1. Тонкая вяровачка, звітая з некалькіх кручаных нітак ці некалькіх пасмаў. Аднойчы, калі Люся з маці развешвалі на шнуры ля палаткі бялізну, .. [кухар] нячутна падышоў да іх.Даніленка.Палазок кінуўся на афіцэра, схапіў яго за рукі і скруціў іх шнурам ад кабуры нямецкага рэвальвера.Колас.// Тонкая вяровачка, звычайна каляровая, якая служыць для ўпрыгожання чаго‑н. Ўсе леснікі былі ўжо ў зборы У лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі.Колас.// Рыбалавецкая снасць у выглядзе доўгай вяроўкі з кручкамі. Каля шалаша Віктар у вялікім медным рондлі гатаваў над агнём юху. Нанач яны з Мінам Міхайлавічам паставілі нажыўлены жыўцамі шнур, а раніцай знялі з дзесятак акунёў і два невялікія самы.Краўчанка.Тут [на рэчцы] лавіліся добрыя акунькі, траплялі шчупакі на шнур.Лынькоў.
2. У цесляроў — вяроўка, звычайна намазаная мелам або вугалем, для адбівання прамой лініі, разбіўкі, трасіроўкі і пад. Жанчыну так і цягне на двор, да новага зруба. І яна бяжыць — то набраць з-пад сякеры пахучых смалістых трэсак, то патрымаць чорны шнур, якім адсякаюць прамую лінію пад чэс.Хадановіч.
3. Электрычны провад, які складаецца з некалькіх ізаляваных жыл. [Маці] кідаецца да разеткі, вырывае шнур. — Ты толькі пабач! — звяртаецца яна да бацькі. — Не дзяўчынка, а нешта неверагоднае!Гарбук.
4. Чарада (птушак). Лета ад нас адлятае, За небакрай адлятае. Шнурамі гусей крыклівых, Чародамі тлустых шпакоў.Жычка.І заўтра ўдваіх яны [Лявон з сяброўкай], можа, Не ўбачаць у ранішні час, Як сонца ўзыходзіць прыгожа, Як шнур жураўліны ад нас, Кідаючы кліч сумнаваты, На цёплыя воды ляціць...Бялевіч.// Шэраг аднародных прадметаў, размешчаных адзін за адным. Доўгі шнур падвод на момант затрымаўся, пасля пярэдняя завярнула на аб’езную сценку.Гартны.
5. Вузкая палоска зямлі. Асабліва кідаецца ў вочы сваёй убогасцю ярына па вузкіх шнурах, што падымаюцца на пясчаныя ўзгоркі і, дабегшы да сярэдзіны, хаваюцца па другі бок іх.Колас.Зрэдку паводдаль ад вёсак кавалкі поля, падзеленага на шнуры. Гэта аднаасобніцкая зямля.Галавач.
•••
Вогнеправодны (бікфордаў) шнур — вяроўка ці тоўстая нітка з порахам унутры, якая служыць для перадачы іскры зараду.
[Ням. Schnur.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчы́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, у якім цесна злучаны састаўныя часцінкі; які змяшчае вялікую колькасць рэчыва ў малым аб’ёме. [Дзядзя Міша:] — Што ж ён [Грышка], небарака, будзе адчуваць, калі спадарожнік пачне зніжацца, увойдзе ў шчыльныя паветраныя пласты?Паслядовіч.Урэшце, лакатары бачаць і ў больш шчыльным асяроддзі.Шыцік.Пыл шчыльным слоем накрываў.. галовы [Міколы і Дзімы].Аляхновіч.Аж па дах шчыльны снег замятае барак.А. Вольскі.// Густы, праз які не пранікае святло; непранікальны. Сонца не магло правіць шчыльную заслону.Савіцкі.З усіх бакоў насоўвалася чарната — шчыльная, злавесная.Карпаў./уперан.ужыв.Трохтонка вырвалася З цішыні шчыльнай — Прастуе па бальшаку.Барадулін.// З частым перапляценнем (пра тканіну). Вялікія вокны былі напалову заценены цяжкімі шчыльнымі барвова-чорнымі парцьерамі.Новікаў.
2. Які складаецца з блізка размешчаных адзін ля другога асоб, прадметаў, частак; часты. Быў гэты гарадок: маленькі, ціхі, пусты, з вузкімі кароткімі вуліцамі, з нізкімі драўлянымі домікамі за шчыльнымі і высокімі платамі.Адамчык.Дрэвы адступаюць .. [падарожніка] шчыльнай сцяной, нібы свядома перашкаджаючы выбрацца з лесу.В. Вольскі.Садзяцца хлопцы ў шчыльны круг Каля рыбацкага кастра.Смагаровіч.
3. Які мае мала прасторы, з абмежаванай прасторай; цесны. У ракавіне шчыльнай Вандроўнік сядзяць.Танк.
4.перан. Дасканалы, плённы, прадукцыйны. Дадатковая электраэнергія можа быць выпрацавана на гідраэлектрастанцыях без устаноўкі новых магутнасцей. У гэтым выпадку толькі больш шчыльным стане рэжым іх работы.«Звязда».// Насычаны, напоўнены якімі‑н. падзеямі, мерапрыемствамі і пад. У летнія месяцы спартыўны каляндар бывае асабліва шчыльным.«Беларусь».// Хуткі, безупынны. — А дзе ён сёння, Сцяпан Антонавіч? — улучае хвіліну, каб утачыцца ў шчыльную Марыніну гаворку, Зіна.Палтаран.// Моцна звязаны, з’яднаны агульнымі інтарэсамі, мэтамі, задачамі і пад. Узаемная прыязнь,.. загартаваная выпрабаваннямі ў агні, стварала шчыльную баявую сям’ю.Брыль.Такі быў склаўся шчыльны дружны гурток, засяроджаны ў прытульным пакойчыку Веры Засуліч.Зарэцкі.На шчыльную еднасць з народам нас заўсёды накіроўвае партыя.Лужанін.Трымаючы шчыльную сувязь з атрадам, .. [Лялькевіч] рабіў нешта значна большае...Шамякін.
