Іва́н-трава́ ’кветкі, якія рвалі на Івана–Купалу і ставілі на кут’ (Сцяшк. МГ). Назва ива́н‑трава́ шырока вядома ў рус. гаворках: кур. ’Chrysanthemum Leucanthemum’, алан., дан. ’Epilobium angustifolium’, наўг. ’Pedicularis palustris’, перм. ’Centaurea sibirica’, укр. іва́н‑зі́лля ’расліна Hysopus offic.’ (Грынч.); параўн. таксама рус. ива́н‑чай, укр. іва́н‑чай. Відаць, узыходзіць да выразу *Івань трава, утворанага паводле архаічнай мадэлі «прыналежны прыметнік + назоўнік»; аб структуры гэтай мадэлі гл. Мяркулава, Очерки, 130.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

грэць, грэю, грэеш, грэе; незак., каго-што і без дап.

1. Перадаваць сваю цеплыню; саграваць. Сонца грэе. Печ добра грэе кватэру. □ Шчыльна прытуліўшыся,.. [хлопчыкі] маглі грэць адзін аднаго. Маўр. // Захоўваць цеплыню, засцерагаць ад холаду. Кажух добра грэе. □ Хоць вецер змоўк і стала зацішней, не грэе коўдра мне старых касцей. Дубоўка. // перан. Абнадзейваць, паднімаць настрой. Помні.. Слова, што ў любой нягодзе грэла Кожную пакутную душу. Кірэенка. Прабіраючыся па сумётат дахаты, .. [Дзіма] грэе сябе марай аб шчаслівай будучыні. Якімовіч.

2. Рабіць цёплым, гарачым; награваць. Грэць чай. □ У хаце.. Сабастыяніха грэла на камінку ваду. Чорны.

3. Разм. Біць. — У-у, ты, бесхрыбетны! — і Марцін грэў Станіслава па плячах кулаком. Карпюк.

•••

Грэць рукі — нажывацца несумленным спосабам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

багаты́р, ‑а, м.

1. Той, хто валодае вялікай маёмасцю, мае многа грошай; багач. [Настаўнік:] — Вы толькі падумайце: маленькая жменька дваран і багатыроў села вам на карак, захапіла лепшыя землі, жыве з вашае працы і вас жа катуе. Колас. [Павал:] — Калі я цяпер узбіўся на добрую.. гаспадарку, дык ужо мяне багатыром лічаць. Чорны.

2. Казачны асілак, волат; вялікай сілы і адвагі чалавек, воін. Я не жартуючы хацеў бы пусціць па краіне мастацкае палатно, падобнае па зместу да «Багатыроў» Віктара Васняцова. Толькі сучаснае, аб нашых багатырах, якія стаяць на варце спакою і волі краіны. Брыль. // перан. Пра што‑н. велічнае, магутнае. Вось які ты, слаўны Кіеў, Старажытны багатыр! Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаці́ць, гачу, гаціш, гаціць; незак., што.

1. Рабіць гаць, пракладваць дарогу цераз балота ці гразкае месца. Балота аказалася такое пражорлівае, што сем год гацілі яго і пяском, і каменнем. Бажко.

2. Перакрываць, запруджваць ваду ў рацэ плацінай. Вось тады, калі стыхія вады крышыла грэблю, я парашыў канчаткова: стану інжынерам, буду гаціць рэкі, будаваць электрастанцыі, каб было людзям святло, а палям вада. Хомчанка.

3. перан. Траціць на што‑н. бязмерна вялікія сродкі. Яшчэ і сёння між калгаснікаў ідуць спрэчкі аб тым, ці варта было гаціць такую процьму грошай на гэту механіку. Палтаран.

•••

Хоць гаць гаці каго-чаго — вельмі многа, вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Сяброў у Кузьміча — хоць гаць гаці! Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адвяза́цца, ‑вяжуся, ‑вяжашся, ‑вяжацца; зак.

1. Развязаўшыся, аддзяліцца (аб вяроўцы, канаце і пад.). // Вызваліцца ад прывязі, стаць непрывязаным. Конь адвязаўся. □ Тыя, якія раней за іншых адвязаліся ад сваіх парашутаў, без усялякай каманды, механічна, пасталі з аўтаматамі на варту. Чорны.

2. перан. Разм. Пазбавіцца ад каго‑н. дакучлівага, назойлівага або непрыемнага, нежаданага. Рыгору хацелася скарэй адвязацца ад гаспадыні. Гартны. Небяспечны чалавек, — падумаў пан. — ..Ніяк цяпер не адвяжашся ад гэтага д’ябла ў чорнай сутане. Бядуля.

3. перан. Разм. Перастаць дакучаць каму‑н. Адвяжыся, аса-назола! — жартаўліва замахваўся на бабку дзед. Даніленка. [Лаяна:] — Скажу вам яшчэ болей, каб вы ўрэшце адвязаліся ад мяне і не ліплі, як назойлівыя мухі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адступле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. адступіць (у 1–4 знач.).

