НАВЕ́Р ((Noverre) Жан Жорж) (29.4.1727, Парыж — 19.10.1810),
французскі артыст балета, балетмайстар; рэфарматар і тэарэтык харэаграфічнага мастацтва. Вучыўся ў Ж.Д.Дзюпрэ і Л.Дзюпрэ. З 1743 артыст, з 1751 і балетмайстар у еўрап. т-рах, у т. л. Парыжскай оперы (у 1776—81 гал. балетмайстар). Як харэограф сцвярджаў дзейсны танец, зрабіў балет самаст. відам сцэн. мастацтва. Яго лепшыя пастаноўкі адметныя драматычна-выразнымі пластычнымі вобразамі: «Рэўнасць, або Святкаванні ў сералі» (1757, муз., верагодна, Ф.Гарнье); «Псіхея і Амур», «Смерць Геркулеса» (абедзве 1762), «Медэя і Язон» (1763), «Апелес і Кампаспа» (1776; усе на муз. Ж.Ж.Радольфа), «Дон Кіхот» (1768), «Гарацыі і Курыяцыі» паводле П.Карнеля (1775; абедзве на муз. І.Старцэра); «Іфігенія ў Таўрыдзе» на муз. Ф.Аспельмайра (1773), «Іфігенія ў Аўлідзе» (1793) і «Свавольствы кахання» (1794; абедзве на муз. Мілера). Аўтар кн. «Пісьмы пра танец і балеты» (1760), дзе выклаў свае погляды на балет як самаст. спектакль. Яго творчасць значна паўплывала на развіццё сучаснага балета.
Літ. тв.: Рус.пер. — Письма о танце и балетах. Л.; М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТА́ЎНІЦКІЯ ІНСТЫТУ́ТЫ,
педагагічныя навуч. ўстановы ў 1872—1918, якія рыхтавалі настаўнікаў для гар. вучылішчаў, з 1912 — для вышэйшых пач. вучылішчаў. Існавалі Н.і.: Віленскі хрысц. (з 1873), Віленскі яўр. (з 1875), Віцебскі (з 1910), Магілёўскі (з 1913), Мінскі (з 1914). У Н.і. прымаліся мужчыны правасл. (а ў яўрэйскія — іудзейскага) веравызнання, якія працавалі настаўнікамі пач. школ не менш за 2 гады. Тэрмін навучання — 3 гады. Пры ін-тах існавалі ўзорныя гар. вучылішчы, дзе навучэнцы Н.і. праходзілі пед. практыку, з 1915 дзейнічалі аднагадовыя пед. курсы, куды прымалі і жанчын. У 1918—19 Н.і. рэфармаваны ў пед. ін-ты. Н.і. наз. таксама пед.навуч. ўстановы, у якіх у 1930—50-я г. рыхтавалі настаўнікаў для 5—7-х класаў 7-гадовых і сярэдніх школ. Яны ствараліся ў сувязі з пераходам да ўсеагульнага 7-галовага навучання ў СССР. На Беларусі ў 1936 Н.і. арганізаваны ў Мінску. (у 1947 пераведзены ў Маладзечна), Віцебску, Гомелі, Оршы, Рагачове, у 1937 — у Магілёве, у 1940 — у Баранавічах, Гродне, Пінску, у 1945 — у Брэсце. У 1950-я г. пераўтвораны ў пед. ін-ты або пед. вучылішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СКЛАД (СТРУКТУ́РА) НАСЕ́ЛЬНІЦТВА, нацыянальная структура насельніцтва,
размеркаванне насельніцтва краіны, тэрыторыі паводле нацыянальнасці або прыналежнасці яго да пэўнага этнасу (племя, народнасці, нацыі). У свеце налічваецца (паводле розных падлікаў) ад 3 да 5 тыс. этнасаў. Іх колькасць вагаецца ад многіх мільёнаў да некалькіх соцень і нават дзесяткаў чалавек. У канцы 20 ст.найб. шматлікія нацыянальнасці (больш за 100 млн.