ЗО́РЫН (Усевалад Уладзіміравіч) (1893—1942),

бел. жывапісец, педагог. Вучыўся ў вучылішчы тэхн. малявання Штыгліца ў Пецярбургу (1910-я г.). Жыў і працаваў у Гомелі, выкладаў у сярэдніх навуч. установах (1919—40) і Доме нар. творчасці (1930-я г.). Аўтар твораў «Эцюд» (1927), «Піянеры» (1930), «Дрэва» (1937), «Нацюрморт» (1940).

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́НЕВАЛЬД (Grünewald) Матыяс [сапр. Готгарт Нітгарт (Найтгарт); Gothart Nithart (Neithart); 1460—80, г. Вюрцбург, Германія — 1.9.1528], нямецкі жывапісец эпохі Адраджэння. У 1508—1526 (?) прыдворны жывапісец майнцкіх архіепіскапаў і курфюрстаў. Творчасць звязана з ідэалогіяй нар. нізоў і містычнымі ерасямі. У гал. творы — 9 частках Ізенгаймскага алтара (1512—15) — трагічныя сцэны страсцей Хрыстовых («Распяцце») змяняюцца карцінамі радасці, пантэістычным успрыманнем прыроды («Раство»). Містычны вобраз Хрыста, які нібыта растае ў час успышкі яркага святла («Уваскрэсенне»),

саступае месца вобразам унутрана прасветленым, прасякнутым гуманістычным пачаткам («Святы Себасцьян»). У творах пач. 1520 г. відавочнае ўздзеянне мастацтва італьян. Адраджэння («Сустрэчы св. Эразма і Маўрыкія», 1520—24), у больш позніх зноў вяртанне да тэмы Хрыста і экспрэсіўнай драм. мовы познагатычнага жывапісу («Аплакванне Хрыста», 1524—25).

Літ.:

Немилов А.Н. Грюневвальд. М., 1972.

М.Груневальд. Распяцце Галава Хрыста. Фрагмент.
М.Груневальд. Распяцце. Цэнтральная частка Ізенгаймскага алтара. 1512—15.

т. 5, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТАРО́Ў (Іваноў) Карп Іванаў

(?—1698),

жывапісец і залатапісец у Маскоўскай дзяржаве. Паходзіў з Беларусі. У канцы 1650-х г. працаваў у Нова-Іерусалімскім манастыры каля Масквы, потым «жалаваны» жывапісец Маскоўскай Аружэйнай палаты. Выконваў (з І.​Безміным) жывапісныя творы для Церамнога палаца Маскоўскага Крамля, размалёўваў слупы ў Пакроўскім саборы і печы ў царскіх харомах с. Ізмайлава, Троіцкую праязную вежу-браму ў Крамлі, іканастас Сергіеўскай царквы с. Вараб’ёва. Аўтар партрэта патрыярха Іаакіма (1678), абразоў «Пакуты божыя», «Уваскрэсенне Хрыста», «Пакровы Маці Божай», харугваў з карцінамі «Уваскрэсенне Хрыста» і «Успенне Багародзіцы» для Страснога манастыра ў Маскве. Удзельнічаў у стварэнні іканастасаў царквы Успення Багародзіцы ў трапезнай Новадзявочага манастыра (1685), Вял. сабора Данскога манастыра ў Маскве (1698) і інш. Намаляваў на паперы «12 месяцаў і бегі нябесныя», прапісваў золатам чарцяжы і тэкст рукапіснай кнігі «Пра млынавую будову». Меў вучняў.

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕБРЭ́Н, Ле Брэн (Lebrun, Le Brun) Шарль (24.2.1619, Парыж — 12.2.1690), французскі жывапісец, дэкаратар і рысавальшчык. Вучыўся ў Ф.​Пер’е (з 1632) і С.​Вуэ (1634—37). У 1642—46 пад кіраўніцтвам Н.Пусэна ў Італіі вывучаў творчасць Рафаэля, балонскіх акадэмістаў, ант. скульптуру. Стварыў шэраг карцін пад уплывам Пусэна («Муцый Сцэвала», «Смерць Катона» і інш.). Адзін з заснавальнікаў (1648), з 1668 рэктар Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы. У 1660-я г. «першы жывапісец караля» і дырэктар каралеўскай мануфактуры габеленаў. Кіраваў дэкар. афармленнем інтэр’ераў Луўра, Версаля і інш., выконваў плафоны (Люстраная галерэя ў Версалі, 1678—84, і інш.), кардоны для габеленаў, эскізы для садовай скульптуры, мэблі. У жывапісных работах спалучаў нарматыўнасць класіцысцкай кампазіцыі, прасякнутай тэатралізаванай патэтыкай, з дэкар. пышнасцю барока: «Магдаліна каецца» (1656—57), серыя карцін «Гісторыя Аляксандра Македонскага» (1660—68) і інш.

