кірунак у зах. сацыялогіі, які ўзнік у працэсе перагляду ідэй і каштоўнасцей лібералізму і кансерватызму, уяўляе сабой іх новы сінтэз. Быў пашыраны ў 1970—80-я г. ў краінах Зах. Еўропы як рэакцыя на ліберальнае рэфармаванне 1960-х г. Яго ідэолагі (Ф.Х.Хаек, Г.К.Кальтэнбрунер і інш.) прытрымліваліся прынцыпу моцнай дзярж. улады для захавання правоў і свабод асобы на аснове строгага выканання законаў, выступалі ў падтрымку традыцый і пераемнасці ў грамадскім жыцці, лічылі не прымальным сац. рэвалюцыі і радыкальныя рэформы. Прадстаўнікі ліберальнай дэмакратыі пайшлі за кансерватарамі, зыходзячы з усведамлення, што гал. вораг сапраўднага лібералізму хаос у грамадстве, а не кансерватыўная рэстаўрацыя; каб пазбегнуць хаосу і абараніць ліберальныя каштоўнасці (свабоду прадпрымальніцтва, правы і свабоды), патрэбна моцная дзяржава. Узнікшая ў гэты час т.зв. «неакансерватыўная хваля» ў грамадскай свядомасці, спрыяла прыходу да ўлады ў 1980-я г. партый, якія стаялі за ўмацаванне дзярж. улады: рэспубліканская ў ЗША, кансерватыўная ў Вялікабрытаніі, хрысц.-дэмакр. саюз у ФРГ; лідэры гэтых партый Р.Рэйган, М.Тэтчэр, Г.Коль сталі кіраўнікамі дзяржаў. Яны праводзілі больш цвёрдую дзярж. палітыку, апіраючыся на каштоўнасці абноўленага кансерватызму, які зблізіўся з неалібералізмам. Разам з тым прыхільнікі Н. выступалі супраць ліберальных ідэй «сацыяльнай дзяржавы» і
сац. накіраванасці эканомікі, адмаўлялі неабмежаваны маральны плюралізм, лічылі, што разумная свабода патрабуе аўтарытэту і парадку.
Літ.:
Эльм Л. «Новый» консерватизм: Пер. с нем. М., 1980;
Кепеци Б. Неоконсерватизм и «новые правые»: Пер. с венг.М., 1986;
Хайек Ф.А. Пагубная самонадеянность: Ошибки социализма: Пер. с англ.М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
нейтра́льны
(лац. neutralis = які не належыць ні таму, ні другому)
1) які не прымыкае ні да аднаго з дзеючых бакоў; які паводле міжнароднай дагаваронасці вольны ад ваенных дзеянняў, ад размяшчэння войск (напр. н-ая дзяржава, н-ыя воды);
2) які не мае выразных адзнак, не аказвае ні карыснага, ні шкоднага ўздзеяння (напр. н. пах, н. раствор);
3) фіз. які не нясе ні адмоўнага, ні дадатнага зараду (напр. н. мезон).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БЕЛІ́З (Belize),
дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы, на ўсх. узбярэжжы п-ва Юкатан. На Пн мяжуе з Мексікай, на З і Пд — з Гватэмалай. Абмываецца Карыбскім морам. Пл. 23 тыс.км². Нас. 200 тыс.чал. (1994). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г.Бельмапан. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 вер.).
Дзяржаўны лад. Беліз — канстытуцыйная манархія. Чл.брыт. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1981. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе ген.-губернатар. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны Нац. сход, што складаецца з сената і палаты прадстаўнікоў. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам (прызначаецца ген.-губернатарам).
Прырода. Рэльеф пераважна нізінны, шмат балотаў. На Пд горы Мая (выш. да 1122 м, пік Вікторыя). Клімат трапічны пасатны, вільготны. Т-ра паветра ўвесь год каля 25—27 °C. Ападкаў каля 2000 мм за год. Рэкі паўнаводныя, найбольшая Беліз. На б.ч. тэрыторыі вільготныя трапічныя лясы. Растуць чырвонае, ружовае, кампешавае, каўчукавае дрэвы, чыкле, кедр. На Пн лістападныя трапічныя лясы і ўчасткі саваннаў. Лясныя заказнікі, найбольшы Чыкібуль.
