Варо́паўка ’зялёная жаба’ (Сцяшк. МГ); ’каравая земляная жаба’ (Мядзв.); ’жаба; слабы, непаваротлівы чалавек’ (Бір. Дзярж.), варопаўка, вярэпаўка (Інстр. II). Назва дадзена па маршчыністай скуры. Для гэтага слова дакладвай адпаведнасці ва ўсх.-слав. мовах няма, але параўн, чэш. vrap, vrapa ’зморшчка, маршчына’, в.-луж. (w)ropa, н.-луж. ropa, славен. vrapa, якія Махэк₂ (698) выводзіць з прасл. *vorpъ. Можна было зыходзіць з *voropavъka < *vorp‑avъka ’жаба’ (літаральна «маршчыністая»), але, здаецца, няма рэфлексаў *vorp‑ ’маршчына’ ў іншых усх.-слав. мовах. Беларускі архаізм? Можна таксама зыходзіць з усх.-слав. *vorop‑ (< *vorp‑): ст.-рус. воропъ ’аграбленне, напад’ (аб гэтым слове Фасмер, 1, 354; таксама Махэк₂, 698); тады варо́паўка — гэта драпежная жаба, якая нападае на сваю дабычу. Іншая магчымасць: Параўн. укр. ро́па́вка ’жаба’, польск. ropucha ’тс’, укр. ропу́ха, бел. рапу́ха (гл. Фасмер, 3, 502–503 і Трубачоў, Дополн., 503). Варо́паўка можа паходзіць ад ро́паўка з пратэтычным гукам: о́паўка > аро́паўка > варо́паўка. Гл. варапаха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Расава́ць ’цвісці, красаваць (пра злакавыя)’ (Скарбы, Сцяшк., Сл. ПЗБ), rasaváč ’тс’ (Арх. Федар., Смул.), росова́ты (зах.-палес., Выг.), расава́цца ’тс’ (Сцяшк. Сл.), ’выпускаць вусікі, коцікі (пра вярбу)’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Станкевіч (Зб. тв. 1, 442–443) падкрэслівае, што побач з літаратурнай формай красу́е існуе дыялектная форма расу́е. Арэальнае ўтварэнне, што памылкова выводзіцца з красаваць (гл.), параўн. польск. дыял. rosowac ’цвісці, красаваць (пра збожжа)’. Першаснае значэнне магло быць не толькі ’цвісці’, але і ’натапырвацца, шчацініцца’, што вынікала з рознай семантыкі раса́2 (гл.) — ’вусік калосся’ і ’шорсткая поўсць’, параўн. славен. pšenica se resi ’пшаніца выпускае вусікі’, resíniti se ’мець натапыраную поўсць’, гл. расіцца. Смулкова (Białoruś, 165) мяркуе, што расаваць узнікла шляхам народнаэтымалагічнага спрашчэння з красаваць праз збліжэнне з раса́1, гл. (“żyto pokrywa się pyłkowatym kwiatem jak rosą”) і з’яўляецца інавацыяй, што малаверагодна. Па гістарычных і лінгвагеаграфічных прычынах хутчэй архаізм, захаваны ў міфалагічных уяўленнях, параўн. раса́4, расава́тначка (rasawátnaczka) ’патронка, апякунка квітнеючага збожжа’ (Тур.), магчыма і роса́ўка ’русалка’ (ТС), гл. расаўка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сель1 ‘дасюль’: вады было роўна сель во (брасл., Сл. ПЗБ), ц.-слав. сель ‘так, настолькі’, сюды ж ст.-бел. селико ‘столькі’ (Ст.-бел. лексікон), ст.-слав. селико ‘столькі’. З се (гл. сей) + ль, часціца, што ўзыходзіць да канцавой партыкулы *‑lě/*‑li, параўн. рус. досе́ль ‘дасюль’ (ESJSt, 13, 798; Фасмер, 1, 531), часціца ‑ко яку серб.-харв. ко̏лико ‘сколькі’.

