па́ўза, ‑ы, ж.

1. Кароткі перапынак у гучанні чаго‑н. [Насця:] — Каб вы ведалі, як цудоўна жыць і змагацца... Змагацца і, — яна зрабіла паўзу, а потым шэптам выдыхнула: — кахаць... Шамякін. — Нічога, хадзіў нагамі, пазіраў вачамі, слухаў вушамі, — з горкай іроніяй загаварыў Саўка. Войт і яго прыяцелі клюнулі насамі і прыгнулі галовы. Невялікая, няёмкая паўза, некаторае замяшанне. Колас.

2. Перапынак у якім‑н. дзеянні, занятку, працэсе. Раней Ганін дзень меў нейкія незапоўненыя паўзы, пустыя часіны. Грамовіч.

3. Спец. Перапынак у гучанні музычнага твора або якой-небудзь яго часткі. // Значок для абазначэння гэтага перапынку ў нотах.

4. Спец. Пропуск ненаціскнога складу ў вершы, пераважна ў трохдольным.

[Грэч. páusis — прыпынак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замяша́цца 1, ‑аецца; зак.

Ператварыцца ў вязкую масу ў выніку замешвання ​2. Бетон добра замяшаўся.

замяша́цца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Далучыцца да каго‑, чаго‑н.; загубіцца сярод мноства людзей, прадметаў. У грамадку дзяцей замяшаўся і Хведарка. Гартны.

2. у чым. Ублытацца ў небяспечную ці непрыемную справу. Усе сяляне нічога не рабілі, сядзелі збоку ад падзей, каб нікуды ім не ўлезці, каб ні ў чым не замяшацца. Гарэцкі.

3. Збянтэжыцца, разгубіцца. Анэтка трохі замяшалася і пачырванела: яна дагадалася, што дзядзька Лапко пранік у яе сардэчную тайну. Колас. Зелянюк .. злёгку замяшаўся, але сваё замяшанне досыць удала хаваў пад маскай вясёлага бадзёрага ажыўлення. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сарамаці́ць, ‑мачу́, ‑маці́ш, ‑маці́ць; незак., каго.

1. Дакараць, выклікаючы пачуццё сораму. А настаўнік, нічога не ведаючы, думае, што Ганька падглядвае, і сарамаціць яе... Васілевіч. Калі хто спрабаваў сарамаціць, ушчуваць вырадка — біць яго цяпер, вядома, баяліся, — Пэпік апраўдваўся. Сачанка. Маці заступілася за сына, яна схапіла Хведара за руку і пачала сарамаціць. Пальчэўскі.

2. Ганьбіць, няславіць. Першай, мабыць, даведалася Халімоніха, прынесла вестку ад некага з суседак, зразу ж стала сарамаціць, клясці Ганну. Мележ. [Дзімін:] — Вам, Кашын, трэба праспацца. Я пазваню зараз, каб падрыхтавалі пасцель. Не сарамаціце бацьку. Карпаў. Пражыў ты [Бамбал] хораша век, дык пасядзі і хораша адпачні, не дзяцінься, не сарамаці сябе. Скрыган.

3. Прыводзяць у замяшанне, бянтэжыць, канфузіць. Сарамаціць вучня заўвагамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каламу́т ’вір’ (Жд. 2, Жд. 3), каламута ’мул з вадой, твань’ (БРС, ТСБМ), каламуць ’тс’ (БРС, ТСБМ), каламутны (БРС, ТСБМ, Сл. паўн.-зах.; Сержп. Прымхі; Сцяшк., ТС, Федар., Яруш.). Укр. каломут, каламут, каламута ’баламута, сварка, разлад і інш.’, рус. кур., зах.-бран. (другаснае) каламут ’чалавек, які выклікае нязгоду, разлад, бязладдзе; баламут’, зах.-бран. ’разлад, бязладдзе, нязгода; сварка’, варонеж. коломутица ’блытаніна; разлад, смута’, коломутный ’непразрысты, мутны (пра ваду, крыніцу)’, польск. kołomąt ’хаос, блытаніна і інш.’, дыял. ’пляткар, баламут і інш.’, чэш. уст. kolomut, kolomuta ’змяшанне, хаос і інш.’ (Юнгман разглядае як славац., Махэк₁ не разглядае лексемы: у артыкуле «rmoutiti», для якога ўзнаўляецца kolomútiti, згадваецца чэш. дыял. cholomet, cholomot ’паршывец і інш.’), славац. kalamula, galamutaзамяшанне, хаос’. Паўн.-слав. аддзеяслоўнае ўтварэнне, бел. каламут, відаць, зберагае першасную семантыку ’круціць, муціць’. Час утварэння, як аб гэтым сведчыць семантыка, а таксама страта прамога значэння ў шэрагу моў, магчыма, гаворыць на карысць паўн.-прасл. Аб далейшай этымалогіі гл. каламуціць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пахісну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Страціўшы раўнавагу, хіснуцца. Войт пахіснуўся, пабляднеў і асеў, схапіўшыся за бок. Колас. Ад слабасці закружылася галава, .. [Сяргей] пахіснуўся, але паспеў ухапіцца за стол. Хомчанка. Дрэва раптам пахіснулася, затрашчала, чалавек з сякерай адскочыў убок, і яно бразнулася на зямлю. Лупсякоў.

