Трыво́га ‘неспакой, моцнае душэўнае хваляванне, выкліканае страхам’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Федар. 4, Пятк. 2, Мал., ТС, Кліх, Вруб., Сл. ПЗБ, Вушац. сл.; палес., віл., рас., талач., мсцісл., касцюк., ЛА, 5), ‘сполах, непакой’ (Некр. і Байк.), ‘замяшанне, перапалох’ (Ласт.), ‘небяспечнае становішча’, ‘сігнал, які апавяшчае аб ім’ (ТСБМ, Шат.), трыво́жыць ‘прыходзіць у стан непакою’, ‘парушаць спакой, турбаваць’, ‘раздражняць, разыгрываць’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., ТС, Юрч. Сін.; паўсюдна, ЛА, 3), трывожны (лоеў., ЛА, 2), трыво́жыцца (ТС), ст.-бел. трвога ‘трывога’ (1538 г.), ‘неспакой, бунт; клопат, турбота’, тривога, тревога, трывога ‘тс’ (1574 г., ГСБМ). Укр. триво́га, трево́га, рус. трево́га ‘трывога’, ст.-польск., польск. trwoga ‘стан, адчуванне неспакою’, ‘спалох, страх, боязь’, ‘спрэчка, звада’, ‘хваляванні, небяспека’, каш. trvoga ‘няшчасце, бяда, бедства’, балг. тревога ‘тс’ (відаць, з рус. тревога). Прасл. *trъvoga, а ўлічваючы рускую форму, — *trьvoga. Этымалогія няпэўная: Фасмер (4, 97) звязвае з рус. отва́га; Борысь (646) дапускае ўтварэнне польск. trwoga ад прасл. *trъvati ‘трываць, цярпець’ з дапамогай суф. *‑oga; гэтаксама раней Брукнер (578), выводзячы лексему з дзеяслова trwać (гл. трываць). Сумненні адносна названых і іншых этымалогій гл. Фасмер, 4, 97.