пуза́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З вялікім жыватом, пузам. Ля камбайна, акрамя Шапавалава і Пятра,.. [Касцянок і Баранаў] убачылі старшыню калгаса Махнача, нізкага і пузатага чалавека з шырокім чырвоным тварам. Шамякін. Тут быў таран, мянёк пузаты, Шчупак, лінок, акунь, карась. Колас.

2. перан. Нізкі і шырокі, з пукатымі, акруглымі бакамі (пра прадметы). Пузаты чыгун. Пузаты партфель. □ Гаспадыня ўсё-такі злезла з печы, бразнула засланкай і выцягнула пузаты паліваны гарлачык, на якім трошкі прыгарэла жоўтая плеўка. Сабаленка. Рыма трымала ў руках баравік і абразала белы пузаты корань. Васілеўская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ма́каўка1, ма́кыўка ’плод маку, галоўка’, ’верхняя частка чаго-небудзь (галавы, купала царквы, гары’ (ТСБМ, Грыг., Нас., Шат., Яшк., Мат. Гом., Ян., Сл. ПЗБ), ’рэпіца ў каровы’ (пух., З нар. сл.), гарадоц. макавіца ’тс’ (Сл. ПЗБ). У выніку намінацыі з макавая галоўка. Да мак (гл.).

Ма́каўка2, макоўкагарлачык белы, Nymphaea alba L.’ (гом., Кіс., Ян.) утварылася ў выніку семантычнага пераносу паводле падабенства з макаўка1 (гл.); параўн. укр. ма́ківка ’кветка маку’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПРЫ́ПЯЦКІ,

нацыянальны парк у Жыткавіцкім, Петрыкаўскім і Лельчыцкім р-нах Гомельскай вобл. Створаны ў 1996 з мэтай захавання і ўзнаўлення унікальных прыродных комплексаў Палесся, развіцця вытв.-гасп. базы рэгіёна, арганізацыі турызму і адпачынку насельніцтва. Пл. 82,4 тыс. га, у т. л. запаведная 29,2 тыс. га.

У склад парку ўвайшлі тэр. Прыпяцкага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка і ўчастак р. Прыпяць з пойменнымі і прыпоймавымі землямі левабярэжжа. Займае ч. Палескай нізіны. Рэльеф раўнінны са шматлікімі паніжэннямі і эолавымі ўтварэннямі. Поймавыя і лесабалотныя комплексы складаюць 95% тэр. парку. Поймавыя (пераважна дробназлакавыя) лугі. Нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты (у правабярэжнай ч. парку буйнейшы ў Еўропе масіў балот пераходнага і вярховага тыпаў). Расліннасць Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акругі, падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. Лясы займаюць 70% тэр., уключаюць 25 відаў дрэвавых і 33 кустовых парод. Хвойныя, шыракалістыя, драбналістыя вытворныя, лісцевыя карэнныя балотныя і поймавыя лясы з хвоі, бярозы пушыстай і павіслай, дуба, вольхі чорнай, ясеня, асіны, граба, елкі (астраўныя мікрапапуляцыі і прымесь у мяшаных насаджэннях). Сярэдні ўзрост лясоў 70 гадоў. У падлеску ляшчына, рабіна, крушына ломкая, свідзіна, чаромха, вярба, парэчкі. Унікальныя поймавыя дубровы (сярэдні ўзрост перавышае 200 гадоў) і зараснікі вярбы (узрост асобных дрэў больш за 100 гадоў). У флоры 827 відаў вышэйшых раслін, 196 імхоў, 184 лішайнікаў, 321 водарасцей, каля 1000 відаў грыбоў. Зубніца клубняносная, купальнік горны, лілея кучаравая, касач сібірскі, сліва калючая, гарлачык белы, сальвінія плывучая і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 50 відаў млекакормячых, 246 птушак, 7 рэптылій, 11 амфібій, 36 рыб, больш за 2 тыс. насякомых. Звычайныя дзік, лось, казуля, бабёр, воўк, ліс, заяц-русак, куніцы звычайная і каменная, выдра, вавёрка, глушэц, цецярук, перапёлка, курапатка шэрая, вадаплаўныя птушкі і інш. Зубр, рысь, барсук, некалькі відаў лятучых мышэй, беркут, скапа, арлан-белахвост, пугач, сыч дамавы, бусел чорны, журавель шэры, гальштучнік, кулік-сарока, бугаі малы і вялікі, марадунка, чайка і крачка малыя, чарапаха балотная і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У П. створаны 2 вольнажывучыя статкі зуброў (завезены ў 1987 і 2000 з Белавежскай пушчы), у якім налічваецца больш за 40 жывёл. Адм. цэнтр П. ў г.п. Тураў.

