МСЦІСЛА́ВА АБАРО́НА 1659 Адбылася ў г. Мсціслаў у студз. — крас. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Мэтай рус. войск было падаўленне гараджан і ўзбр. атрадаў палк. І.Рытара, ротмістра А.Сутоцкага, казацкага сотніка Гермы, «стражніка шляхты» В.Крываноса, паручніка Зімніцкага, якія здрадзілі прысязе на вернасць цару. Абаронцаў Мсціслава было больш за 3 тыс.чал. (шляхта, конныя і пешыя казакі), 300 укр. казакоў, якіх прыслаў на дапамогу гетман І.Выгоўскі. З 5.2.1659 рас. войскі на чале з кн. І.Лабанавым-Растоўскім пачалі аблогу Мсціслава. Нягледзячы на настойлівыя прыступы, горад выстаяў. У сак. на дапамогу асаджаным прыйшлі казакі І.Нячая, атрад брата Выгоўскага Самойлы і палк. Аскірка «са многими людьми». 21 сак. яны атакавалі рус. войска, але беспаспяхова. Больш чым двухмесячная блакада падарвала сілы абаронцаў. У пач.крас. 1659, паводле заявы Лабанава-Растоўскага, «полковник Рытар и шляхта и казаки и всяких чинов жилецкие люди ему великому государю добили челом и город Мстиславль сдали».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГАХВО́СТКІ, калембалы (Collembola),
атрад (клас) першаснабяскрылых насякомых. Вядомы з дэвону (каля 400 млн.г. назад). 2 падатр., каля 3,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмеранай (імхі тундры і тайгі, стэпы, лугі) і трапічнай зонах. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі сям. аніхіўрыд, бязвусікавых, гіпагаструрыд, ізатамід, смінтур, энтамабрыід. Найб. пашыраны Н. вадзяная (Podura aquatica), ізатома зялёная (Isotoma viridis) і інш. Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнілой драўніне, на водных раслінах, паверхневай плеўцы стаячых вод, у гнёздах птушак і інш. Глебаўтваральнікі.
Даўж. да 2, зрэдку да 10 мм. Разнастайныя па форме і афарбоўцы цела. Вочы з 1—8 фасетак, у некат. (глебавыя формы) адсутнічаюць. Вусікі 4—6-членікавыя. Брушка сегментаванае (да 6 сегментаў), заканчваецца скакальнай вілкай. Ротавыя органы грызучыя, колюча-сысучыя. Сапрафагі, фітафагі, драпежнікі. Некат. віды жыццяздольныя пры нізкай т-ры, могуць трапляцца на снезе ў вял. колькасці, што надае яго паверхні афарбоўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЯКОМАЕ́ДНЫЯ (Insectivora),
атрад млекакормячых. 7 сямействаў: кратовыя (гл.Краты), землярыйкавыя (гл.Землярыйкі), вожыкавыя (Erinaceidae), залатакратовыя (Chrysochloridae), скакунчыкавыя (Macroscelididae), тэнрэкавыя (Tenrecidae), шчыліназубыя (Solenodontidae), 52—63 роды, каля 400 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Амерыцы, Афрыцы. Пераважна начныя жывёлы, некат. вядуць падземны (залатакраты, краты) ці паўводны (куторы, хахуля, землярыйка выдравая) спосаб жыцця. Вядомы з мелавога перыяду мезазою (каля 130 млн. гадоў назад). На Беларусі 10 відаў з 4 сямействаў. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў.
