Апрача́, апро́ч ’акрамя’, апро́ч ’асобна’ (Янк. Мат., Янк. I, Яруш.), апры́ч ’апрача’ (Касп.), апрі́ч ’апрача, асобна’ (Бяльк., Яруш.), опричёнки (Мядзв.), апрічо́ннік, апрічо́ння ’асобніна, прыгатаванае асобна’ (Бяльк.). Ст.-рус. опрочь, опроче ’апрача; асобна’, опричь ’апрача’, адкуль у старабеларускую мову ўжо ў XV ст. (Карскі, 1, 69). Рус. опри́чь ’апрача’, дыял. опричи́, опро́чь, опрочи́, укр. опрі́ч, опрі́че, дыял. опро́че ’апрача’, ’асобна’. Польск. oprócz, prócz ’апрача’, памор. proč ’тс’, ст.-польск. oprócz ’без’, ’акрамя’. Магчыма, славен. opríčen, ’сучасны’, pròč ’прэч’. Формы з карэнным о/а і і/ы маюць, напэўна, рознае паходжанне, прычым першасна апроч, апрача азначала ’акрамя, апрача’, апрыч і пад. ’асобна’; пазней адбылася кантамінацыя значэнняў, у выніку чаго цяпер абодва гэтыя значэнні ёсць у абедзвюх формах. Апроч, апрача — роднасныя з рус. прочийіншы’, прочь ’прэч’ і пад., якія Фасмер (3, 386) слушна выводзіць з кораня *prok‑ услед за Міклашычам, Младэнавым, Брукнерам, Праабражэнскім. Ст.-слав. прокъ азначала ’астатак’, а прочей тлумачылася як параўнальная форма да прыметніка прокъ, прокыи ’лішні’, а‑ трэба лічыць хутчэй за ўсё пратэзай. Заходнеславянскія формы з ‑е‑ (польск. precz > бел. прэч) тлумачаць як рэфлекс форм з ‑ъ‑ (адкуль і ‑о‑ ў рус. прочь) (Голуб-Копечны, 298). Формы апрыч і пад., магчыма, роднасныя з чэш. pryč ’прэч’; тлумачэнне вакалізму як звязанага з ъ, o, а тут сустракаецца з пэўнымі цяжкасцямі (гл. Праабражэнскі, 1, 654; Брукнер, 437). Старажытнарускія формы опришь, опрись, оприсьнъ (побач з опричьнъ), укр. опришок ’разбойнік’ (< ’чужы’, ’асобны’?) указваюць на магчымасць трактаваць ч як замену былога ш ці c, якія ў сваю чаргу звязаны з х; і.-е. коранем слова магло б быць *preu̯s (Покарны, 809–810, 845), параўн. прыскаць, прышч (тое, што выскачыла з-пад скуры’); для значэння ’разбойнік’ параўн. выскачка той, хто выскаквае з агульнай групы’, для значэння ’асобна’ — ’тое, што выскаквае з адзінай групы’. Гэта гіпотэза паходжання нявытлумачанага слова патрабуе, аднак, пэўных удакладненняў у сувязі з ст.-бел. опришный (XV ст., Карскі, Труды, 313), опршине (XV ст., Карскі, 1, 389), опричьный ’асобны, спецыяльны, уласны’ (1562, Карскі, Труды, 206). Параўн. Хрэст. гіст., 1, 483; Гіст. мовы, 1, 107, 196. Булахаў (Працы IM, 7, 142) няўпэўнена сцвярджае, што ў такіх прыкладах шн на месцы чьн фанетычна. Але Карскі (1, 389) адзначаў, што ў старажытных помніках такая з’ява вельмі рэдкая, а прыклады даў толькі са словам опришный, опришне; Гіст. лекс., 92, адносіць опришный да паланізмаў, запазычаных у XV ст., аднак у польскай мове таго часу такое слова не адзначаецца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

раз 1, ‑у; мн. разы, ‑оў; м.

1. У спалучэнні з колькаснымі і неазначальна-колькаснымі лічэбнікамі або без іх абазначае аднакратнасць дзеяння. Раз на тыдні прыязджаў бацька, прывозіў харчы. Мурашка. Тры разы на дзень Вася мяняе ваду, чысціць клетку. Пальчэўскі. Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Прыказка. Лепш, адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць. Прыказка. // З парадкавымі лічэбнікамі і з прыметнікамі ўказвае, каторы раз адбываецца дзеянне. [Рыбак:] — Закінуў другі раз вудку. Зноў той шчупачышча-дурнішча папаўся. Якімовіч. [Валя] чакала, .. што Мішка нарэшце пачне, скажа ёй тое, што яна ўжо мо тысячны раз (ды дзе там тысячны!) кажа яму ўсёй душой. Брыль. Нецярпліва перабіралі нагамі сапуноўскія коні, не разумеючы, відаць, што апошні раз вязуць сваіх гаспадароў. Асіпенка.

2. У спалучэнні з прыметнікамі і ўказальнымі займеннікамі ўказвае на час дзеяння ў адносінах да раду падобных дзеянняў. У мінулы раз. □ Стрэльбу [Лаўрэну] пан купіў новую — на гэты раз двухстволку. Якімовіч. Нячутна носяцца кажаны, кожны раз знячэўку нагадваючы летам птушак. Брыль.

