ДАБРЫ́ЯН (Пётр Навумавіч) (20.10.1916, в. Ахматава Алатырскага р-на, Чувашыя — 27.8.1993),

бел. паэт. У 1922 вярнуўся з бацькамі з бежанства на радзіму — в. Какошчычы (Слонімскі р-н). За ўдзел у рэв.-вызв. барацьбе неаднаразова быў арыштаваны польск. ўладамі, зняволены ў турму (1934—37), у Бяроза-Картузскі канцлагер (1939). Удзельнік партыз. руху ў Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Друкаваўся з 1938 (літ. псеўд. Алесь Сучок). У вершах услаўляў імкненне да свабоды, мужнасць чалавека-змагара. У пасляваен. творах пераважаюць грамадз. матывы, пейзажная лірыка.

Тв.:

У кн.: Сцягі і паходні. Мн., 1965.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 5, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАРЫЁН (Hipporion),

род вымерлых трохпальцых коней атр. няпарнакапытных. Больш за 50 відаў. Існавалі з верхняга міяцэну да ранняга плейстацэну. Сфарміраваліся ў Паўн. Амерыцы, потым засялілі ўсе мацерыкі, акрамя Паўд. Амерыкі і Аўстраліі. Жылі вял. табунамі (да некалькіх тысяч галоў) на травяністых раўнінах тыпу саваннаў.

Былі памерам з невял. каня (выш. ў карку да 1,5 м). Мелі карэнныя зубы больш нізкія, чым у сучасных коней. Бакавыя пальцы (2-і і 4-ы) невял., маглі шырока рассоўвацца ў бакі. Гіпарыёна змянілі аднапальцыя коні, якія лепш прыстасаваліся да жыцця ў стэпах і рассяліліся з Паўн. Амерыкі на інш. кантыненты.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДЭМА́Н (Ота Магнусавіч) (29.4.1887, в. Мнішчызна Рэчыцкага пав. Мінскай губ. — 16.5.1937),

бел. гісторык, краязнавец, прыродазнавец, педагог. Скончыў Гомельскую гімназію; з Кіеўскага ун-та выключаны за ўдзел у рэв. руху. З 1922 працаваў настаўнікам у Браславе, з 1928 у Вільні. Збіраў матэрыялы па гісторыі Браслаўшчыны, вывучаў магдэбургскае права, развіццё гандлю і рамёстваў, сац. структуру і маёмасныя адносіны насельніцтва ў гарадах Сярэдняга Падзвіння, лясныя промыслы і водныя шляхі на Беларусі 17—18 ст., гісторыю Белавежскай пушчы. Даследаваў гісторыю гарадоў і мястэчак Беларусі.

Тв.:

Historja powiayu Brasławskiego. Wilno, 1930;

Dawne puszcze i wody. Wilno, 1934.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАПУРА́, Япура (Japurá, Yapurá),

рака ў Бразіліі і Калумбіі (дзе наз. Какета, Caquetá). Левы прыток р. Амазонка. Даўж. 1930 км, пл. бас. 282 тыс. км². Пачынаецца ў Цэнтр. Кардыльеры Калумбіі. У верхнім цячэнні, у Андах і ў зах. ч. Гвіянскага пласкагор’я парожыстая, на Амазонскай нізіне шырокая і спакойная, у ніжнім цячэнні ўтварае шматлікія рукавы, пратокі (адзін з іх злучаецца з Амазонкай на 600 км вышэй за вусце Ж.). Жыўленне дажджавое. Паводка з сак. да ліпеня. Сярэдні гадавы расход вады 17900 м³/с. Суднаходная ў межах Бразіліі і на асобных участках у Калумбіі.

т. 6, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙЦАЎ (Мікалай Якаўлевіч) (н. 10.3.1923, чыг. ст. Крупкі Мінскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Канд. філас. н. (1982). Скончыў 3-ю Чкалаўскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1943), Акадэм. курсы афіцэрскага саставу ВМФ (1951), БДУ (1967). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з 1944 на 1-м і 4-м Укр. франтах. Удзельнік вызвалення Украіны, Польшчы, Чэхаславакіі. Нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка З. зрабіў 185 баявых вылетаў, збіў 2 самалёты знішчыў каля 20 танкаў, больш за 20 аўтамашын, 43 гарматы, 20 вагонаў. Да 1960 у Сав. Арміі. У 1967—95 выкладчык БДУ, дацэнт (1985).