•••
Шчыльны агонь — абстрэл, пры якім па кожны ўчастак фронту, плошчы, якая абстрэльваецца, падае вялікая колькасць мін, куль, снарадаў і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Вяха́1 ’пучок яловых лапак для выцірання коміна’ (Шат.), ве́ха ’знакі з лапак ёлкі, якімі зімой указваюць дарогу’ (Сцяшк. МГ). Польск.wiecha ’пучок, звязка, вянок з саломы і г. д.’, чэш.věch, wich ’саламяны жмут і да т. п.’ Традыцыйна параўн. са швед.vese ’жмут’, ст.-інд.veṣkáḥ ’пятля’, ст.-ісл.visk ’вязка саломы ці чароту’, ст.-в.-ням.wisk ’пучок, жгут, скрутак’, лац.virga ’галінка, прут’ і г. д.; гл. Фасмер, 1, 308. Мартынаў (вусн. паведамл.) прапануе: věxa < vě‑ti (vějati), як strě‑xa. Параўн. яшчэ вехаць.
Вяха́2 ’высокі дарожны шост, жэрдка, кол з пучком сена ці саломы; знак забароны для праезду і г. д.’ (БРС, Нас., Яруш., Бір. Дзярж., Бес., КСТ, Шат.). Укр.віха, рус.веха, польск.wiecha, в.-луж.wécha, н.-луж.wjecha, чэш.vich, славац.viecha ’тс’, балг.тырн.веха ’мятла з саломы’. Відавочна, перанос значэння з часткі рэаліі на цэлае (пучок сена — шост з пучком сена). Семантыка, відаць, яшчэ праславянская ці ва ўсякім разе агульная для поўначы славянскага свету. Пра асаблівую архаіку значэння ’знак забароны’ (бел., польск., луж., чэш.) гл. Махэк₂, 689. Параўн. яшчэ вяха1.
Вяха́3 ’высокі нязграбны чалавек, тонкі чалавек’ (палес., Бел.-рус. ізал.). Рус.веха — паўночнае. Польск.wiecha ’худая і высокая жанчына’ (Варш. сл.). Да вяха2. Перанос, паводле падабенства, ’высокая тонкая палка — высокі, худы чалавек’; гл. Лучыц-Федарэц, Бел.-рус. ізал., 62. Даволі звычайна; параўн., напрыклад, жардзіна ’тс’. Параўн. яшчэ славен.vẹ́ha ’нясталы чалавек’ (калі гэта толькі не ад véchati ’веяць’).
Вяха́4 ’цыкута, Cicuta virosa L.’ (Дэмб., Касп., Кіс., віц., гродз., маг.); ’пылюшнік, Thalictrum L.’ (Інстр. II); ’амяла, Viscum album L.’ (КСТ, Маш.); ’віка’ (Нас.). Укр.vex, vexa, vix, vixa, vjuxa, vyxa ’Cicuta virosa L.’, vixa ’амяла’ (Макавецкі, Sł. botan.), виха ’амяла’ (Лыс., Пал.), veha ’Thalictrum flavum L.’, veh ’Sium latifolium L.’, veh ostrołystyj ’Sium lancifolium L.’, veh małyj ’Oenanthe aquatica Lam.’ (Макавецкі, Sł. botan.), рус.дыял.вех, вёх, ’атрутная трава’, вех ’Cicuta virosa L.; Aethusa cynapium L.; Aegopodium podagraria L.; Capsella bursa pastoris; Stellaria glauca With.’, вех малый ’Oenanthe phellandrium Lam.’, вех болотный ’Peucedanum palustre’, веха ’трава, шкодная для жывёлы; Oenanthe L.; Sium latifolium L.; Thalictrum flavum L.; Salix L.; Cicuta virosa L.’, мышья веха ’Ruscus aculeatus L.’, вёха, вях, вяха ’Cicuta virosa L.’, вьёх ’Peucedanum palustre; Cicuta virosa L.’, вяха ’Conium maculeatum’, вехалка ’Anthericum ramosum L.’, веховласик ’Apera spica venti L.’ (СРНГ), польск.wiech ’Cicuta’. Відавочна, што пры разнастайнасці значэнняў словамі вяха і пад. называюцца пераважна расліны сямейства парасоністых. Трэба думаць, тут перанос па падабенству ад вяха1 ’пучок саломы, галінак і г. д.’ (гл.). Параўн., напр., польск. бат. wiecha ’кветаносная частка сцябла’. Прыклады падобнай з’явы: славен.véha ’адлеглы ліст расліны’, серб.-харв.вијѐха ’віліна мятла ’Asparagus acutifolius’. Не выключана, аднак, што гэта незалежнае аддзеяслоўнае ўтварэнне і сюды не адносіцца. Працэс гэты ахоплівае амаль што ўсю ўсходне-славянскую тэрыторыю і акрэсліць больш вузкія ўнутраныя арэалы даволі цяжка. Больш-менш выразна акрэсліваецца тэрыторыя распаўсюджання значэння ’Cicuta virosa L.’ (амаль што поўнасцю бел., укр., рус., часткова польск.). Замкнёны арэал (на Палессі) утварае назва веха (виха, віха) ’Viscum album L.’, аднак ёсць фіксацыі і на іншай тэрыторыі (галіц., Макавецкі, Sł. botan.). Улічваючы такія значэнні для слова вяха, як ’знак забароны’, можна меркаваць (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), што перанос назвы на атрутныя расліны быў не зусім выпадковым. Укр. назвы тыпу veś і пад. (Макавецкі, Sł. botan.), відаць, вынік нейкіх фанетычных трансфармацый. Гл. яшчэ Рудніцкі, 1, 374–375. У лац.viscum ’амяла’ іншая матывацыя (літаральна ’клейкае, ліпкае’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калаці́ць ’выклікаць дрыжанне чаго-н.; хістаць; трэсці; выклікаць дрыжыкі; часта і моцна стукаць, удараць і да т. п.’ (БРС, ТСБМ; навагр., З нар. сл.; Касп.; КЭС, лаг., Мат. Гом., Нас., Сержп., Шат.) ’малаціць’ (БРС; івац., Бір., Працы IM, 6; Мат. Гом., Сцяшк.), да апошняга, відаць, колотить мак — у гульні, дзе намагаюцца пакалаціць (Радч.), і ў Сержпутоўскага (Прымхі) — каб вераб’і не калацілі.., ’абтрэсваць, аббіваць сады’ (Касп., Нік., Оч.), ’упокат абшукваць’ (КЭС, лаг.), калаціць кішэні ’трэсці кішэні’, ’паласкаць (бялізну)’ (гродз., З нар. сл.). Звяртае на сябе ўвагу спецыялізаванае значэнне ’боўтаць, збоўтваць: боўтаць смятану, каб зрабіць масла’ (Вешт., КЭС, лаг.; Яруш.), колотыты ’рашчыняць цеста на бліны’ (бяроз., Шатал.), калаціць зацірку ’круціць калатоўку ў гаршку’ (КЭС, лаг.), ’гатаваць якую-н. страву, размешваючы калатоўкай’ (ТСБМ) у сувязі з тым, што паралелі да гэтага слова ў рус. гаворках з’яўляюцца, па сутнасці, беларускімі: колотить масло (у Растаргуева). Аднак колотовка ’прылада для збівання масла, цеста і да т. п.’ вядома шэрагу рус. гаворак, апрача таго, ёсць укр.колотити ’муціць’ і ’збіваць масла’, калаціцца ’збівацца (аб масле)’, па гэтай прычыне магчымая думка пра бел. семантычную інавацыю не з’яўляецца вельмі надзейнай. Польск.дыял.kłócić ’збіваць масла’. Відаць, тут, як і ў іншых выпадках з гэтым словам, або незалежнае ўзнікненне такіх семем (што наогул для значэння ’калаціць’ натуральна), або адлюстраванне даўняй полісемічнасці лексемы. Укр.колотити ’муціць; збіваць масла; сварыцца; папіхаць; распараджацца’, рус.колотить ’біць, калаціць і да т. п.’, ’малаціць’, ’збіваць (арэхі, чаромху)’, ’замешваць (цеста)’, ’забіваць жывёлу на мяса’, ’забіваць’, ’гаварыць, плявузгаць’, ’пляткарыць’, ’таргавацца, старацца выгадаць у цане’ і інш., польск.kłócić ’боўтаць, трэсці’, ’муціць, выклікаць непакой’, ’прыводзіць да сваркі’, дыял. ’збіваць масла’, ’сварыць, гневацца на каго-н.’ і інш., ’забіваць’, н.-луж.kłośiś ’збіваць, апушваць (з дрэў)’, ’біць’, ’малаціць (аббіваць лён)’, в.-луж.kłócić ’збіваць, струшваць’, чэш.klátiti ’трэсці, струшваць, махаць і інш.’, дыял. (у Юнгмана) ’збіваць масла’, klátiti se яшчэ і ’бадзяцца’, славац.klátiť ’трэсці і інш.’, славен.klátiti ’збіваць фрукты з дрэў’, серб.-харв.кла́тити ’хістаць’, ’стрэсваць фрукты з дрэў’, кла́тити се ’бадзяцца’, дыял.кла́тити ’балбатаць, вярзці лухту, плявузгаць’, макед.клати ’хістаць’ і інш., балг.клатя ’хістаць і інш’. Праслав.koltiti, першаснае значэнне не вельмі пэўнае, магчыма, з самага пачатку полісемантычны дзеяслоў, або, як меркаваў Махэк₁ (201), з kol‑mǫ‑titi, kol‑o‑mǫ‑tati і пад., якія накладваліся на старое слова, роднаснае лац.quatio. Махэк₂ (252) пакінуў толькі супастаўленне з лац.quatio, quatere ’трэсці, біць і да т. п.’ З пункту гледжання фанетыкі такое супастаўленне не вельмі добрае. Паводле традыцыйнай версіі суадносяцца прасл.koltiti і kolti (гл. калоць), гл. Фасмер, 2, 296, са спасылкай на старую літ-ру. Слаўскі (2, 272) далучаецца да гэтай думкі і мяркуе, што значэннем, якое аб’ядноўвае прасл. лексемы, з’яўляецца ’біць’, адкуль ’трэсці і інш.’ Пры гэтым ён звяртае ўвагу на польск.kłócić się ’сварыцца’ (параўн. тое ж бел.калаціцца, укр.колотитися), якое параўноўвае з дэрыватамі ад koltiрус.колоться, славен.kláti se ’біцца, сварыцца’, серб.-харв.кла̏ти се ’біцца і інш.’ Відавочна, аднак, што такім чынам нельга вытлумачыць усю семантыку кантынгентаў слав.koltiti. Што датычыць словаўтварэння (kolti > koltiti), было меркаванне аб прамежкавай ступені: праз *koltъ; koltiti у такім выпадку дэнамінатыў ад гэтага назоўніка. Такое меркаванне азначае яшчэ больш вузкую семантыку першапачатковага ўтварэння. Іншыя версіі адносна паходжання слав. слова не пераконваюць, хоць заслугоўвае ўвагі прыведзеная думка Матцэнаўэра, LF, 8, 170–171, аб магчымай суаднесенасці слав. слова са ст.-в.-ням.*scaltan ’штурхаць’, с.-в.-ням.schalten ’штурхаць, соваць’, ст.-в.-ням.scelten ’сварыць, ганіць’ (калі дапускаць тут s‑mobile).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Казадро́ст ’расліна Anemone nemorosa (казадрост белы)’, казарост ’расліна Anemone ranunculoides’ і ’Anemone nemorosa’, ’расліна Veronica beccabunga’ (Кіс., фіксацыі Аненкава, Верас і Кісялеўскага з захаду і поўначы Беларусі’). Укр.раст, раст білий, расць, раст зазулин ’Anemone nemorosa’ (Верхратскі, Жэляхоўскі–Нядзільскі і інш.). Можна меркаваць, што тэрыторыя, дзе сустракаецца назва, зах.