3. У спалучэнні з прыназоўнікам «у» і колькаснымі або неазначальна-колькаснымі лічэбнікамі выражае ступень павелічэння або змяншэння суб’екта або аб’екта дзеяння, якой‑н. уласцівасці і пад. [Лясніцкі:] — Трэба дабіцца, каб да мая месяца мы выраслі ў шмат разоў, арганізавалі новыя атрады. Шамякін. Дзесяць варожых эшалонаў — асабісты рахунак Кастуся. Рахунак брыгады.. трохі большы, — прыблізна разоў у дзесяць — пятнаццаць. Брыль.

4. нескл.; у знач. кольк. ліч. (пры падліку). Адзін. «Раз... два... тры» — лічыць Цімох і раптам .. грымнуў выбух. Колас. / у знач. пабочн. [Толя:] — Адзін я ўсё роўна сажалкі не выкапаю. Гэта раз. А па-другое, жывучы разам, адной сям’ёй, хіба можна думаць толькі пра сябе? Рунец.

•••

Аднаго разу — аднойчы.

Ва ўсякім разе — а) пры любых абставінах. Ва ўсякім разе ў партызана павінна быць вінтоўка і шырокі патранташ, які замяняе яму папругу. Якімовіч; б) (у знач. пабочн.) усё-такі.

Вось табе і раз гл. вось.

Другі раз — тое, што і іншы раз.

Другім разам — калі-небудзь, не цяпер.

За раз — у адзін прыём.

Іншы раз — часам, у некаторых выпадках.

Не раз (і не два) — многа разоў, неаднаразова.

Ні ў якім разе — ні пры якіх умовах, ні пры якіх абставінах; ніколі.

Па той раз — пасля таго; з таго часу (не паўтараецца што‑н.).

Раз-два і гатова — вельмі хутка, зараз жа.

Раз-другі — некалькі разоў (пра невялікую колькасць).

Раз за разам — тое, што і раз-пораз.

Раз (і) назаўсёды — канчаткова, рашуча, беспаваротна.

Раз на раз не прыходзіцца — не заўсёды бывае аднолькава.

Раз плюнуць гл. плюнуць.

Раз-пораз; раз-поразу — бесперапынна, пастаянна, зноў і зноў.

Раз у раз — у такт, адначасова.

Самы раз; у самы раз — а) тады, калі трэба, у час, у патрэбны момант. — Няйначай, як папаўненне. А добра, у самы раз! Лынькоў; б) каму якраз падыходзіць хто‑н. або што‑н. [Настаўнік:] — І пра зямлю ў іхняй праграме так як след сказана. У самы раз мужыку гэтая партыя. Галавач; в) добры, такі, як трэба; добра, так, як трэба. Два акны на вуліцу, тры ў двор, самы раз хата. Ермаловіч. — Каля акна яно бывае холадна, а вось тут самы раз. С. Александровіч.

У такім разе — у такім выпадку, калі ўжо так выйшла.

раз 2, прысл.

Аднойчы. — Вось неяк раз прапала ў пана пара валоў. С. Александровіч. Раз убачыў Толяк: бялявы .. хлапец пайшоў з Зосяю раней, як заўсёды. Чорны.

раз 3, злучнік умоўны.

Ужываецца ў даданых умоўных сказах, у якіх умова з’яўляецца абгрунтаваннем таго, аб чым гаворыцца ў галоўным сказе (часта ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «то», «дык»); калі (у 2 знач.). Раз ужо Пракоп хоча азнаёміцца з калгасам, то мінуць гэты будынак яму не выпадае. Колас. [Слімак:] — Я закону заўсёды падпарадлуюся. Раз абавязаны зарэгістравацца, значыць і выконваю. Лынькоў. — Мала ведаць, трэба дамагацца, раз ты чаго хочаш. На гэтым свет стаіць і стаяць заўсёды будзе. Чорны. І ў спалучэнні са злучнікамі «а», «і», якія ўзмацняюць, падкрэсліваюць умову. [Перагуд:] Ясна, я тут лішні!.. А раз лішні, дык і няма чаго блытацца пад нагамі ў людзей. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГРО́ШЫ,

