«НЁМАН»,

шклозавод у г. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл. Засн. ў 1883. Утварыўся з 3 шклозаводаў (гл. Нёманскія шклозаводы). У 1-ю сусв. вайну разбураны, адноўлены ў 1921 як шклозавод «Н.» фірмы «Ю.Столле». Вырабляў шклянкі, лямпавае і аптэкарскае шкло, з 1922 — ізалятары для чыгунак, пошты і тэлеграфа. У 1930 «Н.» выпускаў пятую частку ўсяго экспарту Польшчы і 1828 найменняў шкляной і хрусталёвай прадукцыі. У 1939 пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР нацыяналізаваны. У Вял. Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1944, вырабляў аконнае і лямпавае шкло, з 1945 — шклапосуд. Рэканструяваны ў 1957—86. На 1.1.2000 на з-дзе працуюць 7 ванных шклаварных печаў бесперапыннага дзеяння, 3 печы—спадарожнікі для варкі каляровага шкла. Асн. прадукцыя (2000): вырабы 1058 найменняў, у т. л. посуд са шкла і хрусталю, дэкар. вырабы, элементы для люстраў і інш. Прадукцыя з-да за арыгінальнасць маст. і тэхнал. выканання неаднаразова адзначалася ўзнагародамі на міжнар. выстаўках. Гл. таксама Нёманскае шкло.

т. 11, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)