МАЛЬЧЭ́ЎСКІ (Malczewski) Яцак (15.7. 1854, г. Радам, Польшча — 8.10.1929),
польскі жывапісец; прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1873—76 і 1877—78) у Я.Матэйкі, у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1876—77). Праф. Школы прыгожых мастацтваў (1896—1900) і АМ (1910—21; у 1912—14 рэктар) у Кракаве. Чл. аб’яднання «Мастацтва». Пад уплывам творчасці А.Гротгера і Ю.Славацкага пісаў карціны на тэмы паўстання 1863—64: «Нядзеля ў шахце». (1882), «На этапе» (1883), «Смерць на этапе» (1891), «Куцця ў Сібіры» (1892) і інш. Ствараў прасякнутыя атмасферай роздуму і смутку метафарычна-алегарычныя кампазіцыі, у якіх часта адлюстроўваў фантаст. і біблейскія істоты. Сярод твораў: «Меланхолія» (1890—94), «Зачараванае кола» (1895—97), «Анёл, пайду за табой» (1901), трыпціхі «За анёлам» (1891), «Айчына» (1903), «Музыка» (1906), «Маё жыццё» (1911—12), «Маё пахаванне» (1923), цыклы «Русалкі» (1887—88), «Атручаная студыя» (1905—06) і інш. Аўтар партрэтаў (А.Веляпольскага, 1903; У.Рэйманта, 1905, і інш.), аўтапартрэтаў («Аўтапартрэт з гіяцынтам», 1902; «Аўтапартрэт», 1908, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́МЛІНГ (Memling) Ганс (каля 1430—40, г. Зелігенштат, Германія — 11.9.1494),
нідэрландскі жывапісец Ранняга Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у Рагіра ван дэр Вейдэна, зазнаў уплыў яго і Я. ван Эйка. З 1465 працаваў у Бруге. У творчасці спалучаў познагатычныя і рэнесансавыя рысы. Аўтар рэліг. кампазіцый са складанай разгорнутай пабудовай, якім уласцівы характарнасць вобразаў і драматычнасць перадачы пачуццяў: трыпціхі «Страшны суд» (каля 1473), «Трыпціх Джона Дона» (1468), «Трыпціх Іаана» (1479), «Алтар Адрыяна Рэйнса» (1480), «Трыпціх Якаба Фларэнса» (каля 1489—90), «Алтар Укрыжавання» (1491), карціны «Пакуты Хрыстовы» (1470), «Пакуты св. Себасцьяна» (каля 1470), «Сем радасцей Марыі» (1480), «Дабравешчанне» (1482), «Мадонна з дзіцем» (1487). Гуманіст. скіраванасць творчасці М. выявілася ў выявах данатараў у рэліг. творах і партрэтах: пажылога чалавека (каля 1470), Т.Партынары, М.Партынары (абодва каля 1472), маладога чалавека (каля 1475), Б.Улендэрберг (каля 1478), «Трыпціх Вілема Морэльса» (1484), «Алтар Марціна ван Ньювенхове» (1487). Звяртаўся да адлюстравання аголенай натуры («Вірсавія», «Пыхлівасць», абедзве каля 1485), пейзажа (размалёўкі рэлікварыя св. Урсулы, 1480), анімалістычных матываў («Коні і малпа», 1480-я г.).
В.Я.Буйвал.
Г.Мемлінг. Мадонна з дзіцем. Левая створка «Алтара Марціна ван Ньювенхове». 1487.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ЛЬНІКАЎ Андрэй Андрэевіч (н. 22.2.1919, г. Энгельс Саратаўскай вобл., Расія),
расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1968). Нар. мастак СССР (1976).
