МАНТЭСК’Ё (Montesquieu) Шарль Луі (18.1.1689, Лабрэд, каля г. Бардо, Францыя — 10.2.1755),

французскі філосафа-светнік, сацыёлаг, правазнаўца, пісьменнік. Чл. Ін-та Францыі (1727). Скончыў каталіцкі каледж (1705). Вывучаў права ў г. Бардо і Парыж. З 1714 саветнік, з 1716 віцэ-прэзідэнт парламента (суда) Бардо. З 1726 у Парыжы. У 1729—31 у Вялікабрытаніі. У творы «Пра дух законаў» (1747), зыходзячы з ант. паліт. тэорый, вылучаў 3 правільныя формы праўлення (дэмакратыя, арыстакратыя і манархія) і адну няправільную (дэспатыя). Найлепшым спосабам недапушчэння дэспатыі лічыў раздзяленне ўлад на заканадаўчую, выканаўчую, судовую, свабоднае функцыянаванне дэмакр. ін-таў грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы. Прынцыпы раздзялення ўлад і 3 відаў праўлення пакладзены ў аснову паліт. ўладкавання шэрагу краін Еўропы і ЗША, служаць важнай навук.-тэарэт. крыніцай для даследчыкаў і заканадаўцаў. Жорсткасці і бессэнсоўнасці дэспатызму проціпастаўляў сац. роўнасць грамадзян, паліт. плюралізм, свабоду слова і друку, забеспячэнне законнасці і асабістай бяспекі грамадзян. У дэмакратыі рухаючай сілай і ўмовай росквіту краіны абвяшчаў доблесць — павагу да законаў і любоў да Айчыны, адданасць кожнай асобы дэмакр. ідэалам і агульнадзярж. справе. Развіваў канцэпцыю функцыянальнай ролі рэлігіі, якая, на яго думку, паляпшае норавы падданых, змякчае дэспатызм і садзейнічае падтрыманню сац. парадку ў грамадстве. У рамане «Персідскія пісьмы» (1721) крытыкаваў норавы франц. грамадства, яго паказную «цывілізаванасць» і адарваную ад жыцця «вучонасць», прыгон з боку ўлады і царквы. У духу палітыка-прававой і гіст. канцэпцыі М. развівалі вучэнне аб формах сац.-эканам. і паліт. ладу, грамадзянскай супольнасці, пастаянным прагрэсе прававых норм і законапалажэнняў бел. мысліцелі-асветнікі К.​Вырвіч, Ф.​Карпінскі, М.​Карповіч, А.​Нарушэвіч, І.​Страйноўскі, М.​Чацкі і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. М., 1955;

Персидские письма. Элиста, 1988.

Літ.:

Баскин М.П. Монтескье. 2 изд. М., 1975;

Азаркин Н.М. Монтескье. М., 1988.

С.​Ф.​Дубянецкі.

Ш.Мантэск’ё.

т. 10, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФАЛО́ГІЯ РАСЛІ́Н,

раздзел батанікі, які вывучае форму і будову раслін, заканамернасці іх морфагенезу ў індывідуальным (антагенез), гіст. (філагенез) развіцці і пад уплывам фактараў знешняга асяроддзя. Уключае анатомію раслін, карпалогію, паліналогію, тэраталогію, цыталогію, эмбрыялогію раслін, арганаграфію (уласна М.р., апісвае знешнюю будову) і інш. Асн. метады даследаванняў: апісанне, параўнанне, эксперымент. Цесна звязана з сістэматыкай, філагенетыкай, фізіялогіяй і экалогіяй раслін, генетыкай, раслінаводствам. Даныя М.р. выкарыстоўваюць у геалогіі, лясной, сельскай гаспадарцы і інш.