асобы тавар, які выконвае ролю ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавараў. Выражаюць затраты грамадскай працы, што надае ім здольнасць абменьвацца. Грошы ўзніклі на пэўным этапе развіцця грамадства як вынік эканам. адносін, гасп. Дзейнасці людзей. З развіццём вытв-сці і пашырэннем абмену тавараў ўзнікла патрэба ў тавары-эквіваленце, на які можна было б вымяняць любы іншы. Такім таварам сталі грошы. У розных народаў на розных этапах развіцця абмену ролю грошай выконвалі розныя тавары (шкуры звяроў, меры збожжа, упрыгожанні, жывёла і інш.). Паступова ролю ўсеагульнага эквіваленту сталі выконваць золата, серабро. Дзякуючы сваім уласцівасцям (аднароднасць, дзялімасць, высокая вартасць пры невял. аб’ёме, адносная рэдкасць у прыродзе і інш.) за золатам замацавалася роля грошай у сусв. маштабе. Як прадукт працы яно мае вартасць і з’яўляецца таварам, мае таксама спажывецкую вартасць — здольнасць задавальняць пэўныя патрэбы (выраб упрыгожанняў і інш.). На пэўным этапе за куплены тавар разлічваліся толькі залатымі зліткамі, потым і манетамі, якія былі заменены манетамі з медзі і інш. металаў, потым папяровымі грашамі. Папяровыя грошы (знакі вартасці, якія маюць гарантаваную законам плацежную сілу) упершыню з’явіліся ў Кітаі ў 12 ст., у ЗША у 17 ст., у Расіі ў 1796. Як усеагульны эквівалент грошы выконваюць некалькі функцый: мера вартасці, сродак абарачэння, утварэння скарбаў або сродак накаплення, сродак плацяжу (сусв. грошы). Праз функцыю меры вартасці грошы выражаюць вартасць інш. тавараў. Тавары выражаюць сваю вартасць у пэўнай колькасці золата. Вагавая колькасць золата, прынятая ў нац. эканоміцы дзяржавы за грашовую адзінку, наз. маштабам цэн. Пры рэалізацыі тавару грошы выконваюць функцыю сродку абарачэння. У працэсе абарачэння магчыма замена залатых манет папяровымі грашамі. Калі пасля рэалізацыі тавару грошы выключаюцца з абарачэння, яны выконваюць функцыю сродку накаплення ці ўтварэння скарбу. У якасці скарбу могуць быць не толькі грошы ў манетнай форме, але і накапленні ў выглядзе прадметаў раскошы. Функцыю плацяжу грошы выконваюць, калі тавары прадаюцца ў крэдыт, пры аплаце падаткаў, зямельнай рэнты, кватэрнай і заработнай платы і інш. З выкананнем функцыі сродку плацяжу звязана з’яўленне крэдытных грошай — вэксаляў, банкнот (банкаўскіх білетаў), чэкаў, крэдытных картак або электронных грошай. На міжнар. узроўні грошы выконваюць функцыю сусв. грошай і наз. валютай. Раней гэту функцыю выконвала золата, цяпер выкарыстоўваюцца грошы (валюта) эканамічна магутных дзяржаў свету (долар ЗША, англ. фунт стэрлінгаў, ням. марка). Грошы прадаюцца і купляюцца на грашовым рынку, асн. элементы якога — прапанова, попыт, кошт грошай. Прапанову складае агульная колькасць грошай у дзяржаве. Пры сучасным грашовым абарачэнні развітых краін асн. маса грашовых аперацый праводзіцца ў безнаяўнай форме. Ролю грошай выконваюць не толькі наяўныя грошы, але і ўклады да запатрабавання, тэрміновыя і інш. ўклады. Для разліку колькасці грошай уведзена паняцце дзярж. эканам. паказчыкаў — грашовых агрэгатаў (М 1—наяўныя грошы, М 2 — тэрміновыя ўклады, М 3 — сертыфікаты), колькасць і спецыфіка вызначэння якіх у розных краінах розная. Для інтэрпрэтацыі колькаснай тэорыі грошай манетарысты (гл. Манетарызм) на чале з амер. эканамістам М.​Фрыдменам прапанавалі формулу MV=Py, дзе M — грашовая маса, V — хуткасць абарачэння даходу, P — узровень кошту, y — норма (паток) рэальнага даходу. Попыт на грошы павінен пакрывацца іх прапановай. У сучаснай рыначнай эканоміцы прапанова грошай ствараецца банкаўскай сістэмай (цэнтр. і камерцыйнымі банкамі краіны). Цэнтр. банк выпускае ў абарачэнне манеты, папяровыя грошы ў форме банкнот рознага наміналу. Камерцыйныя банкі даюць пазыкі. Празмерны выпуск грошай (эмісія) выклікае інфляцыю — абясцэньванне, зніжэнне пакупной здольнасці папяровых грошай. Рост інфляцыі дэстабілізуе эканоміку і вымушае дзяржаву прымаць антыінфляцыйныя меры ў межах грашовага абарачэння. Сярод іх дэфляцыя (змяншэнне грашовай масы зняццем з абарачэння лішкавых папяровых грошай), нуліфікацыя (замена старых грашовых знакаў новымі, у меншай колькасці), дэнамінацыя (змена намінальнай вартасці грашовых знакаў), дэвальвацыя (афіцыйнае зніжэнне вартасці грашовых адзінак шляхам заканад. змяншэння залатога забеспячэння грашовай адзінкі ці зніжэння курсу папяровых знакаў у адносінах да золата ці замежнай валюты), рэвальвацыя (афіцыйнае павышэнне залатога ўтрымання грашовай адзінкі ці павышэнне яе курсу ў адносінах да замежнай валюты). Існуюць розныя тэорыі грошай (металічная, наміналістычная, колькасная, тэорыя «рэгулюемай валюты» і інш.). Паводле метал. тэорыі меркантылістаў (Т.​Мен, Ж.​Б.​Кальбер), багацце дзяржавы атаясамліваецца з грашамі, а грошы — з высакароднымі металамі. Прадстаўнікі наміналістычнай тэорыі (Г.​Ф.​Кнап, М.​Дз.​Чулкоў) лічаць грошы знакамі вартасці, умоўнымі разліковымі адзінкамі. Паводле колькаснай тэорыі (У.​Джэванс, К.​Менгер), велічыня вартасці грошай знаходзіцца ў адваротнай залежнасці ад іх колькасці. Тэорыя «рэгулюемай валюты» — спалучэнне асн. палажэнняў наміналістычнай і колькаснай тэорый. Яе прыхільнік і тэарэтык Дж.​М.​Кейнс аддае перавагу папяровым грашам, паколькі іх колькасць у абарачэнні можа вызначацца дзяржавай. Праз рэгуляванне колькасці грошай у абарачэнні можна нармалізаваць (асабліва ў перыяды крызісаў) узроўні кошту тавараў, заработнай платы, беспрацоўя. На думку манетарыстаў, грошы — рашаючы фактар узнаўлення, таму няўмелае дзярж. рэгуляванне грашова-крэдытнай сферы можа справакаваць чарговы эканам. крызіс. На Беларусі з 1.7.1992 існуе самаст. грашовая сістэма. У 1994 бел. рублю і разліковаму білету нададзены статус адзінага плацежнага сродку Рэспублікі Беларусь. Грашовае абарачэнне рэгулюецца Нац. банкам Беларусі.

