ЭТАТЫ́ЗМ (ад франц. état дзяржава),
узмацненне ролі дзяржавы ў эканам., сац., культ. жыцці грамадства, навук. і інш. сферах жыццядзейнасці. У сац. і прававой сферах гэта выяўляецца ў больш жорсткім паліт. і бюракратычным кантролі, у выкарыстанні жорсткіх абмежаванняў усяго, што расцэньваецца як парушэнне законнасці і правапарадку, і ў абмежаванні правоў і свабод асобы. Найб. жорсткія тыпы Э.: актыўнае ўмяшанне дзяржавы ў эканам. жыццё грамадства, нацыяналізацыя прадпрыемстваў, стварэнне велізарнага сектара дзярж. эканомікі, валоданне падатковымі, фін. і інш. сродкамі эканам. рэгулявання, кантроль за цэнамі і зарплатай, выкарыстанне метадаў жорсткага планавання і г.д. У барацьбе супраць Э. сфарміравалася эканам. ідэалогія лібералізму, якая прадугледжвае поўную эканам. свабоду прадпрымальніцтва, заснаваную на рыначных механізмах самарэгулявання таварна-грашовых адносін. Існуе думка, што дзярж. ўмяшанне ў грамадскае жыццё не павінна перавышаць неабходнай дастатковасці: яно павінна быць абумоўлена неабходнасцю дзярж. рэгулявання інфарм. і некаторых інш. прынцыпова новых сфер грамадства, узмацненнем барацьбы з новымі відамі крымін. злачынстваў, правядзеннем актыўнай рэгіянальнай палітыкі, расшырэннем міжнар. сувязей і інш. Фарміраванне грамадзянскай супольнасці і ўзмацненне яе кантролю над дзяржавай, узмацненне асноў самакіравання, расшырэнне ўплыву паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў вядзе да істотнага абмежавання ролі дзяржавы ў грамадскім жыцці.
І.В.Катляроў.
т. 18, кн. 1, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)