КЛІШЭ́ВІЧ (Уладзімір Сідаравіч) (12.3.1914, в. Краснадворцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 14.11.1978),
бел.паэт. Скончыў педкурсы ў Слуцку, вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1933—36). У 1936 беспадстаўна арыштаваны, у 1937 сасланы на Калыму. У 1939 вернуты ў мінскую турму на даследаванне. У Вял.Айч. вайну жыў у Слуцку, служыў нам. старшыні гаруправы, рэдагаваў «Газэту Случчыны». З 1944 у Германіі, з 1948 жыў у г. Лос-Анджэлес (ЗША). Рэдагаваў ратапрынтны час. «Беларус у Амерыцы», выкладаў у каледжы. Друкаваўся з 1931. У вайну змяшчаў вершы ў выданнях «Беларуская газэта» (Мінск), «Новы шлях» (Рыга), «Беларускі работнік» і «Раніца» (Берлін). Яго творы ў калектыўных зб-ках «Песняры Случчыны» (1943, Слуцк), «Ля чужых берагоў» (1955, Мюнхен). У паэме «Васіль Каліна» (1965, Лондан) паказаў жыццё вёскі ў перыяд калектывізацыі, масавыя рэпрэсіі супраць сялян і інтэлігенцыі. Паэма «Шлях у светлае» прысвечана гісторыі БССР і СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯТУ́Н (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 20.4.1935, в. Смалінец Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). Працуе ў манум. і станковай скульптуры. Аўтар помнікаў сав. воінам і бел. партызанам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, у калгасах імя Энгельса (1967) і імя Дзяржынскага (1973) Слуцкага р-на Мінскай вобл., Мемарыяла воінскай славы на Лудчыцкай вышыні (1984, з П.Белавусавым) у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. і інш., шэрагу помнікаў-бюстаў. Выканаў барэльефы «На варце міру» (1970) для Бел.дзярж. музея гісторыі Вял.Айч. вайны ў Мінску і «Народныя мсціўцы» (1982) для яго філіяла ў г.п. Расоны Віцебскай вобл. Аўтар партрэтаў У.Мулявіна (1980), Я.Купалы (1984), П.І.Гучка (1994), А.Я.Багдановіча (1996), шэрагу мемар. дошак, медалёў і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Г.А.Фатыхава.
У.Лятун, П.Белавусаў, В.Бялянкін, М.Мызнікаў, Б.Шчарбакоў. Мемарыял Воінскай Славы каля вёскі Лудчыцы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобл. 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАНЫ́ЛЫ»
(«Manyly»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгады «Штурмавая» і мясц. насельніцтва ў раёне в. Манылы і ў Маныльскім лесе (Лагойскі р-н), а таксама ў Барысаўскім, Плешчаніцкім і Смалявіцкім р-нах Мінскай вобл. 2—14.4.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 2-га паліцэйскага палка з прыдадзенай яму танк. ротай, 2 мінамётнымі і 1 сапёрным узводамі. Ажыццяўлялася ў 3 этапы, кожны з якіх меў кодавую назву: «М.» — 2—4 крас., «Вясна—Поўдзень» («Lenz—Süd») — 6—8 крас. і «Вясна—Поўнач» («Lenz—Nord») — 8—14 крас. Нягледзячы на перавагу ў сілах і сродках, карнікам не ўдалося акружыць і знішчыць брыгаду. Партызаны з баямі адышлі ў паўн. напрамку. Гітлераўцы расстралялі 732 чал. ў шэрагу вёсак Лагойскага, Смалявіцкага і інш. раёнаў; 531 чал. «мабілізавалі» на катаржныя работы. Захапілі шмат жывёлы, збожжа, бульбы, разбурылі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, у т. л. 11 млыноў, шмат якія вёскі спалілі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЎРЭР ((Maurer) Георг Людвіг фон) (2.11.1790, Эрпальцгайм, каля г. Дзюркгайм, Германія — 9.5.1872),
нямецкі дзярж. дзеяч, гісторык, стваральнік абшчыннай тэорыі. З 1826 праф. права ў Мюнхенскім ун-це. Займаў вышэйшыя пасады ў суд. ведамстве Баварыі. У 1832—34 адзін з рэгентаў пры грэч. каралю Атоне I Баварскім, рэарганізаваў там судовую сістэму, зрабіў грэч. царкву незалежнай ад візант. патрыярха. Ў 1847 фактычна старшыня баварскага ўрада (міністр замежных спраў і юстыцыі). Быў прыхільнікам канстытуцыйнай манархіі, якая, на яго думку, павінна засноўвацца на абшчынных прынцыпах. Даследаваў гісторыю маркі ў Германіі; лічыў яе рэшткамі першапач. агр. камунізму, характэрнага для стараж. германцаў. Аўтар 12-томнай серыі прац, прысвечаных развіццю сац.-эканам. ладу Германіі ў сярэднявеччы, у т. л. «Гісторыі стану марак у Германіі» (1856), «Гісторыі панскіх двароў, сялянскіх двароў і стану сядзіб у Германіі» (т. 1—4, 1862—63), «Гісторыі стану вёскі ў Германіі» (т. 1—2, 1865—66).