Літ.:

Лившиц А.Я. Введение в рыночную экономику. М., 1992;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Э. Макроэкономика: [Пер. с англ.]. СПб., 1994;

Курс экономической теории. Киров, 1995;

Экономическая теория. Мн., 1996.

Л.​М.​Давыдзенка.

т. 5, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

абысці́, абыду, абыдзеш, абыдзе; пр. абышоў, ‑шла, ‑шло; заг. абыдзі; зак., каго-што.

1. Рухаючыся па крузе, прайсці вакол каго‑, чаго‑н. Стаў клікаць Дубяга бацькоў і сям’ю. Кругом абышоў ён сялібу сваю. Ніхто не азваўся. Танк. Абыдзе Ян камень навокал, нават абмацае яго рукою і плюне. Пестрак. // Абкружыць, абступіць. Кінь вокам на увесь абшар зямлі: Вось хату шчыльна абышлі Парканы з вострымі цвікамі. Багдановіч.

2. У ваеннай справе — зайсці ворагу з тылу або з фланга, каб акружыць яго. Па горадзе хадзілі розныя чуткі: адны казалі, што нашы войскі занялі Кенігсберг, другія, што нямецка-фашысцкія войскі абышлі Брэсцкую крэпасць, хоць гарнізон не здаўся і вядзе гераічную барацьбу. Гурскі.

3. Прайсці бокам, мінуўшы каго‑, што‑н.; абагнуць каго‑, што‑н. Абысці вёску. □ Батальён потайкам уначы абышоў Прымакі і Вепры і хаваўся ў лесе, выставіўшы варту і рассыпаўшы дазоры. Колас. // перан. Мінуць, не закрануць каго‑, што‑н. [Волька:] — Людзей неяк мінае, а мяне ні адна бяда не абыдзе. Васілевіч. // перан. Знарок пазбегнуць, не закрануць чаго‑н. (у размове, апавяданні і пад.). І той выпадак недарэчны — Аб ім так прыкра ўспамінаць — Ён [Гедвіла] абышоў лагодна, «гжэчна», Бо ж людзям трэба меру знаць. Колас. // перан. Не палічыцца з чым‑н., не прыняць пад увагу, не ўлічыць чаго‑н. Абысці закон, загад. // перан. Пакінуць без павышэння, узнагароды і пад.

4. Прайсці па ўсёй прасторы чаго‑н., наведаць розныя месцы. Сёння з песняй абыду я Уваскросшую з руінаў Залатую, маладую Нашу родную краіну. Панчанка. Шмат вёсак і гаспадароў абышоў Пракоп, але прыпынку ўсё не знаходзілася. Колас. // Падысці да кожнага па чарзе. Нецярпліва прычакаў.. [Гушка] пачатку работы і абышоў усіх рабочых, шукаючы Адася. Чорны. // Пашырыцца, стаць усюды вядомым. Навіна абышла ўвесь раён.

5. Падмануць, ашукаць. Вер людзям, ды не будзь занадта прасцяком, Бо іншы дабрадзея носіць маску, Каб пры выпадку абысці цябе цішком... Валасевіч. Міхайлаў быў добры канцылярыст, ён умеў абысці паперкаю начальства. Шынклер.

6. Перамагчы, узяць верх; выперадзіць. Доўгі і тонкі, як вудзільна, Стась Рудніцкі рыўком абышоў Віктара, а потым і Васіля. Шашкоў.

•••

За вярсту абысці — не мець жадання сустракацца, бачыцца з кім‑н.; пазбягаць каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

но́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Набыты або зроблены нядаўна; які не быў ва ўжыванні раней. Новы дом. □ Новыя танкі стаялі роўным радам. Мележ. Сам Банадысь, высокі, у новым кажуху, .. ішоў побач з канём. Чорны. // Які не існаваў раней, які ўзнік, з’явіўся нядаўна. Новы горад. □ З учарашняга дня дзядзька Якуб — старшыня, а Санька — сакратар новай улады: сельскага Савета. Якімовіч. Перад вачыма стаялі вобразы новых знаёмых. Шамякін.

2. Адкрыты, вынайдзены нядаўна; раней невядомы. Новае лякарства. Новая планета. // Які не давялося зведаць; зазнаць раней. Новая радасць. □ [Зося] уся страпянулася ад прыліву новага .. і моцнага пачуцця і ўжо цвёрда рушыла ісці. Чорны. // у знач. наз. но́вае, ‑ага, н. Тое, што нядаўна ўзнікла, з’явілася. Старое аджывае свой век, на яго месца прыходзіць новае. Арабей.

3. Незнаёмы, малавядомы каму‑н., дзе‑н. Бераг .. [Пнівадкі] жыў новымі гукамі: стук сякер, шоргат піл, песні. Чорны. // Які нядаўна з’явіўся дзе‑н., нядаўна займаецца чым‑н. Ён чалавек новы на заводзе.

4. Які прыйшоў на змену ранейшаму, замяніў сабой тое, што было. Новы дырэктар. Новыя пасажыры. □ Так вось і загінуў бы ганарлівы ручай, калі б зноў не прыйшлі людзі і на месца высечанага лесу не пасадзілі новыя дрэўцы. Шуцько. // Чарговы, наступны. Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч. Прырода радасна сустракала з’яўленне новага дня. Чарнышэвіч.