М.р. зарадзілася ў 4—3 ст. да н.э. (Тэафраст) і да сярэдзіны 18 ст. мела пераважна апісальны характар. Першыя тэарэт. абагульненні зроблены ў працах Н.Гру, М.Мальпігі, А.​Чэзальпіна і інш. У 18 ст. К.Ліней удасканаліў марфал. тэрміналогію і выкарыстаў яе ў мэтах сістэматыкі раслін. Станаўленне М.р. як самаст. навукі звязана з працамі І.В.Гётэ (вучэнне аб метамарфозе, 1790; тэрмін «марфалогія») і А.П.Дэкандоля (заснавальнік параўнальнай М.р., 1-я пал. 19 ст.). З сярэдзіны 19 ст. развіваюцца антагенетычны (В.Ф.Б.Гофмайстэр, І.М.Гаражанкін, С.Г.Навашын, Э.Страсбургер, І.​Д.​Чысцякоў і інш.) і філагенетычны (А.Л.Тахтаджан, Ф.Э.Л. ван Тыгем, А.В.Эйхлер, В.​Цымерман і інш.), кірункі параўнальнай і эксперыментальная М.р. (А.М.Бякетаў, К.І.Э. фон Гебель, Г.​А.​Клебс, М.​П.​Крэнке, М.​Ф.​Левакоўскі і інш.). У пач. 20 ст. ўзнікла экалагічная М.р. (І.Э.Вармінг, Гебель, Клебс, К.​Раўнкіер), якая атрымала развіццё ў працах Б.А.Келера, Р.​Я.​Левінай, І.​Р.​Серабракова, Т.​І.​Серабраковай і інш.

На Беларусі марфал. даследаванні звязаны пераважна з удакладненнем таксанамічных прыкмет розных таксонаў раслін. Асобныя пытанні М.р. асвятляюцца ў працах супрацоўнікаў Ін-та эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. пед. ун-це, Брэсцкім ун-це і інш.

Літ.:

Тахтаджян А.Л. Основы эволюционной морфологии покрытосеменных М.; Л., 1964;

История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972;

Щербакова А.А., Базилевская Н.А., Калмыков К.Ф. История ботаники в России (дарвиновский период, 1861—1917 гг.). Новосибирск. 1983.

т. 10, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТРАЛО́ГІЯ (ад метр + ...логія),

навука пра вымярэнні, метады і сродкі забеспячэння іх адзінства і патрэбнай дакладнасці. Адрозніваюць М. тэарэт. (распрацоўвае агульныя праблемы вымярэнняў і хібнасцей вымярэнняў), прыкладную (займаецца тэорыяй і практыкай забеспячэння гарантаванай дакладнасці канкрэтных вымярэнняў і вымяральных сістэм) і заканадаўчую (разглядае пытанні агульных правіл і норм, метралагічнай дзейнасці, якія патрабуюць рэгламентацыі і кантролю з боку дзяржавы).

Асн. задачы М.: стварэнне агульнай тэорыі вымярэнняў; утварэнне адзінак фізічных велічынь і сістэм адзінак; распрацоўка метадаў і сродкаў вымярэнняў, метадаў вызначэння дакладнасці вымярэнняў і аднастайнасці сродкаў вымярэнняў; стварэнне эталонаў і ўзорных сродкаў вымярэнняў, праверка мер і сродкаў вымярэнняў. Актуальныя праблемы М.: павышэнне дакладнасці вымярэнняў; пашырэнне дакладных вымярэнняў на вобласці вельмі малых і вельмі вял. значэнняў велічынь; правядзенне гранічна дакладных вымярэнняў у асаблівых нестацыянарных умовах: пры дынамічных рэжымах, вял. паскарэннях, высокіх і вельмі нізкіх т-рах; удасканаленне метадаў і сродкаў вымярэнняў, якія выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і тэхнікі.

М. ўзнікла ў глыбокай старажытнасці як вучэнне аб мерах. Доўгі час была апісальнай навукай пра розныя меры і суадносіны паміж імі. Гіст. этапамі развіцця М. сталі: устанаўленне эталона метра (Францыя, канец 18 ст.), стварэнне абсалютных сістэм адзінак (К.​Гаўс, 1832); падпісанне міжнар. Метрычнай канвенцыі (1875), распрацоўка і ўстанаўленне ў 1960 Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ); у Расіі — далучэнне да Метрычнай канвенцыі і стварэнне ў 1893 Дз.​І.​Мендзялеевым Гал. палаты мер і вагі. У 20 ст. метралагічныя даследаванні асобных краін каардынуюцца міжнароднымі метралагічнымі арганізацыямі. На Беларусі арганізавана сетка арг-цый, адказных за метралагічнае забеспячэнне — метралагічная служба. Пра развіццё М. на Беларусі гл. ў арт. Метралогія гістарычная.

