ЭЛЕКТРАНО́ГРАФ,
прылада для даследаванняў атамнай будовы рэчыва метадамі электронаграфіі. Раздзяляльная здольнасць Э. залежыць ад энергіі электронаў, сячэння электроннага пучка і адлегласці ад даследаванага ўзору да экрана.
У асн. вузле Э. (калоне) электроны, выпрамененыя вальфрамавым катодам, разганяюцца высокім напружаннем. З дапамогай дыяфрагмаў і электронных лінзаў з іх фарміруецца вузкі пучок, які накіроўваецца на даследаваны ўзор. Утвораную дыфракцыйную карціну (электронаграму) можна назіраць візуальна на люмінесцэнтным экране, зарэгістраваць на фотапласцінцы, з дапамогай цыліндра Фарадэя ці другаснага электроннага памнажальніка адкрытага тыпу.
т. 18, кн. 1, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)