А.​А.​Галдзянкоў.

т. 13, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Плаку́н-трава́ ’від чальчаку (відаць, вербалісты). Lythrum salicaria L.’ (ТС; Ласт.). Да пла́каць і трава́ (гл.), параўн. іншую назву — слёзнік. Паводле Кісялеўскага (Аб некат. асабл., 30), назва звязана з павер’ямі: ад яго плачуць ведзьмы і чэрці (Ласт., 799); ён плача, калі ў чалавека журба (ТС) і інш. Тэрмін узнік пад уплывам украінскай і рускай моў, дзе ён больш распаўсюджаны, параўн. укр. плаку́н ’тс’, рус. плаку́н‑трава́ — гэтак названа шмат раслін: белы гарлачык, святаяннік, скабіёза, драсён звычайны, баркун белы, касач сібірскі, скрыпень вузкалісты і чатырохгранны, аер, ядрушка, валяр’ян, большасць з іх — вільгацелюбівыя, што датычыць святаянніка (Hypericum L.), то паводле павер’я, яго крывава-чырвоны сок прымушае плакаць нячыстую сілу (Фасмер, 3, 272–273); сюды ж і балг. плаку́н ’чальчак’ (запазычана з рус.?, гл. БЕР, 5, 299).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Булдоўнік1 ’расліна Cirsium arvense, бадзяк палявы’ (гл. Кіс.). Напэўна, расліна так названа паводле сваіх круглых кветак-галовак. Параўн., напр., яе назвы ва ўкр. мове, якія адлюстроўваюць гэту прыкмету: головатник, наголоватень, наголоватка (Макавецкі, Sł. botan., 99). У бел. мове тут выступае тая ж аснова булд-, што азначае круглыя, пузатыя прадметы (гл. булд-, булдава́, булды́р, булды́га і г. д.) і ’сустракаецца ў іншых назвах раслін (гл. булдоўка). Менш верагоднай здаецца здагадка, што булд‑(оўнік) < *будл‑(оўнік) < *бодл‑(оўнік); параўн. укр. назвы для Cirsium arvense тыпу бодлак (ад бод‑ ’калоць’).

Булдоўнік2 ’расліна Pulsatilla patens L., сон раскрыты’ (Кіс.). Назва (аснова булд- ’штосьці круглае, збанкаватае, выпуклае’; гл. булд-, булдава́, булды́р, булды́га, а таксама іншыя назвы раслін: булдоўка гарлачык жоўты’ і булдоўнік ’бадзяк палявы’) паводле збан-кападобнай, як у цюльпана, кветкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БРА́СЛАЎСКІЯ АЗЁРЫ,

дзяржаўны нацыянальны парк Беларусі. Створаны ў 1995 на тэр. цэнтральнай ч. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. ў мэтах захавання тыповага для Бел. Паазер’я прыроднага комплексу Браслаўскай групы азёр. Пл. 71,5 тыс. га, працягласць з Пн на Пд 56 км, з З на У ад 7 да 29 км. Найб. азёры (басейн р. Друйка): Дрывяты, Снуды, Струста, Войса, Неспіш, Недрава, Богінскае воз., Воласа Паўн., Воласа Паўд., Бярэжа, Абаб’е і інш. Лясы займаюць каля 33 тыс. га (46%), с.-г. ўгоддзі і азёры — па 12 тыс. га (па 17%).