Літ.:

Маликов С.Ф., Тюрин Н.И. Введение в метрологию. 2 изд. М., 1966;

Бурдун Г.Д., Марков Б.Н. Основы метрологии. 3 изд. М., 1985;

Шостьин Н.А. Очерки истории русской метрологии, XI — начало XX в. 2 изд. М., 1990.

У.​Л.​Саламаха.

т. 10, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛАДАГРАМАТЫ́ЗМ,

адна з плыняў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Склалася ў Еўропе ў 1870-я г. намаганнямі ням. лінгвістаў (К.​Бругман, Б.​Дэльбрук, А.​Лескін, Г.​Остгаф, Г.​Паўль, Г.​Гірт, В.​Штрэйтберг, І.​Шміт і інш.). Меў прыхільнікаў у інш. краінах (П.​Ф.​Фартунатаў, І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, А.​А.​Шахматаў у Расіі, М.​Брэаль, А.​Мее ў Францыі, Г.​І.​Аскалі ў Італіі, С.​Буге, К.​Вернер у скандынаўскіх краінах, У.​Уітні ў ЗША, Я.​Развадоўскі, Я.​Лось у Польшчы). Младаграматыкі адмовіліся ад асн. навук. уяўленняў 1-й пал. 19 ст. (ідэя трохэтапнасці глотагенічнага працэсу: аморфны стан прамовы — аглюцінацыя — флексійны лад; вучэнне В.​Гумбальта пра ўнутр. форму мовы, якая служыць адбіткам «духу» народа; падыход А.​Шляйхера да мовы як да прыроднага арганізма). У аснове М. — індуктыўны падыход да жывых моўных з’яў і працэсаў і погляд на мову як на індывідуальна-псіхал. з’яву, якая павінна вывучацца параўнальна-гіст. метадам. Гэты метад быў даведзены младаграматыкамі да высокай ступені навук. дакладнасці. Яны сцвярджалі, што гукавыя законы, на якіх грунтуецца развіццё моў, дзейнічаюць стыхійна і паслядоўна. Адхіленне ад іх дзеяння — або праява дзеяння іншых, яшчэ не пазнаных гукавых законаў, або вынік змяненняў па аналогіі. Такое разуменне сутнасці і ролі гукавых законаў дало младаграматыкам магчымасць абгрунтаваць прынцып гістарызму ў мовазнаўстве як аснову навук. метадалогіі і ў далейшым дазволіла вучоным усвядоміць і размежаваць паняцці дыяхраніі і сінхраніі ў моўнай дынаміцы і прывяло да ідэі сістэмнасці мовы. Для саміх младаграматыкаў быў характэрны пазасістэмны, «атамарны», хоць і вельмі дэталёвы разгляд паасобных моўных з’яў. Пільная ўвага младаграматыкаў да моўных фактаў садзейнічала іх размежаванню як аб’ектаў даследавання і складанню паасобных мовазнаўчых дысцыплін — фанетыкі, этымалогіі, гіст. граматыкі, семасіялогіі, дыялекталогіі. Тэрмін «младаграматыкі» (ням. Junggrammatiker) уведзены Ф.​Царнке.

Літ.:

Томсен В. История языковедения до конца XIX в.: Пер. с дат. М., 1938;

Пауль Г. Принципы истории языка: Пер. с нем. М., 1960.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 10, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРА́ХАЎ Мікалай Мікалаевіч (28.10.1828, г. Белгарад, Расія — 5.2.1896),