2. Устаўка ў тэкст якога‑н. літаратурнага твора, не звязаная з яго асноўнай тэмай або сюжэтнай лініяй; устаўка ў вуснае апавяданне. Пасля гэтага невялікага філалагічнага адступлення, мы вярнуліся зноў да пытання аб чайках. В. Вольскі. // Адхіленне ад тэмы даклада, паведамлення. — Праўда, час тады быў іншы, не такі, як цяпер, — Андрэй Давыдавіч абвёў зрокам прысутных, нібы просячы ў іх дазволу зрабіць маленькае адступленне ўбок. Кулакоўскі.

•••

Лірычнае адступленне — а) прасякнутая лірыкай, эмоцыямі частка мастацкага твора, якая перапыняе паслядоўнае развіццё сюжэта (рамана, аповесці, паэмы і пад.); б) перан. Адхіленне ад тэмы гаворкі, бяседы пад уплывам якіх‑н. уласных пачуццяў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсу́нуцца, ‑сунуся, ‑сунешся, ‑сунецца; зак.

1. Перамясціцца на нейкую адлегласць; пасунуцца. Світае... За кратамі, паміж веццем дзвюх бяроз, там, дзе быў месяц, які ўжо адсунуўся і паблек, палоссе перастала кланяцца, заціхла, чакаючы сонца. Брыль. // Размясціцца далей, аддаліцца. Бабуля адсунулася на самы край лаўкі, у цянёк пад ліпай, але і тут яе даставалі гарачыя прамені. Сіняўскі. // перан. Стаць менш значным, менш важным. Кожны думаў цяпер толькі аб тым, каб выратавацца і выжыць, а ўсё іншае адсунулася ўбок. Маўр.

2. Адчыніцца, адкрыцца, раскрыцца, адхінуцца. Шэрая тканіна адсунулася ад запечка, напялася, задрыжала, як на ветры, знікла. Пташнікаў. У гэты час загрукалі жалязякі, і дзверы адсунуліся. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адхілі́ць, ‑хілю, ‑хіліш, ‑хіліць; зак., што.

1. Хілячы, адвесці ўбок, прыняць; адхінуць; адвярнуць. Асцярожна адхіліў .. [Міколка] бацькаву руку ад рэгулятара. Лынькоў. [Аляксей] улавіў Зосіна хваляванне, сціснуў яе галаву далонямі і асцярожна адхіліў ад сваіх грудзей. Карпаў.

2. Адняць, адхінуць што‑н. прыхіленае; адгарнуць, адагнуць (край, канец чаго‑н.). Ванева мама адхіліла посцілку, якая вісела.. замест дзвярэй, унесла вядро з вадой, кубак, стала паліваць вазоны. Карпюк.

3. перан. Не прыняць, не прызнаць, адвергнуць. Адхіліць абвінавачанне. Адхіліць просьбу, прапанову. // Не дапусціць, прадухіліць. Хлопец адчуваў — на яго насоўваецца бяда, але ён не меў сілы адхіліць яе. Гамолка. Маленькае ўласнае захапіла.. [Хадкевіча] у палон, моцнай рукой адхіліла ўсё пабочнае, загадала думаць толькі аб сабе. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акрамя́, прыназ. з Р.

1. Апрача, за выключэннем каго‑, чаго‑н., не лічачы каго‑, чаго‑н. У пакоі нікога не было, акрамя старой. Самуйлёнак. Ёсць пахвалы, якія для разумнага чалавека горш за разгром, бо ён адчувае, што аб яго працы больш нічога нельга сказаць, акрамя агульных слоў — «добра», «варта ўвагі», «крок наперад», «уклад у навуку, літаратуру». Шамякін.

2. Больш каго‑, чаго‑н., у дадатак да каго‑, чаго‑н. Акрамя «зайцавага хлеба» ў бацькавай скрынцы бывае шмат якіх цікавых рэчаў. Лынькоў.

•••

Акрамя таго (у знач. пабочн.) — да таго ж. Акрамя таго, .. [вучням] хацелася адчуваць сябе незалежнымі і сталымі, і яны не заўважылі, як зноў ператварыліся ў свавольных і смяшлівых дзяцей. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Дакладна вызначыць межы чаго‑н. (тэрыторыю распаўсюджання, кола пытанняў ці абавязкаў, аб’ём матэрыялу і пад.). Тут жа гуртам акрэслілі круг Саўкавых абавязкаў, а таксама дамовіліся і аб плаце. Колас. Сябры! У будаўнічых рашучых паходах, Дзе сэрцы палаюць любімай зарой, На карце вялікіх жывых пяцігодак Мы творчыя справы акрэслім мяжой. Куляшоў. У новай гаспадарцы трэба было нанава перагледзець планы, вызначыць напрамак развіцця, акрэсліць задачы на бягучы год. Дуброўскі. // Вызначыць месцазнаходжанне чаго‑н. Карэкціроўшчык.. сядзеў на зрубе адрынкі, стараючыся праз бінокль.. дакладна акрэсліць месцазнаходжанне браневіка. Брыль.

2. Даць азначэнне чаму‑н., вызначыць якое‑н. паняцце. [Галіна:] — Ці здолеў бы ты, Лявоне, акрэсліць, што такое чалавечае шчасце? Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)