Н.І.Лебрэн. Магдаліна каецца. 1656—57.

т. 9, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ЎСКІ (Каспар) (1785, Гродзеншчына — 1854),

бел. жывапісец. У 1801—07 вучыўся ў Ф.Смуглевіча. У 1811—12 працаваў настаўнікам малявання ў Мінскай гімназіі, з 1813 — у Беластоку. У 1835 напісаў абразы для касцёла ў в. Вял. Эйсманты (Свіслацкі р-н). Аўтар шматлікіх бытавых замалёвак, у т. л. «Гарадская харчэўня», «Цыганы» і інш.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУЛА́ЕЎ (Абдулхак Аксакалавіч) (н. 30.12.1918, г. Туркестан Чымкенцкай вобл., Казахстан),

узбекскі жывапісец. Нар. мастак Узбекістана (1968). Вучыўся ў Самаркандскім маст. тэхнікуме (1931—36), Маскоўскім маст. ін-це (1938—41). Аўтар нац. па каларыце партрэтаў паэта і мысліцеля А.​Наваі, пісьменнікаў Айбека, І.​Рахіма, К.​Яшэна, «Аўтапартрэта ў кіргізскай шапцы» і інш.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛТЭР ((Valters) Яніс Тэадоравіч) (3.2.1869, г. Елгава, Латвія — 20.12.1932),

латышскі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1889—97) у А.​Кіўшэнкі і У.Макоўскага. Працаваў у Елгаве (да 1906), Дрэздэне (1906—17), з 1917 у Берліне. Зазнаў уплыў экспрэсіянізму. Пісаў жанравыя гар. сцэнкі, рэаліст. пейзажы, партрэты («Рынак у Елгаве», 1897, «Сірата», 1907).

Я.Валтэр. Рынак у Елгаве. 1897.

т. 3, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕГЯ́Н (Мгер Манукавіч) (н. 26.1.1909, г. Эчміядзін, Арменія),

армянскі жывапісец і графік. Нар. мастак Арменіі (1960). Вучыўся ў Вышэйшым дзярж. маст.-тэхн. ін-це (Масква; 1927—30), АМ у Ленінградзе (1930—31). Аўтар маляўнічых пейзажаў, сакавітых нацюрмортаў, партрэтаў, пейзажна-жанравых карцін («На востраве Севан», «Калыханка», «Лета»), графічных пейзажаў (малюнкі, акварэлі, афорты, лінагравюры), прасякнутых лірычным настроем.

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ЎСКІ (Уладзімір Данатавіч) (1.2.1842, Кіеў — 19.2.1914),

украінскі жывапісец-пейзажыст. У 1861—68 вучыўся ў Пецярбургскай АМ, з 1874 яе акадэмік, з 1878 прафесар. Удасканальваў майстэрства ў Францыі, Германіі, Швейцарыі, Італіі. Пісаў рамант. пейзажы з эфектамі асвятлення: «Крымскі пейзаж» (1868), «У стэпе» (1874), «Сенакос», «На моры перад навальніцай» (абедзве 1878), «Зацішша» (1890) і інш.

т. 1, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМБРО́ЎСКІ (Антоній Самуэль) (10.6.1774, г.п. Тураў Гомельскай вобл. — 22.6.1838),

бел. жывапісец і тэатр. мастак. Вучыўся ў Ф.Смуглевіча. Творчую дзейнасць пачаў дэкаратарам у прыдворным т-ры М.​К.​Агінскага ў Слоніме ў 1880, потым працаваў у Варшаве. Аўтар фрэсак у палацах Мастоўскага і Сабалеўскага (Варшава); пісаў таксама жывапісныя карціны (партрэты, пейзажы і інш.).

т. 6, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)