рускі філосаф, публіцыст, літ. крытык. Чл.-кар. Пецярб. АН (1890). Вучыўся ў Кастрамской духоўнай семінарыі (1840—44), Пецярб. ун-це (1845—48). Скончыў Гал. пед. ін-т (1851). Выкладаў прыродазнаўчыя дысцыпліны ў Адэсе і Пецярбургу. З 1861 супрацоўнічаў у час. «Время», «Эпоха», «Гражданин», «Библиотека для чтения», быў рэдактарам «Отечественных записок» і выдаўцом час. «Заря». з 1873 служыў у Пецярб. публічнай б-цы, з 1885 — у Вучоным к-це пры Мін-ве нар. асветы. У філас. працах «Пісьмы пра арганічнае жыццё» (1859), «Значэнне гегелеўскай філасофіі ў цяперашні час» (1860), «Свет як цэлае» (1872) на аснове рэліг. метафіз. антрапацэнтрызму і почвеніцтва абгрунтаваў ідэі адносна абмежаванасці і складана-іерархічнай будовы свету, а таксама нац. глебы («почвы») як асновы сац. і духоўнага развіцця Расіі. На яго думку, вяршыня іерархіі светабудовы — чалавек, ён займае цэнтр. месца па ўсіх напрамках сувязей, што злучаюць свет у адно цэлае. У мастацтве гал. лічыў узнаўленне нац. характару і вераванняў рус. народа. Вышэйшым узорам лічыў творчасць Л.​М.​Талстога, высока цаніў паэзію А.​С.​Пушкіна, А.​А.​Фета, Я.​П.​Палонскага, творы А.​І.​Герцэна, Ф.​М.​Дастаеўскага. Падрыхтаваў збор твораў А.​А.​Грыгор’ева (1876), напісаў 1-ю біяграфію Дастаеўскага і ўспаміны пра яго. Аўтар прац: «Пра асноўныя паняцці псіхалогіі і фізіялогіі» (1886), «Пра вечныя ісціны: Мае спрэчкі аб спірытызме» (1887), «Вучэнне пра Бога на пачатках розуму» (1893), «Філасофскія нарысы» (1895) і інш. Перакладаў філас. і навук. працы Ф.​Шэлінга, К.​Фішэра, І.​Тэна, Ф.​Ланге.

Тв.:

Переписка Л.​Н.​Толстого с Н.​Н.​Страховым, 1870—1894 // Толстовский музей. СПб., 1914 Т. 2.

Літ.:

Левицкий С.А. Очерки по истории русской философии и общественной мысли. Т. 1. Франкфурт-на-Майне, 1983;

Розанов В.В. Литературные изгнанники. Лондон, 1992.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 15, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЯ́Р ДЭ ШАРДЭ́Н (Teilhard de Chardin) П’ер (Мары-Жазеф П’ер; 1.5.1881, замак Сарсена каля г. Клермон-Феран, Францыя — 10.4.1955),

французскі філосаф, тэолаг і палеантолаг. З 1899 чл. Т-ва Ісуса (ордэн езуітаў), святар (1911). Чл. Парыжскай АН (1950). Скончыў езуіцкую семінарыю на в-ве Джэрсі (1907). З 1913 у Ін-це палеанталогіі чалавека пры Музеі натуральнай гісторыі ў Парыжы. З 1920 праф. Каталіцкага ун-та ў Парыжы (у 1926 абвінавачаны ў антыдактрынальнасці і адхілены ад выкладання). З 1923 удзельнічаў у палеанталагічных экспедыцыях у Манголіі, Паўд.-Зах. Кітаі, Індыі, Бірме, Яве і інш. Адзін з першаадкрывальнікаў сінантрапа, знойдзенага ім у 1929 каля Пекіна. Даследаваў трацічную і раннечацвярцічную фауну і антрапагенез на тэр. Паўд. Азіі. У цэнтры яго філасофіі — праблема чалавека як біял. і над біял. (свядомай) істоты; выступаў за аб’яднанне ідэалізму і матэрыялізму ў выглядзе «фенаменалогіі», якая б улічвала і ўнутр., і вонкавы бакі свету. Эвалюцыю Зямлі разглядаў як трансфармацыю найперш псіхічную, што тлумачыў наяўнасцю ў зямной матэрыі элементарнай свядомасці. У развіцці свету вылучаў 3 этапы: пераджыццё (узнікненне нежывой прыроды), жыццё (спантаннае развіццё жывой прыроды і разгалінаванне жывёльнага свету), з’яўленне чалавека (вырашальная стадыя ў эвалюцыі Зямлі, якая паклала пачатак наагенезу). Сцвярджаў, што, як зліццё аднаклетачных прывяло да прагрэсу жывой прыроды, так і чалавецтва павінна рухацца да духоўнага аб’яднання, «мегасінтэзу» індывідаў, нацый і рас. Эвалюцыйны падыход характэрны і для яго тэалагічных поглядаў: разглядаў стварэнне свету Богам не як адзіначасны акт, а як бесперапынны працэс. На яго думку, чалавек на шляху да Бога павінен не ўхіляцца ад паўсядзённасці, а актыўна ператвараць рэчаіснасць у адпаведнасці з Божай ідэяй «адухаўлення матэрыі». Вучэнне Т.д.Ш. — тэярдызм — атрымала масавую папулярнасць як альтэрнатыва неатамізму — афіц. дактрыне рымска-каталіцкай царквы.