Насельніцтва. Жывуць негры і мулаты (44%), метысы (33%), індзейцы — мая і карыбы (у т. л. блізкія да іх негра-карыбскія метысы — «чорныя карыбы»), выхадцы з Індыі і інш.Найб. горад — Беліз. Паводле веравызнання 62% — католікі, 30% — пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 8,7 чал. на 1 км², б.ч. яго жыве паблізу ўзбярэжжа. Натуральны прырост каля 2% за год.
Гісторыя. Беліз вядомы як адно з месцаў ранніх паселішчаў плямёнаў мая. У пач. 16 ст. заваяваны іспанцамі. Паўн.ч. Беліза ўвайшла ў склад «Новай Іспаніі» (Мексіка), паўд.ч. — у ген.-капітанства Гватэмалы. У 17 ст. тут з’явіліся англ. пасяленцы, якія заснавалі першыя гарады, у т. л. Беліз (1638). Барацьба ісп. і англ. каланізатараў за тэр. Беліза скончылася ў 1798 на карысць англічан. З 1862 брыт. калонія, вядомая як Брыт. Гандурас (наз. 1840). У 1964 атрымаў поўную ўнутр. аўтаномію. У 1966 Гватэмала, якая лічыла Беліз сваёй тэр., аб’явіла яго сваім усх. дэпартаментам. З 1973 сучасная назва. З 1981 Беліз — незалежная дзяржава. Беліз — член ААН (з 1981), Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў, Карыбскай супольнасці і інш. У 1991 Гватэмала прызнала незалежнасць Беліза і ўстанавіла з ім дыпламат. адносіны.
Паліт. партыі: Народная аб’яднаная і Аб’яднаная дэмакратычная. Прафсаюзы: Аб’яднаны ўсеагульны саюз працоўных.
Гаспадарка. Беліз — эканамічна адсталая агр. краіна. У сельскай і лясной гаспадарцы занята каля 40% эканамічна актыўнага насельніцтва. Гал. экспартныя культуры: цукр. трыснёг, цытрусавыя (пераважна апельсіны і грэйпфруты), бананы, какава, ананасы. На ўнутр. патрэбы сеюць рыс, кукурузу, маніёк, фасолю. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (пераважна на Пд), свіней, птушку. Нарыхтоўка кампешавага і чырвонага дрэва, карыбскай хвоі. У прыбярэжных водах рыбалоўства, промысел амараў, крэветак, чарапах. Прам-сць: лесапільныя з-ды і прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (вытв-сць цукру, патакі, рому, кансерваў, сокаў, мыла, дубільных экстрактаў). Вытв-сць мэблі, буд. матэрыялаў, невял. рыбалоўных і спарт. суднаў; каля Беліза невял. сталепракатны з-д. Развіты саматужныя промыслы (выраб адзення, абутку, сувеніраў). Значныя сродкі дае турызм і зімовы адпачынак пераважна жыхароў ЗША у шматлікіх атэлях і пансіянатах на ўзбярэжжы і прыбярэжных астравах. Унутр. транспарт аўтамабільны, знешнія сувязі пераважна марскія. Гал. порт — Беліз. Паблізу міжнар. аэрапорт. Экспарт: цукар-сырэц, цытрусавыя, амары і крэветкі, драўніна. Імпарт: паліва, трансп. сродкі, харч. прадукты, машыны, хімікаты, тавары лёгкай прам-сці. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія і інш. краіны Зах. Еўропы, ЗША, Японія, Мексіка. Грашовая адзінка — долар Беліза.
Герб і сцяг Беліза.Да арт.Беліз. Адміністрацыйны будынак у г. Беліз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пасрэ́днік, ‑а, м.