Рэльеф Браслаўскіх азёр — узгорыста-марэнны азёрны; у паўн. і сярэдняй ч.Браслаўская града, у паўд.Дзісенская нізіна. Марэнныя грады, пагоркі мяжуюцца з глыбокімі міжпагоркавымі паніжэннямі з азёрамі, пашыраны камы, озы. Клімат умерана цёплы, вільготны. Іхтыяфауна азёр багатая: вугор, судак, рапушка еўрапейская (сялява) — усяго 30 відаў рыб, у т. л. 27 абарыгенных. У воз. Воласа Паўд. пашыраны лімнакалянус (рэліктавы рачок), мізіда рэліктавая, понтапарэя, бакаплаў Паласа, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі, з млекакормячых распаўсюджаны дзік, казуля, лось, зайцы, ліс, янотападобны сабака, воўк, лясная куніца, вавёрка, выдра, бабёр, норка. У арнітафауне да 85% усіх птушак, якія гняздуюцца на Беларусі: беркут, арлан-белахвост, скапа, малы падворлік, каршачок, шэры журавель, чорны бусел, малая паганка, вял. бугай, чорнаваллёвая гагара, белая курапатка, сярэдні кулон, залацісты сявец, дзербнік, касматаногі сыч, няясыць даўгахвостая (уральская), трохпальцы дзяцел, уюрок і інш., з якіх 45 відаў занесены ў Чырв. кнігу. Цецеруковыя, кулікі, вадаплаўная дзічына маюць прамысл. значэнне. У флоры рэгіёна больш за 500 відаў, з якіх каля 20 рэдкія і знікаючыя: карлікавая бяроза, ворлікі звычайныя (аквілегія), гарлачык жоўты малы, званочак персікалісты, марошка прысадзістая, лінея паўночная, чараўнік зеленакветкавы, неатыянта клабучковая, першацвет веснавы, пералеска высакародная, шпажнік чарапіцавы і інш. Адасоблены некалькі лясных масіваў: Багінскі (каля 17 тыс. га), Друйская лясная дача (каля 5,6 тыс. га), Бяльмонт (каля 12 тыс. га). Выяўлены асабліва каштоўныя біягрупы раслін лістоўніцы сібірскай, бярозы павіслай і карэльскай, ліпы драбналістай.

На тэрыторыі нац. парку і ахоўнай зоны 25 помнікаў прыроды (напр., участкі ландшафтаў — а-вы Гарадзішча і Церанцейка, Ахрэмавіцкі парк «Бяльмонты», валуны, дрэвы). Тут размешчаны дзіцячы санаторый «Браслаў», турбаза «Браслаўскія азёры», лагеры адпачынку студэнтаў і выкладчыкаў Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту і Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі.

П.​І.​Лабанок.

т. 3, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бу́ба (дзіцячае) ’зярняты’ (Нас.), ’гарошына’ (Сцяц.), ’гарох’ (Бяльк.), ягада’ (Шат., Яўс.), бу́бка ’бубачка’ (Нас., БРС, Сцяшк. МГ), ’бубка, ягады’ (Бяльк.), бу́бачка (БРС), буба́шкі ’галачкі з цеста’ (Касп.), ’пячэнне’ (Бяльк.), бу́бка ’страва з падпражаных, цеставых галачак’ (КЭС, лаг.), бу́бехі ’маладыя плады’ (Сцяц.), бубу́шка ’жоўты гарлачык’, бубы́шка ’пупышка’ (Касп.). Не вельмі лёгка рашыць, адкуль паходзіць тут аснова буб-: з прасл. *bób‑ ці *bub‑ (гл. пад буб). Некаторыя прыведзеныя словы могуць паходзіць і з *bob‑ (параўн. палес. буб ’боб’), а ў укаючых гаворках ненаціскное «о» наогул дае «у». Складанасць пытання можна зразумець і з таго факта, што некаторыя прыведзеныя вышэй словы сустракаюцца і з іншым вакалізмам. Так бу́бехі ’маладыя плады’ можна параўнаць з палескім бабі͡ех ’невялікі пучок бруднай і зліплай воўны на авечцы’, а буба́шкі ’галачкі з цеста’ маюць паралельную форму бабу́шкі (гл.). Літ-py гл. у артыкуле на буб-, а таксама Фасмер, 1, 225, дзе тлумачыцца рус. бу́ба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліст1 ’орган расліны’, ’лісце’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Бяльк., Касп., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), лісць ’лісце’ (Нар. Гом., Яруш.), лі́сце ’тс’ (ТСБМ, Кл., Бес., Бяльк., Сцяшк.), лісцейко, лісціка, лістейка ’тс’ (Нас., Кл., Растарг.), лацінка, лісціна ’асобны ліст’ (Бяльк., Нас., ТС; полац., Нар. лекс.), ’ліст капусты’ (Жд. I; в.-дзв., Шатал.), лісток, лісцік (Яруш., Бяльк., Нас., Шат., ТСБМ); лістам слаць ’дагаджаць, красамоўна гаварыць’ (Ян.). Укр., рус. лист, польск., н.- і в.-луж., чэш., славац. list, палаб. lai̯st, славен. lȋst, серб.-харв. ли̑ст, макед. лист, listu, балг. лист, листът, ст.-слав. листъ. Прасл. listъ ’ліст расліны’. Блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. laĩškas ’ліст дрэва, капусты’, лат. laiska ’лісток ільну’, laikseгарлачык белы, Nymphaea alba L.’, ст.-прус. lāiskas ’кніга’ — усе да праформы *laiska‑ (< і.-е. *lisk‑to, гл. Скок, 2, 307), якая фанетычна разыходзіцца з прасл. праформай *leistu‑. Такое чаргаванне зычных у слав. і балт. словах, аднак, з’яўляецца рэгулярным, параўн. прасл. bṛzъ/bṛzdъбалт. brzgъ ’хуткі’, літ. burzdùs/burzgùs ’жвавы’. Мартынаў (Слав. акком., 68) адрозненне ў суфіксацыі слав. (‑to‑) і балт. (‑ko) тлумачыць змешваннем і на карысць . Педэрсэн (IF, 5, 79) прабалт. лексему спрабуе рэканструяваць як *laištkas. Іншыя індаеўрапейскія адпаведнікі не знойдзены. Больш падрабязна гл. Слаўскі, 4, 282; Фасмер, 2, 500–501; Скок, 2, 307–308; Бязлай, 2, 144. Махэк 2 (335) звязвае балт. і слав. лексемы праз зборнае слав. listvьje < lisk ‑tvьje. Сюды ж ліст ’бляхі, на якіх пякуць піражкі, мяса’ < ліст ’ліст капусты, дуба, на якім пякуць хлеб’; ліставы, лісцвянны, лісцёвы, лісцясты, лісцвячы, лісцявы (Сл. ПЗБ, ТСБМ, Сцяшк., ветк., Мат. Гом.).

