СІКХІ́ЗМ (ад сікхі),

рэлігія, якая ўзнікла ў 16 ст. ў Паўн.-Зах. Індыі. Засн. ў Пенджабе гуру Нанакам. Пасля яго смерці пропаведзь С. працягвалі 9 гуру (усе яны лічацца пераўвасабленнямі Нанака). Спалучае рысы індуізму і ісламу. Паслядоўнікі С. (сікхі) адмаўляюць індуісцкую ідэю Мнагабожжа, вераць у адзінага Бога, які ўвасабляе ў сабе Тварца, Захавальніка і Разбуральніка. Спасціжэнне Бога сікхі лічаць магчымым для кожнага чалавека, які прытрымліваецца шляху любові, веры, адданасці і разважанняў аб божых дзеяннях. С. адмаўляе каставую сістэму, складаную абрадавасць, аскетызм і пустэльніцтва. Свяшчэнная кніга сікхаў Адыгрантх (санскр. «спрадвечная кніга») аб’ядноўвае гімны 10 гуру С., а таксама гімны Кабіра (15 ст.), Намдзева (15 ст.), Фарыда (13 ст.), Джаядзевы (14 ст.) і інш. прадстаўнікоў індуізму і суфізму. Адмаўленне каставай сістэмы забяспечыла папулярнасць С. сярод сялян і рамеснікаў. У пач. 18 ст. ідэалогія С. паслужыла асновай для барацьбы супраць імперыі Вялікіх Маголаў. У 1765 сікхі стварылі незалежную дзяржаву, у 1849 у выніку Англа-сікхскіх войнаў страцілі незалежнасць. У сучаснай Індыі С. прытрымліваюцца каля 2% насельніцтва (пераважна штат Пенджаб). Рэліг. цэнтр С. — г. Амрытсар, дзе ў «Залатым храме» захоўваецца кніга Адыгрантх.

Літ.:

Семенова Н.И. История сикхского движения в Индии. М., 1963;

Бельский А.Г., Фурман Д.Е. Сикхи и индусы: Религия, политика, терроризм. М., 1992;

Индуизм. Джайнизм. Сикхизм: Словарь. М., 1996;

Гуру Нанак. Джап джи: Пер. с инд. // Всемир. лит. 1999. №8.

т. 14, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)