Акад. АМСССР (1966). Герой Сац. Працы (1989). Віцэ-прэзідэнт Рас.АМ (з 1997). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1946), выкладае ў ім (з 1967 праф.). З 1962 кіраўнік творчай майстэрні Рас.АМ. Працуе пераважна ў станковым жывапісе ў быт. і гіст. жанрах, пейзажы, партрэце, а таксама ў манум.-дэкар. мастацтве, графіцы, скульптуры. Творы вызначаюцца драм.-эмацыянальным ладам, кампазіцыйнай яснасцю, яркасцю каларыту: «Партрэт маці» (1947), «На мірных палях» (1951), «Партрэт дачкі» (1955, 1964), «Белая ноч» (1963), «Партрэт С.Канёнкава» (1970), «Даша» («Прынцэса», 1971), «Раніца» (1972), «Развітанне» (1975), «Іспанскі трыпціх» («Распяцце», «Карыда», «Смерць Гарсія Лоркі», 1979—83), «Цішыня» (1987), «Распяцце» (1995) і інш. Аўтар мазаік для станцый метрапалітэна (1955) і манум. размалёвак у Т-ры юнага гледача (1962) у С.-Пецярбургу. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1977. Ленінская прэмія 1984.
Літ.:
Каганович А.Л. А.А.Мыльников. Л., 1980;
А.А.Мыльников: [Альбом]. Л., 1977.
А.Мыльнікаў. Карыда. Цэнтральная частка «Іспанскага трыпціха». 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗАРЧУ́К Мікалай Аляксандравіч (н. 5.8.1927, в. Санюкі Ельскага р-на Гомельскай вобл.),
бел.жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). У 1952—55 выкладаў у Віцебскім маст. вучылішчы, у 1964—77 — у Мінскім арх.-буд. тэхнікуме, Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве, БПІ. У 1982—89 нам. старшыні Маст. фонду Бел. саюза мастакоў. Для твораў характэрны выразная дэкаратыўнасць каларыту і кампазіцыі, узгодненасць колеравых мас. Аўтар сюжэтна-тэматычных кампазіцый «Вечар у вёсцы Яршэвічы» (1963), «Ветэраны рэвалюцыі» (1967), «У новую вёску», «Сын» (абедзве 1978), «М.Гусоўскі на Радзіме» (1981), «Салдаты і кветкі» (1985), «Танкавы бой пад Сянно. 1941» (1986), «В.Дунін-Марцінкевіч чытае сваю паэму над Іслаччу» (1987), «Святая і чыстая» (1990), «Т.Касцюшка перад войскам» (1994), «Беларусь, твой народ дачакаецца...» (1996), «І прыйдзе час» (1999), партрэтаў «Маці салдата» (1967), К.Каліноўскага, М.Багдановіча, Ф.Багушэвіча, Героя Сав. Саюза У.З.Царука, Героя Сац. Працы Я.І.Фаменкі (усе 1984), трыпціха «Ахвяра» (1998), дыярамы «Прырода Палесся» ў калгасе «Прамень Кастрычніка» (в. Махнавічы) Мазырскага р-на Гомельскай вобл. (з У.Летуном, У.Гоманавым, В.Цюрыным; 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВО́Й Мікалай Аляксеевіч (3.7.1796, г. Іркуцк, Расія — 6.3.1846),
рускі пісьменнік, крытык, журналіст, гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1831). Выдаваў час. «Московский телеграф» (1825—34, забаронены), у якім выступаў у абарону правоў купецтва, асуджаў дваранскую арыстакратыю за адсутнасць нац. пачуцця, асн. умовай прагрэсу краіны лічыў пашырэнне асветы. Аповесць «Сімяон Кірдзяпа. Руская быль XIV ст.» (1828, апубл. 1832), раман «Клятва каля труны Гасподняй» (1832), п’есы «Дзядуля рускага флоту» (1838), «Кастрамскія лясы» (1841, пра Івана Сусаніна) і інш. на гіст. тэматыку. У аснове аповесцей «Жывапісец», «Асалода вар’яцтва» (абедзве 1833), «Эма» (1834) і інш. канфлікт «мары» і «рэальнага жыцця» ў духу рамантызму. «Гісторыя рускага народа» (т. 1—6, 1829—33, незавершана) палемічна скіравана супраць «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.Карамзіна. Аўтар вершаў, рамана «Абаддона» (1834), празаічнага перакладу «Гамлета» У.Шэкспіра (1837), артыкулаў пра рус. і замежную л-ру, на сац.-эканам. тэмы і інш.
Тв.:
Избр. произв. и письма. Л., 1986;
Избр. историческая проза. М., 1990;
Клятва при Гробе Господнем. М., 1994;
История русского народа. Т. 1—3. М., 1997.
