галасні́к, ‑а, н.
1. Рэзанатарная адтуліна ў верхняй дэцы струнных музычных інструментаў для павелічэння працягласці і сілы гуку.
2. звычайна мн. (галаснікі́, ‑оў). Медныя або керамічныя пасудзіны ў форме гаршкоў, якія ўмуроўваюцца ў сцены сваімі адтулінамі ўнутр і служаць для паляпшэння акустыкі памяшкання. Галаснікі Каложскай царквы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГЕЗЭ́Р,
старажытны горад у Паўд. Палесціне (цяпер г. Эль-Гезэр). Узнік у 3-м тыс. да н.э. на месцы паселішча эпохі неаліту на караванным шляху ад узбярэжжа Міжземнага мора ў Сірыю і Аравію. Першапачатковае насельніцтва — хурыты і ханансі. У сярэдзіне 10 ст. да н.э. захоплены егіпцянамі, якія перадалі яго іудзейскаму цару Саламону. З 44 н.э. адзін з цэнтраў рымскай правінцыі Іудзея. У выніку раскопак выяўлены рэшткі брамы, пабудаванай Саламонам, чарапок пасудзіны 18—17 ст. да н.э. з адным з першых узораў ужывання алфавіта, гезерскі каляндар 11—10 ст. да н.э. — найб. стараж. надпіс на раннім іўрыце.
А.В.Іоў.
т. 5, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЬЮ́АР (Dewar) Джэймс (20.9.1842, г. Кінкардзін-он-Форт, Вялікабрытанія — 27.3.1923),
англійскі фізік і хімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1877). Скончыў Эдынбургскі ун-т (1861). З 1875 праф. Кембрыджскага ун-та, з 1897 прэзідэнт Хім. т-ва Англіі. Асн. працы па вывучэнні цеплавых з’яў. Распрацаваў метады вымярэння цеплаёмістасці пры нізкіх т-рах, упершыню атрымаў вадкі вадарод (1898), даследаваў змены электраправоднасці металаў у залежнасці ад т-ры. Вынайшаў пасудзіну, у якой целы могуць доўгі час захоўваць сваю т-ру (гл. Дзьюара пасудзіны). Разам з П.Кюры даказаў, што пры радыеактыўным распадзе радону ўтвараецца гелій (1904).
т. 6, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБІ́Т (ад франц. débit збыт, расход),
колькасць вадкасці (вады, нафты) або газу, якія паступаюць за адзінку часу з прыроднай ці штучнай крыніцы (буравой свідравіны, калодзежа, водазаборнага збудавання, трубы і інш.). Д. вадкасці вымяраецца ў л/с, м³/с, м³/сут (для нафты і т/сут); газу — у м³/сут.
Д. вызначаецца разлікам (па формулах падземнай гідрадынамікі) і з дапамогай адпампоўвання (пробных, доследных, эксплуатацыйных). Пры адпампоўваннях для вымярэння Д. вадкасці выкарыстоўваюць мерныя пасудзіны, вадамеры, дэбітометры, самапісныя дэбітографы, свідравінныя расхадамеры; газу — анемометры, шайбавыя вымяральнікі і інш. Д. водазаборных свідравін на Беларусі ад 0,005 да 0,05 м³/с.
П.М.Багаслаўчык.
т. 6, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕЗО́МЕТР (ад грэч. piezō цісну + метр),
прылада для вызначэння аб’ёмнай сціскальнасці газаў, вадкасцей і цвёрдых цел пад уздзеяннем гідрастатычнага ціску. Выкарыстоўваюцца таксама для даследаванняў дыяграм стану, фазавых пераходаў і інш. фіз.-хім. працэсаў.
