ДМО́ЎСКІ ((Dmowski) Раман Станіслаў) (9.8.1864, Камёнак, каля Варшавы, Польшча — 2.1.1939),

польскі паліт. дзеяч, публіцыст. Ідэолаг польскага нацыяналізму. Скончыў Варшаўскі ун-т (1890). З 1888 чл. тайнай арг-цыі «Саюз польскай моладзі», з 1890 — Польскай лігі, якую ў 1893 разам з З.Баліцкім ператварыў у Нац. лігу. Заснавальнік (1895) і выдавец час. «Przegląd Wszechpolski» («Усяпольскі агляд»), на старонках якога сфармуляваў праграму польскага нац. руху. У 1907—09 дэпутат і кіраўнік «Польскага кола» (аб’яднанне польскіх дэпутатаў) у рас. 2-й і 3-й Дзярж. думах. У 1917 у Парыжы арганізаваў Польскі нац. к-т, мэтай якога было аднаўленне незалежнай Польшчы. У 1923 міністр замежных спраў. Пасля прыходу да ўлады Пілсудскага ў 1926 стварыў апазіцыйны «Лагер Вялікай Польшчы». Адмоўна ставіўся да бел. нац. руху, лічыў, што ўся Зах. і Цэнтр. Беларусь павінна ўваходзіць у склад польскай дзяржавы, выказваўся за асіміляцыю беларусаў і ўкраінцаў. Распрацаваў асновы нац.-дзярж. арганізацыі 2-й Рэчы Паспалітай. Аўтар кн. «Германія, Расія і польскае пытанне» (1908), «Польская палітыка і аднаўленне польскай дзяржавы» (1925), «Царква, народ, дзяржава» (1927), «Пасляваенны свет і Польшча» (1931).

Літ.:

Wapiński R. Roman Dmowski. Lublin, 1988.

т. 6, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)