про́пуск, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. прапускаць — прапусціць (у 1 знач.).
2. ‑у. Адсутнасць, выключэнне чаго‑н. Чытаць з пропускамі. □ Собіч, не адрываючыся, сачыў, каб не асталося дзе прапускаў, бо часамі подпіс павінен быць толькі на версе, а часамі і на адвароце, часамі на адным экземпляры, а часамі і на двух. Скрыган. // Незапоўненае месца сярод тэксту. Пропуск паміж радкамі.
3. ‑а. Дакумент на права ўваходу, уезду куды‑н., праходу або праезду праз што‑н. Паказаць пропуск. Праверыць пропуск. □ — Я ж усё-такі актрыса, маю сякое-такое дачыненне да тэатра, ды ў мяне і пропуск на дваіх у ложу дырэкцыі. Рамановіч. — У мяне сумленне чыстае, і я спакойны. Толькі б дастаць ёй у Гродне пропуск за граніцу. Карпюк. // Уст. Пароль. Ведаць пропуск.
4. ‑у. Няяўка на заняткі, сходы і пад. Наведваць лекцыі без пропускаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыхло́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. каго-што і па чым. Хлопнуць далонню па чым‑н. Прыхлопнуць рукой па калене. □ Антон адсунуў пачак ад сябе, прыхлопнуў яго рукою. Савіцкі. // Хлопнуўшы, забіць. Гук звінеў на адной ноце, як камар, што ўляціць цёплай ноччу ў пакой і гудзе над галавой, пакуль не прыхлопнеш яго далонню. Даніленка.
2. што. Разм. Зачыніць гучна, са стукам. Прыхлопнуць дзверы.
3. каго-што. Хлопнуўшы, заціснуць; прышчаміць. — А хіба ты не ведаеш. Прыхлопнулі, як тых пацукоў у пастцы, і мусім сядзець, падцяўшы хвасты. Сабаленка.
4. каго. Разм. Забіць (часцей выстралам). — Завадатар .. шайкі, мусіць, вопытны камбінатар і мае шырокія сувязі. Зрабіце так, каб і камар носа не падтачыў. Прыхлопнем яго адным стрэлам. Даніленка.
5. перан.; што. Разм. Спыніць існаванне, дзейнасць чаго‑н. — Што, прыхлопнуў мо хто без мяне ваша прадпрыемства? — пытаецца ўчастковы зноў. — Не, усё, як кажуць, у ажуры. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што. Прыняць, узяць з рук у рукі, у сваё распараджэнне ўсё або частку таго, што здаюць. перадаюць, уручаюць. Папрымаць кнігі ад чытачоў. Папрымаць тэлеграмы.
2. каго. Залічыць у склад чаго‑н. усіх, многіх. Папрымаць выпускнікоў школ на работу. □ [Міхал:] — А сам Лазавы хіба не ведае, як ты працуеш у калгасе, не ведае пра тваю дапамогу партызанам? [Люба:] — Ну, такіх, як я, былі тысячы, хіба ж можна ўсіх у партыю папрымаць? Васілевіч.
3. каго. Дапусціць да сябе для агляду, для размовы па якіх‑н. справах усіх, многіх. Папрымаць хворых. Папрымаць наведвальнікаў.
4. што. Зняць, забраць адкуль‑н. усё, многае. Папрымаць талеркі са стала. Папрымаць табурэткі з сярэдзіны пакоя.
5. што і без дап. Прымаць некаторы час. А пакуль што вось вам рэцэпт, зайдзіце ў аптэку, вазьміце таблеткі і папрымайце перад сном некалькі дзён. Ляўданскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патрапа́ць, ‑траплю, ‑трэплеш, ‑трэпле; зак., каго-што.
1. Трапаннем ачысціць (валакно ад кастрыцы). Лісавета была рада, што лён сцёрты, а патрапаць яго яна і сама здолее. Чарнышэвіч.
2. і без дап. Трапаць некаторы час. Кончыцца кананне бульбы, мо’ хто на дзень-другі пазаве лён паслаць ці патрапаць. Гартны.
3. Разм. Працяглым або неахайным карыстаннем знішчыць, зрабіць бруднай, непрыгоднай якую‑н. рэч. Патрапаць адзежу. Патрапаць кнігу.
