спе́ласць, ‑і, ж.

1. Якасць і стан спелага (у 1 знач.). Спеласць пшаніцы. Спеласць лесу. Спеласць глебы.

2. перан. Высокая ступень развіцця чаго‑н.; дасканаласць. Ідэйная спеласць. Палітычная спеласць. □ Сапраўдная творчая спеласць прыйшла да Э. Самуйлёнка значна пазней, калі ён напісаў раман «Будучыня» і п’есу «Пагібель ваўка». Кучар. Па шырыні абагульненняў, па спеласці пачуцця і выразнасці малюнка гэта [«Палессе»], бясспрэчна, адзін, з лепшых вершаў Броўкі. Бярозкін.

•••

Вясковая спеласць — фаза спеласці збожжа перад поўным паспяваннем.

Малочная спеласць — пачатковая фаза выспявання зерня збожжавых, калі яно напоўнена малочна-белай вадкасцю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Труб ‘ крык, гвалт’, тру́бес ‘галашэнне, моцны плач’ (ТС). Няясна; магчыма, паходзяць ад ням. trüben ‘засмучаць, азмрочваць’, ‘муціць, каламуціць’, trüb, trübe ‘маркотна, журботна’, trübsal ‘гора, смутак, жаль, туга, журба, маркота’; пранікненне іх адбылося, відаць, праз ідыш, параўн. ід. trojb ‘труба’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.). Гл., аднак, у Скарыны Празникъ Трубъ — яўрэйскае свята, калі пад гукі труб адбывалася ахвярапрынашэнне (ГСБМ). Параўн. таксама разм. труба́ ‘гібель, пагібель’ (ТСБМ), трубе́ц ‘канец, капцы’ (ТС), збліжэнне з якімі магло ўплываць на семантыку слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ги́бель ж.

1. гі́бель, -лі ж., пагі́бель, -лі ж.;

2. в знач. сказ., прост. гі́бель, -лі ж., бе́зліч, -чы ж., про́цьма, -мы ж., мно́ства, -ва ср.;

быть (находи́ться) на краю́ ги́бели быць на краі́ гі́белі;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

труна́, ‑ы; мн. труны, трун; ж.

1. Сацыяльная скрынка, у якой хаваюць памёршага. Неўзабаве была гатова труна. Сасновая, з выгаблеваных дошак, якія пахлі смалой. Дайліда. Назаўтра хавалі забітых. За трунамі ішло паўгорада. Плакалі трубы аркестра, плакалі людзі, плакаў і Сцёпка. Хомчанка.

2. у знач. вык. Пагібель, канец; вельмі дрэнна. Чалавек ледзь дацягнуўся да хаты, і праз два тыдні — труна. Машара.

•••

Гнаць у труну гл. гнаць.

Да труны — да смерці (не забыцца, помніць).

Загнаць (увагнаць, звесці) у труну гл. загнаць.

Легчы ў труну гл. легчы.

Труна чакае — пара паміраць.

