РУСЕ́ЦКІ (Канут Іванавіч) (1801, в. Сцебекяй каля, г. Паневяжыс, Літва — 21.8.1860),

жывапісец, педагог; прадстаўнік класіцызму. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Літвы. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1818—21), у АМ у Парыжы (1821—22) і Рыме (1823—25), там жа стыпендыят Віленскага ун-та (1826—31). З 1831 у Вільні, з 1834 выкладчык жывапісу і малюнка ў шляхецкім пансіёне, у 1839—48 — шляхецкім ін-це. У 1840-я г. на Беларусі. Пісаў партрэты, пейзажы, працаваў у акварэлі. Сярод твораў: «Італьянец усміхаецца» (1823), «Клятва карбанарыяў» (1826), «Уцёкі ў Егіпет» (1828), аўтапартрэт, партрэт сына (1843), «Жняя», «Партрэт бацькі» (абодва 1845), «Літоўка з вербамі» (1847), «Паляванне на зуброў» (1844—51), «Панарама горада Вільні» (1850), «Селянін з мётламі» (1851), «Літоўская рыбачка» (1856), «Млын Патоцкага ў Паплавах» (1855), «Пейзаж са скачкамі», «Вербная нядзеля» і інш. Аўтар шэрагу пейзажаў ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны, Белавежскай пушчы, у якіх этнагр. дакладнасць выдатна спалучаецца з выразнай манерай пісьма.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

Р.​Р.​Бадзін.

К.Русецкі. Літоўка з вербамі. 1847.

т. 13, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)