Літ.:
Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАНО́ВІЧ (Пётра) (21.9.1902, в. Стрэмкі, Латвія — 20.12.1990),
бел. мастак. Вучыўся ў Даўгаўпілскай бел. гімназіі. Скончыў Латвійскую АМ (1937). У 1945—47 вучыўся ў АМ у Вене. З 1944 жыў у Аўстрыі, з 1950 — у ЗША. Займаўся асветніцтвам і развіццём бел. школы ў Латвіі. У ранніх творах адлюстраваны побыт латгальскай вёскі 1920—40-х г.: «У сялянскай хаце», «Жняя», «Вываз гною», «Бура ў жніво» і інш. Пазней ствараў партрэты вядомых бел. дзеячаў розных часоў: С.Сахарава, П.Крачэўскага (1966), Н.Арсенневай, Я.Купалы, Ф.Скарыны (усе 1967), Л.Сапегі (1970), К.Каліноўскага (1971) і інш. Прыгажосць краявідаў Падзвіння перадаў у працах «Гонкі на Дзвіне», «Над Дзвімою», «Другое возера», «Белая царква ў Друі» (1970-я г.), «Сплаў лесу» (1970), «Капліца ў Прыдруйску» (1971) і інш. Сярод інш. твораў «Беларускія эмігранты», «Парк у Брукліне», «У Альпах», «Касцёл св. Карлы ў Вене» (абодва 1945—46), «Хата на Лонг Айлендзе» (1970) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́САР,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. За 20 км на ПнЗ ад г. і чыг. станцыі Глыбокае, 220 км ад Віцебска. 489 ж., 224 двары (1999).
Ільнозавод, базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Мосарскі касцёл Ганны (1792). За 1,5 км на ПнЗ ад вёскі курганны могільнік.
Вядома з 16 ст. як мястэчка. У 16—19 ст. М. валодалі Зяновічы, Валовічы, Далмат-Ісайкоўскія, Млечкі, Бжастоўскія. Апошнія пабудавалі ў 1775—90 у М. палац (не захаваўся), у 1792 — парафіяльны касцёл св. Ганны. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі. З 1872 дзейнічала нар. вучылішча. З канца 19 ст. М. — уладанне Пілсудскіх. У 1885 у маёнтку М. 558 ж., у вёсцы М. 117 ж. З 1921 М. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Дунілавіцкага раёна, з 20.1.1960 — Глыбоцкага раёна, з 1960 ва Удзелаўскім с/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́КА,
назва народнага скрыпача, пашыраная на тэр. Беларускага Паазер’я. У інш. этнакульт. рэгіёнах сінонімы М. — «скамарох» (Магілёўшчына), «іграч» (Міншчына). М. спрадвеку адыгрываў значную грамадскую ролю ў жыцці бел.вёскі, выконваў сакральна-магічную функцыю ў розных каляндарна-земляробчых (калядных, валачобных, купальскіх і інш. абходах) і сямейна-родавых (асабліва вясельных) абрадах, а таксама эмац.-псіхал. функцыю стваральніка і носьбіта радаснага настрою ў час усіх сямейных і агульнавясковых урачыстасцей (бяседы, ігрышчы, танцы). М звычайна тураваў спевам, разам з інш. інструменталістамі іграў песні, танцы, маршы. Ігру на скрыпцы спасцігаў самавукам («сам па сабе»), у сям’і або ў славутага мясц. выканаўцы. Паводле нар. уяўленняў, сапраўдны М. — чараўнік, які валодае звышнатуральнай сілай уздзеяння на ўвесь навакольны свет. Вобраз М. ўвасоблены ў шматлікіх нар. казках і легендах, выслоўях і песнях, творах бел. л-ры («Сымон-музыка» Я.Коласа, «Музыка» М.Багдановіча, «Страшная музыкава песня» М.Гарэцкага) і выяўл. мастацтва (М.Шагал, Я.Драздовіч). У наш час назву «М.» часам пераносяць і на гарманіста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ БЫ́ХАЎ,
вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., на правым беразе р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПдУ ад г. Быхаў, 73 км ад Магілёва, 24 км ад чыг. ст. Тошчыца. 622 ж., 245 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Новы Быхаў.