Сель2 ‘расколіна ў дрэве’, селява́ты ‘пра дошку з расколінай’ (Сл. рэг. лекс., Чэрн.). Параўн. балг. сель ‘раскапаная зямля з руданосным пяском’. Ад *sědlь < *sed‑ (гл. сядзець) з суф. ‑lь; адносна суф. параўн. Слаўскі, SP, 1, 105. Відаць, архаізм, параўн. прасе́ліна ‘шчыліна’ (Некр. і Байк.), рус. рассе́лина ‘расколіна’, ст.-славац. rozsedlina ‘расколіна; правал’, што ўзводзяцца да *sědati sę ‘пукацца, трэскацца’; з іншым вакалізмам ст.-чэш. saděl, sadel ‘сечаная рана’, гл. ESJSt, 13, 803; Фасмер, 3, 445; інакш адносна балгарскага слова БЕР, 6, 600 (з тур. sel ‘бурны паток’). Параўн. яшчэ каш. sedla ‘расколіна, рыска ў лёдзе’ (< *sědlʼa, SEK, 4, 255).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лік1 ’колькасць чаго-небудзь, паняцце колькасці’, ’лічба’, ’вынік гульні’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Янк. БП, Бяльк., Касп., Шат., ТС), маг. ’гандлёвая адзінка для верхаводкі, якая складаецца з 25 рыбак’ (Дэмб.). Укр. лік, рус. алан., смал., кур. лик ’лічба, колькасць’, Комі АССР ’многа’, ст.-рус. ликъ ’шмат’, ’хор’, польск. (з 1603 г.) lik ’лічба, лічэнне, колькасць’. Паўн.-слав. архаізм likъ утвораны ад дзеяслова ličiti > лічыць (гл.).

Лік2 ’твар, абрысы твару’ (Нас., ТСБМ), укр. лик, рус. лик ’твар, выява, ікона, адлюстраванне’, ст.-рус. ликъ ’тс’, славен. lȋk, серб.-харв. ли̑к, макед., балг. лик ’адлюстраванне, выява, вобраз, воблік, фігура’. Прасл. likъзах. і ўсх.-слав. мовах пазней яно замянілася ў lice ’твар, аблічча, шчокі’). Звычайна прасл. likъ параўноўваецца з ірл. lecco, н.-ірл. leaca, ст.-прус. laygnan (< *laiknan ’шчака’) — гл. Фасмер, 2, 495–496. Мартынаў (Лекс. взаим., 213–217) гаворыць аб пранікненні лексемы з прасл. у прагерм. у выглядзе lika, што Слаўскі (4, 224–225) дапускае малаімаверным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́чат1 ’аднастайнасць, падабенства; узор’: на почат гэтага здзелай, боты не адным початам пашыты (Нас.). Можна меркаваць, што мае тое ж паходжанне, што і рус. дыял. чи́тать ’лічыць’, ’рабіць тое, што патрабуе падлічэння: плесці сетку, вышываць, вязаць’, параўн. счёт ’падлік’, не счесть ’не злічыць’, польск. poczet ’лічба; колькасць; падлік; рахунак’ (XVI–XIX стст.), чэш. počet ’лічба, падлік, рахунак’, славац. počet ’лічба, мноства, колькасць’, якія ўзводзяць да *počьtъ з *po‑čisti ’пачытаць’ = *po‑čitati ’падлічыць’ > бел. чыта́ць ’успрымаць вачамі, вымаўляць няпісанае’), г. зн. класці прадметы (і літары) адзін за адным або адзін пад адным (Голуб-Копечны, 282; Трубачоў, Эт. сл., 4, 123; Банькоўскі 2, 651). Сюды ж, відаць, ст.-бел. почотъ ’світа, картэж’, г. зн. лік суправаджальных, тых, хто едзе адзін за адным.

