Трэ́шчына ‘шчыліна на месцы разлому’ (ТСБМ; навагр., ЛА, 4), тры͡ешчына ‘тс’ (Вруб.), трі́шчына ‘тс’ (кам., ЛА, 4). Укр. трі́шчына, рус. трещина. Усходнеславянскае. Утворана ад прасл. *trěsk‑ъ і суф. *‑ina, гл. трэск.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Турсу́чыць ‘трэсці, вытрасаць’ (Сцяшк. Сл.), ‘трасці, трусіць’ (калінк., Арх. ГУ). Параўн. рус. дай. турсу́чить ‘торгаць, тузаць, рваць’. Няясна (Фасмер, 4, 125). Можна дапусціць сувязь з папярэднім словам у якасці дзеяслова працяглага дзеяння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэра́са ‘ўступы зямлі або прыбудова перад домам’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Пятр.). Відаць, праз рус. терра́са ‘тс’, што, у сваю чаргу, з франц. terrasse ‘земляны насып’, звязанага з лац. terra ‘зямля’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ігу́мен, ігу́мення ’настаяцель (настаяцельніца) праваслаўнага манастыра’. Ст.-бел. игуменъ (Гіст. лекс., 121) < ст.-рус. игуменъ (XI ст., Сразн.) < ст.-слав. игоуменъ, грэч. ἡγούμενος ’кіраўнік, вядучы’. Фасмер, 2, 117; Шанскі, 2, I, 8.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́ка1 ’старац, пераважна сляпы, які жабруе, спяваючы духоўныя вершы’ (БРС, ТСБМ). Выглядае як кніжнае слова, відаць, з рус. калика ’тс’. У рус. мове слова пэўнай этымалогіі не мае, хоць неаднаразова разглядалася. Многія аўтары лічаць этымалагічна роднасным калека (гл.), паводле іншых — слова суадносіцца з калига ’назва абутку’ (так, яшчэ ў Даля, 2, 190). Назва абутку узводзіцца да с.-грэч. καλίκια (аб этымалогіі гл. Фасмер, 2, 167). Фасмер (там жа) мяркуе аб магчымасці аднясення слова да ўсходняй лексікі і параўноўвае з адзначаным у шэрагу цюрк. моў kalyk ’народ, людзі’ (слова арабскага паходжання). Адносна гэтай версіі Севарцян (Лексикографический сборник. V, M., 1962, 28) адзначаў такую этымалогію як спрэчную, паколькі цяжка вытлумачыць і з боку семантыкі і па іншых прычынах рус. калика з цюркізаванай кыпчакскай формы арабск. xalq ’народ’. Вахрас (Наим. об., 98–99) звяртае ўвагу на тое, што ў ст.-рус. мове была вядома форма калиги ў значэнні ’багамольцы’ (звычайна калига, калиги ’від абутку’). Там жа ён прымае думку Фасмера аб запазычанні слова калика з цюрк. моў. Пры гэтым Вахрасам прыводзіцца матэрыял, які даказвае, што багамольцы звычайна вандравалі дружынамі, і па гэтай прычыне цюрк. слова са значэннем ’народ’, асабліва з пейаратыўным сэнсам ’зброд, шайка’ цалкам магло быць ужыта для наймення гэтай дружыны. З шэрагу цюрк. прыкладаў, прыведзеных Вахрасам (там жа, 100), звяртае на сябе ўвагу тат. (В) форма kali̊k ’народ’, кірг., казах. і інш. qalyq ’тс’. Наколькі такая версія дастаткова надзейна абгрунтавана лінгвагеаграфічна, вырашыць цяжка. Слаўскі (2, 27) сумняваецца ў мэтазгоднасці раздзялення форм калека і калика, аднак паводле значэння і фармальна гэтыя лексемы яўна розныя. Аб магчымых працэсах (пазнейшага) іх збліжэння пісаў Даль; гістарычна, аднак, яны разыходзяцца. Спроба этымалагізаваць слова на славянскай глебе не ўяўляецца перспектыўнай. Праўда, звяртае на сябе ўвагу рус. саран., пенз. калить ’жабраваць’, валаг. ’моўчкі прасіць міласціну’, аднак слова гэта няяснае, адзначана ў мове «калунов» — прафесійных жабракоў (у Пензенскай губ.) і, магчыма, з’яўляецца аргатычнай пераробкай больш шырока вядомага ў рус. гаворках каличить ’прасіць міласціну’ і да т. п. (< калика). Ёсць і пенз. калила ’жабрак’, цвяр. каліман ’манюка’.