2. перан. Стаць менш устойлівым, трывалым. Даўнейшы аўтарытэт Каржакевіча як самага багатага ў вёсцы гаспадара і амаль самага пісьменнага чалавека,.. яшчэ і дагэтуль не пахіснуўся. Крапіва. [Максімава] рашучасць пахіснулася і даволі моцна. Шамякін. // Адчуць няўпэўненасць, сумненне ў чым‑н. Варанецкі заўважыў, што Гаруноў пахіснуўся ў сваіх намерах. Дуброўскі. [Камандзір], нарэшце, пахіснуўся. На кароткім начным прыпынку ён выказаў згоду на тое, каб падзяліцца на дзве групы, конную і пешую. Брыль. // Разладзіцца, пагоршыцца. Здароўе пахіснулася. □ Прыйшоў такі момант, калі [Феніны] камерцыйныя справы.. пахіснуліся. Ракітны.

3. Упасці ў паніку, прыйсці ў замяшанне. Правакатары пралічыліся. Савецкія пагранічнікі не спалохаліся .. пагроз, не пахіснуліся. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Пераплесці ў беспарадку; пераблытаць. Зблытаць ніткі. Зблытаць валасы. □ Каб рукі, ногі пакруціла Нячыстай, цёмнай сіле той, Якая долу паваліла, Памяла, зблытала, скруціла Цябе, лянок харошы мой. Бялевіч. // Парушыць парадак чаго‑н. Зблытаць лісты рукапісу. □ Тут на момант .. [дзеці] збіліся, зблыталі строй. Ракітны. // перан. Унесці блытаніну; пазбавіць яснасці, выразнасці, дакладнасці. [Выступленне сакратара] яшчэ больш зблытала і ўскладніла [Максімавы] думкі. Шамякін. Але зноў усё зблытаў, нечакана паявіўшыся, Каляда. Скрыган.

2. Памылкова прыняць адно за другое; пераблытаць з кім‑н., чым‑н. [Аўсянку] можна нават з вераб’ём зблытаць: такая ж шэранькая. Ігнаценка. Галя пагражальна паківала каля яго носа пальцам і строга сказала [Змітраку]: — Ты толькі не зблытай мяне з Інай. Ваданосаў.

3. Разм. Збіць з толку, прывесці ў замяшанне. Падказка зблытала вучня.

•••

Зблытаць карты чые або каго — разладзіць, парушыць чые‑н. планы, намеры.