По́чат2 ’павага, пашана’ (Бяльк.). Хутчэй за ўсё, архаізм, звязаны з папярэднім словам, параўн. укр. по́чет, рус. почёт, балг. по́чет, по́чит, макед. почит ’тс’, ст.-слав. почьтениѥ ’павага, пашана’ і пад. Усе да *počisti, *‑čьtǫ, гл. почтаваць, пачцівы. Гл. таксама пачо́т, хутчэй за ўсё, з рус. почет.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́дзевяць ‘вельмі многа, няпэўная колькасць’: сядзіць маць Прачыста на прыстоле і дзержыць трыдзевяць ключы ў прыполе (БНТ, Зам.), ‘дваццаць сем’: у камори стоиць тридзевяць дубовых; тридзевяць скацерсци шавковыя (Рам. 5), у 1930‑я гады адпавядала тро́йчы дзе́вяць (Некр. і Байк.); сюды ж трыдзевя́ты: трыдзевятае царства ‘вельмі далёкая краіна, зямля’ (ТСБМ), трыдзевя́тка ‘крынічнік-дуброўка, Veronica chamaedrus L.’ (маг., Кіс.). Параўн. укр. три́девʼять ‘дваццаць сем’, рус. три́девять ‘тс’; ‘многа’: три́девять иминь ‘заклінанне ад ліхіх сіл’, ст.-рус. тридевѧ(т)о (у берасц. грамаце XIII ст., Залізняк, Древненовг.), польск. trzy dziewięcie ‘тры разы па дзевяць (у вясковых лекарак)’, серб. цімак. три́девет ‘дваццаць сем’: чим вода́ ў реку пројде тридевет ка́мена, мож се пије; балг. радоп. три́‑де́ветʼ: три́‑деветʼ по̂́ти ‘шматразова’, макед. три‑девет: зад три‑девет планини ‘вельмі далёка’. Праслав. *tri devętь — спалучэнне (гл. тры, дзевяць), якому прыпісваліся магічныя функцыі, асабліва т. зв. патроенай дзявятцы, характэрна, што лічэбнік «дваццаць сем» у замовах не называецца (Лукінова, Числ., 64). Архаізм, які захоўвае рэшткі ліку дзявяткамі (Карскі 2-3, 346), вядомы іншым мовам, параўн. лат. trejdeviņi ‘вельмі многа’, грэч. τρὶς έωφφέα ‘тройчы дзевяць’ (Жураўлёў, Язык и миф, 739). Спалучэнне лічэбнікаў у назве расліны грунтуецца на прыпісанай ёй якасці лячыць ад вялікай колькасці хваробаў (Коласава, Лексика, 139). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 636; Карпенка, Зб. Супруну, 103 (спалучэнне захавалася, бо страціла дакладнае колькаснае значэнне).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Патароча1 ’здань, пудзіла, міфічная істота з жудасным тварам і вытрашчанымі вачыма’ (чач., Нас. Сб., Бір. Дзярж.), ’пудзіла’, ’лупаты чалавек’ (Нас.). Укр. поторо́ча ’прывід, страшыдла’. Напрошваецца суаднясенне з рус. вы́таращить (глаза), польск. wytrzeszczyć, чэш. třeštiti ’вытрашчыць вочы’, якія Махэк₂ (657) супастаўляе з генетычна роднасным літ. pastérti ’уставіцца (вачыма)’. Можна дадаць яшчэ pa‑stėrti ’скарчанець, адубець’. Паводле Махэка, у славян была аснова ster‑ з суфіксам ‑sk‑ati (інтэнсіў), у якой пачатковае s‑ адпала ў выніку дысіміляцыі са ‑sk‑ і *ter‑skati перайшло ў групу на ‑iti > terščiti; рус. таращить паходзіць з окаючых гаворак < торощить.

*Патароча2, драг. поторо́ча ’той, хто настойліва працяглы час гаворыць пра адно і тое ж’ (Лучыц-Федарэц). З дзеяслова торо́чытэ ’гаварыць доўга пра адно і тое ж, несці лухту’, укр. торо́чити ’тс’, якія можна суаднесці з рус. наўгар., цвяр. торо́щиться ’дарма збірацца’ і з серб.-харв. тра́скати ’несці лухту’. Праславянскі архаізм.

