РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ БАЛА́НСатмасферы і падысподняй паверхні,
рознасць прыходу і расходу прамяністай энергіі, якая паглынаецца і выпраменьваецца атмасферай і падысподняй паверхняй; частка цеплавога балансу атмасферы і зямной паверхні. Для атмасферы прыходная частка Р.б. складаецца з паглынутай прамой і рассеянай радыяцыі, паглынутага даўгахвалевага выпрамянення зямной паверхні; расходная частка — уласнае атмасфернае выпрамяненне, накіраванае да зямной паверхні і ў касм. прастору. Для падысподняй паверхні прыходную частку складаюць паглынутая прамая і рассеяная радыяцыя, а таксама паглынутае процівыпрамяненне атмасферы: расходную — страта цяпла падысподняй паверхняй за кошт уласнага цеплавога выпрамянення. Р.б. бывае дадатны (днём, летам) і адмоўны (ноччу, зімой). Пры дадатным балансе падысподняя паверхня атрымлівае цяпло, якое ідзе на награванне глебы і паветра, на выпарэнне, пры адмоўным — аддае, што прыводзіць да радыяцыйнага ахалоджвання глебы і паветра. Р.б. залежыць ад вышыні Сонца, празрыстасці атмасферы, воблачнасці, т-ры і вільготнасці паветра, характару расл. і снегавога покрыва. Характарызуецца імгненнымі значэннямі (кВт/м²) і сумамі за гадзіну, суткі, месяц, год (МДж/м²). На Беларусі сутачныя сумы Р.б. падысподняй паверхні ад -5 да 20 МДж/м². Пераход сярэдніх сутачных сум Р.б. ад дадатных да адмоўных адбываецца ў ліст., ад адмоўных да дадатных — у лютым. Гадавыя сумы Р.б. зменьваюцца ад 1500 да 1800 МДж/м². Для атмасферы Р.б. амаль заўсёды адмоўны, над тэр. Беларусі ён складае каля -2800 МДж/м² за год, за ліп. і снеж. адпаведна каля -170 МДж/м² і -400 МДж/м².
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУА́Н (Rouen),
горад на Пн Францыі. Адм. ц. дэпартамента Прыморская Сена і гал. горад гіст. вобласці Нармандыя. Каля 450 тыс.ж. з прыгарадамі (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт на р. Сена за 100 км ад яе вусця, абслугоўвае Парыжскі прамысл. раён. Аэрапорт. Прам-сць: тэкст., харч., металург., маш.-буд. (асабліва суднабуд.), хім., нафтаперапрацоўчая. Ун-т. Арх. помнікі 12—16 ст., у т. л. сабор Нотр-Дам (13—16 ст.).
Узнік на месцы стараж. паселішча галаў. У 1 ст. да н.э. заваяваны Рымам (наз. Ратамагус), у 5 ст.н.э. — франкамі. З 260 тут знаходзілася сядзіба біскупства, потым архібіскупства. У 841 і 859 Р. спалены нарманамі. З 911 сталіца герцагства Нармандыя, цэнтр гандлю (з Англіяй, пазней з Ганзай) і рамёстваў (сукнаробства); манапалізаваў марскі экспарт віна з Шампані і Бургундыі. Каля 1170 атрымаў самакіраванне (пасля паўстання ў 1382 пазбаўлены), у 1204 далучаны да каралеўскага дамена. У Стогадовую вайну 1337—1453, у 1419—49 захоплены англічанамі, якія ў 1431 спалілі тут Жанну д’Арк. З 2-й пал. 15 ст. Р. — цэнтр каланіяльнага гандлю і фаянсавай прам-сці (прывілей Карла VIII з 1492). У 16—17 ст. насельніцтва Р. падтрымлівала гугенотаў. У час Франц. рэвалюцыі 1789—99 цэнтр раялістаў. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны і моцна разбураны ням. войскамі, вызвалены англа-амер. войскамі ў жн. 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІ ФО́РУМ,
ансамбль цэнтр. плошчы ў Рыме Старажытным. Склаўся ў 6—2 ст. да н.э. як паліт., гандл. і культ. цэнтр горада (цяпер у руінах). Размяшчаўся ў нізіне паміж узгоркамі Капітолій, Палацін і Квірынал. З боку Капітолія замкнёны порцікам 12 багоў (367 да н.э.) і Табуларыем (дзярж. архіў; 79 да н.э., рэшткі ўвайшлі ў Палацца дэі Сенаторы). Р ф. акаймаваны храмамі і базілікамі (адм.-судовымі будынкамі). У ансамбль уваходзілі: сенацкая курыя (з царскай эпохі, перабудавана каля 300 н.э.), «Дом вясталак» з храмам Весты (з 6 ст. да н.э., перабудаваны ў 1 ст.н.э.), храмы Сатурна (з 497 да н.