Пашыраны па ўсёй Еўропе, Зах. Азіі (да Байкала). Жыве на вільготных травяністых лугах, у пасевах с.-г. культур, на лясных высечках, агародах. На Беларусі звычайны пералётны від (нар. назвы дзяргач, дзяргун). Актыўны пераважна ўначы.

Даўж. цела 18—27 см, маса 100—200 г. Афарбоўка светла-рыжая з цёмнымі стракацінамі. Дзюба кароткая, моцная. Бегае хутка. Вясной самец выдае моцныя скрыпучыя гукі (адсюль назва). Гняздуецца парамі. Гняздо — ямка пад кустом або на купіне. Нясе 7—12 яец. Птушаняты ўкрыты чорна-бурым пухам. Корміцца насякомымі, смаўжамі, дажджавымі чарвямі, насеннем пустазелля і інш. Аб’ект палявання. Зімуе ў Афрыцы і Міжземнамор’і.

Драч.

т. 6, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЮКІ́, сарычы (Buteo),

род драпежных птушак сям. ястрабіных атр. сокалападобных. 25 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыкі. На Беларусі 2 віды: К. звычайны (Buteo buteo) і К. касматаногі, або зімняк (B. lagopus).

Пералётныя птушкі. Селяцца ў месцах, дзе лес чаргуецца з адкрытай прасторай (лугі, балоты, высечкі).

Даўж. да 66 см, маса да 1,3 кг. Крылы шырокія, дазваляюць лунаць у палёце. Хвост кароткі, закруглены. Афарбоўка зменлівая; спіна аднатонная, бурая, рыжая ці шэрая, ніз цела паласаты ці плямісты. Гняздуюцца на дрэвах, абрывах берагоў рэк. Нясуць 2—5 яец. Кормяцца грызунамі, насякомымі, паўзунамі, птушкамі. 2 віды і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.

Канюкі: 1 — касматаногі; 2 — звычайны.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КТЫРЫ́ (Asilidae),

сямейства прамашоўных караткавусых насякомых атр. двухкрылых. Больш за 5500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў стэпах і пустынях. На Беларусі найб. трапляюцца К. гарбаты, або ляфрыя гарбатая (Laphria gibbosa), К. жоўты (L. flavia), К. шэршнепадобны (Asilus crabroniformis), ястрабніцы празрыстакрылая (Dioctria hyalipennis) і рыжая (D. mfipes). Жывуць на ўзлесках, высечках, уздоўж дарог.

Даўж. да 50 мм. Галава шырокая, рухомая. Вочы вял., брушка доўгае. Ногі і цела (у многіх відаў) укрыта валаскамі і шчацінкамі. Драпежнікі, кормяцца жукамі, пчалінымі, саранчовымі. Лічынкі жывуць у глебе, гнілой драўніне, кормяцца пераважна лічынкамі жукоў, інш. насякомых, ёсць расліннаедныя. Развіццё з поўным ператварэннем.

Ктыры: 1 — жоўты; 2 — шэршнепадобны.

т. 8, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКІЯ КО́НІ,

старажытная папуляцыя коней паўн. ляснога тыпу Бел. і Укр. Палесся. Паходзяць ад тарпанаў. У паўд., паўд.-зах. і зах. ч. арэала палепшаны заводскімі пародамі, большыя. Выкарыстаны для вывядзення беларускага запражнога каня. На Беларусі гадуюць у гаспадарках Брэсцкай і Гомельскай абл.

Выш. ў карку жарабцоў бел. П.к. 137 см (макс. 140), даўж. тулава 146 см, маса 392 кг; кабыл адпаведна 135 см (макс. 139,5), 141 см, 367 кг. Масці: буланая, вараная, гнядая, мышастая, рыжая і інш. Тулава кампактнае, вузкае, спіна і шыя прамыя, крыж кароткі, грудзі шырокія, глыбокія. Ногі сухія, дужыя. Даўгавечныя, пладавітыя, непатрабавальныя, трывалыя; выкарыстоўваюцца на палявых і трансп. работах.

М.​А.​Гарбукоў.

т. 11, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Валява́ха 1 ’чапля’ (КЭС), вальваха, валеваха, оловаха ’Ardea purpurea L.’, ’чапля рыжая’ (Нік.), валяваха ’бугай, бухала (птушка)’ (Некр., Маш., Гайдукевіч, Працы IM, 6), палес. волʼоваха, волюваха, волювака, волювак, воловаха, волʼлʼаха, олеваха ’чапля рыжая, Ardea purpurea L.’ і ’чапля шэрая, Ardea cinerea L.’, дыял. валяваха, волік ’Ardea stellaris L.’, паўдн.-зах. волюваня ’Ardea cinerea L.’, бойк. волʼованʼі ’чапля’ (Нікан., Бел.-укр. ізал., 62). Формы оловаха, олеваха дазваляюць меркаваць, што пачатковае в — прыстаўны гук. Назва звязана, магчыма, з колерам (шэрай птушкі) і лексемай волава (метал шэрага колеру). Варыянты вальваха, волляха могуць сведчыць пра другаснае збліжэнне з іншым словам — валлё, першасная ж форма — волʼованʼі (волава + суфікс прыметніка ‑ан). Форма волік — вынік народнай этымалогіі (параўн. бугай як назва птушкі). Няясна, ці ёсць сувязь з валіўка ’дзікая качка’ (Бяльк.), укр. валюш ’вальдшнэп’.