-укр.раст, растик, расть, раст ’Scilla autumnalis’, раст, расть ’Primula officinalis’, ласт, раст, рост, росторопша ’Aristolochia clematis’, раст, рапа білий, бычий, расть, ряст ’Corydalis cava’, ряс жовтий ’Corydalis marschalliana’, ряс, ряска, раст, ряст ’Corydalis solida’, рус.дыял.раст ’Primula veris; Primula officinalis; Aristolochia rotunda’, рост ’Tulipa Gessnericma, ростика ’Scilla cernua’, магчыма, арханг.дрозд ’Ranunculus anricomus’, чэш.kozi dříst ’расліна Anemone nemorosa’ (сілез., паводле Котта). Даль прыводзіць таксама козий‑ростъ, козья‑ростъ, козья‑морда ’расліна Veronica beccabunga’, паводле даных СРНГ, 14, 64, яны зафіксаваны акадэмічным слоўнікам 1847 г. Сувязі з каза1 бясспрэчныя. На ўсходзе толькі адна форма (рус.дыял.козий рост), якую можна ўпэўнена суаднесці з бел. словамі. На жаль, тэрыторыя рус. слова не адзначана і цяжка меркаваць аб характары сувязей бел. і рус. лексем. Рус. форма тэарэтычна можа з’яўляцца поўнай і першапачатковай, а можа ўяўляць сабой спробу «праэтымалагізаваць» незразумелае казадрост. Калі прыняць версію, што казарост складанае слова (каза + рост), цяжка вытлумачыць, як магло ўтварыцца такое слова: па беларускіх крыніцах слова рост, раст у назвах раслін не адзначаецца. Можна меркаваць, што гэтыя словы маглі трапіць у гаворкі з перасяленцамі. У такім выпадку верагодна, што слова не вытрымала канкурэнцыі з мясцовымі казелец, кураслеп, курыная слепата і іншымі назвамі гэтых раслін, аднак па мадэлі кураслеп у гэты час было ўтворана і казарост. Казадрост, такім чынам, неабходна разглядаць або як з нерэгулярным устаўным ‑д‑, або як уплыў іншага слова (гл. вышэй). Той факт, што назва казарост і рост адносіцца да розных раслін, можа тлумачыцца іх роднаснасцю паводле народнай наменклатуры (знешняе падабенства, функцыянальная адэкватнасць) або пераносам (розныя адзнакі: вясеннія расліны, аднолькавы колер кветак і інш.). Іншая назва расліны казялец (гл.) вядомая на поўначы славянскага свету і ў сувязі з казёл сумнявацца не прыходзіцца. Лексемы рост, раст, ряст і інш. па геаграфіі гэта ўсх.-слав. (укр. і, відавочна, рус., пра бел. матэрыял нельга пакуль што нічога сказаць) утварэнне, магчыма, да рости (гл. рост). Вяртаючыся да этымалогіі слова казадрост, можна адзначыць, што на магчымасць яшчэ адной версіі ўказвае зафіксаванае ў цэнтральным Палессі конодрок ’Anemone nemorosa’. Статус слова няясны; не выключныя, што яно ўтварае самастойны арэал (працяг або рэшткі зах.-бел. арэала, дзе ведалі слова). Аднак сама фіксацыя вельмі каштоўная, паколькі пацвярджае законнасць злучэння ‑др‑ у іншых формах і вымушае шукаць сувязі з раслінамі, якія носяць назву дрок, дрост, хоць, магчыма, і не з’яўляюцца блізкімі да Anemone, як вышэй разгледжаныя расліны. Лексему дрост можна суаднесці з в.-луж.drěst ’расліна Potamogeton’, dróst ’Bigens tripartitus’, drósinika ’Potamogeton’, н.-луж.drest, drost, што пацвярджае як архаічнасць гэтай формы, так і значэнне ’расліна Polygonum і падобныя да яе’. Этымалогія гэтых слоў няпэўная: Мяркулава (Очерки, 42) прапануе: *derstъ, *dersьnъ, *drestъ, *dresьnъ, якія да прасл.dristati, параўн. яшчэ Шустэр–Шэўц, 3, 168–169; Махэк, Jména rostl., 86–87, 262. Трубачоў (Эт. сл., 5, 110) пад прасл.*drestъ прыводзіць побач з чэш., славац., в.-луж., н.-луж., польск.рус. і інш. адпаведнікі бел.дрост ’расліна Poligonum nodosum’. Там жа звяртаецца ўвага на тое, што, нягледзячы на шматлікія пераўтварэнні формы, найбольш верагодным неабходна лічыць тлумачэнне Мяркулавай. Такім чынам, можна вытлумачыць форму бел.казадрост, рус.козий рост, чэш.kozídříst, аднак цяжка высветліць паралельную назву казарост. Не выключана, што трэба разумець гэту форму як другасную ў выніку зацямнення ўнутранай формы, аднак, магчыма, што менавіта разуменне ўнутранай формы прыводзіла да «эўфемістычнай» карэкцыі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
па́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Валіцца, ляцець зверху ўніз пад уздзеяннем сілы цяжару. За платамі ў садах падалі спелыя яблыкі.Чорны.// Ісці (пра снег, град, дождж). Снег пайшоў спарней. Ён падаў ужо буйнымі сняжынкамі, кружыўся, паволі апускаючыся на дол.Арабей.// Ствараць уражанне падаючага (аб зорках). Толькі ноч пастав, — І ўзрываюцца, падаюць зоры.Танк.