э., перабудаваны ў 42 да н.э. і ў 3 н.э.), Кастара і Палукса (з 484 да н.э.), Канкордыі (з 367 да н.э., перабудаваны ў 10 н.э.), Юлія Цэзара (29 да н.э.), Веспасіяна (79—96 н.э.), Антаніна і Фаўсціны (141 н.э.), базілікі Эмілія (179 да н.э.), Юлія (54—44 да н.э.) і Максенцыя (Канстанціна; каля 315 н.э.), трыумфальныя аркі Ціта (81 н.э.) і Септымія Севера (203 н.э.). На плошчы ўзвышалася ростра (трыбуна для аратараў). На Р ф. ў розныя часы ўстанаўлівалі помнікі, калоны, скульптуры, порцікі, аркады. Кожнае збудаванне адметнае вытанчанымі прапорцыямі з уласнай эстэт. характарыстыкай. Праз тэр. форума праходзіла Свяшчэнная дарога (Вія Сакра), на якой адбываліся трыумфальныя шэсці. Р.ф. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКАНКІ́СТА (ісп. Reconquista ад reconquistar адваёўваць),
адваяванне карэнным насельніцтвам Пірэнейскага п-ва зямель, захопленых у пач. 8 ст. арабамі і паўночнаафрыканскімі плямёнамі бербераў; працягвалася з 718 да канца 15 ст. Першай была перамога над арабамі ў 718 каля Кавадонгі. Да 11. ст. ўзніклі ісп. дзяржавы Леон, Кастылія, Арагон, Навара. Вырашальным этапам Р. былі 11—13 ст. У 1085 адваяваны Таледа, у 1212 аб’яднаныя сілы іспанцаў нанеслі маўрам канчатковае паражэнне ў бітве каля Лас-Навас-дэ-Талосы. У 1229—35 адваяваны Балеарскія а-вы, у 1236 — Кордава, у 1238 — Валенсія, у 1248 — Севілья, у 1492 — Гранадскі эмірат. Адваяванне суправаджалася засяленнем і эканам. асваеннем спустошаных вайною зямель. Гал. рухальнай сілай Р. было сялянства, якое ў пач. Р. атрымлівала зямлю і асабістую свабоду. Каралеўская ўлада падтрымлівала ўтварэнне сялянскіх і гар. абшчын (найб. іх росквіт у 11—13 ст.). З пашырэннем Р. феад. ўціск узмацніўся. Актыўна ўдзельнічалі ў Р. гараджане (гарады атрымлівалі самакіраванне), рыцарства (колькасць рыцараў павялічвалася за кошт сялян і гараджан). Р., якая вялася пад сцягам барацьбы хрысціян супраць «няверных», абумовіла рост ідэалаг. ўплыву і эканам. магутнасці каталіцкай царквы ў Іспаніі і Партугаліі. З Р. звязаны працэс фарміравання ісп. і партуг. народнасцей. У аснову ісп.літ. мовы лёг кастыльскі дыялект, што тлумачыцца пераважнай роляй Кастыліі ў Р. Эпоха Р. адлюстравана ў нар. эпасе (гераічны эпас пра Сіда Кампеадора, «Рамансера» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЛІДА́РНАСЦЬ»
(Solidarność),
прафсаюзнае аб’яднанне ў Польшчы, якое сваёй грамадска-паліт. актыўнасцю моцна паўплывала на сістэмную трансфармацыю дзярж. ладу Польшчы ў 1980—90-я г. Узнікла 17.9.1980 у г. Гданьск на хвалі забастовачнага руху як Незалежны самакіравальны прафес. саюз «С.» (старшыня Л.Валенса); афіц. зарэгістравана 10.11.1980. У канцы 1980 каля 10 млн.чл. Хутка палітызавалася, ператварылася ў масавы дэмакр. рух рабочых і інтэлігенцыі, скіраваны на процідзеянне камандна-адм. сістэме ў краіне (маральная падтрымка з боку польскай каталіцкай царквы, матэрыяльная — польскіх эмігранцкіх арг-цый, зах. прафсаюзаў і дабрачынных фондаў). У час ваен. становішча 1981—83 афіцыйна забаронена (8.10.1982), шэраг дзеячаў «С.» інтэрніраваны. Удзельнік «круглага стала» (люты — крас. 1989) паміж урадам і апазіцыяй. 17.4.1989 зноў легалізавана. Пасля перамогі на выбарах у сейм і сенат (4 і 18.6.1989), прызначэння Т.Мазавецкага прэм’ер-міністрам (24.8.1989) і выбрання Валенсы прэзідэнтам Польшчы (9.12.1990) стала кіруючай паліт. сілай краіны. У лют. 1991 старшынёй «С.» выбраны М.Кшаклеўскі (у 1995 перавыбраны). У 1996 каля 30 малых партый заснавалі Выбарчую акцыю «С.», што перамагла на парламенцкіх выбарах 21.9.1997, але на выбарах 25.9.2001 не здолела правесці ў сейм ніводнага дэпутата. Кіруючы орган — Усяпольская камісія. Уваходзіць у Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў.