1. Той, хто садзейнічае пагадненню, здзелцы паміж кім‑н. Гандлёвы пасрэднік. □ Гандляры, пасрэднікі, перакупшчыкі безупынна таўкуцца [на рынку], шумяць, крычаць, паказваюць узоры тавараў, спрачаюцца.В. Вольскі.[Дунін-Марцінкевіч] быў пасрэднікам і хадатаем у розных людзей па справах, звязаных з атрыманнем спадчыны.С. Александровіч.З вясны 1887 года стала дзейнічаць камісія прысяжных павераных, яна выконвала функцыі пасрэдніка паміж паверанымі і акруговым судом.Г. Кісялёў.
2. Той, хто дапамагае наладзіць кантакт паміж кім‑, чым‑н. — Хачу прасіць вас, — гаворыць Драгун, — аб сустрэчы з Бондарам. Сам канцоў не знайду. — Месяц няма вестак. Не ведаю, што думаць. — Людзі тут асталіся? — Дарагі мой, пасрэднікаў не меў. Не хачу мець. Вондар знаёмы мне, як і ты.Навуменка.Бібліятэкар — жывы пасрэднік паміж чытачом і літаратурай.«Звязда».// У міжнародным праве — нейтральная дзяржава або міжнародная арганізацыя, якая спрыяе мірнаму вырашэнню канфлікту паміж дзвюма іншымі дзяржавамі.
3.Спец. Суддзя, арбітр на манеўрах.
•••
Міравы пасрэднік — пасада ў царскай Расіі, устаноўленая пасля сялянскай рэформы 1861 г. для ўладжвання зямельных канфліктаў паміж сялянамі і памешчыкамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самасто́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які існуе незалежна, свабодна. Самастойная дзяржава. □ Беларусы, раней прыгнечаная нацыя, набылі сваю самастойную дзяржаўнасць упершыню за ўвесь час існавання беларускага народа.«Весці».// Які вылучаецца сярод іншых, мае ўласнае значэнне; асобны. Самастойнае пытанне. Самастойны сказ. □ Гук ы не з’яўляецца самастойнай фанемай таму, што ў беларускай і рускай мовах няма такіх слоў, якія б адрозніваліся ад іншых слоў гэтым гукам.Юргелевіч.
2. Здольны дзейнічаць сам, без чужой дапамогі або кіраўніцтва. [Саша] ўжо самастойны чалавек, фельчар, у яе новыя знаёмыя — колькі ў вёсцы настаўнікаў і іншых хлопцаў!Шамякін.// Уласцівы такому чалавеку. Усе.. месцы з твораў Маркса і Энгельса.. аб дзяржаве павінны быць абавязкова прыведзены ў магчыма больш поўным выглядзе, каб чытач мог скласці сабе самастойнае ўяўленне аб сукупнасці поглядаў заснавальнікаў навуковага сацыялізма.Ленін.// Сур’ёзны, разважлівы. Самастойны хлопчык.
3. Які ажыццяўляецца сваімі сіламі або па сваёй ініцыятыве, на падставе ўласнага меркавання. Самастойны крок. □ [Русаковіч:] — Я не хачу правальвацца на першай сваёй самастойнай рабоце.Крапіва.// Вольны ад пабочных уплываў, арыгінальны. Самастойнае даследаванне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвала́, ‑ы, ж.
1. Праслаўленне, усхваленне. Дык урачыста, з пачуццём Братэрства нашых сэрцаў, — хорам, Браты, уславім залп «Аўроры», Хвалу Кастрычніку спяём!А. Александровіч.Пайшла пра звеннявую на ўвесь край Такая слава і хвала, Што і сама таго Агата ўцяміць не магла.Маеўскі.// Адабрэнне, добры водзыў, пахвала. Людзі чулі, як іх хлопца, хлопца іх сяла, пахваліў такі вучоны чалавек, і гэта хвала лажылася трохі і на іх саміх.Колас.
2.узнач.вык. Вокліч захаплення, прызнання, удзячнасці каму‑, чаму‑н. Хвала вам, адважных героі! □ Хвала табе, Кастрычніка дзяржава!Машара.І земляроб у кожным доме, на кожнай ніве паўтарыў: — Хвала дажджу!..Вялюгін.