Зблытаць сляды (след) — збіць са следу каго‑н., накіраваць па няправільнаму следу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трыво́га ‘неспакой, моцнае душэўнае хваляванне, выкліканае страхам’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Федар. 4, Пятк. 2, Мал., ТС, Кліх, Вруб., Сл. ПЗБ, Вушац. сл.; палес., віл., рас., талач., мсцісл., касцюк., ЛА, 5), ‘сполах, непакой’ (Некр. і Байк.), ‘замяшанне, перапалох’ (Ласт.), ‘небяспечнае становішча’, ‘сігнал, які апавяшчае аб ім’ (ТСБМ, Шат.), трыво́жыць ‘прыходзіць у стан непакою’, ‘парушаць спакой, турбаваць’, ‘раздражняць, разыгрываць’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., ТС, Юрч. Сін.; паўсюдна, ЛА, 3), трывожны (лоеў., ЛА, 2), трыво́жыцца (ТС), ст.-бел. трвога ‘трывога’ (1538 г.), ‘неспакой, бунт; клопат, турбота’, тривога, тревога, трывога ‘тс’ (1574 г., ГСБМ). Укр. триво́га, трево́га, рус. трево́га ‘трывога’, ст.-польск., польск. trwoga ‘стан, адчуванне неспакою’, ‘спалох, страх, боязь’, ‘спрэчка, звада’, ‘хваляванні, небяспека’, каш. trvoga ‘няшчасце, бяда, бедства’, балг. тревога ‘тс’ (відаць, з рус. тревога). Прасл. *trъvoga, а ўлічваючы рускую форму, — *trьvoga. Этымалогія няпэўная: Фасмер (4, 97) звязвае з рус. отва́га; Борысь (646) дапускае ўтварэнне польск. trwoga ад прасл. *trъvati ‘трываць, цярпець’ з дапамогай суф. *‑oga; гэтаксама раней Брукнер (578), выводзячы лексему з дзеяслова trwać (гл. трываць). Сумненні адносна названых і іншых этымалогій гл. Фасмер, 4, 97.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Троп ‘след, крок’ (Нас., Касп., Сцяшк., Др.-Падб., Сл. Брэс.): некруцікі вучуцца хадзіць троп у троп (Нас.), ‘след на роснай траве’ (лун., Шатал.), ‘сцежка, слядзіна’ (Некр. і Байк., Мат. Гом.), ‘жыццёвы шлях’ (Сцяшк.), ‘кірунак, шлях, дарога’ (Адм.), ‘метад, спосаб, шлях да дасягнення мэты’ (Ласт.), у выразах збіць (збіцца) з тропу ‘выклікаць замяшанне, заблытаць’ (ТСБМ), тропу добы́тысь ‘дабраць розуму, скеміць’ (Клім.), шукаць тропу ‘шукаць дарогі’ (Кал.), узяць троп ‘знайсці след’, узяць (ухопі́ць) тропу ‘зведаць, убачыць, заўважыць след’ (ТС). Укр. дыял. троп ‘конская рысь з падскокам’, трип ‘адбітак нагі звера на снезе’, тріп ‘сцежка ў гарах’, польск. trop ‘адбітак следу звера на зямлі ці снезе’, ‘след, каляіна’, ‘след ад ступні’, ‘дарога’, ‘ход каня’, каш. trop ‘след’. Пераважна паўночнаславянскае ўтварэнне. Сюды ж далучаюць а спецыфічнай семантыкай славен. tróp, tropíne ‘жамерыны з вінаграду’, серб. тро̏п ‘тс’, ‘вытапкі масла’, ‘выскваркі сала’, ‘асадак’, ‘адстой’ і выводзяць прасл. *tropъ, утворанае з чаргаваннем галосных кораня ад дзеяслова *trepati ‘ўдараць, біць, трэсці, бразгаць’ з першапачатковым значэннем ‘выбітае, выціснутае, вытрасенае’, гл. тропаць, трапаць. Параўн. таксама лат. trapa ‘натоўп, вялікая колькасць, мноства’, алб. trap ‘сцежка’, ст.-грэч. ἀτραπός ‘сцежка, сцяжынка’ (Борысь, 643; Скок, 3, 506; ЕСУМ, 5, 648; Вербіч, Студіі з ономастики та етимологіі. 2010, 290). Гл. таксама трапа, трэп.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ма́ска, ‑і, ДМ масцы; Р мн. масак; ж.

1. Накладка на твар, падобная на звярыную морду або чалавечы твар. Тэатральнай маска. Маска зайца. // Накладка на верхнюю частку твару з прарэзамі для вачэй, якую надзяваюць для таго, каб не быць пазнаным. Карнавальная маска. // Чалавек у маскарадным касцюме і такой накладцы. Душа твая — малюнак артыстычны: Пад лютняў звон прыгожых масак рой Танцуе там, адзеўшыся нязвычна, У надзеі скрыць праз гэта смутак свой. Багдановіч.

2. перан. Прытворства, якое скрывае сутнасць каго‑, чаго‑н. Мужчыны стараліся стрымаць свае пачуцці і роблена прыкрываліся маскай абыякавасці і лёгкай іроніі. Васілевіч. Сваё замяшанне [Зелянюк] досыць удала хаваў пад маскай вясёлага бадзёрага ажыўлення. Зарэцкі.