Літ.:
Лойко Л.В. Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;
Часноўскі М.Э. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999). Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯНЦЯ́НСКІ ПАВЕ́Т Утвораны ў 1795 на тэр.паўн.-зах. часткі былога Ашмянскага пав.ВКЛ, далучанай да Расіі ў выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай. Да 1842 наз. Завілейскім пав. Уваходзіў у Віленскую губ., з 12.12.1796 — у Літоўскую, з 9.9.1801 — зноў у Віленскую. Цэнтр — г. Свянцяны. Пл.каля 4,8 тыс.км², з іх каля 22% займалі ворныя землі, 32% — лясы. З 1861 падзяляўся на 22 воласці, з якіх 6 знаходзіліся на тэр. сучаснай Літоўскай Рэспублікі, а 16 — цалкам ці часткова на тэр. Беларусі (Аляксандраўская, Вішнеўская, Войстамская, Гадуцішская, Дубатоўская, Занарацкая, Кабыльніцкая, Кукуцішская, Камайская, Кемелішская, Лынгмянская, Лынтупская, Нястанішская, Свірская, Шэметаўская, Ясеўская). Насельніцтва на 1880 было 145,5 тыс.чал. (без г. Свянцяны), з іх 5,2 тыс. дваран, 13,3 тыс. мяшчан, 123,3 тыс. сялян, 3,3 тыс. ваеннаслужачых. Паводле канфесіянальнага складу — 122,4 тыс. католікаў, 13,1 тыс. праваслаўных, 5,4 тыс. старавераў, 4 тыс. іудзеяў. Мелася 1741 паселішча, 1067 тыс. двароў. У 1915 заняты германскімі, з вясны 1919 польскімі войскамі, уключаны ў Віленскую акругу. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 застаўся ў складзе Польскай Рэспублікі. З 22.12.1925 С.п. у складзе Віленскага ваяв. У 1930-я г. складаўся з 15 гмін. У вер. 1939 С.п. заняты Чырв. Арміяй, 2.11.1939 далучаны да БССР і ўключаны ў Вілейскую вобл., 15.1.1940 скасаваны, яго тэрыторыя ўвайшла ў Гадуцішскі, Свянцянскі і Свірскі р-ны (гл. адпаведныя арт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАНДЭРБЕ́Г [Scanderbeg, Skenderbeu; сапр.Кастрыёці (Kastrioti) Георг, каля 1405—17.1.1468],
кіраўнік вызв. барацьбы алб. народа супраць асманскіх заваёўнікаў, нац. герой Албаніі. Паходзіў з княжацкага роду Кастрыёці. У дзіцячым узросце ўзяты заложнікам да тур. султана Мурада II. Служыў у тур. арміі, удзельнічаў у многіх войнах, выявіў ваен. здольнасці. За ваен. заслугі атрымаў тытул бея і ў гонар Аляксандра Македонскага названы Іскандэрам (адсюль С. — скажонае Іскандэр-бей). Спакваля рыхтаваўся да барацьбы супраць тур. султана, кантактаваў з яго ўнутр. і знешнімі праціўнікамі, вёў перагаворы з Я.Хуньядзі. Пасля пераможнай для венг. арміі бітвы з тур. войскамі каля Ніша (3.11.1443) С. з атрадам у 300 вершнікаў пакінуў тур. лагер і прыбыў у Дыбру. Абапіраючыся на свабодных сялян, пачаў паход, накіраваны на выгнанне турак з алб. зямель. Неўзабаве ён заняў Крую, 28 ліст. абвешчаны галавой княства Кастрыёці. Выгнаў тур. гарнізоны з шэрагу крэпасцей і ўсталяваў незалежную ад туркаў уладу на частцы тэр. краіны. У 1444 засн. лігу алб. князёў і стаў яе кіраўніком, стварыў і ўзначаліў рэгулярную армію. На працягу 24 гадоў адбіваў спробы тур. захопнікаў аднавіць сваю ўладу на алб. землях (разгром тур. арміі ў 1444, 1457, абарона Круі ў 1450, 1466—67). У Албаніі ўстаноўлены ордэн С., яго імем названа гал. плошча ў Тыране, дзе яму ўстаноўлены помнік. На Беларусі імя С. вядома з помніка перакладной л-ры пач. 17 ст. — «Аповесць пра Скандэрбега».