4. Злёгку, ласкава паляпаць, пагладзіць рукой, пальцамі. Раман злёгку, з любасцю, патрапаў па шыі коніка і прамовіў: — Эх ты, конік, мой конік! Колас. Настаўніца патрапала мяне па шчацэ і сказала ўсміхаючыся: — Добра. Пішы. Таўлай.
5. перан. Панесці вялікія страты баявымі дзеяннямі. З-за цемені камандзір не мог устанавіць, ці знішчыў ён дэсант, ці так патрапаў яго. Чорны.
6. Абл. Пайсці. Басанож [сябры] патрапалі далей, пахвальваючы і дарогу, і расу, і гэтую прыемнасць ступаць босымі нагамі па мяккай дарозе. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кане́шне і кане́чне,
1. пабочн. сл. Само сабой зразумела, без сумнення. Аб гэтым канцэрце яшчэ задоўга прагудзелі ўсе вушы, і я вырашыў не прамінуць яго і, канешне, запрасіць Соню. Ракітны. Канечне, вельмі добра ведаць мову суседзяў, але найперш трэба ведаць сваю. Арабей.
2. прысл. Абавязкова, што б там ні было. Рызыкаваць хлопцам не хацелася: у іх жа вунь колькі зброі, і яны павінны канешне знайсці партызан... Якімовіч. // безас. у знач. вык. (часцей з адмоўем). Разм. Абавязкова. — А ты, брат Янка, пільнуй адзежу, бо прыдзецца зняць усё, апроч шапак... Не канечне стаяць над ёю крукам, — зрабіў агаворку Марцін, — а з вока спускаць не трэба. Колас. Пасля пачалі казаць: «Няхай сабе жывуць здаровенькі, а мне не канешне зрывацца з бацькаўскіх сцежак». Чорны.
3. сцвярдж. часціца. Так, зразумела, вядома. — [Ваш сын] служыў разам з маім Андрушам, хацела праведаць, пагаварыць... — А-а, яно канешне, канешне, — няпэўна прамовіў стары. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кро́іць, крою, кроіш, кроіць; незак., што.
1. Разразаць (матэрыю, шкуру, футра і пад.) на кавалкі пэўнай формы і памеру, каб пашыць, зрабіць з іх што‑н. Кроіць аўчыну. Кроіць бляху. □ Не спіць яшчэ мая старая маці: Мне на кашулю кроіць палатно. Зарыцкі. // Выразаць па мерцы часткі чаго‑н. Кроіць сукенку. Кроіць касцюм.
2. без дап. Займацца кройкай. Сам кравец спачатку кроіў, заглядаў на ўсе драбніцы. А цяпер сваёй рукою хлопец кроіць, не баіцца... Дубоўка.
3. Адразаць часткі, кавалкі ад цэлага або разразаць на кавалкі чым‑н. вострым. Кроіць лыка. □ Гаспадар, не спускаючы вачэй з Вэні, кроіў хлеб. Чорны. // перан. Разрываць, разразаць цемру, цішыню і пад. (пра яркае святло, гукі). Начныя агні паблісквалі то прыветнымі светлячкамі, то кроілі цемру.. снапамі сваіх фар. Паслядовіч.
4. перан. Разм. Прычыняць каму‑н. душэўны боль. Глыбокая.. крыўда кроіць яму сэрца. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адвярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак., ад (да) каго-чаго і без дап.
1. Павярнуцца ўбок ад (да) каго‑, чаго‑н., павярнуць галаву. [Турцэвіч] прыгарнуў да грудзей малых і жонку, моцна іх па чарзе пацалаваў, адвярнуўся, неўзаметку змахнуў з вачэй слёзы і сказаў вазаку паганяць коней. Гурскі.
2. перан. Выказваючы сваю непрыязнасць, парваць сувязі, адносіны з кім‑н. Бедны да беднага горнецца, а багаты ад каго хочаш адвернецца. Прыказка. // Адмовіцца ад чаго‑н., перастаць займацца чым‑н. [Бабка:] — А вы ўсё седзіце над гэтымі кнігамі. А яны сушаць чалавека. [Лабановіч:] — А ты, бабка, пашапчы, каб я ад іх адвярнуўся. Колас. Стары айчым угаворваў .. ехаць на яго .. зямлю і займацца гаспадаркай.. Клебер адвярнуўся ад гэтай прапановы. Чорны.