2. Валіцца на зямлю, трацячы апору, раўнавагу. Дзед выпускае маю руку і старчма падае на брук...Васілевіч.Цімошка адчуў, што падае, і ўхапіўся за плот.Хомчанка.// Апускацца на што‑н., кідацца. Падаць на пасцель. Падаць на калені. □ [Мішка] цяжка падае на сані і крычыць «гані!»Брыль.// Ляцець уніз (пра птушак). Белыя птушкі ўзлятаюць над морам і строма падаюць уніз.Самуйлёнак.Відно толькі, як то ўзлятаюць, то зноў падаюць у траву птушкі, як выгінаецца, хвалюецца на полі жыта...Сачанка.// Валіцца пад напорам, пад цяжарам чаго‑н. Знадворку нехта моцна грукае ў дзверы. Праз хвіліну дзверы падаюць.Якімовіч.// Валіцца ад старасці, недагляду. Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачаных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць.В. Вольскі.
3.(1і2ас.неўжыв.). Ліцца, сцякаць зверху. Па крутых спадах імчыць ледніковы паток.., з грымотным гулам падае з абрываў у прадонні.Самуйлёнак.У ціхую ноч даходзіў сюды млынавы грукат і чутно было, як падае вада на колы.Чорны.
4.(1і2ас.неўжыв.). Апускацца, звешвацца адным канцом. Пасма светлых валасоў падала на лоб, і.. [Заранік] часта адкідваў яе рукой назад.Хадкевіч.// Апускацца, звісаць (аб адзенні). Складкі спадніцы падаюць прыгожа.
5. Класціся на каго‑, што‑н., пакрываць сабою каго‑, што‑н. (пра святло, цень). Падае цень ад дрэва. □ Праз невялікае акно, што выходзіла ў сад, падала святло на падлогу.Пальчэўскі.Сонца стаяла ў зеніце, і яго прамяні падалі проста на .. непакрытыя галовы.Шамякін.//перан. Распаўсюджвацца, пашырацца на каго‑, што‑н. Лясы тулілі неспакойных людзей, на якіх падала панская няласка і паліцэйская помста.Колас.Не раз цень падазронасці падаў на Ігнатаву хату-прысценак.Кавалёў.// Апускацца на каго‑, што‑н. (пра ўдары). Удары падалі Дзям’яну проста на спіну, а ён ішоў...Пестрак.
6. Прыходзіцца на якое‑н. месца (аб націску ў слове). У адных дзеяслоўных назоўніках націск падае на другі склад ад канца слова, а ў другіх — на трэці.Юргелевіч.Суфікс ‑ок (‑ёк) ужываецца толькі тады, калі на яго падае націск.Граматыка.
7.(1і2ас.неўжыв.). Памяншацца ў сіле, аб’ёме, велічыні і пад.; рабіцца слабейшым, радзейшым. Тэмпература падае. Пульс падае. □ — Вада [у Прыпяці] падае. Падае на два сантыметры ў дзень.Ракітны.Танакаў пераводзіць машыну на зніжэнне. Хутка падае вышыня.«Маладосць».// Паказваць на паніжэнне ціску, тэмпературы і пад. Ртуць у тэрмометры падала ніжэй і ніжэй.Мікуліч.
8.(1і2ас.неўжыв.). Паніжацца, змяншацца. Урадлівасць глебы падае. Цэны падаюць. □ Зіма ў той год выдалася халодная, цяжкая. Не хапала кармоў. Падалі надоі.Дадзіёмаў.// Паніжацца ў вартасці (пра цэнныя паперы, валюту і пад.). Трывогу, трывогу б’е бізнесмен, Усюды на біржах падаюць акцыі.Вітка.
10. Гінуць, паміраць (аб людзях). Хоць і падаў хто — адразу сцягі-крылы За плячыма падымаліся ў жывых.Куляшоў.
11.накаго-што. Разм. Прыпадаць, прыходзіцца. Выключная большасць разводаў падае на шлюбы маладых людзей.«Маладосць».
12.перан.Разм. Бегаць, насіцца. Сабака цэлы дзень падаў па лесе.
13.перан.Разм. Вельмі старацца. Чаго ж так надта выдыгацца? За што так падаць, так старацца?Колас.
14.перан.Разм. Вельмі хацець чаго‑н., ганяцца за чым‑н. Падаць за ўборамі. □ Усе навакольныя аж падалі за гэтай зямлёй.Чорны.
15.перан.; закім. Разм. Вельмі любіць каго‑н. Маці падае за сынам.// Заляцацца да каго‑н., кахаць каго‑н. — Напэўна гэта і ёсць тая краля, за якою так падаюць усе хатовіцкія кавалеры, — падумаў Лабановіч.Колас.
1. Даць, падносячы, аказваючы паслугу. Падаць кнігу. Падаць рэчы. □ Сямён падаў .. [Булаю] некалькі разцоў.Шыцік.// Аддаць, паднёсшы. Мікалай узяў ад мужчын грошы і падаў касіру.Пальчэўскі.
2. і зінф. Прынесці, паставіць на стол (пра ежу, пітво). Падаць абед. Падаць каву. □ Люба падала на стол снедаць.Чорны.// Паднесці як пачастунак. Трэці [салдат] — самы малады — Кажа: — Старшын[а], Сніў я: чарку падала Мне дачка твая...Танк.
3.каму. Даць як міласціну. Падаць жабраку. □ Маці зрабіла ўсё, што магла: яна падала.. [палонным] акрайчык хлеба.Брыль.
4. Даставіць на патрэбнае месца для пасадкі або пагрузкі. Падаць вагоны. □ Шафёр развярнуўся і заднім ходам падаў машыну да самых дзвярэй.Пальчэўскі.
5. і без дап. Звярнуцца куды‑н. з просьбай; прадставіць у пісьмовай форме. Падаць у суд. Падаць дакументы. □ Салаўёў падаў заяву ў завочны тэхнікум.Шахавец.
7.заг.пада́й, пада́йце або ўінф.пада́ць. Даць, аддаць, прывесці, прынесці і г. д. Падаць сюды гэтыя рэчы! □ — Дзе.. [ураднік]! — крыкнуў Янка, азіраючы вуліцу: — падайце мне яго сюды!Колас.