Хоць у труну кладзі гл. класці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скапэ́раціся (скапэратісе) ‘памерці’ (беласт., Сл. ПЗБ), скапарэ́ць ‘змерзнуць, закачанець’, скапу́рыцца ‘памерці’ (Сцяшк. Сл.). Сюды ж, відаць, укр. скапа́ри́тися ‘знікнуць, прапасці’ (няяснага паходжання; гл. ЕСУМ, 5, 265). Няясна. У Сл. ПЗБ (4, 438) параўноўваецца з літ. nusikaparaóti ‘памерці’. Гарачава (Этимология–1985, 63–64) узводзіць да *kopyrěti (адсутнічае ў ЭССЯ, 9) з развіццём семантыкі ‘змерзнуць’ → ‘памерці’. Хутчэй да шырокавядомага ідышызму капорэ (гл. капора2), што з ідыш kapóres, kapures ‘канец, пагібель, капут’, першапачаткова з герм. kappārā ‘пакутная ахвяра’ (гл. Штэрн, Wörterbuch, 106; ЕСУМ, 2, 369, 378).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ІЛЬІ́НСКІ (Аляксандр Канстанцінавіч) (11.11.1903, г.п. Мір Карэліцкага р-на Мінскай вобл. — 18.3.1967),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1938), нар. арт. СССР (1953). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). З 1919 у Першым т-ве драмы і камедыі ў Мінску (або драм. секцыі Бел. вучнёўскай грамады). Працаваў у Мінскім т-ры рэв. сатыры, з 1926 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Мастацтва вызначалася камедыйным талентам, нац. самабытнасцю, віртуознай акцёрскай тэхнікай. Вострае пачуццё гумару, творчая імправізацыя, гратэскавыя прыёмы спалучаліся з тонкім аналізам і псіхал. глыбінёй. Шматгранныя маст. вобразы з сакавітай моўнай характарыстыкай стварыў у бел. рэпертуары: Дзед Талаш («У пушчах Палесся» Я.​Коласа), Кручкоў («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Харкевіч («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), дзед Нупрэй («Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага), Несцерка (аднайм. п’еса В.​Вольскага, Дзярж. прэмія СССР 1946) і інш. Сярод роляў класічнага рэпертуару: Рабінзон, Аркашка Шчасліўцаў («Беспасажніца», «Лес» А.​Астроўскага), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Палоній і Першы далакоп («Гамлет» У Шэкспіра), Сганарэль («Лекар паняволі» Мальера) і інш. Паставіў спектаклі «Віцмундзір» П.​Каратыгіна, «Бяда ад пяшчотнага сэрца» У.​Салагуба (абодва 1948), «Домік на ўскраіне» А.​Арбузава (1955, з А.​Скібнеўскім).

Літ.:

Скібнеўскі А.Б. Народны артыст СССР АК.​Ільінскі. Мн., 1954;

Сабалеўскі А. Жыццё тэатра. Мн., 1980. С. 191—200.

Б.​І.​Бур’ян.

А.К.Ільінскі.
А.Ільінскі ў ролі Несцеркі.

т. 7, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЦЕ́ХІН (Васіль Васілевіч) (5.5.1906, Масква — 3.10.1963),

бел. рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1949). Скончыў эксперым. майстэрні пры Дзярж. т-ры імя У.​Меерхольда (1935). 1936 рэжысёр у БДТ-3, з 1937 маст. кіраўнік Мазырскага калг.-саўг., у 1938—41 і 1946 Палескага з 1946 гал. рэжысёр Пінскага абл. драм. т-раў, з 1952 рэжысёр Белдзяржэстрады, з 1955 Бел. т-ра юнага гледача. Творчасці ўласцівы ўменне ствараць спектаклі з нац. каларытам, выкарыстоўваць сродкі муз. выразнасці. Сярод работ у БДТ-3 — «Пушкінскі спектакль», «Мяцеж» Дз.​Фурманава і С.​Паліванава (абедзве 1937); у Мазырскім т-ры — «Партызаны» К.​Крапівы, «Не было ні гроша, ды раптам шастак» і «Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (усе 1938); у Палескім т-ры — «Хто смяецца апошнім» Крапівы, «Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка (абедзве 1939), «Любоў Яравая» К.​Транёва (1946); у Пінскім т-ры «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Несцерка» В.​Вольскага (абедзве 1947), «Гэта было ў Мінску» А.​Кучара (1948), «З народам» К.​Крапівы (1949), «Паўлінка» Я.​Купалы, «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча (абедзве 1952); у т-ры юнага гледача — «Як гартавалася сталь» паводле М.​Астроўскага (1956), «Прыгоды Чыпаліна» Дж.​Радары (1957), «Не верце цішыні» І.​Шамякіна (1958, з. Л.​Мазалеўскай), «Авадзень» паводле Э.​Войніч (1961), «Пара любві» В.​Катаева (1963).

Літ.:

Стэльмах У. Васіль Пацехін // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982.

У.​І.​Няфёд.

В.В.Пацехін.