Літ.:
Шикло А.Е. Исторические взгляды Н.А.Полевого. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРЫ́ЦКІ Анатоль Галакціёнавіч (12.2.1895, Кіеў — 6.3.1964),
украінскі тэатр. мастак, жывапісец, графік. Нар. мастак СССР (1944). Вучыўся ў Кіеўскім маст. вучылішчы (1910—18), Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях у Маскве (1922—24). У 1946—50 выкладаў у Кіеўскім маст. ін-це (з 1947 праф.). Ствараў аб’ёмна-прасторавыя дэкарацыі ў жывапісна-дэкар. манеры, заснаванай на глыбокім вывучэнні нар.ўкр. мастацтва, да пастановак у т-рах Кіева, Харкава, Вял.т-ра ў Маскве. Аформіў оперы «Сарочынскі кірмаш» М.Мусаргскага (1925), «Чаравічкі» П.Чайкоўскага (1941), «Багдан Хмяльніцкі» К.Данькевіча (1953), «Тарас Бульба» М.Лысенкі (1955), «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1956), «Дзекабрысты» Ю.Шапорына (1953), балеты «Карсар» А.Адана (1926), «Лілея» Данькевіча (1945), спектакляў «Вій» А.Вішні (1925), «Багдан Хмяльніцкі» (1939), «Макар Дубрава» (1948) і «Калінавы гай» (1950) А.Карнейчука. Аўтар станковых карцін («Натуршчыца», 1923; «Барыкады», 1925; «Парк у Харкаве», 1935), манум. размалёвак у Кіеве, Камянцы-Падольскім, паліт. плакатаў, ілюстрацый да кніг і часопісаў. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.
Літ.:
Анатолій Петрицкий: Спогади про художника. Київ, 1981.
Л.Ф.Салавей.
А.Пятрыцкі. Эскіз касцюма да оперы М.Лысенкі «Тарас Бульба».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЙСДАЛ (Ruysdael, Ruisdael) Якаб ван (1628 або 1629, г. Харлем, Нідэрланды — пахаваны 14.3.1682), галандскі жывапісец; адзін з буйнейшых пейзажыстаў 17 ст. Вучыўся, верагодна, у свайго дзядзькі С. ван Ройсдала. Зазнаў уплывы П.Потэра, Я. ван Гоена, Х.Сегерса. Працаваў у Харлеме, з 1656 у Амстэрдаме. У ранніх творах адлюстроўваў сціплыя ваколіцы Харлема («Хатка ў гаі», 1646, і інш.). Каля 1650—55 вандраваў па Нідэрландах і Германіі, пісаў манумент. пейзажныя кампазіцыі, у якіх праз халодную колеравую гаму і рэзкія святлоценявыя кантрасты ўвасабляў пачуццё драм. зменлівасці жыцця («Яўрэйскія могілкі», каля 1650—55, і інш.). Пазней ствараў гар., вясковыя, марскія, рачныя пейзажы, прасякнутыя адчуваннем суровай велічы прыроды. Творы вызначаюцца дакладнасцю малюнка, матэрыяльнай адчувальнасцю форм, майстэрствам перадачы дынамікі святлопаветранага асяроддзя, багаццем каларыту: «Від вёскі Эгманд», «Пейзаж з вадзяным млынам» (1661), «Куст», «Балота», «Вятрак у Вейку» (1660-я г.), «Марскі бераг» (канец 1660—пач. 1670-х г.), «Горы Нарвегіі», «Вадаспад» і інш. Працаваў таксама ў тэхніцы афорта.
