ВЕРДЭ́Н,

Вердэн-сюр-Мёз (Verdun-sur-Meuse), горад на ПнУ Францыі, у дэпартаменце Мёз, на р. Мёз (Маас). 23,4 тыс. ж. (1990). Чыг. вузел. Харч. (цукеркі, лікёры), тэкст., паліграф. прам-сць. Музеі, у т. л. 1-й сусв. вайны (у ратушы 17 ст.). Сабор Нотр-Дам (11—18 ст.), сярэдневяковыя муры з брамамі, палац епіскапа (18 ст.).

У старажытнасці Вердэн — гальскае паселішча Verodunum. З 4 ст. епіскапская рэзідэнцыя. Тут быў заключаны Вердэнскі дагавор 843 аб падзеле імперыі Карла Вялікага паміж яго ўнукамі. Вердэн увайшоў у дзяржаву Лотара. З 880 у складзе Усх.-Франкскага каралеўства (Германія). З 13 ст. імперскі горад. У 1552 разам з епіскапствамі Мец і Туль далучаны да Францыі, канчаткова замацаваны за ёй у 1648. З 17 ст. ваен. крэпасць. У 1-ю сусв. вайну Вердэн — раён Вердэнскай аперацыі 1916. У 2-ю сусв. вайну ў 1940—44 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Вызвалены войскамі 3-й амер. арміі, якая дзейнічала разам з франц. арміяй і атрадамі партызан.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)