Калгатня́ ’непарадак, шум’ (Шат.), колготня ’мітусня, бегатня, трывога, клопат, штурханіна’, варонеж. ’непаседа’, колгота ’тс’. колготать ’несці лухту’ (смал.), колготиться ’шумець’ і інш. Што датычыць бел. слова, то тут можна бачыць архаізм усх.-слав. перыяду. Паводле Фасмера, 2, 287, колгота — «темное слово». Трубачоў (Дапаўненні, 2, 287) мяркуе, што хутчэй за ўсё ўтворана ад *ко‑ голта, як колдоба*ко‑ долба. Ён звязвае гэты архетып з коранем, прадстаўленым у рус. о‑голтелый. Такую версію прымае 1 Шанскі (2, К, 195–196) і прыводзіць зафіксаванае Далем дыял. оголтеть ’ашалець’. Нягледзячы на трапнасць данай этымалогіі, нельга не ўбачыць, што фармальнае супадзенне з рус. колдоба мяркуемай Трубачовым праформы не пацвярджаецца семантыкай. Рус. оголтелый, не вельмі яснае, можа і не адносіцца сюды, неабходны спецыяльны аналіз, каб давесці роднаснасць з колгота. Паводле Шанскага, рус. слова ўтворана метатэзай ад голкота (рэальна засведчана голкотня), якое з’яўляецца вытворным ад голк ’шум, крык, стук, аддалены гук і да т. п.’ (голк‑от‑а > колгота). Метатэза, відаць, параўнальна позняя, магчыма, усх.-слав. перыяду (бел. слова з’яўляецца архаізмам). Што датычыць утваральнай асновы, бел. адпаведнікі ёсць у ст.-бел. мове (XV ст.): голка ’шум’ (гл. Карскі, Труды, 371), рус. вядомае на перыферыі паўн. гаворак, адносна ўкр. матэрыялу нічога пэўнага нельга сказаць. Далей можна прывесці в.-луж. hołk ’шум, гул’, славен. gôlk ’грук, гром’, балг. глък ’шум’, ёсць і многа інш. форм, на аснове якіх узнаўляецца прасл. *gъlkъ/*gъlka, гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 191. Лічыцца гукапераймальным, што даказваецца структурай лексемы. Гл. аб іншых паралелях і формах Фасмер, 1, 428–429, дзе і літ-ра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)