Даўж. ад 3 см (белазубка карлікавая) да 44 см (гімнура); маса ад 1,2 г (белазубка карлікавая) да 1,6 кг (вожык звычайны). Вонкава нагадваюць грызуноў. Галава падоўжаная, нос выцягнуты накшталт хабатка. Цела ўкрыта кароткімі валасамі (краты, землярыйкі і інш.), шчаціннем (тэнрэкі), іголкамі (вожыкі). Найб. развітыя нюх і дотык. Маюць мускусныя залозы. Усёедныя, кормяцца пераважна насякомымі (адсюль назва). Нараджаюць 1—6 (некат. віды да 25) дзіцянят да 3 разоў за год. Краты і хахуля — аб’екты промыслу (футра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1848,
польскае нац.-вызв. паўстанне супраць прускага панавання, якое адбылося 20 сак. — 9 мая ў Пазнанскім вялікім княстве. Пасля атрымання звестак пра рэв. падзеі 1848 у Францыі і Германіі 20 сак. ў г. Познань створаны Нац.к-т. Паўстанне было скіравана супраць праекта падзелу Пазнанскага княства і далучэння значнай яго ч. да Прусіі. Рух набыў форму напаўлегальнага захопу ўлады ў правінцыі. Нац.к-т стварыў тайны Нац. ўрад (К.Лібельт, Г.Патвароўскі, В.Стафанскі), кіраўніком паўстання 10 крас. стаў Л.Мераслаўскі. Прускія ўлады, у парушэнне заключанага 11 крас. ў Яраслаўцы пагаднення, якое легалізавала існаванне польскіх узбр. сіл (3 тыс.чал.), пачалі задушэнне паўстання. 29 крас. прускія войскі разграмілі польскі атрад у Ксенжы. 30 крас. паўстанцы атрымалі перамогу пад Мілославам, 2 мая — пад Вжэсняй-Саколавам. Аднак шляхта выступіла супраць працягу барацьбы, а спробы разгарнуць партыз. дзеянні скончыліся беспаспяхова. 9 мая падпісана капітуляцыя. Разгром паўстання стаў першым поспехам контррэвалюцыі ў Еўропе ў 1848.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЗІТЫФО́РМНЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Parasitiformes),
атрад членістаногіх кл. павукападобных. 3 асн. групы (сям.): гамазоідньи, або гамазавыя кляшчы, іксодавыя кляшчы і ураподы (Uropodoidea). Каля 70 сям., больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у глебе, лясным подсціле, імху, арган. рэштках, гнёздах птушак і грызуноў, норах жывёл, у жыллі чалавека. Многія віды П.к. — дэфінітыўныя гаспадары і пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (бабезіёзу, піраплазмозу, гемарагічнай ліхаманкі, кляшчовага энцэфаліту і інш.). На Беларусі больш за 300 відаў.
Даўж. 0,2—4 мм. Цела шарападобнае ці падоўжана-авальнае, тулава падзелена на галавагрудзі і брушка, укрыта панцырам. Ротавы апарат (гнатэма) колючы, грызучы, колюча-грызучы. 4 пары 5—6-членікавых ног. Драпежнікі, некат. кормяцца крывёю, арган. рэшткамі, паразітуюць на раслінах. Размнажэнне палавое, у некат. партэнагенез. Большасць адкладваюць яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Гл. таксама Кляшчы.
Літ.:
Арзамасов И.Т. Иксодовые клещи. Мн., 1961;
Яго ж. Гамазовые клещи фауны Белоруссии. Мн., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛІКАНАПАДО́БНЫЯ (Pelicaniformes),
весланогія (Steganopodiformes), атрад вадаплаўных птушак. Вядомы з ранняга эацэну (каля 40 млн.г. назад). 6 сям.: бакланавыя, змеяшыйкавыя, олушавыя, пеліканавыя, фаэтонавыя і фрэгатавыя, 56 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, пераважна ў субтропіках на ўзбярэжжах мораў, па берагах рэк, азёр. Большасць відаў селіцца калоніямі. На Беларусі адзначаны як рэдкі від — баклан вялікі і залётны від — пелікан ружовы (Pelecanus onocrotalus). 5 відаў і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.
Птушкі сярэдніх і буйных памераў, размах крылаў да 3 м, маса ад 400 г да 14 кг. Апярэнне шчыльнае, густое. Ногі кароткія, з плавальнай перапонкай (злучае ўсе 4 пальцы). Ёсць гарлавы мяшок (акрамя фаэтонавых). Кормяцца рыбай і інш. воднымі жывёламі. Манагамы. Нясуць да 6 яец. Некат. віды бакланаў, олушаў і пеліканаў — асн. выпрацоўшчыкі гуана на ўзбярэжжах Паўд. Амерыкі і Паўд. Афрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАНО́ГІЯракападобныя
(Isopoda),
атрад вышэйшых ракаў тыпу членістаногіх. Вядомы з трыясу (каля 225 млн.г. назад). Каля 4500 відаў. Пашыраны паўсюдна ў марскіх і прэсных вадаёмах, некат. — у глебе. Біяфільтратары і біямеліяратары, удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў, у працэсах глебаўтварэння. Некат. віды — прамежкавыя гаспадары скрэбеняў, ёсць паразіты рыб і інш. ракападобных. На Беларусі найб. трапляюцца вослік вадзяны (Asellus aquaticus), у вільготнай глебе і лясным подсціле — макрыцы.