5. Які мае адносіны да нашай эпохі, часу. Новая гісторыя. □ Мы ідзём па зямлі, Людзі новага часу. Звонак. З першай рускай рэвалюцыяй звязана і нараджэнне новай беларускай літаратуры. Ярош.

6. Не той, што раней; іншы. У новым, іншым асвятленні Пісьмо ўсплывае перад ім. Колас. І вуліца, і людзі, і сонца здаваліся .. [Эміліі] новымі. Маўр.

7. Гэтага года, апошняга ўраджаю. Новым, ліпеньскім хлебам Запыліліся жорны. Броўка.

8. у знач. наз. но́вае, ‑ага, н. Навіна. Расказвайце, што ў вас новага?

•••

Новы год гл. год.

Новы завет гл. завет.

Новы свет гл. свет.

Новы стыль гл. стыль.

Новыя мовы гл. мова.

Помніць да новых венікаў гл. помніць.

Спяваць на новы лад гл. спяваць.

Як баран на новыя вароты (глядзець) гл. баран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; заг. сунь; зак. і незак.

1. зак., каго-што. Укласці, усунуць унутр чаго‑н., пад што‑н. або за што‑н. Сунуць ногі ў тапачкі. □ Мяне хутка распранулі, памаглі ўкласціся ў пасцель, а пад паху сунулі тэрмометр. Кавалёў.

2. зак., каго-што. Пакласці куды‑н. абы-як, спехам. Піліп Андрэевіч занерваваўся, сунуў у попельніцу недакураную папяросу, нахмурыўся. Краўчанка. Як Васіль Раманавіч здагадаўся сунуць у кошык пляшкі з самагонам! Жанчыны нічога не сказалі, але зірнулі адна на адну. Новікаў.

3. зак., каго-што. Даць, падаць што‑н. спяшаючыся, тайком або нядбайна. Сунуў [Мікалай] пакамечаны пропуск патрулю і — толькі яго тут бачылі. Якімовіч. Шафёр азірнуўся па баках і сунуў .. [партызанам] у рукі лапаты. Няхай. [Нахлябіч] сунуў Пніцкаму руку і хацеў .. ісці далей. Чорны. [Ганна] .. хітравата паглядзела на хлопца і нечакана сунула яму ў руку невялікі скрутак. Пятніцкі. // Прапанаваць каму‑н. што‑н. непатрэбнае, навязаць. — Васілька-а, нам давай! — ужо адчайна выгукнуў іншы. Што ты нам якогасьці Карпюка сунеш? Карпюк. // і без дап. Даць хабар. Выручыла мікалаеўская залатая пяцёрка — сунуў яе Катловіч таможніку, той і размяк. Грахоўскі.

4. зак., што і без дап. Ударыць груба, стукнуць. [Лявон] сунуў Ладымеру кулаком у зубы, і адразу ж абодва ўчапіліся адзін за аднаго. Чарнышэвіч. // Навесці ўдар чым‑н. вострым. А ў выпадку патрэбы, калі толькі .. [ксёндз] можа мець ад гэтага карысць, на агонь цябе ўзвядзе альбо нож у бок суне. Бядуля.

5. зак., што і без дап. Паказаць што‑н. са злосцю, тыцнуць. — А ты гэта бачыў? — і Гаруноў дастаў з кішэні паперу і сунуў Варанецкаму. Дуброўскі.

6. незак. Ісці вельмі павольна. Капэла ўрачыста сунула па дарозе, каб спыніцца, дзе была патрэба. Лынькоў.

7. незак., што. Перамяшчаць, перасоўваць з месца на месца. Іржавыя плугі яшчэ валакуць гразь, сунуць перад сабой пясок, не хочуць адкідваць скібу. Пташнікаў. [Раман:] — Дурненькі. Гэта ж вецер суне пустую кардонную скрынку з-пад лялек. Даніленка. Астатнія хлопцы кацілі воз з дзедам Анупрэем на вуліцу. І не кацілі, а як бы сунулі. Сабаленка.

•••

Сунуць нос куды — тое, што і соваць нос куды (гл. соваць).

Сунуць у руку (лапу) — тое, што і даць у руку (лапу) (гл. даць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

time1 [taɪm] n.

1. час;

all the time уве́сь час;

for a long/short time до́ўга/нядо́ўга;

in half the time у два разы́ хутчэ́й;

kill time марнава́ць час

2. гадзі́на;

(at) what time? а яко́й гадзі́не?;

What’s the time? Колькі часу?

3. пара́, тэ́рмін;

at the time тады́, у той час;

it’s time to go to bed час кла́сціся спаць

4. раз;

every time ко́жны раз

5. эпо́ха, перы́яд;

at my time of life на маі́м вяку́

6. mus. тэмп, такт

ahead of time датэрміно́ва;

at all times заўсёды;

at a time за адзі́н раз, адра́зу;

at one time адно́йчы; не́калі;

at other times і́ншым ра́зам, у і́ншы час;

at times ча́сам;

be behind time спазні́цца;

be behind the times адста́ць ад мо́ды;

for a time ненадо́ўга;

for the time being паку́ль што;

from time to time зноў і зноў; калі́-некалі́;

have a good time до́бра право́дзіць час; ба́віцца;

it is high/about time даўно́ наспе́ў час;

in time неўзаба́ве; до́сыць ху́тка;

in good time у такт; сваі́м ча́сам;

in no time імгне́нна, во́бмігам;

in one’s own good time у свой час;

on time своечасо́ва; у пару́;

keep good time спра́ўна ісці́ (пра гадзіннік);

many a time мно́га разо́ў, ча́ста, часцяко́м;

nine times out of ten ама́ль заўжды́;

take one’s time не спяша́цца;

time after time час ад ча́су; раз-по́раз;

time and again зноў і зноў

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

БАЛА́ДА (франц. ballade ад позналац. ballo танцую),

1) у фальклоры раманскіх, германскіх, англа-сакскіх, скандынаўскіх народаў напачатку танц., лірычная або драм. сюжэтная песня з харавым прыпевам.