3.Разм. Рэпутацыя каго‑н., агульная думка пра каго‑н. Граф Кісялёў, які «заваяваў» сабе хвалу «рэфарматара», не вельмі спяшаўся зрабіць вывады.«Полымя».
•••
Адна хвала — усё роўна. [Цімох:] — Ці так або сяк прападу — Адна табе ўсюды хвала.Колас.Адзін хоць з’еш вала — усё адна хвала.Прыказка.
Пець хвалугл. пець.
Хвала богу (узнач.пабочн.) — тое, што і дзякуй (дзякаваць) богу (гл. дзякуй).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАТЫКА́Н (Vaticano),
Дзяржава-горад Ватыкан (Stato della Città del Vaticano), папская суверэнная дзяржава, цэнтр каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — папы рымскага. Размешчана ў Рыме — сталіцы Італіі, на ўзгорку Монтэ-Ватыкана, на зах. беразе р. Тыбр. Пл. 0,44 км². Нас. 811 чал. (1992), у т. л. 402 чал. маюць ватыканскае грамадзянства. Ватыкану належаць асобныя тэрыторыі з 13 будынкамі ў Рыме па-за дзярж. межамі агульнай пл. 0,7 км²: 3 саборы, шэраг палацаў і вілаў. Каля Рыма ў замку Кастэль-Гандольфа летняя рэзідэнцыя папы. Афіц. мовы лац. і італьянская. Нац. свята — дзень узвядзення на прастол рымскага папы Іаана Паўла II (22 кастр.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1929, Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы — папа рымскі, які выбіраецца пажыццёва на канклаве — спец. сходзе выбаршчыкаў (удзельнічаюць кардыналы не старэй за 80 гадоў). Яму належыць вярхоўная заканад., выканаўчая і суд. ўлада. Папа прадстаўляе Ватыкан у міжнар. справах, заключае, ратыфікуе і дэнансуе міжнар. дагаворы і канкардаты, прымае дыпламат. прадстаўнікоў і прызначае паслоў (нунцыяў) у інш. краінах. Кіраўніцтва рэліг., паліт. і эканам. дзейнасцю Ватыкана належыць Рымскай курыі (урад Ватыкана). У яе ўваходзяць статс-сакратарыят, 9 кангрэгацый (дэпартаментаў), 3 трыбуналы, 3 сакратарыяты і інш. Статс-сакратарыят узначальвае звычайна кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў. Асн. дэпартаменты ўзначальваюць кардынальскія камісіі на чале з прэфектам або прэзідэнтам. У склад Рымскай курыі ўваходзяць таксама кардынальская калегія і сінод каталіцкай царквы. Ахова Ватыкана і цырыманіяльныя функцыі ўскладзены на швейц. гвардыю і папскую жандармерыю.
Гісторыя. Назва Ватыкан паходзіць ад назвы аднайм. ўзгорка на беразе р. Тыбр, дзе ў раннім сярэднявеччы быў пабудаваны палац, які з канца 14 ст. стаў пастаяннай рэзідэнцыяй кіраўніка каталіцкай царквы (гл.Каталіцызм, Папская вобласць, Папства). Пасля аб’яднання Італіі і далучэння да яе Рыма (1870) была ліквідавана свецкая ўлада папы рымскага. Папа не прызнаў аб’яднанай італьян. дзяржавы і абвясціў сябе «ватыканскім вязнем». Канфлікт паміж Апостальскай сталіцай і ўрадам Італіі быў ліквідаваны ў 1929 Латэранскімі пагадненнямі, паводле якіх была ўтворана дзяржава Ватыкан і вызначаны яе сучасныя межы. Ватыкан падтрымлівае дыпламат. адносіны з больш як 125 краінамі свету, з ліст. 1992 — з Рэспублікай Беларусь. Прадстаўлены ў ААН.