Тв.:

Рус. пер. — Феномен человека. М., 1987;

Божественная среда. М., 1992.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 16, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРАБІ́, аль-Фарабі Абу Наср Мухамед ібн Тархан (870, г. Фараб, цяпер гарадзішча Атрару Паўд.-Казахстанскай вобл., Казахстан — 950), сярэднеазіяцкі філосаф і вучоны-энцыклапедыст, прадстаўнік усх. арыстоцелізму, каментатар Арыстоцеля і Платона. Жыў у Алепе, Багдадзе, Дамаску. Яго філас. погляды грунтуюцца на вучэнні Платона пра эманацыю — паходжанне і развіццё універсуму. У адпаведнасці з. асн. палажэннямі гэтага вучэння сцвярджаў, што існуе створаная Богам вечная, найвышэйшая і найб. дасканалая ступень універсуму, якая пакладзена ў аснову светабудовы. Гал. тэндэнцыю агульнага руху бачыў у сыходжанні ад найвышэйшай анталагічнай ступені да ніжэйшых са зніжэннем узроўню дасканаласці, але лічыў, што ўнутры асобных анталагічных ступеней працэс развіцця накіраваны на ўзыходжанне і ўдасканаленне. На яго думку, паслядоўнасць эманацый пачынае ажыццяўляць «універсальны розум» («нус»), а працягваюць «касмічныя розумы» («нусы»), кожны з якіх адпавядае пэўнай нябеснай сферы; на апошняй анталагічнай ступені эманацыі дзейнічае «актыўны розум», які кіруе працэсамі ўзнікнення і знішчэння на Зямлі; сінтэз з «актыўным розумам» лічыў найвышэйшай мэтай навукі. Распрацаваў сац. вучэнне пра ідэальную дзяржаву («дабрадзейны горад») — мадэль найлепшага натуральнага ўзаемадзеяння людзей, дзе кожны чалавек забяспечаны неабходнымі жыццёвымі дабротамі. Паводле Ф., кіраваць «дабрадзейным горадам» павінен філосаф, які ў якасці імама ўзначальвае рэліг. абшчыну і перадае яе членам ісціны, атрыманыя ад «актыўнага розуму» («Трактат пра погляды жыхароў дабрадзейнага горада», «Афарызмы дзяржаўнага дзеяча»). Аўтар «Вялікага трактата пра музыку», у якім прыводзяцца каштоўныя звесткі пра муз. культуру Усходу і Стараж. Грэцыі. Паўплываў на ўсх. мысліцеляў Ібн Сіну, Ібн Баджу, Ібн Туфайля, Ібн Рушда, сярэдневяковую зах.-еўрап. філасофію і навуку.

Тв.:

Рус. пер. — Философские трактаты. Алма-Ата, 1970;

Математические трактаты. Алма-Ата, 1972;

Социально-этические трактаты. Алма-Ата, 1973;

Логические трактаты. Алма-Ата, 1975;

О разуме и науке. Алма-Ата, 1975;

Историко-философские трактаты. Алма-Ата, 1985;

Естественно-научные трактаты. Алма-Ата, 1987;

Избр. трактаты. Алма-Ата, 1994.

В.​І.​Боўш.