2) Паняцце, якое ў розных краінах выкарыстоўваюць для абазначэння разнастайных па змесце, часе ўзнікнення, формах існавання відаў і з’яў нар. (песеннай) і прафес. (паэтычнай, літаратурнай, музычнай) творчасці. Тэрмін балада замацаваны ў навук. фалькларыстычнай практыцы з канца 19 ст.

У славянскім, у т. л. беларускім, фальклоры балада належыць да сферы песеннай ліраэпікі. Яна не мае адзінай жанравай прыроды меласу, вылучаецца спецыфічнай тэматыкай і арыгінальным тыпам сюжэтаў. У яе аснове — апавяданне пра трагічнае, драматычна напружанае, абвострана канфліктнае. Бел. нар. балада адзначана гіст. шматслойнасцю, маштабнасцю сюжэтнага фонду, поліфункцыянальнасцю, муз.-жанравай разгрупаванасцю, існаваннем у розных стылявых пластах песеннага фальклору — раннетрадыцыйным (балады каляндарна-земляробчага, сямейна-абрадавага і сямейна-быт. цыклаў), познатрадыцыйным (бяседныя, рэкруцкія, салдацкія, чумацкія, батрацкія і інш. балады), сучаснага фарміравання (рэв., партызанскія балады-песні і інш.). Асн. частка бел. балад належыць да каляндарнага песеннага цыкла (асабліва ў традыцыі Бел. Паазер’я). Паводле функцыянальнага зместу і напеваў гэта масленічныя, валачобныя, юраўскія, траецкія, купальскія, жніўныя, восеньскія, піліпаўскія і інш. песні (гл. адпаведныя артыкулы). На Бел. Палессі (паводле назіранняў З.​Эвальд, З.​Мажэйкі ў Тураўскім краі) баладныя песні па меры прыстасавання іх да спеву «за калыскай», «зімой» (раней за «кудзеляй»), «у пост» склаліся ў асаблівы стылявы тып. У паэт. тэкстах раннетрадыц. пласта нямала міфал., казачных, легендарных, гераічных, прыгодніцкіх, фантаст. фантаст. матываў (пра лёс дзяўчыны-бяглянкі, пра нараджэнне дзіцяці па-за шлюбам і яго забойства, пра дзяўчыну-ваяра, пра змеяборца Юрая і інш.). Познатрадыц. балады, непрымеркаваныя па часе выканання, — тыповыя апавяданні пра добрага малайца, які схаваўся ў лесе ад набору ў войска; пра малайца, што начаваў на каранях маці-бярозы і забіты маланкай; пра Чарнаморца, які ўтапіўся; пра вальналюбную Бандароўну і інш. Паказальныя для іх і сюжэты з «маці-атрутніцай», «нявернай жонкай», «шынкаркай-здрадніцай», «брат брата забіў» і інш. Напевы познатрадыц. балад апіраюцца на інш., чым у каляндарных, заканамернасці мелодыка-рытмічнай арганізацыі, яны тэрытарыяльна рухомыя і схільныя да міграцыі і запазычання. Выкарыстанне класічных старадаўніх баладных сюжэтаў і матываў у баладах сучаснага паходжання абмежаванае. Як і ў напевах, сувязі тут ускосныя і апасродкаваныя, выступаюць як паэт., муз.-рытмічныя, інтанацыйна-меладычныя «цытаты», уключаныя ў іншы фабульны, сюжэтны, муз.-стылістычны кантэкст.

3) У французскай паэзіі 14—15 ст. верш з 3 строфамі, рэфрэнам і заключнай паўстрафой (зваротам да адрасата). Яркія ўзоры балады — у паэзіі Ф.​Віёна.

4) У літаратуры — ліра-эпічны жанр з легендарна-гіст. ці казачна-фантаст. сюжэтам. Узнік у англа-шатландскай нар. паэзіі 14—16 ст. (балады пра легендарнага героя Робін Гуда і інш.). Цікавасць да нар. балады ў эпоху рамантызму выклікала з’яўленне аналагічнага жанру літаратурнай балады (В.​Скот, Ф.​Шылер, І.​В.​Гётэ, А.​Міцкевіч, В.​Жукоўскі, А.​Пушкін, М.​Лермантаў). Для яе характэрны драматычна напружаны сюжэт са сціслым і цэласным разгортваннем падзей, шырокае выкарыстанне фалькл. прыёмаў і сродкаў (адухаўленне прыроды, матывы непазбежнай адплаты, неўміручасці герояў, элементы чарадзейнага з закляццямі і прадказаннямі). Першыя бел. балады з’явіліся ў сярэдзіне 19 ст. і былі напісаны па матывах нар. паэзіі («Нячысцік» А.​Рыпінскага, «Травіца брат-сястрыца» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Хцівец і скарб на святога Яна» Ф.​Багушэвіча). У творчасці Я.​Купалы («Забытая карчма», «Братка і сястрыца»), Я.​Коласа («Няшчасная маці»), М.​Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.​Бядулі («У калядную ноч») жанр набыў вызначальныя рысы менавіта літаратурнай балады. Вяршыняй у развіцці жанру стала балада перыяду Вял. Айч. вайны, якая ўвасобіла трагізм і героіку вайны, подзвігі вядомых і малавядомых нар. герояў (Я.​Коласа «Над магілай партызана», П.​Броўкі «Кастусь Каліноўскі», А.​Куляшова «Балада аб чатырох заложніках» і інш.). Балады, прысвечаныя мінуламу, гіст. лёсу народа, стваралі У.​Караткевіч, Я.​Янішчыц, А.​Пысін, Р.​Барадулін, Н.​Гілевіч, А.​Лойка, Ю.​Свірка, Я.​Сіпакоў (кн. «Веча славянскіх балад»).

