МЛАДАГРАМАТЫ́ЗМ,
адна з плыняў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Склалася ў Еўропе ў 1870-я г. намаганнямі ням. лінгвістаў (К.Бругман, Б.Дэльбрук, А.Лескін, Г.Остгаф, Г.Паўль, Г.Гірт, В.Штрэйтберг, І.Шміт і інш.). Меў прыхільнікаў у інш. краінах (П.Ф.Фартунатаў, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, А.А.Шахматаў у Расіі, М.Брэаль, А.Мее ў Францыі, Г.І.Аскалі ў Італіі, С.Буге, К.Вернер у скандынаўскіх краінах, У.Уітні ў ЗША, Я.Развадоўскі, Я.Лось у Польшчы). Младаграматыкі адмовіліся ад асн. навук. уяўленняў 1-й пал. 19 ст. (ідэя трохэтапнасці глотагенічнага працэсу: аморфны стан прамовы — аглюцінацыя — флексійны лад; вучэнне В.Гумбальта пра ўнутр. форму мовы, якая служыць адбіткам «духу» народа; падыход А.Шляйхера да мовы як да прыроднага арганізма). У аснове М. — індуктыўны падыход да жывых моўных з’яў і працэсаў і погляд на мову як на індывідуальна-псіхал. з’яву, якая павінна вывучацца параўнальна-гіст. метадам. Гэты метад быў даведзены младаграматыкамі да высокай ступені навук. дакладнасці. Яны сцвярджалі, што гукавыя законы, на якіх грунтуецца развіццё моў, дзейнічаюць стыхійна і паслядоўна. Адхіленне ад іх дзеяння — або праява дзеяння іншых, яшчэ не пазнаных гукавых законаў, або вынік змяненняў па аналогіі. Такое разуменне сутнасці і ролі гукавых законаў дало младаграматыкам магчымасць абгрунтаваць прынцып гістарызму ў мовазнаўстве як аснову навук. метадалогіі і ў далейшым дазволіла вучоным усвядоміць і размежаваць паняцці дыяхраніі і сінхраніі ў моўнай дынаміцы і прывяло да ідэі сістэмнасці мовы. Для саміх младаграматыкаў быў характэрны пазасістэмны, «атамарны», хоць і вельмі дэталёвы разгляд паасобных моўных з’яў. Пільная ўвага младаграматыкаў да моўных фактаў садзейнічала іх размежаванню як аб’ектаў даследавання і складанню паасобных мовазнаўчых дысцыплін — фанетыкі, этымалогіі, гіст. граматыкі, семасіялогіі, дыялекталогіі. Тэрмін «младаграматыкі» (ням. Junggrammatiker) уведзены Ф.Царнке.
Літ.:
Томсен В. История языковедения до конца XIX в.: Пер. с дат. М., 1938;
Пауль Г. Принципы истории языка: Пер. с нем. М., 1960.
А.Я.Міхнееіч.
т. 10, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)