ПАПЕ́РНЯ,

вадасховішча ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Заполле. Створана на р. Зальвянка ў 1950 для энергет. мэт (працавала ГЭС Паперня). Пл. 1,8 км², даўж. 4,2 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 3,1 м, аб’ём вады 2 млн. м³, даўж. берагавой лініі 12,1 км. Катлавіна рэчышчавага тыпу. Берагі парослыя лесам, правы высокі, бліжэй да плаціны паніжаецца і пераходзіць у забалочаную раўніну, левы ў вярхоўі нізінны, забалочаны, на астатнім працягу павышаецца. Ваганні ўзроўню на працягу года да 0,3 м. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, адпачынку.

т. 12, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-АСТА́ШКАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Рэчыцкім і Калінкавіцкім р-нах Гомельскай вобл., каля в. Асташкавічы. Адкрыта ў 1972. Распрацоўваецца з 1976. Паклады нафты пл. каля 6 км² прымеркаваны да міжсалявых і часткова да падсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Нафтаносны гарызонт залягае на глыб. 2930—3270 м. Пароды-калектары — другасныя даламіты ад порыста-кавернозна-трэшчынаватага да кавернозна-порыста-трэшчынаватага тыпу. Нафта лёгкая, маласярністая, парафіністая. Разведаныя запасы 20,3 млн. т, перспектыўныя 5,1 млн. т.

А.​П.​Шчураў.

т. 12, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТФО́РМАВЫ ЧАХО́Л, асадкавы чахол,

верхні структурны ярус платформ, складзены з асадкавых неметамарфізаваных горных парод. Залягае на фундаменце платформавым крышталічным з рэзкай рэгіянальнай структурнай і стратыграфічнай нязгоднасцю. Пласты парод П.ч. залягаюць гарызантальна або паката, паступова мяняюць па плошчы магутнасць (ад адзінак і дзесяткаў метраў на шчытах да тысяч метраў на плітах). Структуры пакатыя (платформавага тыпу) без значных тэктанічных дэфармацый. У складзе П.ч. могуць сустракацца магматычныя ўтварэнні, пераважна вулканічныя пароды трапавай фармацыі. Часам паміж чахлом і фундаментам знаходзяцца адклады прамежкавага паверха, якія звычайна характэрны для маладых платформ.

А.​М.​Каўхута.

т. 12, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦІ́ШНА,

возера ў Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 20 км на ПнЗ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,23 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 260 м, найб. глыб. 17,9 м, даўж. берагавой лініі 3,2 км. Пл. вадазбору 1,45 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—5 м (на З і ПнУ да 8 м, стромкія), параслі лесам, на З часткова разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі. Зона мелкаводдзя вузкая. Дно да глыб. 5—7 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае. Выцякае ручай у воз. Лешна.

т. 12, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУЦІНО́К,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 5 км на Пн ад г. Браслаў, паміж азёрамі Струста, Войса і Балойса. У межах нац. парку Браслаўскія азёры. Пл. 0,23 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 360 м, найб. глыб. 3,5 м, даўж. берагавой лініі 2,56 км. Пл. вадазбору 0,7 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы слабавыражаныя, часткова разараныя. Пойма шыр. 10—300 м. Берагі нізкія, пясчаныя, затарфаваныя, пад хмызняком, на Пн і ПнУ сплавінныя. Дно плоскае, да глыбіні 1 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае.

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЛІ́ЎКА металу,

напаўненне вадкім металам (сплавам) уліўніцы ці лінейнай формы, дзе ён зацвердзявае, утварае злітак ці фасонную адліўку; тэхнал. працэс ліцейнай вытворчасці.

Пашыраны 2 спосабы Р. з каўша ва ўліўніцу: зверху і сіфонам. Р. зверху атрымліваюць зліткі для перапрацоўкі ў кавальскіх цэхах, Р. сіфонам (метал падаецца знізу адначасова ў некалькі ўліўніц) — зліткі якасных і высакаякасных сталей у мартэнаўскіх і электрасталеплавільных цэхах. Р. ў ліцейныя формы дае фасонныя вырабы. Для Р. выкарыстоўваюць адна- і двухстужачныя разліўныя машыны (тыпу ланцуговага канвеера), карусельныя машыны і механізаваныя разліўныя цялежкі.

т. 13, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСАМА́ЧЫНСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нешчарда, за 10 км на ПдУ ад г.п. Расоны. Пл. 0,48 км², даўж. больш за 2 км, найб. шыр. 320 м, найб. глыб. 6,2 м, даўж. берагавой лініі 4,76 км. Пл. вадазбору 4,17 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 5—10 м, на Пн участкамі невыразныя, параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пн тарфяныя, на З і Пд зліваюцца са схіламі. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае, у паўн.зах. заліве сапрапелістае. Зарастае слаба. Выцякае ручай у р. Нешчарда.

т. 13, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАВЕ́Ц,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у. бас. р. Дружнянка (выцякае з возера), за 16 км на ПдУ ад г. Браслаў. Пл. 0,28 км², даўж. 820 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 4,3 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 5—9 м (на З і У 3—4 м), пераважна разараныя, на З і У пад лесам. Берагі сплавінныя. Пойма шыр. 100—150 м, пераўвільготненая, парослая хмызняком. Дно сапрапелістае. Зарастае слаба. Упадаюць 3 ручаі.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вуркуга́н ’нахабны злодзей’ (З нар. сл.). Разам з укр. арг. вуркага́н, уркага́н ’злодзей’ да ву́рка (у́рка) ’тс’ (Рудніцкі, 1, 500); прыклады экспрэсіўнай суфіксацыі такога тыпу прыводзіць Крывіцкі (З нар. сл., 133).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́вальґіс ’гультай, абібок’ (Цых.). Фанетыка (ґ узрыўное) паказвае на запазычанне і канец слова нагадвае літ. val̃gis ’ежа’. Магчыма, частковая калька з невядомага літоўскага экспрэсіўнага назоўніка тыпу пражора; параўн. išválgyti ’з’есці, выесці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)