Калі́ка2 ’бручка, расліна Brassica napus’ (Жд. 2; рас. Шатал.). Паводле матэрыялаў Смулковай, Лекс. балтызмы, 41, слова вядома на паўночным усходзе ад Полацка і літоўска-латвійскім паграніччы. Сл. паўн.-зах. гэтай лексемы не адзначае. У формах калега, калига, каля, каляга, колега ў розных рус. гаворках, а ў форме калика. паводле Бурнапюва: «В Санкт–Петербургской и… в ближайших к остзейским губерниям местах» (СРНГ, 12, 354–355), а таксама ленінгр., наўг., пск., калін., смал. і да т. п., як каликка пецярб. Геаграфія слова як быццам пацвярджае даўняе меркаванне, што яно з’яўляецца запазычаннем. Смулкова (там жа) указвае на крыніцу запазычання з некаторых гаворак паўн.-усх. Літвы kalis ■’бручка’, якое з літ. koli̯js, kolis, kolinys ’тс’. Відавочна, што ні па фармальнаму крытэрыю, ці паводле лінгвагеаграфіі меркаванне Смулковай не з’яўляецца бездакорным. Розныя фанетычныя варыянты сведчаць на карысць запазычання ўскладненай структуры (і па гэтай прычыне нельга бачыць у бел. лексеме дэрыват ад літ. слова), а рус. форма каликка сведчыць аб уплыве фін. моў. Разам з тым названы ў Фасмера ў якасці магчымых крыніц запазычання эст. kaalik ’бручка’ фін. kaali ’капуста’ могуць быць прыняты галоўным чынам як сведчанне таго, што слова сапраўды было запазычана з фін. моў, што, між іншым, даказваецца і наяўнасцю яго ў лат. арэале. Шэраг сінонімаў (бел. немка, рус. репа∼саксонка) указвае на зыходную ням. крыніцу (Kohl ’капуста’), якую меркавалі і для фін. лексем (гл. Фасмер, 2, 167), аднак паводле фармальнага крытэрыю мэтазгодным уяўляецца бачыць у рус. і бел. прыкладах культурнае запазычанне, якое рознымі шляхамі трапіла ў балт., фін. і слав. мовы. У такім выпадку правільным здаецца аддзяленне балт. лексем ад слав., а бел. разглядаць як экспансію запазычання ў рус. мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калёныя ў выразе калёныя або вадзяныя арэхі ’расліна Trapa natans’. (Дэмб.). Адпаведнікаў у іншых бел. гаворках як быццам няма. Таксама нельга з упэўненасцю меркаваць аб іншаславянскіх паралелях. Семантыка беларускага слова не вельмі ясная. Вядома, што арэхі ўжывалі ў ежу як у сырым выглядзе, так і прыгатавання. Магчыма, слова неабходна разглядаць як вытворнае ад паліць ’смажыць і да т. п.’, параўн. рус. наўг. калить ’грэць’, кастр. ’кіпяціць ваду’, вяц. калить яйца ’запякаць яйкі ў закрытым гаршку без вады, у печцы’. Іншая магчымасць тлумачэння — сінонім, зафіксаваны таксама на Магілёўшчыне — каменныя арэхі. Калі разумець каменны як цвёрды, то калены ад паліць ’гартаваць’. Параўн. да семантыкі і формы рус. бран. калёный ’цвёрды’: «Кружовник калёный» (СРНГ, 12, 351), хоць тут, магчыма, адпаведнік бел. каляны (rл.). Разам з тым імаверна, што гэта назва адпавядае рус. дыял. колкие орехи, укр. дыял. їжачок, рагатка, ням. Stachelnuß, Spitznuß. У такім разе да калоцьf аднак словаўтварэнне не вельмі яснае. Параўн. рус. сіб. каленная ’расліна змеегалоўнік Dracoccphalum thymiflorum’ прыклад двухсэнсоўны, не выключана, што семантыка менавіта такая і паходзіць таксама ад калоць. Гл. колкай у назвах розных раслін, якія маюць калючкі. рожкі і да т. п. (СРНГ, 14, 137).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вінны1 ’вінаваты’ (БРС, Шн.; КЭС, лаг.; Бяльк., Мат. Гом.); ’той, хто мае доўг’ (КЭС, лаг.; Нас.); ’слухмяны, пакорлівы’ (Нас.). Укр. винний ’вінаваты’; ’даўжнік’, рус. пск. винный ’прычынны’, наўг., калін. ’магчымы, такі, які можа адбыцца’, ст.-рус. винный ’прычынны’; ’вінаваты, абвінавачваемы’; ’даўжнік’, польск. winny ’вінаваты, які заслугоўвае пакарання’, в.-луж. уст. winny ’вінаваты’, чэш. vinný ’тс’, славац. vinný ’вінаваты, вінны’. Паўночнаслав. прыметнік, утвораны пры дапамозе суф. ‑ьn‑ъ ад асновы назоўніка віна́1 (гл.).