3. Адліўка з гіпсу, знятая з твару нябожчыка. // Скульптура твару чалавека або галавы жывёлы. Пад выпуклым барэльефам белай мармуровай маскі — старадаўняга акцёрскага сімвала — было высечана: Антон Максімавіч Саковіч. Рамановіч.

4. Спец. Засцерагальнае прыстасаванне, якое надзяваюць на твар. Супрацьгазавая маска. Маска для падводнага плавання. // Накладка спецыяльнага прызначэння на твар. Перад .. [Надзяй] стаяў урач у дзіўнай масцы і незвычайным фартуху. Карпюк.

5. У касметыцы — слой накладзенага на твар лекавага саставу, крэму і пад.

•••

Зняць (скінуць) маску гл. зняць.

Надзяваць (насіць) маску гл. надзяваць.

Сарваць маску гл. сарваць.

[Фр. masque ад араб. mashara — насмешка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рой1 ’сям’я пчол або інш. насякомых, якія ўтвараюць адасобленую групу на чале з маткай’, ’мноства, вялікая колькасць насякомых, птушак, якія носяцца ў паветры’, ро́ем ’чарадой, гуртам, у вялікай колькасці’ (ТСБМ, Бяльк., Стан., ТС, Сцяшк., Сл. ПЗБ; воран., ашм., віл., З нар. сл.). Укр. рі́й, рус. рой, польск. rój, н.-луж. roj, в.-луж. rój, чэш., славац. roj, славен. rȍj, серб. ро̑ј, харв. rȏj, чак. rọ̑j, макед. рој, балг. рой, ро́ят ’рой’, ц.-слав. роизамяшанне, мітусня, беганіна, узбуджэнне, непарадак’; ’бунт, сварка’; ’натоўп’; ’чарада, куча’. Сюды далучаюць славац. zdrój, польск. zdrój ’крыніца’. Прасл. *rojь — першапачаткова ’плынь, струмень, паток’, потым — ’вылятанне пчол з мацярынскай сям’і’, — якому адпавядае ст.-інд. ráyas ’плынь, імкненне, бег, паспешнасць, раз’юшанасць’, riṇā́ti ’выпускае на волю’, лац. rīvus ’паток’ < і.-е. *h​3roi̯Ho‑ ’цячэнне, струмень, плынь; бег, ход’ (Траўтман, 243; Уленбек, 245; Фасмер, 3, 496; Брукнер, 461; Махэк₂, 515; Шустар-Шэўц, 2, 1232; Скок, 155–156; Бязлай, 3, 193; Сной₂, 627–628; БЕР, 6, 311–312; ESJSt, 13, 775–776). Роднаснымі да прасл. *rojь з’яўляюцца прасл. *rějati ’цячы’, *rěka ’рака’, *ristati ’спаборнічаць’, *riskati ’бегчы, імкнуцца хутка’, ’шныраць’, ’гойсаць’, *rinǫti ’рынуцца’. Сюды ж: ро́йніца, раёўня, ро́йнік ’посуд, у які збіраюць рой пчол’, ройі́льня, ройны́ця ’тс’ (Жыв. НС, Сл. Брэс., З нар. сл., Сцяшк. Сл., ЛА, 1). Гл. таксама райнік.

Рой2 ’запаленне малочнай залозы’ (шальч., Сл. ПЗБ). Няясна.

Рой3 ’гайня ваўкоў’ (глыб., ЛА, 1; астрав., лельч., ЛА, 5) — пад уплывам народнай этымалогіі нібыта адносіцца да рой1 ’мноства, стада, стая’, таму і знешняе падабенства. Аднак лексема ўзыходзіць да руя́ ’тс’, ’зграя, стада ваўкоў у перыяд цечкі’ (Сл. ПЗБ), гл., магчыма, з польск. ruja ’цечка, гон’ < ст.-чэш. řújě, říjě ’перыяд цечкі ў аленяў’, суч. říje < прасл. *reuti/*rou‑ti ’раўці, рыкаць’ > бел. раўці (гл.). Параўн. лат. raunas laiks ’марцаванне катоў’. Не выключаецца ад’ідэацыя лексем юр, юра́ ’гайня ваўкоў’ (ЛА, 5).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)