Валява́ха 2 ’непаваротлівы чалавек’ (КЭС); ’лянівая’ (Мат. Гом.). Метафарычна з валяваха 1, кантамінаванага з валяць, валяцца; параўн. валяй, валуй ’непаваротлівы, лены чалавек’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕЛАРУ́СКІ ЗАПРАЖНЫ́ КОНЬ,

пародная група коней універсальнага выкарыстання. Выведзена ў зах. абласцях Беларусі ў 19—20 ст. скрыжаваннем мясц. коней ляснога тыпу з ардэнскай, шведскай, гудбрандсдальскай і інш. пародамі. За апошнія дзесяцігоддзі чыстапароднай гадоўлі выведзена 6 ліній, 13 сямействаў, створаны селекцыйныя масівы і племянныя гаспадаркі. Вядучыя гаспадаркі — конныя заводы ў Баранавіцкім і Лідскім, племзаводы ў Карэліцкім і Ляхавіцкім р-нах. Беларускі запражны конь — асн. паляпшальнік рабочакарыстальнай прадукцыйнай конегадоўлі ў рэспубліцы, экспартуецца, выкарыстоўваецца для прагулак, турызму, верхавога адпачынку.

Коні вынослівыя, даўгавечныя, непераборлівыя, спакойныя. Масць: буланая, рыжая, гнядая, вараная, мышастая. Выш. ў карку элітных жывёл 154—156 см; 2 км крокам з 3-тонным грузам праходзіць за 14—16 мінут.

М.​А.​Гарбукоў.

Беларускі запражны конь.

т. 2, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАЦЕ́ННІКІ (Limosa),

род птушак падатр. кулікоў атр. сеўцападобных. 4 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на балотах, поймавых лугах, гразкіх травяністых берагах азёр. На Беларусі 2 віды: вераценнік вялікі (Limosa limosa) і вераценнік малы (Limosa lapponica). Вераценнік вялікі (нар. назвы грыцук, грута, грыца, нецяг) шматлікі на Палессі, звычайны ў цэнтр. частцы, рэдкі на ПнУ. Вераценнік малы — рэдкая птушка, трапляецца на веснавым і асеннім пралётах.

Даўж. цела да 45 см, маса да 350 г. Афарбоўка апярэння рыжая. Дзюба доўгая, прамая або ледзь загнутая ўгару, ногі доўгія. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі малюскамі, жукамі, зрэдку насеннем. Гняздо — неглыбокая ямка на купіне сярод травы, крыху высланая сухой травой. Аб’екты палявання.

Вераценнікі: 1 — вялікі; 2 — малы.

т. 4, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТАЛЬГА́ звычайная

(Falko tinnunculus, або Cerchneis tinnunculus),

драпежная птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашырана ў Еўропе, Азіі, Афрыцы. Жыве ў невял. лясах, на лясных высечках, узлесках, лугах, палях, у гарах да выш. 4000 м і інш. Селіцца паасобна і калоніямі. Гняздуе на верхавінах і ў дуплах дрэў, займае гнёзды інш. птушак. На Беларусі рэдкі пералётны від, трапляецца ва ўсх. і зах. раёнах. Нар. назвы аралок, шулячок. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 38 см, маса да 285 г. Самкі большыя за самцоў. Афарбоўка рыжая, самец больш яркі. Крылы доўгія, завостраныя. У палёце часта затрымліваецца з прыўзнятымі крыламі і апушчаным хвастом, пырхае на месцы («трасецца»). Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі. Адкладвае да 8 яец.

Пустальга звычайная.

т. 13, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ТЭРЫ (англ. setter ад set рабіць стойку),

пароды паляўнічых сабак-выжлаў. Выкарыстоўваюць для палявання на птушак.

Канстытуцыя моцная, сухая. Вядомы 3 пароды С.: англійскі (рабы або лаверак), выведзены ў Англіі; выш. ў карку 52—65 см, поўсць густая, бліскучая, доўгая, белая з чорнымі, рыжымі або карычневымі плямамі; ірландскі (чырвоны). выведзены ў Ірландыі; выш. ў карку 54—65 см, поўсць густая, сярэдняй даўжыні, цёмна-чырв.-рыжая; шатландскі (гардон), выведзены ў Шатландыі: выш. ў карку 58—67 см, поўсць гладкая або хвалістая, чорная з бліскучым адценнем, з яркімі рыжа-чырв. падпалінамі. Маюць добры нюх і прыроджаную здольнасць рабіць стойку перад затоенай дзічынай. Тып паводзін ураўнаважаны, рухомы.

Сетэры: 1 — ірландскі; 2 — англійскі; 3 — шатландскі.

т. 14, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВЁРКІ (Sciurus),

род млекакормячых жывёл сям. вавёркавых атр. грызуноў. 55 відаў у Паўн. паўшар’і і на Пн Паўд. Амерыкі. Пашыраны ў горных і раўнінных лясах. На Беларусі 1 від — вавёрка звычайная (S. vulgaris).

Даўж. цела 20—35 см, хваста 19—31 см, маса 180—1000 г. Афарбоўка залежыць ад раёна пашырэння, сезона, узросту, індывідуальнасці. Вавёрка звычайная бывае рыжая, папялястая, амаль чорная і інш. Будуюць гнёзды (гайны) ці жывуць у дуплах. Штогод даюць 1—3 прыплоды па 1—12 дзіцянят. Корм раслінны і жывёльны, большасць вавёрак робяць запасы на зіму. Вавёрка звычайная акліматызавана ў Крыме, на Цянь-Шані і Каўказе. Некаторыя з вавёрак — каштоўныя паляўніча-прамысл. віды (здабываюцца дзеля пушніны, у тропіках — дзеля мяса). Дальмарская чорная вавёрка занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

Вавёрка звычайная.

т. 3, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)