чал.): кітайцы (хань, 1120 млн.), хіндустанцы (240), амерыканцы ЗША (205), бенгальцы (200), бразільцы (160), рускія (150), японцы (123 млн.). Большасць краін свету шматнацыянальныя. У некаторых краінах пражывае больш за 100 нацыянальнасцей (ЗША, Канада, Нігерыя, Расія, Індыя, Інданезія і інш.). Монанацыянальныя краіны, дзеасн. нацыянальнасць складае больш за 90% насельніцтва, трапляюцца параўнальна рэдка. Да іх адносяцца Японія, Карэя, Бангладэш, некат. краіны Еўропы: Партугалія, Польшча, Ісландыя, Албанія і інш. На Беларусі, паводле перапісу насельніцтва 1999, пражываюць прадстаўнікі каля 130 нацыянальнасцей. 81% яе жыхароў адносяцца да тытульнай (карэннай) нацыянальнасці — беларусаў; 11% — рускія, каля 4% — палякі, 2% — украінцы, 0,3% — яўрэі, 1,7% — нешматлікія інш.нац. групы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́Н (англ. neutron ад лац. neuter ні той, ні іншы),
электранейтральная элементарная часціца са спінам 1/2 і масай, блізкай да масы пратона. Эксперыментальна адкрыты Дж.Чэдвікам у 1932. Адкрыццё Н. дало штуршок для развіцця фізікі атамнага ядра, фізікі дзялення атамных ядраў, нейтроннай фізікі, фізікі нейтронных зорак і інш.
Адносіцца да класа адронаў і ўваходзіць у групу барыёнаў; мае магн. момант µн ≈ 2μя, дзе μя — адз. магнетон, і накіраваны процілегла спіну. Паміж Н. і пратонам дзейнічаюць ядзерныя сілы, што вядзе да ўтварэння ядраў атамных. Свабодны (па-за межамі атамных ядраў) Н. нестабільны і распадаецца на пратон, электрон і электроннае антынейтрына. Сярэдні час жыцця τ = 887 ± 2 с (у вакууме; у шчыльных рэчывах ад адзінак да соцень мікрасекунд). Удзельнічае ва ўсіх відах узаемадзеянняў элементарных часціц. Характар узаемадзеяння Н. з рэчывам вызначаецца іх кінетычнай энергіяй, што прывяло да іх умоўнага падзелу на павольныя нейтроны і хуткія нейтроны. Вял. эфектыўнасць узаемадзеяння Н. з ядрамі мае шматлікія дастасаванні ў ядз. энергетыцы, вытв-сці радыеактыўных ізатопаў, пры даследаваннях уласцівасцей рэчыва, у геолагаразведцы для пошуку карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЛЬСАН ((Nelson) Гарацыо) (29.9.1758, Бёрнем-Торп, Вялікабрытанія — 21.10.1805),
англійскі флатаводзец, нац. герой Вялікабрытаніі. Барон Нільскі (1798), герцаг Бронтэ (1800), віцэ-адмірал (1801). На флоце з 1771. З 1779 камандаваў брыгам, потым фрэгатам, з 1793 лінейным караблём, у 1798—1800 і 1803—05 эскадрай у Міжземным м. вызначаўся храбрасцю, у баі каля Кальві (Корсіка) страціў правае вока (1794), у баі пры Санта-Крус (в-аў Тэнерыфе) — правую руку (1797). Выкарыстоўваў манеўраную тактыку марскога бою. У бітве 1—2.8.1798 разграміў флот франц.Егіпецкай экспедыцыі 1798—1801 каля Абукіра, прымусіў французаў пакінуць Неапаль (1799) і аднавіў тут на прастоле караля Каралеўства абедзвюх Сіцылій Фердынанда IV, у вер. 1805 заблакіраваў франка-ісп. флот каля Кадыса, потым знішчыў яго ў Трафальгарскай бітве 1805, у час якой смяротна паранены. Пахаваны ў Лондане 9.1.1806, дзе пазней у яго гонар устаноўлена калона на Трафальгарскай пл. (1840—43, арх. У.Рэйлтан). Дзейнасць Н. спрыяла павелічэнню марской магутнасці Вялікабрытаніі і яе барацьбе за калан. панаванне.
