Сі́лас ‘сакавіты корм для жывёлы’ (ТСБМ), сіло́с ‘тс’, ‘мешаніна’ (Янк. 3.), сі́лас, сіло́с іран. ‘вінегрэт’ (Сл. рэг. лекс., Сл. Брэс.). Новае запазычанне праз рус. си́лос ‘тс’, дзе з’явілася ў 2‑й пал. XIX ст. Крыніцай запазычання з’яўляецца ісп. silos ‘падземнае глыбокае цёмнае памяшканне’, ‘яма для захоўвання збожжа’, якое ўзыходзіць да грэч. σιρός ‘мера аб’ёму’, ‘яма для захоўвання збожжа’; гл. Трубачоў, Дополн., 3, 622; Караленка, Лексикогр. сб., 3, 1958, 139 і наст.; КЭСРЯ, 409.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Така́рня ’такарная майстэрня’ (ТСБМ), ’саматужны такарны станок для апрацоўкі дрэва’ (Скарбы), ’прымітыўны такарны станок для вырабу калаўротаў’ (гродз., Нар. сл.), ’станок, на якім точаць калодкі для колаў’ (Жд. 2). Укр. тока́рня ’майстэрня токара; такарны станок’, дыял. ’станок для абточкі калодак для колаў’, рус. тока́рня, тока́рная ’такарная майстэрня’, польск. tokarnia ’такарная майстэрня’ (Варш. сл.). Да токар (гл.); у першым значэнні, магчыма, запазычана з польскай мовы, дзе ў значэнні ’такарны станок’ ужываецца tokarka. Параўн. сячкарня, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́нчыць ’танцаваць’ (астрав., Нар. словатв.; Гіл., Жд. 3, Сл. ПЗБ), ’танцаваць, скакаць’ (Сцяшк.), ’танцаваць; заляцацца’ (Нас.), та́нчыць (та́ньчыць) ’танцаваць у кругу, у карагодзе’ (Нар. Гом.), та́ньчыць ’танцаваць’ (Байк. і Некр.), сюды ж та́ньчык ’танец, песня да танцаў’ (Байк. і Некр.), та́нчыцца ’важдацца, займацца’ (Нас.), та́ньчыцца ’цешыцца, вазіцца’ (Байк. і Некр.). З польскай мовы, дзе tańczyć ’танцаваць’ (з XVI ст.), звязанае з taniec ’танец’ (Брукнер, 565; Борысь, 626; Длугаш-Курчабова, 495). Параўн. танцаваць, танец, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тара́нтул ’ядавіты павук, Lycosa Tarantula’ (ТСБМ), таранту́л ’тс’ (Некр. і Байк.). Укр., рус. тара́нтул, польск. tarantula. Праз рускую або польскую мову (гл. форму з націскам на канцы слова) з заходнееўрапейскіх або непасрэдна з с.-лац. tarantula ’тарантул’ < італ. tarantola ’тс’; апошняе — ад назвы горада Taranto < лац. Tarentum, дзе быў пашыраны гэты від павука (ЕСУМ, 5, 519; Фасмер, 4, 22; Голуб-Ліер, 477). Ластоўскі падае ў якасці народнага адпаведніка мізгі́р ’ядавіты земляны павук’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарля́цца ’хадзіць без справы’ (Сцяшк. Сл.). З польск. tarlać się ’валяцца’, роднаснага tarzać się ’куляцца, валяцца’, што да trzeć (Брукнер, 565), гл. церці. Меркаванне пра запазычанне з літ. terliótis ’пэцкацца; валтузіцца’ (Грынавяцкене, LKK, 22, 196), дзе асноўнае значэнне ’брудзіць, пэцкаць’, здаецца менш верагодным, паводле Смачынскага (672), першапачаткова ’распасцерці на зямлі’. Нельга выключыць і гукапераймальнае (імітатыўнае) паходжанне, параўн. серб.-харв. то̀рлати ’моцна крычаць; выстаўляцца, хваліцца’ (інакш, як узнікшае на базе турцызма то̀рлак, разглядаецца Скокам, 3, 484).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Транса́ва ’дрыгва, багна, топкае месца’ (Скарбы; бераст., ваўк., гродз., ДАБМ; Сл. ПЗБ), трансаві́ца ’тс’ (шальч., Сл. ПЗБ; ваўк., ЛА, 2), ’зарослае трысцём месца на рацэ або на возеры’ (Сцяшк.), транцаві́ца ’тс’ (зэльв., ДАБМ), трэнсэ́віца ’топкае месца на балоце’ (бяроз., драг., ЛА, 5), сюды ж транса́вы, транца́вы ’дрыгвяны’ (маст., Сл. ПЗБ), транса́вы мн. л. ’топкае балота, дзе калышацца верхняе покрыва’ (гродз., бераст., ЛА, 2; Сцяшк.), трансаві́сты ’топкі, гразкі’ (Сцяшк.). З польск. tręsawa, trzęsawica ’дрыгва, багна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэмп1 ‘ступень хуткасці, развіцця’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), те́мпо ‘тс’ (Вруб.). Еўрапеізм, пранікненне праз рускую мову (темп), дзе з XVIII ст. выводзіцца з ням. Tempo ці непасрэдна з італ. tempo < лац. tempus ‘тс’ (Фасмер, 4, 41; Арол, 5, 59); беластоцкае слова праз польск. tempo ‘тс’ таго ж паходжання.