Даўж. ад 0,1 мм да 37 см (пераважна 1—5 см). Цела пляскатае, сегментаванае. 1—2 пары грудных сегментаў зрастаюцца з галавой. Грудныя ногі служаць для падачы корму да рота (1-я пара) і перамяшчэння (аднолькавыя 7 пар, — адсюль назва), брушныя часткова ператвораны ў шчэлепы. Кормяцца раслінамі і іх рэшткамі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Пераважна раздзельнаполыя. Размнажэнне палавое, у некат. — шляхам партэнагенезу. Развіццё без ператварэння. Большасць водных відаў — корм для бентасаедных рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БА,
гарадскі пасёлак у Віцебскім р-не, на р.Зах. Дзвіна, на аўтадарозе Віцебск—Сураж. За 15 км ад Віцебска. 7,7 тыс.ж. (2000).
Вядома з пач. 19 ст. як цэнтр фальварка, у які ў 1834 уваходзілі 4 вёскі Вярхоўскай вол. Віцебскага пав. 144 ж. У 1909 вёска (31 ж., 4 двары) і фальварак (уласнасць Піскунова). З 20.8.1924 вёска ў Бабінавіцкім с/с Віцебскага р-на. У 1926—57 ж., 10 двароў. У 1932 у Р. заснаваны вапнавы з-д, вакол якога вырас заводскі пасёлак. У Вял.Айч. вайну 13.6.1942 ням.-фаш. карны атрад расстраляў у Р. 75 жыхароў. З 31.7.1970 Р. — гар. пасёлак.
Працуюць акц.т-ва «Даламіт» (распрацоўвае радовішча даламітаў Руба), аўтатрансп. прадпрыемства, 2 сярэднія школы, 2 дашкольныя ўстановы, Палац культуры, б-ка, паліклініка, аддз. сувязі, дом быту, царква. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі: невядомаму салдату, у гонар партыз. брыгад 1-й Віцебскай і імя ВЛКСМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯНЦЯ́НСКІ ПРАРЫЎ 1915,
наступальная аперацыя германскіх войск супраць рас. войск Зах. фронту 9.9—2.10.1915 у 1-ю сусв. вайну 1914—18. Пасля няўдалай спробы акружыць 10-ю рус. армію і ўзяць Вільню (жн. 1915) герм. войскі 9 вер. пачалі новае наступленне на г. Свянцяны і 10 вер. прарвалі фронт. Кав. група (6 дывізій) пранікла ў тылы рас. войск, захапіла Вілейку (14 вер.) і падышла да Маладзечна. Асобныя часці групы дайшлі да Барысава, а атрад конных егераў пашкодзіў чыгунку каля Смалявіч. Рас. войскі пакінулі Вільню, але немцы замацаваць поспехі не змаглі. Наступленне варожай кавалерыі 16—17 вер. было спынена 2-й рус. арміяй і ў ваколіцах Маладзечна, Вілейкі і Смаргоні яна была разбіта. Пасля 10-дзённых баёў (да 2 кастр.) герм. войскі адступілі ў раён азёр Нарач—Свір. С.п. — апошняя аперацыя манеўровага перыяду вайны на рас.-герм. фронце, пасля якой абодва бакі перайшлі да пазіцыйнай вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЎЦАПАДО́БНЫЯ (Charadriiformes),
атрад птушак, 3 падатр.: кулікі (14 сям., каля 180 відаў), чайкі (4 сям., каля 100 відаў), чысцікі (1 сям., 22 віды). Вядомы з позняга мелавога перыяду. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на ўзбярэжжах і астравах вадаёмаў, балотах і сенажацях, трапляюцца на палях. На Беларусі 57 відаў. Найб. пашыраны чайка азёрная (Larus ridibundus), кнігаўка, слонка, бакас. 13 відаў у Чырв. кнізе Беларусі: аўдотка, гаршнэп, паручайнік, сявец залацісты, чорнаваллёвік, крачка малая (гл.Крачкі), кулік-сарока, кулоны, уліт вялікі (гл.Уліты), ціркушка стэпавая (гл.Ціркушкавыя), чайкі малая і серабрыстая. У Чырв. кнізе МСАП 14 відаў, 3 падвіды.
Маса птушак ад 20 г (кулік-верабей) да 1 кг і больш (кулон). Апярэнне шчыльнае, няяркае, зверху часцей цямнейшае. Ногі доўгія. Дзюба часцей доўгая, вострая, прамая або загнутая. Крылы вузкія, доўгія. Хвост кароткі. Вывадкавыя і паўвывадкавыя птушкі. У кладцы да 5 яец. Кормяцца беспазваночнымі, рыбай, дробнымі земнаводнымі і млекакормячымі. насеннем раслін. Асобныя — аб’екты палявання.