Літ.:
Эджингтон Г. Адмирал Нельсон: История жизни и любви: Пер. с англ.М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІВА́ЛЬНЫ ПО́ЯС,
самы верхні прыродны вышынны пояс гор і палярных абласцей, размешчаны вышэй снегавой лініі. Найб. вышыні ніжняй мяжы пояса ў пустынных гарах Цэнтр. Азіі і ў Андах (больш за 6500 м); у Антарктыдзе і Грэнландыі нярэдка апускаецца да ўзроўню мора. Для Н.п. характэрны ледавікі і снежнікі, ледавіковыя формы рэльефу (кары, трогі, свежыя марэны і інш.), скалы і восыпы, нівальны клімат. Вял. намнажэнні снегу пры шматгадовым захаванні паступова пераходзяць у фірн і глетчарны лёд. Інтэнсіўнасць раставання і выпарэння залежаць ад сонечнай радыяцыі і экспазіцыі схілу. На стромкіх схілах снег і лёд перыядычна сыходзяць уніз у выглядзе снежных лавін і ледавікоў. На паўд. схілах, дзе хутка ідзе раставанне снегу, агаляюцца горныя пароды і інтэнсіўна развіваюцца працэсы фізічнага (у асн. марознага) выветрывання. Ідзе разбурэнне парод з утварэннем грубых абломкаў, якія намнажаюцца ў больш нізкіх месцах. Раслінны і жывёльны свет Н.п. бедны. Сярод раслін пераважаюць лішайнікі, што пакрываюць паверхню скал і валуноў, разбураюць іх і ўтвараюць прымітыўныя глебы. У ніжнія гарызонты пояса могуць пранікаць нізкарослыя экземпляры раслін з інш. паясоў. З вышэйшых жывёл трапляюцца залётныя птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ЛЬСКІ (Аляксандр Васілевіч) (4.7.1874, с. Уладыкіна Каменскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 19.3.1943),
расійскі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, муз. пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1897—1900). Вучань С.Танеева і інш. З 1894 выкладаў у Маскве ў Нар. кансерваторыі (1912—18), Сінадальным вучылішчы (1915—23), Маскоўскай кансерваторыі (з 1928, з 1935 праф.). У 1923—31 працаваў у Дзярж. ін-це муз. навукі. Даследаваў рус.царк. спевы, нар. песенны фальклор. Аўтар прац «Формы рускіх царкоўных спеваў» (1915), «Кароткі нарыс гісторыі царкоўных спеваў у перыяд I—X стст.», «Голас і слых харавога спевака» (абедзве 1916). Адзін з першых у рус.хар. музыцы выкарыстаў вострагучальныя гарманічныя спалучэнні. Стварыў (разам з П.Часнаковым) новы від хар. партытуры з падзелам галасоў на дробныя тэмбравыя групы. Уваходзіў у Беларускую песенную камісію. Аўтар пераважна царк. музыкі, у т. л. «Літургіі Папярэднеасвечаных дароў» (1907), многіх песнапенняў, а таксама дзіцячых опер. хар. твораў, апрацовак нар. песень, у т. л.бел. «Ой, ляцелі гусі», «А ў лесе, лесе». «Дзе ты, хмелю, начаваў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮА́НС (франц. nuance),
адценне, тонкае адрозненне. 1) У выяўленчым мастацтве ледзь бачны пераход аднаго колеравага тону ў другі (у жывапісе), адной святлоценявой градацыі ў другую (у скульптуры, графіцы). Сукупнасць адценняў (нюансіроўка) выкарыстоўваецца для дасягнення больш тонкай мадэліроўкі выявы.
