РАЎНАНО́ГІЯ ракападобныя

(Isopoda),

атрад вышэйшых ракаў тыпу членістаногіх. Вядомы з трыясу (каля 225 млн. г. назад). Каля 4500 відаў. Пашыраны паўсюдна ў марскіх і прэсных вадаёмах, некат. — у глебе. Біяфільтратары і біямеліяратары, удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў, у працэсах глебаўтварэння. Некат. віды — прамежкавыя гаспадары скрэбеняў, ёсць паразіты рыб і інш. ракападобных. На Беларусі найб. трапляюцца вослік вадзяны (Asellus aquaticus), у вільготнай глебе і лясным подсціле — макрыцы.

Даўж. ад 0,1 мм да 37 см (пераважна 1—5 см). Цела пляскатае, сегментаванае. 1—2 пары грудных сегментаў зрастаюцца з галавой. Грудныя ногі служаць для падачы корму да рота (1-я пара) і перамяшчэння (аднолькавыя 7 пар, — адсюль назва), брушныя часткова ператвораны ў шчэлепы. Кормяцца раслінамі і іх рэшткамі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Пераважна раздзельнаполыя. Размнажэнне палавое, у некат. — шляхам партэнагенезу. Развіццё без ператварэння. Большасць водных відаў — корм для бентасаедных рыб.

Ю.​Р.​Гігіняк.

Раўнаногія 1 — вадзяны вослік азелус; 2 — батыномус гіганцкі; 3 — макрыца парцэліо; 4 — хеміляпістус упрыгожаны.

т. 13, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)