СНЯДЭ́ЦКІ (Śniadecki) Ян (29.8.1756, г. Жнін Куяўска-Паморскага ваяв., Польшча —21.11.1830),

польскі і рас. астраном, матэматык і філосаф. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1808). Брат А.​Снядэцкага. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі і ун-тах Еўропы. У 1792—1803 дырэктар Кракаўскай астр. абсерваторыі, у 1806—25 — Віленскай астранамічнай абсерваторыі. Адначасова ў 1806—15 рэктар Віленскага ун-та. Навук. працы па матэматыцы, астраноміі, філасофіі і гісторыі навукі. Вёў сістэм. назіранні Сонца, Месяца, планет і камет, адкрыў (незалежна ад Г.​В.​Ольберса) малую планету Паладу (1802). Даследаваў 4 сонечныя і 2 месяцавыя зацьменні, а таксама рух каметы 1811, зацьменні спадарожнікаў Юпітэра і пакрыцці зорак Месяцам. Падтрымліваў і папулярызаваў вучэнне М.​Каперніка) пры вырашэнні філас. праблем навукі стаяў на пазіцыях матэрыялістычнага сенсуалізму. Аўтар прац аб жыцці і навук. дзейнасці Каперніка, Ж.​Лагранжа і М.​Пачобута-Адляніцкага. Удзельнічаў у рабоце Адукацыйнай камісіі. Яго асветніцкая дзейнасць спрыяла пашырэнню матэм. і прыродазнаўчых ведаў, яго кнігамі па матэматыцы, астраноміі і геаграфіі карысталіся ў тагачасных навуч. установах.

Літ.:

Рыбка Е.В. Ян Снядецкий: (К 200-летию со дня рождения) // Историко-астрономические исследования. М., 1956. Вып. 2;

Ченакал В.Л. Ян-Батист Снядецкий и Иоганн-Элерт Боде // Там жа. 1966. Вып. 9;

Библиография русской астрономической литературы 1800—1900 гг. М., 1968 (Тр. Гос. астроном. ин-та;

Т. 37);

Bartnicka K. Działalność edukacyjna Jana Śniadeckiego. Wrocław, 1980.

А.​І.​Болсун.

Я.Снядэцкі.

т. 15, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)