т. 6, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-КАНА́ДСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

у Канадзе (прав. Брыт. Калумбія, Альберта, Саскачэван, Паўн.-Зах. тэр. і тэр. Юкан) і часткова ў межах ЗША (штат Мантана). Пл. 1,2 млн. км² (з іх у ЗША 36 тыс. км²). Прамысл. распрацоўка нафты з 1924. Нафтаносныя паклады сярэдняга дэвону — верхняга мелу. Адкрыта больш за 310 радовішчаў нафты і 600 газу. Гал. радовішчы: Пембіна, Суон-Хілс, Рэдуатэр (нафта), Кросфілд (газ). Пачатковыя запасы 2,4 млрд. т нафты і 4,3 трлн. м³ газу. Запасы бітумаў (радовішчы Атабаска) каля 40 млрд. т. Усе радовішчы звязаны разгалінаванай сеткай трубаправодаў з заводамі па перапрацоўцы і рынкамі збыту.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУМАКУ́ЛАВА (Танзіля Мустафаеўна) (н. 18.7.1934, г. Тырныауз, Кабардзіна-Балкарыя),

балкарская паэтэса. Нар. паэтэса Кабардзіна-Балкарыі (1982). Скончыла Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). Друкуецца з 1957. У кнігах вершаў і паэм «Кветкі на скале» (1959), «Песні гор» (1962), «Прахалода гор» (1967), «Свяцільнік» (1969, за дзве апошнія Рэсп. прэмія 1969), «Белы свет» (1972), «Бацькоўскі дом» (1984) і інш. імкнулася адлюстраваць гіст. і духоўны вопыт балкарскага народа, складаныя і шматгранныя сувязі сучасніка з эпохай і навакольным светам. Дзярж. прэмія РСФСР імя М.​Горкага 1977. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі І.​Калеснік, М.​Танк.

т. 7, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНІЦЫІ́РУЮЧЫЯ ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

першасныя выбуховыя рэчывы, якія лёгка ўзрываюцца пры нязначных цеплавых і мех. (удар, трэнне) уздзеяннях з вылучэннем энергіі, дастатковай для загарання ці дэтанацыі брызантных выбуховых рэчываў.

Адрозніваюць індывідуальныя І.в.р. (у тэхніцы выкарыстоўваюць пераважна тэтразен, грымучую ртуць, азід свінцу) і сумесевыя, якія акрамя І.в.р. маюць інш. кампаненты. Выкарыстоўваюць у ваен. тэхніцы і ўзрыўной справе ў выглядзе малых (долі грама) зарадаў, якія змяшчаюць у спец. канструкцыі — т.зв. капсулі-дэтанатары (для ўзбуджэння дэтанацыі) і капсулі-запальнікі (для запальвання порахаў і піратэхн. саставаў). Вытв-сць і абыходжанне з І.в.р. патрабуюць асаблівых мер засцярогі з-за магчымасці выбуху.

т. 7, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗІНЕ́Ц (Ісай Паўлавіч) (падп. мянушкі Слава Юрыгін, Слаўка Пабядзіт; 1910, г. Батумі — 7.5.1942),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля. Герой Сав. Саюза (1965). Напярэдадні вайны працаваў у Беластоку. У пач. акупацыі Мінска арганізаваў і ўзначаліў падп. групу ў Кастрычніцкім р-не горада. Уваходзіў у Мінскі падп. гарком КП(б)Б, адказваў за сувязь з падпольшчыкамі гета, кіраваў адпраўкай партызанам папаўнення, зброі, медыкаментаў. Адзін з арганізатараў падп. друкарні, дзе выдаваў лістоўкі, падп. лісток «Вестник Родины». 27.3.1942 арыштаваны і пасля катаванняў павешаны. На месцы пакарання смерцю ў Цэнтр. скверы — мемарыяльны знак.

І.П.Казінец.

т. 7, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Пётр Міхайлавіч) (24.7.1893, в. Залесная Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 17.4.1944),

генерал-лейтэнант (1944), Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. гвардыі з 1917, потым у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1926). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Паўн.-Каўказскім і Цэнтр. франтах: нам. камандуючага, камандуючы арміяй, камандзір корпуса. Вызначыўся ў баях за Дняпро на Пн ад Кіева: у вер. 1943 корпус пад камандаваннем ген.-м. К. з ходу фарсіраваў раку, захапіў плацдарм і забяспечыў пераправу часцей арміі. У пас. Гарачаводскі Стаўрапольскага краю яму пастаўлены помнік.

П.М.Казлоў.

т. 7, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)