Патароча3 ’няшчасце ў дарозе’ (усх.-маг., КЭС), рус. кур. поторо́ча ’сустрэча, выпадак, падзея, прыгода’, смал. ’выскачка, які ўсюды ўткне свой нос’, пск. поторо́чье ’перашкода’, цвяр. торча́ться ’перашкаджаць сваёй прысутнасцю’, чэш. містршыцк. trči to do tvého? ’гэта табе перашкаджае?’, — усе ўзыходзяць да прасл. tъrčati ’стаяць, вытыркаючыся уверх ці наперад’, ’цягнуцца ўверх’ > тырча́ць (гл.) (Варбот, Этимология–1979, 5–6).

Патароча4 ’бура’ (Сержп.), рус. арханг. то́рок, то́рох ’бура ў моры, шквал’. Міклашыч (359), Фасмер (4, 84) звязваюць гэта слова з торкаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пчала́ ’пчала’ (ТСБМ, ЛА, 1; паст., З нар. сл.; Сл. ПЗБ, Бяльк.), пчола́ ’тс’ (ТС), пшчала́ ’тс’ (ЛА, 1; воран., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), пшчола́ ’тс’ (ЛА, 1; Бес.), пшчо́ла ’тс’ (іўеў., З нар. сл., Сл. ПЗБ), пшчо́лка ’чмель’ (трак., Сл. ПЗБ), ласк. пчы́лка ’пчолка’ (Дразд.), пшча́лка ’тс’ (воран., Шатал.), укр. пчола́, бджола́, рус. пчела́, польск. pszczoła, в.-луж. pčoła, н.-луж. coła, чэш., славац. včela, серб.-харв. пчѐла, чѐла, славен. čẹ̑la, балг. пчела́, макед. пчела, ст.-слав. бъчела, бьчела. Разглядаюцца дзве версіі: згодна з першай, прасл. *bьčela ад гукапераймальнага дзеяслова тыпу буча́ць ’гудзець’, першаснае значэнне ’гуллівая кузурка’ (SP, 1, 456); другая версія зыходзіць з рэканструкцыі прасл. *bьčela < і.-е. *bhei̯‑, што адлюстравалася ў ст.-ірл. bech, літ. bìtė, ст.-в.-ням. bini, швед. bi, англ. bee ’пчала’, лац. fūcus ’труцень’ (Фасмер, 3, 416; Саднік-Айцэтмюлер, 6, 481–482; Сной, 67; Банькоўскі, 2, 523). Варбат (гл. Чарных, 2, 86, дзе аддаецца перавага першай версіі) прапануе выводзіць *bьčela з *bъčela ў выніку міжскладовай асіміляцыі ъ : е > ь : е. Беларускія назвы з пачатковым пшч‑ запазычаны з польск. pszczoła (Карскі, 1, 390), параўн. ст.-польск. pczoła. Сярод дэрыватаў уяўляе цікавасць пчаладзёр ’той, хто выдзірае пчолы, мёд; злодзей’ (Янк. 3., Пятк.) — несумненны архаізм на аснове спалучэння драць пчолы ’красці мёд, рабаваць вуллі’ (ТС), а таксама пчалі́на ’асобная пчала’ (Бяльк.), пчаліна́ ’тс’ (докш., Янк. Мат.; віл., лаг., в.-дзв., Сл. ПЗБ) з суфіксам адзінкавасці ‑іна, што сведчыць аб генералізацыі назвы мн. л. пчо́лы ’рой, пчаліная сям’я’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каладзе́й, колодзей ’стальмах’ (стол., Маслен.). Адсутнасць іншых фіксацый гэтага слова ў бел. мове і наяўнасць яго на тэрыторыі, пагранічнай да зах.-палес. арэалу, не выключаюць магчымасці таго, што гэта ўкраінскае слова. Укр. колодій ’стальмах’, рус. колодей ’майстар, які робіць колы; стальмах’ (у Даля; паметы «паўдн.» і «зах.» указваюць, відаць, на ўкр. і бел. тэрыторыю), польск. kołodziej ’майстар, які вырабляе колы і вазы; стальмах’ (з XV ст.), славін. kolódei ’стальмах’, в.-луж. kołodźej, kołodźij, н.-луж. kołoźej ’тс’, ст.