Літ.:
Фехнер Е.Ю. Я. ван Рейсдаль и его картины в Государственном Эрмитаже. Л., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСЕ́ЦКІ Канут Іванавіч (1801, в. Сцебекяй каля, г. Паневяжыс, Літва — 21.8.1860),
жывапісец, педагог; прадстаўнік класіцызму. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Літвы. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1818—21), у АМ у Парыжы (1821—22) і Рыме (1823—25), там жа стыпендыят Віленскага ун-та (1826—31). З 1831 у Вільні, з 1834 выкладчык жывапісу і малюнка ў шляхецкім пансіёне, у 1839—48 — шляхецкім ін-це. У 1840-я г. на Беларусі. Пісаў партрэты, пейзажы, працаваў у акварэлі. Сярод твораў: «Італьянец усміхаецца» (1823), «Клятва карбанарыяў» (1826), «Уцёкі ў Егіпет» (1828), аўтапартрэт, партрэт сына (1843), «Жняя», «Партрэт бацькі» (абодва 1845), «Літоўка з вербамі» (1847), «Паляванне на зуброў» (1844—51), «Панарама горада Вільні» (1850), «Селянін з мётламі» (1851), «Літоўская рыбачка» (1856), «Млын Патоцкага ў Паплавах» (1855), «Пейзаж са скачкамі», «Вербная нядзеля» і інш. Аўтар шэрагу пейзажаў ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны, Белавежскай пушчы, у якіх этнагр. дакладнасць выдатна спалучаецца з выразнай манерай пісьма.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСО́ (Rousseau) Анры Жульен Фелікс (Русо Мытнік; 20.5.1844, г. Лаваль, Францыя — 2.9.1910),
французскі жывапісец, прадстаўнік інсітнага мастацтва. Служыў на парыжскай мытні (адсюль мянушка). З 1880-х г. капіраваў карціны ў маст. музеях. З 1886 выстаўляў свае творы ў «Салоне незалежных» і пры падтрымцы постімпрэсіяністаў набыў вядомасць. Творы вызначаюцца наіўнай непасрэднасцю, вобразнай метафарычнасцю, плоскаснасцю і дакладнасцю форм, яркім стракатым каларытам. Аўтар фантаст. карцін, навеяных экзотыкай далёкіх краін: «Цыганка спіць» (1897), «Тыгр атакуе разведчыкаў» (1904), «Адпачынак ільва», «Фламінга» (абедзве 1907), «У трапічным лесе. Бітва тыгра і быка» (1908), «Ягуар нападае на негра» (1909), «Ягуар нападае на каня», «Каскад» (абедзве 1910). Пісаў краявіды Парыжа («Карнавальны вечар», 1886, «Прагулка ў лесе», каля 1886—90; «Від парку Мансуры», 1895; «Булонскі лес», 1898), алегарычныя творы патрыят. тэматыкі («Стагоддзе Незалежнасці», 1892; «Артылерысты», каля 1893; «Вайна», 1894; «Сон», 1910), партрэты, у якіх падкрэслена шматзначнасць асобы, абвостраная сувязь вонкавага аблічча з таемнымі захапленнямі (аўтапартрэт, 1890; «Партрэт Лаці»; «Муза натхняе паэта», 1909), сцэны з нар. жыцця («Вяселле ў вёсцы», 1905) і інш. Пісаў музыку. Творчасць Р. паўплывала на развіццё прымітывізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙНАЛЬДС, Рэйналдс (Reynolds) Джошуа (16.7.1723, г. Плімптан, Вялікабрытанія — 23.2.1792), англійскі жывапісец, тэарэтык мастацтва. У 1740—43 вучыўся ў Лондане ў Т.Хадсана. Вывучаў творы Рэмбранта, П.П.Рубенса, венецыянскі жывапіс 16 ст. Працаваў у Дэваншыры і Лондане, у 1749—52 вандраваў па Еўропе. Арганізатар і 1-ы прэзідэнт (1768—90) лонданскай АМ. З 1748 гал. мастак караля. Пераасэнсоўваў традыцыі параднага партрэта барока, спалучаў велічнасць агульнай задумы з нязмушанасцю трактоўкі характараў, імкнуўся звязаць уяўленні пра ідэальную асобу з сац.-гіст. характарыстыкамі. Творы вызначаюцца дынамічнасцю кампазіцыі, свабодай мазка, цёплым сакавітым каларытам, псіхал. выразнасцю. Партрэты: аўтапартрэт (1753—54), «Д.Гарык паміж музамі трагедыі і камедыі» (каля 1760—61), пісьменнікаў Л.Стэрна (1760) і С.Джонсана (1772), Джэн, графіні Харынгтан (1777—79), актрысы С.Сіданс (1783—84), адмірала Дж.О.Хітфілда (1787—88). генерала Банастра Тарлтана; карціны «Немаўля Геракл душыць змей» (1786—88), «Нявінны ўзрост» (1788), «Устрыманасць Сцыпіёна» (1788—89) і інш. У тэарэт. работах выказваў нарматыўна-класіцыстычныя погляды на прыроду мастацтва.