5) У прафесійнай музыцы балада — твор ліра-эпічнага ці эпіка-гераічнага характару. Вядома некалькі жанрава акрэсленых гіст. тыпаў балады: эпохі Адраджэння — вакальная поліфанічная балада (Гільём дэ Машо), эпохі рамантызму — сольная вакальная (Ф.​Шуберт, К.​Лёве, І.​Брамс, Х.​Вольф) і інструментальная (балады Ф.​Шапэна). У сучаснай музыцы тэрмін «балада» выкарыстоўваецца даволі шырока ў дачыненні да розных паводле выканальніцкага складу і будовы твораў і паказвае хутчэй на характар зместу, чым на наяўнасць пэўных муз.-стылістычных рысаў, часта ён спалучаецца з інш. жанравым вызначэннем (сімфонія-балада, канцэрт-балада). У бел. музыцы балады створаны М.​Аладавым (сімфонія-балада «У суровыя дні»), Я.​Цікоцкім (балада-маналог «Помнік» для баса і арк. на сл. А.​Пушкіна), А.​Багатыровым (харавая балада «Шумелі бярозы», балада з фп. трыо), П.​Падкавыравым (кантата «Балада пра чатырох заложнікаў» на сл. А.​Куляшова), Я.​Глебавым («Альпійская сімфонія-балада»), Л.​Абеліёвічам (вак. цыклы «Партызанскія балады» і «Ваенныя балады»), І.​Лучанком («Балада пра салдацкае сэрца» і цыкл песень-балад для салістаў, хору і арк.), І.​Кузняцовым (хор «Балада пра маці») і інш. Шэраг твораў непасрэдна звязаны з тэматыкай і сюжэтамі фальклорных балад: сімф. паэма «Бандароўна» Г.​Гарэлавай, кантата «Надзя-Надзейка» Э.​Наско, кантата «Не сячы, мой татухна, пры дарозе бярозы» М.​Васючкова (для нар. хору і ансамбля ўдарных інструментаў на тэксты бел. нар. балад).

Публ.:

Балады. Кн. 1—2. Мн., 1977—78;

Беларуская балада. Мн., 1978.

Літ.:

Салавей Л.М. Беларуская народная балада. Мн., 1978;

Мухаринская Л.С., Якименко Т.С. К изучению музыкальной типологии народных баллад // Памяти К.​Квитки, 1880—1953: Сб. ст. М., 1983;

Народные баллады. М.; Л., 1963;

European Folk Ballads: Edited by Erich Seemann, Dag Strömbäck, Bengt R.Jonsson. Copenhagen, 1967 (European folklore series. Vol. 2);

Kumer Zmaga. Vsebinski tipi slovenskih pripovednih pesmi. Ljubljana, 1974.

Т.​С.​Якіменка (фальклор, прафес. музыка), В.​Л.​Бечык (літаратура).

т. 2, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калы́ска1 ’плецены або драўляны дзіцячы ложак (звычайна падвешаны на вяроўках да столі), які можна калыхаць, гушкаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; КЭС, лаг.; Мал., Мат. Гом.), колысочка (Радч., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Шат., Яруш.), калыска‑палатнянка ’палатняная калыска накшталт заплечнай ношкі’ (Жд. 3), ’гушкалка’ (Нас.), ’арэлі, гушкалка’ (Сл. паўн.-зах., ТС, Ян.). Укр. колиска ’люлька’ і ’арэлі, гушкалка’, рус. колыска ’тс’, польск. kołyska ’люлька’ (і ст.-польск.; Слаўскі (2, 377) звяртае ўвагу толькі на спарадычныя фіксацыі ў гаворках), чэш. мар. kolíska ’люлька’, славац. kolíska ’тс’. У гаворках не заўсёды паслядоўна слова азначае рэалію з «маятнікавым» рухам, што, відаць, пазнейшае і для этымалогіі неістотна. Лінгвагеаграфія не выключае магчымай экспансіі рэаліі разам з назвай, аднак акрэсліць цэнтр інавацыі (усх.-слав. тэрыторыя?) даволі цяжка. Паводле Слаўскага, 2, 377, паўн.-слав. *kolysъka ад *kolysati (гл. пад. калыхаць).

Калы́ска2 ’паглыбленне ў адным бервяне, у якое кладуцца іншыя, каб не раскачваліся пры перавозцы’ (Жд. 3). У іншых слоўніках як быццам не адзначаюцца. Апісанне рэаліі не вельмі дакладнае, па гэтай прычыне сувязь з калыска1 (перанос па функцыі? форме?) уяўляецца не адзіна магчымай, ва ўсякім разе шэраг роднасных лексем сведчыць аб апасродкаванай сувязі, пашырэнні новага тэрміналагічнага значэння. Так, звяртаюць на сябе ўвагу рус. валаг. колыга і калыга ’крыты выгіб (палазок, абручоў і да т. п.)’, дзе сувязь (семантычная з калыска1) можа быць яшчэ непасрэднай, арханг. колыга ’кожны з двух падоўжаных бакавых брусоў, якія злучаюць пярэднюю і заднюю часткі дроў’. Невялікая надзейнасць такога супастаўлення ў тым, што сувязь з рус. калыга, калыжка і да т. п. з’яўляецца праблематычнай. Бел. хутчэй за ўсё рэгіянальны наватвор.