Гаспадарка. Эканам. асновай дзяржавы з’яўляюцца даходы ад капіталаўкладанняў і ахвяраванняў. Ватыкан — адзін з буйнейшых у свеце акцыянераў і капіталаўласнікаў. Кошт акцый і інш. каштоўнасцей Ватыкана, уключаючы залатыя запасы, неафіцыйна ацэньваецца больш як у 13 млрд.дол. ЗША. Ватыкан валодае буйной нерухомасцю ў Італіі, Іспаніі, ФРГ, лацінаамер. краінах. Пастаянны даход прыносіць продаж паштовых марак, турысцкіх сувеніраў, рэліг. л-ры, плата за наведванне музеяў. У Ватыкан сцякаюцца таксама значныя сродкі ў выглядзе паступленняў ад вернікаў, збораў ад падаткаў і інш.Сусв. цэнтр рэліг. паломніцтва і турызму. Выраб мазаік і уніформы для персаналу. Чыг. станцыя. Грашовая адзінка — ватыканская ліра.
Друк, радыё, тэлебачанне. Афіц. ўрадавы орган — бюлетэнь «Acta Apostolicae Sedis» (з 1909). Выходзіць штодзённая газ. «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік», з 1861). Сярод інш.перыяд. выданняў: «Ecclesia», «Latinitas». Інфармац. агенцтва — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Працуе шматмоўны выдавецкі цэнтр. «Радыё Ватыкана» (з 1931) вядзе перадачы на 35 мовах. Тэлевіз. праграмы рыхтуе і трансліруе Тэлевізійны цэнтр Ватыкана (з 1983).
Навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Гал. папскія навук. ўстановы: Папская акадэмія навук (засн. ў 1603, адноўлена ў 1936), Рымская каталіцкая акадэмія св. Фамы Аквінскага (з 1879), Папскі біблейскі ін-т (з 1909). Ун-ты: Папскі Грыгарыянскі універсітэт (з 1553), Папскі ун-тсв. Фамы Аквінскага (з 1580), Папскі Урбаніянскі універсітэт (з 1627), Папскі Латэранскі ун-т (з 1824). Ватыканская астр. абсерваторыя (з 1576) старэйшая ў Еўропе.
У музейны комплекс Ватыкана ўваходзяць: Пінакатэка (італьян. жывапіс 11—18 ст. — творы Фра Анджэліка, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, М.Караваджа, Зала Рафаэля), музеі Егіпецкі, Этрускі (каштоўны збор керамікі), Піо-Клеменціна і К’ярамонці (зборы ант. скульптуры), галерэя сучаснага мастацтва, Сіксцінская капэла, Станцы і Лоджыі Рафаэля, галерэя габеленаў, Ватыканская Апостальская бібліятэка разам з Хрысціянскім (каштоўныя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва) і інш. музеямі.
Архітэктура. Арх. комплекс Ватыкана ўключае культавыя, палацавыя і крапасныя збудаванні, якія спалучаюцца з творамі садова-паркавага мастацтва. Уваходам у Ватыкан служыць авальная плошча св. Пятра з каланадамі (1657—63, арх. Л.Берніні), што вядуць да буйнейшага каталіцкага храма — сабора св. Пятра (1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж.Віньёла, Дж. дэла Порта, К.Мадэрна і інш.). У інтэр’еры сабора — мармуровае «Аплакванне Хрыста» Мікеланджэла (каля 1497—98), бронзавы балдахін (1624—33), кафедра (1657—66) і надмагіллі работы Берніні, «Брама смерці» (1947—64, скульптар Дж.Манцу). На Пн ад сабора размешчаны палацавы комплекс. У яго ўваходзяць капэлы Мікалая V (1440-я г., фрэскі Фра Анджэліка), Сіксцінская (1473—84, фрэскі Мікеланджэла, П.Перуджына, С.Батычэлі, Д.Гірландайо) і Пааліна (1540, арх. А. да Сангала Старэйшы, фрэскі Мікеланджэла, 1542—50), апартаменты Борджа (фрэскі Пінтурык’ё, 1493—94); Лоджыі і Станцы (залы), размаляваныя Рафаэлем і яго вучнямі; двары Сан-Дамаза і Бельведэр (паміж 1503—45, праект Брамантэ); парадны ўваход у палац — Каралеўская лесвіца (Скала Рэджа, 1663—66, Берніні). У садах Ватыкана — Казіно Пія IV (1558, арх. П.Лігорыо), Пінакатэка. Уласнасцю Ватыкана з’яўляюцца раннехрысц. базілікі Сан-Джавані ін Латэрана, Санта-Марыя Маджорэ і Сан-Паала фуоры ле Мура (усе — 4 ст.), Латэранскі палац (16 ст.) і інш. будынкі ў Рыме. Помнікі архітэктуры Ватыкана ўключаны ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.