т. 12, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кала́пс

(лац. collapsus = які страціў прытомнасць)

1) раптоўнае моцнае зніжэнне сардэчнай дзейнасці, якое суправаджаецца слабасцю, часам стратай прытомнасці і пагражае смерцю;

2) катастрафічнае сцісканне масіўнай зоркі пад уздзеяннем сіл прыцяжэння (гравітацыйны к.);

3) татальнае разбурэнне важных жыццядзейных сувязей і цэласці якога-н. утварэння або сістэмы, грамадства або дзяржавы; катастрофа, пагібель.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АРАГО́Н ((Aragon) Луі) (3.10.1897, Парыж — 24.12.1982),

французскі пісьменнік, паліт. дзеяч. Чл. Ганкураўскай акадэміі. Ганаровы д-р Маскоўскага і Пражскага ун-таў (1966). З 1915 вучыўся на мед. ф-це ў Парыжы. Удзельнік 1-й сусв. вайны, грамадзянскай вайны ў Іспаніі 1936—39, у 2-ю сусв. вайну — франц. Руху Супраціўлення. Раннія творы напісаны ў духу дадаізму (зб. вершаў «Феерверк», 1920; раман «Анісе, ці Панарама», 1921) і сюррэалізму (раман «Парыжскі селянін», 1926). На пачатку 1930-х г. перайшоў на пазіцыі рэалізму: зб-кі вершаў «Ура, Урал!» (1934), «Нож у сэрца» (1941), «Вочы Эльзы» (1942), цыкл раманаў «Рэальны свет» (1934—51), раман-эпапея «Камуністы» (т. 1—6, 1949—51, апошняя рэд. 1967—68), гіст. раман «Перадвелікодны тыдзень» (1958). Эпічны размах у спалучэнні з лірычнасцю і філас. роздумам характэрныя для раманаў «Пагібель усур’ёз» (1965), «Бланш, ці Забыццё» (1967), «Тэатр-раман» (1974). Апавяданні розных гадоў склалі зб. «Салгаць — праўду сказаць» (1980). У кн. «Савецкія літаратуры» (1955) Арагон уключыў раздзел пра бел. л-ру. Пераклаў на франц. мову вершы «А хто там ідзе?», «Я не паэта», урыўкі з паэмы «Над ракою Арэсай» Я.​Купалы, верш П.​Броўкі. Творы Арагона на бел. мову перакладалі Э.​Агняцвет, Р.​Барадулін, З.​Колас, С.​Ліхадзіеўскі, Н.​Мацяш.

Тв.:

Choix de poèmes. Moscou, 1959;

Бел. пер. — Базельскія званы. Мн., 1937;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—11. М., 1957—61;

Поэзия. М., 1980.

Літ.:

Балашова Т.В. Творчество Арагона. М., 1964.

т. 1, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎ (сапр. Сарокін) Глеб Паўлавіч

(11.5.1899, г. Вазнясенск, Украіна — 3.3.1967),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1940), нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў Адэскім політэхн. ін-це (1917—18). Сцэн. дзейнасць пачаў у аматарскіх спектаклях, якія наладжваў яго бацька П.​Сарокін. З 1926 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы (маст. кіраўнік у 1941—47; у 1943 узначальваў тэатр. франтавую брыгаду). Выдатны майстар камедыі. Майстэрства пераўвасаблення, яркасць знешняга малюнка, пластычная выразнасць, глыбокае пранікненне ў сутнасць характару чалавека, арганічнасць паводзін, імправізацыйны дар вызначалі яго мастацтва. Найб. ярка акцёрскі талент Глебава выявіўся ў нац. драматургіі: Няміра («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Харкевіч («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Пустарэвіч («Паўлінка» Я.​Купалы; і ў кіно), Туляга («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, Дзярж. прэмія СССР 1941; і ў кіно), Кропля («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, Дзярж. прэмія СССР 1948; і ў кіно), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Глушак («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа) і інш. Сярод лепшых роляў у класічным рэпертуары: Маргарытаў («Позняе каханне» А.​Астроўскага), Гарпагон («Скупы» Мальера), Мендоза («Дзень цудоўных падманаў» Р.​Шэрыдана). Здымаўся ў кіно: «Несцерка», «Нашы суседзі», «Палеская легенда», «Першыя выпрабаванні», «Усходні калідор» і інш. Вял. папулярнасць набыў як чытальнік на радыё, асабліва казак і баек для дзяцей.

Літ.:

Сабалеўскі А.В. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. камедыйнага акцёра. Мн., 1994.

А.​В.​Сабалеўскі.

Г.П.Глебаў. Мастак І.​Ахрэмчык. 1943.
Г.П.Глебаў у ролі пана Антонія (справа) у кінафільме «Палеская легенда».
Г.П.Глебаў у ролі Пустарэвіча.

т. 5, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)