2) У архітэктуры і горадабудаўніцтве адзін са сродкаў стварэння кампазіцыі будынкаў, збудаванняў, комплексаў і ансамбляў, пры якім выкарыстоўваюцца падобныя маст. якасці асобных элементаў, што ствараюць рытмічны рад. У процілегласць кантрасту, дзе пераважаюць адрозненні аднародных якасцей, Н. згладжвае гэтыя адрозненні, дае магчымасць у пэўнай ступені выправіць няўдалыя суадносіны асобных частак кампазіцыі.
3) У музыцы Н. падзяляюцца на дынамічныя (гл.Дынаміка), тэмпавыя (гл.Тэмп) і тыя, што раскрываюць эмац. характар музыкі (напр., dolce пяшчотна, tenebroso змрочна, con spirito адухоўлена, appassionato страсна, maestoso велічна). Сукупнасць Н. (нюансіроўка) вызначаецца ўнутр. сутнасцю і характарам музыкі, яе стылем і асаблівасцямі структуры муз. твора. Асн. Н. выканання пазначаюцца аўтарам і з’яўляюцца арыенцірам інтэрпрэтацыі твора. Канкрэтны спосаб нюансіроўкі залежыць пераважна ад індывід. творчай манеры выканаўцы, чым тлумачыцца множнасць і непаўторнасць інтэрпрэтацый аднаго твора. Н. пазначаюць звычайна італьян.муз. тэрміналогіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАМАРЭ́НКА (Леанід Фёдаравіч) (н. 26.1.1937, в. Вятхінь Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст,прамысл. вучылішча імя В.І.Мухінай (1957), Бел. тэатральна-маст.ін-т (1968). З 1957 працаваў на Мінскім фарфоравым з-дзе, з 1964 на Івянецкай ф-цы маст. вырабаў, з 1966 на Мінскім маст. к-це. Працуе ў галіне керамікі. Для работ характэрны творчае засваенне традыц. форм нар. ганчарнага посуду, спалучэнне традыц. і сучасных спосабаў апрацоўкі матэрыялаў, стрыманая колеравая гама з падкрэсленымі прыроднымі ўласцівасцямі матэрыялу. Сярод твораў: сервізы «Авальны» (1957), «Восень» (1962), «Вяночак» (1970), кампазіцыі «Мара» (1972), «Салют» (1975), серыі дэкар. ваз «Па родных матывах» (1970—80-я г.), «Змрок» і «Ноч» (1964—84). З 1990-х г. займаецца белай керамікай (серыі «Зямля пад белымі крыламі», «Белыя сувеніры»). Аўтар дэкар. пластоў, дробнай пластыкі, акварэляў і інш. Аформіў інтэр’ер паліклінікі ў г. Маладзечна (1980), сталовую Мазырскага з-да меліярац. машын (1982), дзіцячую б-ку № 2 г. Мінска (1983) і інш.
Г.А.Фатыхава.
Л.Панамарэнка. З серыі «Белыя сувеніры». 1990-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЧ (Пятро) (сапр.Панчанка Пётр Іосіфавіч; 4.7.1891, г. Валкі Харкаўскай вобл., Украіна — 1.12.1978),
украінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцей «Блакітныя эшалоны» (1928; аднайм. п’еса, 1970), раманаў «Аблога ночы» (1933), «Гаманіла Украіна» (1945—46); пра нац.-вызв. барацьбу ўкр. народа 17 ст.), аўтабіягр. аповесці «На калінавым мосце» (1965, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1966), твораў для дзяцей. У 1928 наведаў Беларусь, убачанае апісаў у нарысе «Там, дзе з бярозамі хвоі гамоняць» (1928). Сябраваў з Я.Купалам. На бел. тэматыку напісаў арт. «Разбіта жалейка (Янка Купала)» (1943), «Сінявокая сястра Беларусь» (1972), апавяданне «А лазу самі выбірайце» прысвяціў У.Дубоўку. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Я.Купала, К.Чорны, Л.Калюга, А.Пальчэўскі, І.Скапараў і інш.