Літ.:
Музеи Ватикана. Рим: Альбом. М., 1974;
Bonaventura M.A. La Città del Vaticano. Roma, [1971].
Н.К.Мазоўка (дзяржаўны лад, гісторыя, друк, радыё, тэлебачанне, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы).
Герб і сцяг Ватыкана.Да арт.Ватыкан. Плошча св. Пятра.Да арт.Ватыкан. Папа рымскі Іаан Павел II бласлаўляе дзяцей-чарнобыльцаў з Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫ КУРС,
цана грашовай адзінкі (валюты) адной краіны, выражаная ў грашовых адзінках інш. краін ці міжнар. валютных адзінках (СДР, ЭКЮ). Фактычна гэта прапорцыя абмену валют ці каэфіцыент пераліку адной валюты ў другую. Валютны курс неабходны для ўзаемнага абмену валютамі пры гандлі таварамі, паслугамі і руху капіталаў, параўнання цэн на сусв. і нац. рынках, вартасных паказчыкаў развіцця краін, пераацэнкі рахункаў у замежнай валюце. Адрозніваюць валютны курс: фіксаваны, плаваючы і зменлівы. Пры фіксаваным валютным курсе афіцыйна ўстанаўліваюцца суадносіны нац. валют на аснове валютнага парытэту; гэта характэрна для краін — членаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), якія ўстанавілі залатую вартасць сваёй нац. валюты, яе парытэт адносна долара ЗША і не дапускалі ваганняў ад яго больш як на 1%. Аднак большасць краін — членаў МВФ вымушаны былі дэвальвіраваць свае валюты, і валютны курс фактычна вагаўся пад уплывам попыту і прапановы (зменлівы валютны курс). У 1973 уведзены плаваючы валютны курс, які прадугледжвае свабоду выбару рэжыму валютнага курсу пры ўвязцы яго змен з дынамікай курсу валют інш. краін ці валютнага кошыка. Напр., краіны — члены Еўрапейскай валютнай сістэмы ў рамках рэжыму плаваючага курсу практыкуюць узгадненне адносных ваганняў валютнага курса. Для афіц. ўстанаўлення курсу замежных валют нац. ці буйныя камерцыйныя банкі краіны праводзяць каціроўку: курс грашовай адзінкі замежнай валюты выражаюць у пэўнай колькасці нац. валюты (прамая каціроўка, прынятая ўсімі краінамі); толькі ў Вялікабрытаніі існуе адваротная валютная каціроўка: за адзінку прыняты фунт стэрлінгаў, які выражаецца ў пэўнай колькасці замежнай валюты. Механізм фарміравання і вагання валютнага курса істотна залежыць ад ступені эканам. развіцця, дзелавой актыўнасці і прынцыпаў валютнай сістэмы краіны. Для стабілізацыі курсу нац. валюты дзяржава прымае адпаведныя загады, у т. л. і валютную інтэрвенцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДЫЯ (Ireland),
востраў у складзе Брытанскіх а-воў, другі па велічыні пасля в-ва Вялікабрытанія. Большую ч. вострава займае дзяржаваІрландыя, на ПнУ — тэр. Вялікабрытаніі (Паўночная Ірландыя). Абмываецца Атлантычным ак., аддзелены ад в-ва Вялікабрытанія Ірландскім м. і пралівамі Паўночным і Св. Георга. Пл. 84 тыс.км². Працягваецца з Пн на Пд на 450 км, з 3 на У — каля 300 км. Нас. 3,5 млн.чал. (1993) у Ірландыі і 1,6 млн.