-чэш. koloděj ’тс’. Слаўскі (2, 370) далучае да традыцыйных паралелей рус. колодей ’вялікі кухонны нож’ (так у Фасмера, 2, 293, які прыводзіць у адным артыкуле колодей ’той, хто працуе для сябе, у вольны час’ і ’кухонны нож’) і ўкр. колодій ’вялікі нож’. Нельга пагадзіцца з гэтым: рус. і ўкр., як ні тлумачыць частку ‑ій у слове, суадносяцца з укр. колодач, бел. жур. колодан ’вялікі кухонны нож’ (’нож з калодкамі’). Адносна разглядаемага слова неабходна заўважыць, што, магчыма, гэта архаізм. На карысць такой думкі сведчыць структура злучэння kolo‑dějь, дзе другая частка — Nomen agentis ад děti, dějati. Слаўскі (2, 370) мяркуе пра царк.-слав. *kolo‑dějь з першасным значэннем ’які вырабляе колы, вазы’, аналагічна ў Махэка₂, 270: ’які вырабляе вазы’. Структурныя адпаведнікі: бел. ліхадзей, укр. добродій. Не выключана, аднак, што kolodějь — культурны тэрмін, які (і аб гэтым сведчыць лінгвагеаграфія) з’яўляецца вынікам калькі з іншамоўнага слова, для якога такая структура з’яўляецца натуральнай. Відавочна, што калька магла быць і даўняй, хоць нельга выключыць магчымасці пазнейшай экспансіі лексемы. З літаратуры параўн. яшчэ Шустэр–Шэўц, 8, 596.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калгатня́ ’непарадак, шум’ (Шат.), колготня ’мітусня, бегатня, трывога, клопат, штурханіна’, варонеж. ’непаседа’, колгота ’тс’. колготать ’несці лухту’ (смал.), колготиться ’шумець’ і інш. Што датычыць бел. слова, то тут можна бачыць архаізм усх.-слав. перыяду. Паводле Фасмера, 2, 287, колгота — «темное слово». Трубачоў (Дапаўненні, 2, 287) мяркуе, што хутчэй за ўсё ўтворана ад *ко‑ голта, як колдоба*ко‑ долба. Ён звязвае гэты архетып з коранем, прадстаўленым у рус. о‑голтелый. Такую версію прымае 1 Шанскі (2, К, 195–196) і прыводзіць зафіксаванае Далем дыял. оголтеть ’ашалець’. Нягледзячы на трапнасць данай этымалогіі, нельга не ўбачыць, што фармальнае супадзенне з рус. колдоба мяркуемай Трубачовым праформы не пацвярджаецца семантыкай. Рус. оголтелый, не вельмі яснае, можа і не адносіцца сюды, неабходны спецыяльны аналіз, каб давесці роднаснасць з колгота. Паводле Шанскага, рус. слова ўтворана метатэзай ад голкота (рэальна засведчана голкотня), якое з’яўляецца вытворным ад голк ’шум, крык, стук, аддалены гук і да т. п.’ (голк‑от‑а > колгота). Метатэза, відаць, параўнальна позняя, магчыма, усх.-слав. перыяду (бел. слова з’яўляецца архаізмам). Што датычыць утваральнай асновы, бел. адпаведнікі ёсць у ст.-бел. мове (XV ст.): голка ’шум’ (гл. Карскі, Труды, 371), рус. вядомае на перыферыі паўн. гаворак, адносна ўкр. матэрыялу нічога пэўнага нельга сказаць. Далей можна прывесці в.-луж. hołk ’шум, гул’, славен. gôlk ’грук, гром’, балг. глък ’шум’, ёсць і многа інш. форм, на аснове якіх узнаўляецца прасл. *gъlkъ/*gъlka, гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 191. Лічыцца гукапераймальным, што даказваецца структурай лексемы. Гл. аб іншых паралелях і формах Фасмер, 1, 428–429, дзе і літ-ра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)