У канцы 16 ст. мястэчка Магілёўскага пав.ВКЛ, пабудаваны кальвінскі збор. У розны час належала Хадкевічам, Сапегам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 занята войскамі гетмана І.Залатарэнкі. З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1886 — цэнтр воласці Быхаўскага пав. Магілёўскай губ.: 1298 ж., 166 двароў, школа, валасное праўленне, 2 царквы, 2 яўр. малітоўныя дамы, 3 млыны, корчмы. З 1924 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў лют. 1944 часткова спалілі вёску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Георгій Лявонцьевіч) (3.5.1918, в. Прыганка Круціхінскага р-на Алтайскага краю, Расія — 9.8.1995),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1977). Вучыўся ў Новасібірскім пед. ін-це (1940—41). З 1946 ваен. журналіст, у газ. «Калгасная праўда», з 1959 адказны сакратар, у 1966—78 намеснік гал. рэдактара час. «Нёман». Друкаваўся з 1943. Пісаў на рус. мове. Першы зб. апавяданняў — «У родным палку» (1956). Асн. тэма кніг апавяданняў «Паводка» (1958), «Гусі-лебедзі» (1968), апавяданняў і аповесцей «Паездка ў Трасцёну» (1977), «Памяць» (1978), аповесцей «За трыдзевяць планет» (1976), «Першае лета» (1985) і інш. — жыццё вёскі і горада, маральна-этычныя праблемы. Аповесці, што ўвайшлі ў трыпціх «На тым, на волжскім беразе» (1986) пра падзеі Вял.Айч. вайны. На рус. мову пераклаў асобныя творы М.Багдановіча, Я.Брыля, З.Бядулі, Я.Коласа, Б.Мікуліча, А.Савіцкага і інш.
Тв.:
В шести часах на автобусе: Рассказы и повести. М., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫ́НА ((Puzynina) Габрыеля) (24.9.1815, в. Дабраўляны Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.8.1869),
польская пісьменніца. У 1850—60-я г. жыла ў маёнтках Нястанішкі (Смаргонскі р-н) і Гарадзілава (Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.). Аўтар зб-каў вершаў «У імя Бога!» (1843), «Далей у свет!» (1845), «Прозай і вершам» (т. 1—2, 1856). Яе паэзія адметная эмац. непасрэднасцю, экзальтаванасцю лірычнага пачуцця. У кн. «Малыя, але праўдзівыя апавяданні» (1857) з гуманіст.-асветніцкіх пазіцый адлюстроўвала грамадскія канфлікты, з павагай малявала тыпы сялян. У кн. замалёвак «Літоўскія дзеці, іх слоўцы, адказы, назіранні» (1847) — паэтычны свет дзяцей бел.вёскі. Зб. «Аматарскі тэатр» (1861) склалі камедыя «Ці прыгожая, ці багатая» і драм. абразок «За горадам», якія з поспехам ставіліся ў Вільні. Аўтар успамінаў «У Вільні і ў літоўскіх дварах» (Вільня, 1928). Зберагала аўтографы Я.Чачота, Т.Зана, А.Адынца, В.Поля, С.Манюшкі, У.Сыракомлі, Г. і Ю. Вяняўскіх, І.Ходзькі, Я.Ходзькі і інш.