8. З многімі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем таго ці іншага дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Падпусціўшы.. [палякаў] на блізкую адлегласць, дзед Талаш падаў каманду.Колас.Разведчыкі пад голас птушкі падалі сігнал, але ніхто ім не адказаў.Няхай.
9. і без дап. У спартыўных гульнях з мячом, шайбай і пад. — увесці ў гульню.
10. і без дап. Сказаць, паддаваць што‑н. Падаць рэпліку. Падаць слова. Падаць думку. □ — Паспееш, — падаў Лазар і адвярнуўся да кампаніі.Гартны.
11. Паказаць, вывесці (у мастацтве, літаратуры). Просты вясковы пейзаж .. [Міхась Сяўрук] умее падаць неяк велічна, нечакана, у будзённым, звычайным выяўляе паэзію жыцця, яго хараство.Шматаў.// Расказаць, сказаць аб чым‑н. Падаць факты. □ Яркі малюнак гаспадарання польскай ваеншчыны падаў Мартын Рыль і яго дружына.Колас.
•••
Не падаць (не паказаць) віду (выгляду) — нічым не выявіць, не паказаць сваіх думак, пачуццяў, намераў і пад.
Падаць (даць) вестку — паведаміць пра сябе.
Падаць голас — а) абазвацца, выгукнуць што‑н., паказваючы на сваю прысутнасць; б) выказацца пра каго‑, што‑н.; в) прагаласаваць на выбарах за каго‑н.
Падаць прыклад — паслужыць, стаць прыкладам для іншых.
1. Вызначае што‑н. як непадзельнае, узятае ў поўным аб’ёме; цэлы. Увесь вечар. Усё лета. □ Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, як гэта было намечана раней.Колас.Увесь май сушыла. Ні дажджынкі, ні расінкі.Паўлаў.Мінск — сталіца, гордасць наша, Слава ўсёй краіны.Купала.//толькімн. (усе́, усі́х). Указвае на вычарпальны ахоп асобных аднародных прадметаў, асоб, з’яў; без выключэння, кожны ў сукупнасці з іншымі. З усіх бакоў. Па ўсіх правілах. □ Цяпер ідуць Пад горды сцяг Саветаў Народы ўсе І ўсе мацерыкі.Хведаровіч.За мір і за шчасце змагайцеся, Працоўныя ўсіх краін!Куляшоў.Усе на лузе, ад малога да вялікага.Ваданосаў.// Уваходзячы па сэнсу ў склад выказніка або азначэння, ужываецца ў значэнні: цалкам, поўнасцю, зусім. Быў .. [Мікуць] увесь мокры.Чорны.Сядзіба [Арлоўскага] шырокая і доўгая, уся пад садам.Чарнышэвіч.Са з’яўленнем .. [Соні] мне быццам перадаваўся яе бадзёры настрой, і я ўвесь ажываў.Ракітны.// Пры абстрактных назоўніках указвае на вышэйшую ступень праяўлення якасці, прыметы. Ва ўсю шырыню. Сканцэнтраваць усю ўвагу. □ Каб недавер увесь развеяць, Скажу: тут выдумкі ні-ні...Бачыла.
2.узнач.наз.усё, усяго́, н. Тое, што ёсць, цалкам, без выключэння. Усё для перамогі! Заўсёды ўсім задаволены. □ Усё ў доме цяпер перавернута дагары нагамі.Ус.Вясковыя жанчыны любяць пра ўсё пагаварыць.Чорны.//усё. У спалучэнні з выш. ст. прым. або прысл. і прыназ. «за» паказвае на вышэйшую меру якасці. Лепш за ўсё. Больш за ўсё. Менш за ўсё. □ Успаміны .. [Нічыпара] былі часам і цікавыя і мелі якое-небудзь значэнне. А часцей за ўсё стары гаварыў проста так, што прыходзіла ў галаву.Кулакоўскі.[Іванчанка:] А я думаю, што .. [дзеці] хутчэй за ўсё тут, у вёсцы...Кучар.//узнач.вык. Азначае выключную важнасць, значэнне прадмета, паняцця і пад. [Паддубны:] — Мы разумеем, што сувязь з народам — гэта ўсё.М. Ткачоў.//узнач.наз.усе́, усі́х. У поўным складзе, без выключэння. Усе ў зборы. Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. □ Падалі снеданне. Усе селі за стол.Юрэвіч.Усім спадабалася Балукова выдумка і гурт[ам] прыступілі да распрацоўкі ўсяго плана.Колас.Нізкі пералаз — усім дарога.Прыказка.//усё, усе́. Ужываецца ў якасці абагульняючага слова пры пералічэнні. Вас, землякі мае, Вітаю .. Прастор палёў, лясы — Усё ваша.Чарот.//Русі́х. У спалучэнні з выш. ст. прым. або прысл. і прыназ. «за» паказвае на вышэйшую меру якасці. Бяздомны музыка, жабрак для .. [Ганны] мілей за ўсіх і вышэй за ўсіх.Гіст. бел. сав. літ.Больш за ўсіх Крумкач стары Набіваў закускай волле.Гілевіч.
4.узнач.вык.усё. Разм. Скончана, канец. Больш не ўбачымся. Усё. □ — Усё, — сказаў Тарас, усміхнуўшыся.Якімовіч.— Не хочам і — усё! — капрызна выкрыкнуў другі, пухлагубы пястун.Ракітны.
5. З некаторымі назоўнікамі з прыназоўнікамі «з», «у» (ва), «на» утварае ўстойлівыя прыслоўныя словазлучэнні, якія паказваюць на паўнату, інтэнсіўнасць, сілу праяўлення якога‑н. дзеяння. Ва (на) ўвесь дух. Ва ўсе вочы. Ва (на) ўсю моц. З усіх ног. З усяго маху. На ўвесь голас. На ўвесь рост. На ўсе застаўкі. На ўсё горла. На ўсю сілу. З усёй сілай. З усіх сіл.
•••
Ад усіх дзірак (бочак) затычкагл. затычка.
Ад усяго сэрцагл. сэрца.