Ві́нны2 ’які мае адносіны да віна’, вінны спірт, вінны перагар, вінны колер, вінны смак і інш. (БРС, КТС, Янк. Мат.; КЭС, лаг.; Бяльк.), укр. винний ’вінны, вінаградны’, рус. винный ’вінны’, паўн.-рус. ’напоўнены віном’, калуж. винная трава ’грушанка, Pirola secunda L.’ польск. winny ’вінны, вінаградны’, в.-луж. winny, чэш. vinný, славац. vínny, балг. винен ’тс’, винена болест ’эпілепсія’, ст.-слав. виньнъ. Прасл. vinьnь, якое ў некаторых паўднёваслав. мовах даўно змяніла свой канчатак ‑ьnъ на ‑ов, ‑ован, ‑jen, ‑ьски (Скок, 3, 595), відаць, таму, каб пазбегнуць аманіміі з вінны ’вінаваты’. Тое ж мы маем і ў іншых слав. мовах. Утворана ад віно́ (гл.) пры дапамозе суф. ‑ьnъ.

Вінны3 ’піковы (пра масць у картах)’ (КТС, Нас.). Утворана ад ві́на1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лістапад1 ’назва адзінаццатага месяца’ (ТСБМ, Бес., Гарэц., Нас., Бяльк., Яруш.), ’пара, калі ападае ліст з дрэў’ (Бяльк.), ’ападанне лісця восенню’ (ТСБМ). Укр. листопа́д ’тс’, рус. уладз., кур. листопад ’восень’, арханг. ’позняя восень’, наўг. ’верасень’; уладз., арханг., ярасл. ’кастрычнік’; том., вяц., перм., цвяр., кур. ’лістапад’; польск. listopad ’тс’, а ў XV ст. і ’кастрычнік’, в.-луж., чэш., славац. listopad ’лістапад’; славен. listopàd, серб.-харв. ли̏стопад ’лістапад’, ’ападанне лісця’, ’апалае лісце’, макед., балг. листопад ’час ападання лісця’, ст.-слав. листопадъ ’месяц кастрычнік’. Прасл. listo‑padъ ’ападанне лісця’ > ’час, калі ападае лісце’. Да ліст1 і па́даць (гл.). Аналагічна ўтвораны і літ. lapkritỹs ’лістапад’, дыял. ’кастрычнік’, ням. Laubfall ’ападанне лісця’, ст.-грэч. φυλλοχόος ’месяц, калі падае лісце’ (Слаўскі, 4, 285–287; Кочерган, Мовознавство, 1967, 1, 59; Стабей, ZfslPh, 1971, 36 (1), 108).