Ліст2 ’тонкі пласт матэрыялу (паперы, металу, фанеры)’, ’допіс’, ’афіцыйная папера, дакумент’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Мал., Касп., Шат., Бяльк.; Сл. ПЗБ), ст.-бел. листъ ’грамата’. Запазычана са ст.-польск. list ’тс’, якое да ліст1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

по́ўны, ‑ая, ‑ае; повен, поўна.

1. Напоўнены да самага верху, да самых берагоў. — А ты не бядуй, — уцешыла дзяўчынка Косціка. — У наступны раз я навучу цябе, як зачараваць гарлачык. Тады набярэш поўны. Даніленка. Па дарозе .. [Сцяпана Карпавіча] дагнаў грузавік з поўным кузавам залацістай пшаніцы. Капусцін. // Які змясціў у сабе найбольшую магчымую колькасць каго‑, чаго‑н. Назаўтра ў нас была поўная хата людзей. Дамашэвіч. // Які ўмясціў у сябе многа каго‑, чаго‑н. Шумелі сады, поўныя вясёлых птушак. Якімовіч. Цёпла там і там прастор, Небасхіл там повен зор. Чарот.

2. перан.; чаго, чым. Цалкам ахоплены чым‑н., прасякнуты чым‑н. Гутарка так і лілася, так і сакатала, і гутарка самая прыязная, поўная спачування. Колас. // Які яскрава выяўляе пачуццё, перажыванне (пра вочы, погляд і пад.). Твары дзявочыя, поўныя ласкі, Ўдаль пазіралі, дзе постаць была. Гурло. [Міхасёвы] круглыя цёмныя вочкі былі поўныя ціхіх думак.. Колас.

3. Які праяўляецца не часткова, а поўнасцю. Разгром матарызаванай нямецкай часці быў поўны. Чорны. // Нічым не абмежаваны. [Таццяна:] — Ты ж цяпер у сваёй хаце, поўная гаспадыня. Зарэцкі.

4. Які дасягнуў адпаведнай нормы. Поўных васемнаццаць год. // Ва ўсім аб’ёме, увесь. Поўны збор твораў. // Завершаны, даведзены да канца. Не хапала да поўнага баявога выгляду толькі шаблі. Лынькоў. // Вычарпальны. Поўныя звесткі.

5. Які дасягнуў найвышэйшага развіцця, граніцы. Да наступлення поўнай цемры мы прайшлі возера і дабраліся да крутога лясістага берага. Шамякін. // Найвышэйшы, максімальны (пра хуткасць, сілу і пад.). Шафёр ўключыў поўную скорасць. Якімовіч. // Не прыглушаны, на ўсю сілу (пра голас, гук і пад.). І раптам: і свіст і крыкі. Здаецца, сама ноч загалёкала на ўсё поўнае горла. Баранавых.

6. У меру тоўсты, сыты. З гэтага дня завязалася наша цеснае сяброўства з Юркам, а потым і з той поўнай нізенькай жанчынай. Васілевіч. / Пра часткі цела, твару. Шарсцяны світар шчыльна аблягаў поўныя грудзі і круглыя плечы. Мележ.

•••

Поўны месяц гл. месяц.

Поўныя прыметнікі гл. прыметнік.