Паводле прынцыпу дзеяння бываюць 2 тыпаў: П., у якіх маса рэчыва, што даследуецца, застаецца пастаяннай, а аб’ём змяняецца ў залежнасці ад ціску і т-ры; П., у якіх маса — пераменная велічыня, а аб’ём пасудзіны з рэчывам, што даследуецца, не змяняецца. Для вызначэння сціскальнасці вадкасцей і цвёрдых цел выкарыстоўваюць П. плунжэрнага або поршневага тыпу; лінейных памераў цел пад гідрастатычным ціскам — лінейныя П. (дылатометры).
П.А.Пупкевіч.
т. 12, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРЫЧЭ́ЛІ ФО́РМУЛА,
выраз, які набліжана вызначае скорасць выцякання вадкасці з адтуліны ў сценцы адкрытай пасудзіны. Мае выгляд:
, дзе v — модуль скорасці выцякання вадкасці, h — адлегласць ад восі адтуліны да паверхні вадкасці, g — паскарэнне свабоднага падзення. Атрымана Э.Тарычэлі (1641).
У рэальных выпадках скорасць выцякання вадкасці залежыць ад формы і памеру адтуліны, вязкасці вадкасці і ад некаторых інш. параметраў. У гідраўліцы карыстаюцца формулай
, дзе φ — каэфіцыент скорасці. Для малой круглай адтуліны і вялікіх Рэйнальдса лікаў φ = 0,94—0,99, значэнні φ для інш. выпадкаў вызначаюцца тэарэтычна і прыведзены ў спец. даведніках.
т. 15, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бе́раг, -а, М -разе, мн. берагі́, -о́ў, м.
1. Край, паласа зямлі каля вадаёма.
Пясчаны б.
2. Суша (у процілегласць вадзе).
Сысці на б.
3. Край тканіны.
Б. палатна.
4. Верхні край якой-н. пасудзіны.
Вядро вады роўна з берагамі.
◊
Прыстаць да берага (разм.) — знайсці якое-н. месца для пастаяннага жыцця.
|| памянш. беражо́к, -жка́, мн. -жкі́, -жко́ў, м. (да 1, 3 і 4 знач.).
|| прым. берагавы́, -а́я, -о́е.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
КАСТРЫ́ЦА,
комплекс археал. помнікаў (гарадзішча 8 ст. да н.э. — 11 ст. н.э., селішча 6—10 ст. і курганны могільнік 11 ст.) каля в. Кастрыца Лепельскага р-на Віцебскай вобл. Гарадзішча мае 3 гарызонты: у ніжнім выяўлены сляды жытлаў слупавой канструкцыі, агнішча, рэшткі майстэрні па апрацоўцы жалеза, пасудзіны днепра-дзвінскай культуры; у сярэднім — жал. прылады працы, бронзавыя падвескі, фрагменты пасудзін банцараўскай культуры; у верхнім — прылады побыту, ганчарная кераміка і інш. рэчы 10—11 ст. Побач з гарадзішчам у 6—10 ст. існавала селішча, на месцы якога ў 11 ст. ўзнік курганны могільнік (14 насыпаў). Даследаваны 2 курганы з трупапалажэннем.
Г.В.Штыхаў.
т. 8, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ле́йтар ’кавалак топленага воску, які мае форму той пасудзіны, у якой застывае’ (Анох.). Няясна. Магчыма, з ням. Leiter ’лесвіца’, выгляд якой маюць крыжыкі ў борці, на якія пчолы вешаюць вашчыны. Наступны этап — перанос лексемы з вашчын на воск (Г. Цыхун, вусн. паведамл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
дзяжа́, ‑ы́; мн. дзе́жы (з ліч. 2, 3, 4 дзяжы́), дзеж; ж.
Вялікая дзежка; тое што і дзежка. — Пайду на пякарню, — Янук парашыў, — Люблю, калі пыхкае цеста ў дзяжы! Муравейка. Пачэсны кут займае ў светлых хатах заквашаная хлебная дзяжа. А. Александровіч. // Спец. Частка цестамясілкі на хлебазаводах у выглядзе жалезнай луджанай пасудзіны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)