т. 16, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЁДАРАЎ Мікалай Фёдаравіч (12.6.1829, с. Ключы Тамбоўскай вобл., Расія — 28.12.1903),

расійскі рэліг. філосаф, прадстаўнік рус. касмізму. Вучыўся ў Рышэльеўскім ліцэі ў г. Адэса (1849—52). У 1854—68 выкладаў у пав. вучылішчах, у 1874—98 бібліятэкар Румянцаўскага музея. У сваім утапічным вучэнні («філасофія агульнай справы») імкнуўся вызначыць глыбінныя прычыны сусв. зла і прапанаваць спосабы яго пераадолення. Гал. зло для чалавека бачыў у яго фіз. смерці і залежнасці ад «сляпых» сіл прыроды. Выступаў з праектам рэгулявання прыроды і «іманентнага ўваскрэшання» сіламі навукі і тэхнікі, рэалізацыя якога, на яго думку, прывядзе да прынцыпова новай ступені эвалюцыі, «свядомага» этапу развіцця свету, усеагульнага братэрства, пераадолення «варожасці» і ў прыродзе, і ў соцыуме. Сцвярджаў, што хрысц. вучэнне пра канец свету, выкладзенае ў «Апакаліпсісе», уяўляе сабой горшы з магчымых «сцэнарыяў» развіцця чалавецтва, а не прадвызначаную Богам неабходнасць. Мэтай пераўтварэння свету («агульнай справы» чалавецтва) лічыў дасягненне Царства Божага праз пераход ад эксплуатацыі да рэгулявання прыроды, асваенне касм. прасторы і кіраванне касм. працэсамі, удасканаленне арганізма чалавека, патрыфікацыю — фіз. ўваскрэшанне продкаў. Крытыкаваў наяўную сац. рэчаіснасць, заснаваную на вынішчэнні аднаго народа другім, выцясненні малодшым пакаленнем старэйшага, як выяўленне «зоамарфічнага» грамадскага ладу, «непаўналецця» чалавецтва. Асаблівую ролю адводзіў Расіі, якая, на яго думку, вылучаецца захаваннем патрыярхальна-сваяцкага ладу, асаблівым геагр. становішчам, і інш. Ідэі Ф. ў рус. прыродазнаўстве развівалі М.​А.​Умаў, К.​Э.​Цыялкоўскі, У.​І.​Вярнадскі, А.​Л.​Чыжэўскі, у рэліг. філасофіі і л-ры — Л.​М.​Талстой, Ф.​М.​Дастаеўскі, У.​С.​Салаўёў, М.​А.​Бярдзяеў, В.​В.​Зянькоўскі, Г.​В.​Флароўскі і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1995—2000.

Літ.:

Семенова С.Г. Николай Федоров: Творчество жизни. М., 1990;

Яе ж. Николай Федоров и Фридрих Ницше // Вопр. философии. 2001. № 2;

Григорьева Т. «Философия общего дела» Федорова и «Закон Неба» // Всемир. лит. 1999. № 5/6;

Михеева И.Б. Философия «общего дела» Николая Федорова в контексте русской традиции. Мн., 2002.

Т.​І.​Адула.

т. 16, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІЯКРА́ТЫ (франц. physiocrates ад грэч. physis прырода + kratos сіла, улада, панаванне),

прадстаўнікі аднаго з кірункаў класічнай школы палітэканоміі і сацыялогіі эканамічнай 18 ст.

Школа Ф. узнікла ў Францыі, тэорыі Ф. распрацоўваліся таксама ў Італіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Швецыі і інш. Заснавальнік кірунку Ф. — Ф.Кенэ, асн. прадстаўнікі — А.Р.Ж.Цюрго, П.С.Дзюпон дэ Немур, В.​Мірабо, Г.​Летрон, П.​Мерсье дэ ла Рыўер. Філас. аснова вучэння Ф. — ідэя натуральнага права. У процівагу меркантылізму Ф. лічылі, што асн. багацце дзяржавы паходзіць з вытв-сці, найперш сельскагаспадарчай, а не з грашовага абарачэння. Абсалютызуючы эканам. і сац. значэнне с.-г. працы, яны вылучалі ў грамадстве класы вытворчыя (працаўнікі сельскай гаспадаркі, землеўладальнікі) і непрадукцыйны (бясплодны, які аб’ядноўваў сац. слаі, што не мелі непасрэднага дачынення да земляробства). Ф. адстойвалі ідэю неўмяшання дзяржавы ў эканоміку, крытыкавалі спробы ўлады рэгуляваць прам-сць, асабліва з дапамогай падаткаабкладання.