Дыхнуць на поўныя грудзі гл. дыхнуць.

На поўным газе гл. газ.

На поўны рот гл. рот.

Поўнай жменяй гл. жменя.

Поўнаю мераю (плаціць) гл. мера.

Поўная чаша гл. чаша.

Поўны кораб гл. кораб.

Пры поўнай амуніцыі гл. амуніцыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ба́нька1 ’медычная пасудзіна’ (гл. Нас.). Рус. ба́нка ’тс’. Лічыцца запазычаннем з польск. мовы (Брукнер, KZ, 45, 26; Кохман, Kontakty, 103, асабліва 48–49). Аргументы супраць (Бернекер, 43; Фасмер, 1, 121; Шанскі, 1, Б, 34) не пераконваюць. У польск. мове bańka засведчана значна раней, чым ва ўсх.-слав. мовах (Кохман, там жа). Польск. слова ад bania ’пузатая пасудзіна’ (значэнне ’пасудзіна’ ў слав. banʼa з’явілася ўпершыню, здаецца, у зах. славян, гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 292–293).

Ба́нька2 ’пасудзіна з вузкім горлам’ (Дразд., Вярэн.), ба́нка ’бляшанка для адстойвання смятаны’ (Сцяц.). Ст.-бел. банка (гл. Булыка, Запазыч.). Укр. ба́нька ’гліняная або шкляная вузкагорлая пасудзіна’, рус. ба́нка. Як і назва медычнай пасудзіны, запазычанне з польск. мовы (гл. банька1, там і літ-pa). Гл. яшчэ Трубачоў, Ремесл. терм., 289–293.

Ба́нька3 ’(цыліндрычнае) кольца, якім замацоўваецца каса на касільне’ (Шат., Касп., Нас., Бяльк., Янк. I, Янк. Мат., Юрч., Лысенка, ССП), таксама ба́нка (Лысенка, ССП), ба́начка, ба́нічка, ба́нечка (ДАБМ, 832). Далей сюды належыць ба́нька ’вялікае металічнае кольца (у дзвярах або сцяне); шпора’ (Гарэц.), ба́нька ’жалезная частка рэменя, пражка’ (Сакал., КЭС). Відавочна, усё да ба́нька1, 2 ’пасудзіна, бурбалка і г. д.’ (так ужо ў Даля). Развіццё значэнняў; ’штосьці круглае’ → ’(круглае, цыліндрычнае) кольца’, ’круглая пражка (пражка-кольца)’. Значэнне ’жалезнае кольца на касільне’ мае і рус. дыял. (заходняе) ба́нька.

Ба́нька4 ’расліна Nuphar luteum Sm., гарлачык жоўты’ (Бейл.). Ад банька ’пасудзіна’. Назва дадзена расліне па форме кветак. Параўн. яе рус. назву кубышка желтая, укр. глечики, кубишка, кувшинчик, збанок (Макавецкі, Sł. botan., 243). Іншыя бел. назвы: глечыкі, кушынкі, гарлачыкі, жбанкі (Кіс., 87–88).

Банька5 ’яма на сухім месцы, напоўненая вадой, дзе расце лотаць’ (Яшкін). Мабыць, метафара да банька ’пасудзіна’. У слав. і іншых мовах даволі частая з’ява, калі назвы рознага посуду ўжываюцца для абазначэння глыбокіх месц, ям, выбоін. Параўн. бел. бале́я (гл.), укр. казано́к, ми́ска, яндила́, яндола́, баде́ня (*bdьnь ’бодня’, гл. Балейкі, SSlav., 4, 399–400), славен. bédenj, čeběr (Безлай, SR, 5–7, 125, 141, 143). Гл. і геаграфічныя значэнні слав. слоў kadъlbъ, kazanъ, kotьlъ, krina, makotьra, lonьcь, bъdьnь (Талстой, Геогр.). Але, магчыма, звязана і з ба́ня2 (гл.).

Ба́нька6 ’бэлька’ (Шат., Янк. I). Значэнне слова развілося ў бел. мове (у суседніх мовах, здаецца, такой семантыкі няма) на аснове *banʼa, *banʼьka ’купал; скляпенне; столь’ (гл. баня1). Першапачатковае значэнне, відаць, было *’столевая бэлька’, *’бэлька скляпення’. Але можна ставіць пытанне аб паходжанні слова ад ба́нта, бант жэрдка, перакладзіна і да т. п.’ (гл.). Памяншальнае *бантка (> *банка) магло потым зазнаць уплыў (фанетычны!) слова ба́нька ’пасудзіна і да т. п.’ Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)