Недарэ́ка ’абмежаваны чалавек; заіка’ (Гарэц.), ’няўклюда, неахайны чалавек’ (Сл. ПЗБ), недарэ́кі ’неразумны, бесталковы; картавы, заікасты’ (Ян.), ’коснаязыкі’ (пух., Жыв. сл.), недарэ́члівы ’картавы, заікасты’ (Ян.), недарэ́чны ’няўдалы’ (Сл. ПЗБ). Магчыма, тут змяшаліся розныя па паходжанню словы: адны ўтвораны на мясцовай глебе з неда- ’дастаткова’ і рэ́кці ’сказаць’ (гл.), другія хутчэй за ўсё запазычаны з польск. niedorzeczny ’неразумны, дурны, няўдалы’, што ўзыходзіць да спалучэння do rzeczy ’трапна, талкова’ з пэўнай фанетычнай адаптацыяй (так Кюнэ, Poln.) або ўтворана ў беларускай мове з аналагічнага спалучэння, параўн. дарэ́чы ’ў належны час, у належным месцы’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)