Тэмп2 ‘гатунак бульбы’ (Брасл. сл.), тэ́мпа ‘тс’ (слонім., Расл. св.). Ад рэгіянальных варыянтаў назваў гатунку, першапачаткова тэмп (БелСЭ, 2, 464), гл. тэмп1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ідэ́я. З польск. мовы ў пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 261; Гіст. мовы, 2, 144). Крукоўскі (Уплыў, 77), Бурак (Суч. бел. мова, 1975, 25) мяркуюць аб рус. пасрэдніцтве, але супраць адсутнасць дзекання; параўн. ідзе́я (Яруш.) пад рус. уплывам. Польск. idea < лац. idea < грэч. ἰδέα ’выгляд, вобраз’ (SWO, 294). Для рус., дзе з апошняга дзесяцігоддзя XVII ст. (Біржакова, Очерки, 154), таксама зазначаюць польск. пасрэдніцтва. Шанскі, 2, I, 12; Фасмер, 2, 117 (ці зах.-еўрап.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАЛЮ́ТА (італьян. valuta літар. кошт, вартасць),

1) грашовая адзінка краіны і яе тып (залатая, сярэбраная, папяровая, крэдытная).

2) Грашовыя знакі замежных краін (крэдытныя білеты, манеты і інш.).

3) Крэдытныя сродкі абарачэння і плацяжу, выражаныя ў замежных грашовых адзінках (вэксалі, чэкі, сертыфікаты і інш.).

4) Міжнар. і еўрап. разліковыя адзінкі СДР, ЭКЮ — калектыўная валюта. Па сваёй сутнасці валюта — гэта грошы ў міжнар. разліках. Да 19 ст. існавалі сярэбраны монаметалізм і біметалізм (адначасовае абарачэнне сярэбраных і залатых манет), у 19 ст. ў абарачэнні была залатая валюта, на сучасным этапе — папяровая (неразменныя на золата і серабро банкаўскія білеты і папяровыя грошы). У залежнасці ад рэжыму выкарыстання валюта бывае: свабодна канверсаваная, ці поўнасцю абарачальная (абменьваецца на любую замежную валюту і не мае абмежаванняў у валютных аперацыях), часткова канверсаваная (мае абмежаванні ў валютных аперацыях) і неканверсаваная (замкнутая, неабарачальная). Да свабодна канверсаваных валют адносяцца долары ЗША і Канады, ням. марка, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі, яп. іена, франц. і швейцарскі франкі і некаторыя інш., якія без абмежаванняў выкарыстоўваюцца ў міжнар. эканам. аперацыях і для стварэння валютных рэзерваў (рэзервовая, ключавая валюта). Часткова канверсаваная валюта краін, дзе існуюць валютныя абмежаванні, як правіла, для рэзідэнтаў (фіз. і юрыд. асоб гэтай краіны), а таксама на пэўныя валютныя аперацыі (напр., на рух капіталаў і крэдытаў). Неканверсаваная валюта ў краінах, дзе няма эканам. стабільнасці і існуюць абмежаванні і забароны на ўвоз і вываз валюты, яе абмен, куплю-продаж, а таксама інш. меры валютнага рэгулявання з мэтай стрымаць выкарыстанне дэфіцытнай замежнай валютай. Да неканверсаванай адносіцца і валюта Беларусі (1996). Свабодна абарачальная нац. валюта і трывалы валютны рэзерв — паказчык эканам. стабільнасці краіны. Для выкарыстання валюты ўстаноўлены пэўныя формы і правілы (гл. Валютная біржа, Валютны курс, Валютны парытэт, Валютныя аперацыі і інш.).