чал. (1991) у Паўн. Ірландыі. Усх. берагі пераважна нізінныя, паўд. — мелкабухтавыя, зах. — парэзаны глыбокімі залівамі са шматлікімі прыбярэжнымі скалістымі астравамі У цэнтр. раёнах пераважаюць нізіны, на Пд і каля ўзбярэжжаў — глыбока расчлянёныя нізкагор’і і сярэднягор’і з найвыш. гарамі Керы (г. Карантуіл, 1041 м). Геал. будова б.ч. тэрыторыі І. прадстаўлена сістэмай брыт. каледанід і складзена з метамарфічных парод дакембрыю (крышт. сланцы, гнейсы, мігматыты, граніты) і неметамарфічных парод ніжняга палеазою (пясчанікі, сланцы, кангламераты, туфы). На ПнЗ і крайнім Пд развіты герцыніды дэвону і карбону (пясчанікі, кангламераты, сланцы, вапнякі і вугляносныя пароды). На ПнУ пашыраны мезазойскія марскія адклады і палеагенавыя платобазальты. Радовішчы поліметалічных руд, каляровых металаў, фасфарытаў, каменнага вугалю, вял. запасы торфу. Клімат умераны акіянічны. Сярэднія т-ры студз. 5—8 °C, ліп. 14—16 °C. Ападкаў 700—1500 мм, у гарах месцамі больш за 2000 мм за год. Густая сетка паўнаводных рэк (найб.р. Шанан), шмат азёр і балот. Тарфянікавыя і верасовыя пусткі, гаі з дубу, бярозы, хвоі. Вял.ч. тэрыторыі займаюць лугі. На землях, што пад ворывам, вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, цукр. буракі, бульбу. Рыбалоўства. Нац. паркі Гленвя, Кіларні. Некалькі рэзерватаў. Найб. гарады Дублін (Ірландыя) і Белфаст (Паўн. Ірландыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФ (Korinthos),
горад у Грэцыі, на Пн в-ва Пелапанес. Адм. ц. нома Карынфія. Каля 30 тыс.ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Карынфскім канале (вываз разынак, аліўкавага алею). Буйнейшы ў краіне нафтаперапр.з-д. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі.
У старажытнасці — горад-дзяржава (поліс). Засн., верагодна, у 9 ст. да н.э.дарыйцамі. У 8—7 ст. да н.э. буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр (вырабы з бронзы і керамікі), стварыў калоніі Сіракузы, Керкіра, Патыдэя і інш. У 7—6 ст. да н.э. дасягнуў найб. росквіту. У канцы 6 ст. да н.э. ўступіў у Пелапанескі саюз, удзельнічаў у грэка-персідскіх войнах 500—449 да н.э. Супярэчнасці паміж Афінамі і К. былі адной з прычын Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. Вёў Карыкфскую вайну 395—387 да н.э. У 243 да н.э. ўвайшоў у Ахейскі саюз. У 146 да н.э. захоплены і разбураны рымлянамі, у 46 да н.э. адбудаваны, з 27 да н.э.гал. горад рым. правінцыі Ахая. У 51 н.э. заснавана першая хрысц. абшчына. У 395 разбураны вестготамі, у 521 — моцным землетрасеннем. Пасля аднаўлення (522—523) — крэпасць. З 1205 пад уладай Візантыі, у 1455—1822 у складзе Асманскай імперыі. Сучасны К. адбудаваны за 6 км на ПдЗ ад старажытнага пасля моцнага землетрасення 1858. З 1896 вядуцца рэгулярныя археал. раскопкі. Захаваліся: храм Апалона (каля 550 да н.э.), рым. агара (15 н.э.), грэч. і рым. жыллёвыя кварталы, храмы, адэон, тэатр рым. часоў; ант. і сярэдневяковыя ўмацаванні на гары Акракарынф; руіны свяцілішча Пасейдона (5 ст. да н.э.), стадыёна пач. 4 ст. да н.э., рым. тэатра і тэрмаў; крэпасць Юстыніяна 6 ст., рэшткі ант. і сярэдневяковых абарончых збудаванняў.