На Беларусі вучэнне Ф. пашырылася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Прыхільнікам ідэі натуральнага парадку выступаў І.Страйноўскі, які разумеў пад ім адзінства фіз. і маральнага парадку, законаў прыроды і грамадства; прынцыпы натуральнага права ён разглядаў у якасці крытэрыяў дасканаласці сац.-паліт. ладу, крыніцы правоў асабістай свабоды, узаемнай дапамогі, прыватнай уласнасці. Ідэю натуральнай абумоўленасці грамадскіх адносін падтрымліваў І.Я.Масальскі, які падкрэсліваў неабходнасць больш эфектыўнага выкарыстання зямлі і сял. працы як адзінай крыніцы ўсіх багаццяў, выступаў за паляпшэнне матэрыяльных умоў жыцця і ўзроўню адукацыі сялян. І.І.Храптовіч звязваў магчымасць пастаяннага росту забяспечанасці і асветы для ўсіх з арганізацыяй грамадскага жыцця ў адпаведнасці з патрабаваннямі натуральнага парадку, згодна з якім кожны павінен працаваць на тым месцы, якое яму наканавана. Погляды Ф. развівалі М.​Ф.​Карповіч, В.​Калінскі, якія лічылі, што ўзровень дзярж. дабрабыту залежыць ад земляробаў — асн. стваральнікаў багаццяў, а ўсе сац. супярэчнасці яны звязвалі з цяжкім эканам. становішчам і нізкім узроўнем адукацыі сялянства.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 16, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАСО́ФІЯ ПАЛІ́ТЫКІ,

адзін з раздзелаў філасофіі, які даследуе фундаментальныя праблемы палітыкі, законы паліт. развіцця грамадства, прынцыпы функцыянавання ўлады, адносіны паміж яе суб’ектамі і аб’ектамі, яе ўзаемаадносіны з грамадствам. Тэрмінам «Ф.п.» карыстаюцца таксама для абазначэння паліт. поглядаў асобы, партыі, класа і інш. (напр.: «Ф.п. кабінета торы», «Ф.п. новага пакалення» і інш.).

Узнікла ў ант. часы ў Еўропе і Стараж. Кітаі як роздум філосафаў аб чалавеку і свеце, уладзе, справядлівасці, няроўных адносінах паміж людзьмі і з’яўлялася адначасова аналізам, павучаннем і маральнай пропаведдзю. Аўтарамі найб. ранніх філас. прац пра палітыку былі Платон і Арыстоцель. У эпоху Адраджэння і ў Новы час распрацаваны філас. тэорыі ўлады і дзяржавы, канцэпцыі паліт. канфліктаў і рэвалюцый, раздзялення маралі і палітыкі (Н.​Макіявелі), натуральных правоў (Т.​Гобс, Дж.​Лок, Б.​Спіноза), раздзялення ўлад, грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы (Дж.​Лок, Ш.​Мантэск’ё), асн. кірункі паліт. ідэалогіі — лібералізм і кансерватызм. Ням. класічная філасофія даследавала этнічныя асновы права і дзяржавы (І.​Кант) і ў цэлым філасофіі права (Г.​Гегель).

Сучасная Ф.п., у працяг класічных традыцый, увяла ў паліт. ўжытак вывучэнне праблем сац.-эканам. развіцця соцыумаў, палітыка-прагнастычныя тэорыі, сістэматызацыю паліт. ведаў, але асновай застаюцца эмпірычныя веды, іх абагульненне і выкарыстанне ў паліт. практыцы. Яна ўзаемадзейнічае з паліт. сацыялогіяй, псіхалогіяй і інш. навук. дысцыплінамі. Умоўна Ф.п. падзяляюць на палітычную анталогію (вучэнне аб паліт. жыцці, прыродзе і сутнасці паліт. сусвету), палітычную антрапалогію (вывучае спецыфіку паліт. творчасці асобы ў параўнанні з яго сацыяльнай дзейнасцю), палітычную эпістэмалогію (аналізуе суадносіны рацыянальнага і ірацыянальнага ў палітыцы), палітычную праксеалогію (вывучае асн. заканамернасці палітыкі), палітычную аксіялогію (вывучае паліт. каштоўнасці філас.-паліт. асновы грамадства), палітычную ідэалогію (абгрунтоўвае месца розных сац. груп у паліт. сістэме грамадства).

Літ.:

Гобозов И.А. Философия политики. М., 1998;

Котляров И.В. Политическая социология. Мн., 1998.

І.​В.​Катляроў.

т. 16, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)