Існуюць таксама паняцці валюты цаны, ці валюты здзелкі (грашовая адзінка, у якой вызначаецца цана тавару ў кантракце па знешнегандл. аперацыі ці выражаецца сума міжнар. крэдыту), валюты плацяжу, ці валюты разлікаў (грашовая адзінка, у якой у кантракце вызначаецца аплата на знешнеэканам. аперацыі ці пагашэнне міжнар. крэдыту), валюты вэксаля (грашовая адзінка, у якой прад’яўлены вэксаль), валюты клірынгу (грашовая адзінка, на аснове якой адкрываюцца ўзаемныя рахункі краін для безнаяўных узаемных міжнар. разлікаў) і інш.

Г.​І.​Краўцова.

т. 3, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ,

узброеныя фарміраванні ў паветах Гродзенскай губ. ў ходзе паўстання 1863—64. Першым іх буйным выступленнем быў напад у ноч на 11.1.1863 паўстанцкіх атрадаў (усяго больш за 1000 чал.) пад агульным камандаваннем У.​Ціхорскага (Замэчка) на гарнізон г. Сураж. Паўстанцы разграмілі ротны цэйхгаўз, папсавалі чыг. і тэлегр. сувязь. Да 20.1.1863 атрады Ціхорскага, Р.​Рагінскага, С.​Сангіна, Б.​Рыльскага, В.​Левандоўскага (усяго каля 5000 чал.) сканцэнтраваліся ў мяст. Сямяцічы Бельскага пав. (цяпер тэр. Польшчы), аднак 26 студз. былі выбіты адтуль. У крас. 1863 у Сакольскім пав. (цяпер Польшча) сфарміраваны атрад В.Урублеўскага, які аб’яднаўся з беластоцкім (узначальвалі афіцэры А.​Баранцэвіч, Ю.​Эйтмановіч і інш.), а таксама з атрадам з Бельскага пав. на чале з Э.​Кярсноўскім. Адначасова ў Гродзенскім пав. створаны атрад А.​Лянкевіча (Ляндара, 200 чал.), які пасля бою 22 крас. каля мяст. Азёры пайшоў у Ваўкавыскі пав., дзе злучыўся з мясц. атрадам Г.​Стравінскага (Млотка). У ходзе бою 2—3 мая паблізу в.Міхалін Кобрынскага пав. пад націскам паўстанцаў (500—800 чал.) урадавыя войскі (2 роты салдат і каля 100 казакоў) адступілі. У Пружанскім пав. ў крас. быў сфарміраваны атрад Ф.​Влодэка, у Слонімскім пав. дзейнічаў атрад Ф.​Юндзіла (каля 250 чал.). У Кобрынскім пав. 25 крас. — 1 мая створаны атрад Р.Траўгута (Кракаўскага), да якога ў маі далучыўся брэсцкі атрад на чале з Я.Ваньковічам (Лялівам). У Брэсцкім пав. сфарміраваны атрад Стасюкевіча (каля 300 чал.). На тэр. Гродзенскай і Аўгустоўскай губ. дзейнічаў таксама атрад Тышкі (каля 100 чал.), у Гродзенскай пушчы з лют. 1863 — атрад Л.Нарбута (пасля яго гібелі атрад ўзначальваў К.Парадоўскі, у ім змагаліся М.Э.Андрыёлі і Ф.Багушэвіч). На тэр. губерні дзейнічалі і больш дробныя атрады. Самая вял. бітва адбылася ў маі 1863 каля в.Мілавіды (гл. Мілавідская бітва 1863). Асаблівасцю Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў было адносна шырокае прадстаўніцтва ў іх сялян. Атрады захоплівалі павятовыя канцылярыі, знішчалі дакументы, вярталі сялянам сабраныя падаткі, а казённыя грошы пад распіску бралі на патрэбы атрада. У канцы лета — пач. восені 1863 паводле рашэння Выканаўчага аддзела Літвы ўзбр. барацьба на тэр. Беларусі і Літвы, у т. л. ў Гродзенскай губ., спынена. Рэшткі Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў адышлі ў Падляшша, дзе пэўны час працягвалі барацьбу.

т. 5, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)