Лістапа́д2 ’туберкулёз’ (Касп.), смал. ’лаянкавае слова’. Параўн. листопа́дина, уладз. листопа́дица, алан. листопадка, смал. листопадница, смал., наўг., пск., паўн.-рус. листопадня (колотуха) ’ліхаманка’, ’гарачка’. У выніку семантычнага пераносу (агульная прыкмета — гарачка) з рус. гаворак у віц. листопад ’хвароба’ — таксама семантычны перанос з ’асенняя пара’ (калі часцей, чым летам, прастужваюцца). Параўн. яшчэ рус. дан. листопадный ’брыдкі, агідны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аскірза́цца ’агрызацца’. Укр. оскіря́тися ’выскаліцца, ашчэрыцца’, ошкіря́тися, ви́шкіряти(ся); рус. разм. оски́риться. Відавочна, таго ж кораня, што ашчэрыцца, шчэрыць (гл.). Махэк₂, 627 (пад štířiti), прыводзіць ст.-чэш. oškeřiti se, дыял. чэш. škeřit se, мар. vyskeřák (назва птушкі). Узыходзіць да і.-е. *(s)kēr‑ ’раздзяляць, рэзаць’ (Покарны, 938); параўн. літ. skìrti ’раздзяляць, раз’ядноўваць’, skir̃sti трэскацца (аб скуры, зямлі)’. Захаванне ‑ск‑ перад ‑і‑, магчыма, тлумачыцца ўплывам слоў тыпу скаліцца, склабіць. Элемент ‑з‑ дадаваўся да кораня, які дээтымалагізаваўся, аддзяліўшыся ад варыянта ‑шчэр‑, магчыма, у выніку кантамінацыі з агрызацца. На іншую магчымасць тлумачэння ‑з‑ указвае рус. дыял. паўн. карзать, корзать ’абрэзваць галлё’, славен. kŕzati ’рэзаць дрэнным нажом’, серб.-харв. кр̏зати ’сточваць’ (гл. Фасмер, 2, 199); параўн. таксама рус. дыял. карзубый, карзун ’чалавек без пярэдніх зубоў’, якое ўзводзяць да *kъrnozǫbъ, але нельга выключыць сувязь (магчыма, другасную) паміж аскірзацца і карзун, а, магчыма, таксама бел. прозвішчамі Карзон, Корзун, Карзей, Кірзей; параўн. яшчэ скаруза ’ўпарты’, скарузіцца ’ўпірацца, капрызіць’ (Касп.), рус. скоросый ’запальчывы, няўжыўчывы’. Аб корані гл. Райзензон, Проблемы лексикологии, 1973, 145–152. Для тлумачэння славянскіх форм з ‑ск‑, ‑шк‑ як запазычаных з балтыйскай няма семантычнай падставы; пашырэнне на чэшскай тэрыторыі таксама супраць гэтага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зака́ла ’помслівы чалавек’ (мядз., Нар. словатв.). Рус. дыял. зака́л ’чалавек, што крыўдзіць слабых’, пск. ’пятніца’, урал. ’зух’, польск. zakał ’чалавек, што кампраметуе блізкіх’, zakała ’ганебная, кампраметуючая рэч’, укр. уст. дыял. зака́ла ’сорам’ (Жэлях.), рус. кастр. зака́ла ’неакуратнасць, нядбайнасць’. Ст.-польск. zakał (XIV ст.) ’пляма, бруд, загана’. Параўн. чэш., славац. zákal ’пакаламучанне вады, піва, віна’. Параўн. рус. арханг., алан. зака́л ’смелы, бывалы чалавек’. Назва чалавека з адмоўнай характарыстыкай узыходзіць, відаць, як семантычны перанос да адмоўнай назвы рэчы. Можна меркаваць аб двух вытоках такога пераносу: хлеб з закальцам (закалам) ганьбіць гаспадыню, адкуль ідзе семантычны шлях: ’закалец у хлебе’ > ’нядбайнасць’ > ’ганебная рэч’, ’сорам’ > ’чалавек, што кампраметуе блізкіх’ > ’кепскі чалавек’, у тым ліку ’помслівы’, ’п’яніца’ і г. д. ’Пакаламучанае віно’ > ’кепскае віно’ > ’кепская рэч’ > ’кепскі чалавек’. Адносна другога шляху важна ўлічыць адцягненае, пераноснае ўжыванне слова ўжо ў XIV ст. у ст.-польск., якое можа ўзыходзіць да ст.-чэш. (суч. чэш. zákal тлумачыцца як аддзеяслоўны бязафіксны назоўнік ад zakaliti да кал ’бруд’, параўн. каламуціць). Гл. закалец. Рус. зака́л ’смелы, бывалы чалавек’, ’зух’ можа быць непасрэдна ад закалять(ся) ’гартавацца, атрымліваць вопыт’ і хутчэй не звязана са словамі са знач. адмоўнай характарыстыкі чалавека.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)