3. Разм. Адлучыцца, адысціся на кароткі час. [Бабейка:] — За ім [Саўчуком] я заўсёды, спакойны — куды б ні адвярнуўся з калгаса, ён усё зробіць як след. Хадкевіч.
•••
Бог адвярнуўся ад каго гл. бог.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., што.
1. Падаючы належны выгляд, засунуць, укласці край, канцы чаго‑н. куды‑н. [Ганна Васільеўна] заправіла пад хустку пасму сівых валасоў, і твар яе стаў суровым. Няхай. Увёў Аўдолевіч каня ў аглоблі, заправіў дугу і давай засупоньваць хамут. Брыль. // Заслаць, прыбраць. Заправіць ложак.
2. чым. Пакласці ў страву прыправу, закрасу. Антаніна Міхайлаўна засмажыла грыбы, шчодра заправіла іх смятанай. Колас. // Унесці ў глебу ўгнаенні. У калгасе ўсё дэталёва прадугледзелі, усё паставілі на службу ўраджаю: загадзя падабралі ўчасткі, багата запрасілі іх угнаеннямі, паклапаціліся пра насенне высокаўраджайных, перспектыўных сартоў. «Звязда».
3. чым і без дап. Падрыхтаваць для карыстання (машыну, прыбор і пад.), заліўшы або заклаўшы неабходнае рэчыва. Заправіць сіфон. Заправіць бак бензінам. Заправіць машыну. // Уставіць патрэбную дэталь у якую‑н. прыладу, механізм, рыхтуючы іх да работы. Заправіць бабіну ў прадзільную машыну. // Змясціць, паглыбіць што‑н. у што‑н. Заправіць насенне ў глебу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
віда́ць, у форме інф., у знач. вык.
1. Можна бачыць, разгледзець. З-пад хвой-красунь, як на далоні, Відаць і хаты і двары. Колас. Праз два маленькія акенцы дзень нясмела лез у сярэдзіну, і было відаць праз іх, як шарэла на дварэ. Чорны.
2. Можна зразумець. Сэнс байкі добра відаць.
3. Быць відавочным, вынікаць. З гэтага відаць, што... □ Гаварыў.. [Іваніцкі] шчыра, гэта відаць было з прамовы. Мурашка.
4. у знач. пабочн. Як здаецца, мабыць; напэўна. Чалавек, відаць, валодаў сабою добра. Чорны. Было ясна, што маці захварэла. І, відаць, моцна. Якімовіч.
•••
Ад зямлі не відаць — вельмі маленькага росту.
Відам не відаць — ніякіх прыкмет, нідзе не відаць.
Канца (канца-краю) не відаць (няма) — пра тое, чаго вельмі многа, што цягнецца без канца.
Па ўсім відаць; як відаць — напэўна, відавочна.
Свету (белага) не відаць — нічога не відаць (у часе мяцеліцы, завірухі).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
відно́ 1, безас. у знач. вык.
1. Пра наяўнасць дастатковага святла, асвятлення; светла. Пачынае вечарэць, і пакой напаўняе шэры змрок. Толькі каля акна, дзе я сяджу з кніжкай, яшчэ відно. Каршукоў. На вуліцы ўжо было відно. Прачыналася ў скверы птаства. Сабаленка. Хоць.. [маладзік] быў і тоненькі-вузенькі, як сярпок без ручкі, усё-такі ад яго было.. відно. Гартны.
2. Тое, што і відаць (у 1, 3 знач.). Уперадзе.. ішла машына, пылу давала столькі, што дарогі не відно было. Кулакоўскі. Адразу было відно, што.. [Стафанковіч] штосьці цяжкае перажыў апошнімі часамі. Чорны.
відно́ 2, ‑а́, н.
Світанне, досвітак. Пад самую раніцу.. [Лёня] прачнуўся і ніяк не мог дачакацца відна. Ваданосаў.
•••
Ад відна (і) да цямна — з усходу да заходу сонца, з ранку да вечара. Мужчыны.. і жанчыны.. ад відна да цямна працавалі на лузе. Паслядовіч.
Да відна — да світання, да ўсходу сонца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)