РЭПРАДУ́КЦЫЯ (ад рэ... + лац. productio стварэнне),
узнаўленне і размнажэнне выяў (малюнкі, чарцяжы, карціны, фотаздымкі, тэксты, дакументы і інш.) фатаграфічным або паліграф. спосабам; узноўлены сродкамі друку малюнак, карціна, фотаздымак. Узнікла ў графіцы 16 ст. для капіравання твораў мастацтва (рэпрадукцыйная гравюра ў розных тэхніках), з 2-й пал. 19 ст. ручныя спосабы рэпрадуктавання выцеснены фотамеханічнымі. Р. характарызуюць колькасць фарбаў на адбітку (адна-, двух- і шматколерныя), спосаб друку (афсетны ці глыбокі друк, фотатыпія, шаўкаграфія і інш.), матэрыял, на якім робяць адбітак (папера, бляха, каленкор, цэлафан і інш.). Р. называецца факсімільнай, калі пры ўзнаўленні дакладна перадаюцца змест і ўсе асаблівасці аб’екта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНГІ́НА (франц. sanguine ад лац. sanguis кроў) у графіцы, матэрыял для малявання ў выглядзе алоўка без аправы. Натуральная С. (мінерал крывава-чырв. колеру) выкарыстоўвалася ў наскальных размалёўках палеаліту. Тэхніка малюнка С. склалася ў еўрап. мастацтве эпохі Адраджэння, найб. пашырылася ў 17—18 ст. у натурных малюнках. У наш час С. вырабляюць з кааліну і аксідаў жалеза з невял. дабаўленнем сувязных рэчываў. У малюнку дае цёплы мяккі колер (ад чырвона-рудога да цёмна-карычневага і фіялетавага), багатую тонавую гаму, дазваляе выкарыстоўваць растушоўку, штрыхі рознай інтэнсіўнасці (асабліва пры змочванні), лакальныя плямы; не патрабуе фіксацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАФАРЭ́ТНЫ ДРУК,
спосаб друкавання, пры якім адбітак атрымліваюць працісканнем фарбы з дапамогай эластычнага ракеля праз друкарскую форму на паперу або іншы матэрыял.
Друкавальныя элементы формы — адкрытыя ўчасткі сеткі, нацягнутай на спец. раму.
Форму вырабляюць звычайна фотахім. спосабам, друкаванне выконваюць на ручных. паўаўтам. і аўтам. машынах, малафарматных апаратах (рататарах). Т.д. дазваляе атрымаць яркія, насычаныя, пры неабходнасці рэльефныя відарысы. якія выкарыстоўваюцца для аддзелкі пераплётных накрывак, афармлення тары і ўпакоўкі, дэкарыравання вырабаў са шкла. керамікі. пластмасы.
Схема трафарэтнага друку: 1 — рама для нацягвання друкарскай формы; 2 — друкарская форма; 3 — ракель (нож з металу, гумы або пластмасы); 4 — фарба; 5 — адбітак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭКСТУ́РА МАГНІ́ТНАЯ,
пераважная арыентацыя вектараў спантаннай намагнічанасці магн.даменаў у фера- і ферымагнетыках. Абумоўлівае анізатрапію магн. уласцівасцей матэрыялу (гл.Магнітная анізатрапія). Узнікае пры дзеянні на матэрыял накіраваных мех. напружанняў, якія ўтвараюць пераважную арыентацыю крышталітаў у полікрышталях (гл.Тэкстура), пры тэрмічнай апрацоўцы матэрыялу ніжэй Кюры пункта ў магн. полі (тэрмамагн. апрацоўка), пры тэрмамех. апрацоўцы. Стварэнне восевай Т.м. дае магчымасць рэзка палепшыць уласцівасці магн. матэрыялаў. Уздоўж восі Т.м. у магнітамяккіх матэрыялах аблягчаецца перамагнічванне, пры гэтым павялічваецца магнітная пранікальнасць, памяншаюцца каэрцытыўная сіла і магн. страты; у магнітацвёрдых матэрыялах дасягаюць найбольшых значэнняў намагнічанасць астаткавая і каэрцытыўная сіла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́НКЕР Васіль Васілевіч (6.4.1840, Масква — 13.2.1892),
расійскі даследчык Афрыкі. Атрымаў мед. адукацыю ў Дэрпце і Гётынгене. У 1873—75 падарожнічаў па Тунісе, Алжыры, Лівіі, Егіпце. Найб. значэнне набылі падарожжы ў Цэнтр. Афрыку ў 1876—78 і ў 1879—86, калі былі дэталёва даследаваны бас.р. Бахр-эль-Газаль, водападзел Ніл—Конга і бас.р. Уэле, былі складзены дакладныя карты гэтых тэрыторый, сабраны вял.геагр. і этнаграфічны матэрыял.
Тв.:
Рус.пер. — Путешествия по Африке (1877—1878 и 1879—1886). М., 1949.
Літ.:
Горнунг М.Б., Липец Ю.Г., Олейников И.Н. История открытия и исследования Африки. М., 1973.