Калы́ска3 ’агрэх’ (Мат. Гом.). Ілюстрацыя ўдакладняе: «На полі ў цябе асталася калыска», аднак рэалія застаецца няяснай — ці гэта агрэх пры пасеве, ці пры ўборцы. У іншых крыніцах не фіксуецца. Сувязь з калыска1 не выключана, развіццё значэння: ’паглыбленне ў глебе’ → ’месца, адкуль цяжка выкасіць што-н.’ → ’агрэх’. Далей, калі назва абагульняецца, ’агрэх наогул’. Іншы варыянт тлумачэння зыходзіць з таго, што калыска азначае ’агрэх пры пасеве’. У такім выпадку слова можна параўнаць з вытворнымі ад лысы, якія ў рус. гаворках з’яўляюцца цікавым матэрыялам для рашэння гэтай задачы. Так, у СРНГ знаходзім лысина ’прагаліна, лужок ў лесе’, лысить ’пакідаць прабел’ і ’пакідаць пры падмятанні падлогі поласы пылу’, лыситься ’праясняцца (пра неба)’. Цікавым з’яўляецца і такі выраз як лысо ’рабіць абы як’, далей, наяўнасць структурна падобных дэрыватаў: лыска ’мянушка жывёл з белай плямай на лбе’ і ’адзнака на кары дрэва сякерай або нажом’. У плане структурна дакладнай паралелі можна прывесці рус. церск. колыснуться ’памерці, прапасці’, аднак статус гэтай перыферыйнай лексемы вельмі няясны (адзінкавая фіксацыя). Апрача таго. прэфіксальны (з ко‑/ка‑) зыходны дзеяслоў з адпаведным значэннем як быццам не зафіксаваны, і гэта таксама зніжае надзейнасць версіі. Па кодле геаграфіі (калі прыняць першую версію) — рэгіянальны наватвор.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. адвёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. адвядзі; зак., каго.

1. Ведучы, суправаджаючы, даставіць у якое‑н. месца. Мікола адвёў Даніка пад плот і пасадзіў на траве. Брыль. [Доктар:] — Пазней усе казалі, што яго [Зяму] туды [у стажок] адвяла і схавала Броня. Грахоўскі. // Перавесці (войскі і пад.) на другую пазіцыю, перамясціць назад, у тыл. [Перапечкін:] — Перадайце Паграбняку: атрад адвесці на поўнач ад вёскі. М. Ткачоў.

2. Завесці на некаторую адлегласць ад каго‑, чаго‑н. Букрэй адвёў убок начальнікаў аддзяленняў і дзеда Талаша і аддаў загад, каму, дзе і што рабіць. Колас.

3. Адхіліць; змяніць напрамак руху чаго‑н., накіраваць убок ад каго‑, чаго‑н. Зыбін легкадумны, вясёлы на тую пару, паспрабаваў абняць яе, але Жэня адвяла яго рукі. Мележ. Сонца ўжо схавалася за далёкім лесам.., а.. [аграном] ходзіць, думае, куды б гэту ваду адвесці з поля. Бялевіч. // Змяніць напрамак позірку, перастаўшы глядзець на што‑н. Здавалася, што калі хоць на момант адвядзеш вока, то машына абавязкова наскочыць на што-небудзь. Кулакоўскі. // перан. Даць іншы кірунак, перавесці (увагу, думку і пад.) на што‑н. іншае. Лапінка, каб адвесці ад Косціка ўвагу «брата Мішы», запрапанаваў яму заспяваць што-колечы. Брыль. // перан. Папярэдзіць што‑н. небяспечнае, непрыемнае. [Марына:] — Пайду сама. Тайком пайду. І можа ліха адвяду, Калі ёсць сэрца ў таго ката [Богута]. Колас. І спалохана ўзняліся з трыснягоў густых, з аеру Кнігаўкі, каб небяспеку Ад сваіх адвесці гнёзд. Танк.

4. перан. Адхіліць што‑н. неадпаведнае, непрыдатнае. Васіль Бусыга быў кандыдат У валасныя старшыні, але рэвалюцыя і ўсе далейшыя падзеі адвялі яго кандыдатуру. Колас.

5. Даць у чыё‑н. распараджэнне; прызначыць, выдзеліць для якой‑н. мэты. Гасцінны гаспадар адвёў два пакойчыкі Цэзарыю Гальвасу, а Блецька атабарыўся ў мураванай прыбудоўцы к дому. Чорны. Дык адвядзі [краіна] ім [сынам] пачэснае месца У кнігах, што пішуцца пра вайну, У кнігах пра нашу перамогу Песню складзі пра іх не адну. Куляшоў. // Надаць тое або іншае значэнне, вызначыць ролю, месца каму‑, чаму‑н.

6. Правесці, адчарціць. Адвесці палі ў сшытку.

•••

Адвесці вочы — хітруючы, адцягнуць чыю‑н. увагу ад чаго‑н.

Адвесці душу — падзяліцца з кім‑н. тым, што набалела; выказаць каму‑н. свае патаемныя думкі; задаволіць якое‑н. моцнае жаданне.

Вачэй не адвесці — аб чым‑н. вельмі прыгожым, прывабныя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)