Валіць усё ў адну кучугл. валіць.
Ва ўсе лапаткігл. лапатка.
Ва ўсёй (сваёй) красегл. краса.
Ва ўсіх адносінахгл. адносіны.
Ведаць усе хады і выхадыгл. ведаць.
Вось (табе) і ўвесь сказгл. сказ.
Выматаць усю душу (усе духі, нервы, кішкі)гл. выматаць.
Выціснуць усе сокігл. выціснуць.
Званіць ва ўсе званыгл. званіць.
З усімі анёрамігл. анёры.
З усіх канцоўгл. канец.
З усяго светугл. свет.
Ісці на ўсёгл. ісці.
І ўсё тут — больш нічога; няма чаго гаварыць, размова скончана.
Майстар на ўсе рукігл. майстар.
Мераць усё (усіх) сваёй меркайгл. мераць.
Мераць усіх адной меркайгл. мераць.
Мераць усіх (усё) на адзін аршынгл. мераць.
На ўсе вякігл. век.
На ўсе жылы; з усіх жылгл. жыла.
На ўсе ладыгл. лад 1.
На ўсе чатыры бакігл. бок.
На ўсім гатовымгл. гатовы.
На ўсю іванаўскуюгл. іванаўскі.
Не ўсе домаўкаго — пра дзівака, чалавека ненармальнага, прыдуркаватага. «Ой, Сёма, Сёма! — стары паляпаў пальцам па лбе. — Не ўсе ў цябе, сыночак, дома»...Корбан.
Ну, вось і ўсё!гл. вось 2.
Па ўсім відацьгл. відаць.
Па ўсіх правілахгл. правіла.
Па ўсіх правілах мастацтвагл. правіла.
Перш за ўсёгл. перш.
Скарэй за ўсёгл. скарэй.
Скланяць на ўсе ладыгл. скланяць.
Увесьукаго — пра падабенства да каго‑н. [Галя:] — Ого! Хлопец — увесь у тату.Шамякін.
Увесь часгл. час.
Увесь (уся, усё, усе) чыста — без выключэння, поўнасцю, цалкам. [Паўлюк:] — Ну, і выйшла, што я ўвесь чыста ў .. руках [брата].Зарэцкі.Сядай! Не хвацкі танец твой! — Крычаць яму [Фаме] з застолля ўсе чыста.Корбан.Выказаць усё чыста — нашто ёй [Ганне] і яму [Сцяпану] цярпець немаведама для чаго!Мележ.
Усе да аднаго; усе (усё) на свеце — ужываюцца з узмацняльным значэннем вычарпальнай паўнаты, поўнага ахопу. І вось падмарозіць. Яблыкі ападуць усе да аднаго. Укрыюць дол пад дзічкаю.Бяспалы.Тэатр засланіў перад .. [Вашамірскім] усё па свеце.Бядуля.
Усе козыры ў рукахгл. козыр.
Усё адно — а) аднолькава, няма розніцы. [Тапаркоў:] — А калі за маё старанне такая аддзяка — мне ўсё адно.Навуменка; б) абавязкова, нягледзячы ні на што. Не адступленне — перадышка. Нам выйграць бой, усё адно.А. Александровіч.
Усё адно як — як быццам бы. Стаіш і маўчыш, усё адно як чужы.Скрыган.
Усё гарыць у руках — тое, што і работа гарыць у руках (гл. работа).
Усё кончана — пра цяжкую страту, безнадзейнае становішча.
Усё (усе) на адзін капылгл. капыл.
Усё роўна — а) аднолькава, няма розніцы. [Насця:] А хіба ж не ўсё роўна вам, Дзе мой каханы, тут ці там?Колас; б) абавязкова, нягледзячы ні на што. Але бацька ўсё роўна пойдзе і вернецца дадому толькі на світанні.Кулакоўскі; в) тым не менш, усё-такі. Як ні ціха Андрэй адчыняў дзверы, як ні ціха распранаўся, а маці ўсё роўна пачула.Ермаловіч.
Усё роўна як — быццам бы. Ён гаварыў сурова, усё роўна як загадваў.Скрыган.
Усё страчана — пра што‑н. канчаткова згубленае, пра беззваротную страту.
Усё як ёсць — літаральна ўсё, поўнасцю. [Няміра:] — Я думаў, што вы адно сёе-тое прадасце, аж вы ўсё як ёсць.Чорны.Гледачы памяркоўныя абмяркоўваюць. Усё як ёсць Нетаропка.Барадулін.
Усімі сіламігл. сіла.
Усіх масцейгл. масць.
Усяго добрагагл. добры.
Усяго найлепшагагл. найлепшы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЕЛАРУ́СЫ,
нацыя, асноўнае насельніцтва Беларусі. Складае 7904 тыс.чал. (перапіс 1989), 77,4% насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Значная частка беларусаў жыве па-за межамі Беларусі, у т. л. ў Расіі 1052 тыс. (1989), на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс.чал.; у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш., паводле розных ацэнак, жыве ад 300 тыс. да 2 млн. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская). Гавораць на беларускай мове, якая адносіцца да слав. групы індаеўрап. моўнай сям’і. Разам з рускімі і ўкраінцамі належаць да ўсх.славян. Антрапалагічны тып — сярэднееўрап. варыянт еўразійскай (еўрапеоіднай) расы. Тэрыторыя іх кампактнага рассялення ў межах Беларусі займае 207,6 тыс.км² і ахоплівае басейны верхняга Дняпра, Сажа, Зах. Дзвіны, Нёмана, Прыпяці і часткова Зах. Буга.
Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ўжо ў 5—8 ст.тэр. Беларусі насялялі слав. плямёны, з якімі генетычна звязаны саюзаплемянныя і раннефеад. этнапалітычныя супольнасці 9—10 ст. — крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне, драўляне і севяране. Працэс іх рассялення на Беларусі суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі з мясц. балцкімі плямёнамі (гл.Балты), якія ў асноўным былі асіміляваны, а часткова (у зах. абласцях) склалі змешаныя балта-слав. групы. У межах Кіеўскай Русі (канец 9 — пач. 11 ст.) пачалі складвацца феад. адносіны, узнікаць класы, гарады, фарміравацца стараж.руская народнасць, прынята хрысціянства. З 10 ст. землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, часткова Смаленскага, Чарнігаўскага княстваў; да 12 ст. з іх вылучыліся Пінскае, Мінскае, Друцкае, Заслаўскае, Навагрудскае і інш. княствы.
Фарміраванне і развіццё беларускай народнасці. У 13—14 ст. землі і княствы Беларусі ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Полацкая, Новагародская, Віцебская землі, а таксама Слуцкае, Кобрынскае, Мсціслаўскае і інш. княствы мелі ў ВКЛ пэўную сац.-эканам. і юрыдычна-прававую аўтаномію. У складзе адзінай дзяржавы спыніўся працэс іх феад. драблення, што садзейнічала стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сацыяльна-эканам., паліт., дэмаграфічныя і этнакультурныя фактары абумовілі пашырэнне этнасацыяльных сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі Беларусі і ўнутрыэтнічную кансалідацыю. На працягу 15—16 ст. у ВКЛ павялічылася колькасць гарадоў і мястэчак, узмацніліся гандл. сувязі паміж імі, вырасла доля гандл.-рамесніцкага насельніцтва, павысілася таварнасць і прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі, праведзены адм.-тэр. і аграрна-гасп. рэформы; кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж.юрыд. нормаў завяршылася складаннем Статутаў Вял. княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588. Пасля аб’яднання з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч ПаспалітуюВКЛ захоўвала паліт. аўтаномію, свой урад, юрыд. правы, войска, фінансы і інш., што ў пэўнай меры стрымлівала польскі ўплыў на бел. і літ. народы. Аднак з таго часу ўзмацніліся працэсы паланізацыі і акаталічвання. Для бел. сялянства і гараджан асн. каштоўнасцю была этнагенетычная спадчына, якая аб’ядноўвала розныя тэрытарыяльныя групы беларусаў на аснове агульнасці іх гіст. лёсу, культуры, мовы, рэлігіі. Значную ролю адыгрывалі фактар кампактнага рассялення беларусаў і іх дэмаграфічнае становішча (бел. землі складалі большасць тэр.ВКЛ, а насельніцтва — асн. этнічны масіў). Беларусы складалі значную частку насельніцтва і ў гарадах этнічнай Літвы — Троках, Коўне, сталіцы ВКЛ Вільні. Дамінуючае дэмаграфічнае становішча беларусаў у межах ВКЛ і высокі ўзровень развіцця іх культуры вызначылі поліэтнічны характар пашырэння іх мовы. Старабел. мова («руськая») была афіцыйнай дзярж. мовай ВКЛ, сродкам зносін паміж усх.-слав. насельніцтвам і літоўцамі-аўкштайтамі, жмудзінамі, латгаламі і больш дробнымі этнічнымі групамі (татары, яўрэі, цыганы, караімы і інш).
У перыяд складвання бел. народнасці этнакансалідуючую функцыю адыгрываў і канфесіянальны фактар. Большасць усх.-слав. насельніцтва ВКЛ да 16 ст. вызнавала праваслаўе. Гэтага веравызнання трымалася таксама частка насельніцтва этнічнай Літвы і Жмудзі. Пасля дынастычнага саюзу ВКЛ і Польшчы (гл.Крэўская унія 1385) на землях Літвы і Беларусі пачало пашырацца каталіцтва, у 16 ст. ў сувязі з еўрап. рэфармацыйным рухам — пратэстантызм (лютэранства, кальвінізм і інш.), а пасля Брэсцкай уніі 1596 — уніяцтва. Праваслаўныя цэрквы Беларусі, Украіны і Літвы, пераведзеныя ва уніяцтва, трапілі пад духоўную ўладу рымскага пантыфікату і ўспрынялі асн. догматы каталіцызму. Наступ каталіцтва і уніяцтва выклікаў у большасці правасл. насельніцтва незадаволенасць і пратэст. Найб. глыбока паланізацыя пранікла ў самасвядомасць, матэрыяльную і духоўную культуру пануючых класаў Беларусі. У 17 ст. большая палова бел. шляхты спавядала каталіцкую ці уніяцкую веру, карысталася польскай мовай, прытрымлівалася агульнасаслоўных стэрэатыпаў ладу жыцця і паводзін (напр., панібрацтва). Усе этнастваральныя фактары, што садзейнічалі складванню бел. народнасці ў 14—16 ст., у цэлым мелі аб’яднальную тэндэнцыю. Жыхары абшчыны сваю супольнасць звычайна вызначалі агульным сельскім ці валасным этніконам, які паходзіў ад назвы сяла ці цэнтра воласці. У межах паветаў, княстваў, зямель, ваяводстваў насельніцтва аб’ядноўвалася вакол гарадоў і мястэчак у т.зв.зямляцтвы (напр., мазыране, палачане, мсціслаўцы, случане і інш.). Зямляцкія этнонімы былі ўстойлівыя і ў самой Беларусі, і за яе межамі. У 14—16 ст. значна пабольшала роля працэсаў этнагенетычнай кансалідацыі і агульнадзярж. інтэграцыі. Пра гэта сведчыць пашырэнне этнонімаў «русіны» і «літвіны». Руссю (рус. землямі) у той час называлі ўсх. і цэнтр.тэр. Беларусі. Кампактны арэал назвы «літвіны» бытаваў пераважна ў раёнах Вілейкі, Смаргоні, Ашмян, Крэва, Маладзечна, Ліды і інш. (т.зв. Павілейская Літва). Але ў 16—17 ст. «Літвой» і «літвінамі» называлі ўсё насельніцтва ВКЛ. Канкрэтна беларусаў называлі «літвіны рускага роду», «літвіны рускай веры», «літвіны-беларусцы», «літоўскія беларусы», што адлюстравана і ў гіст. дакументах (напр., бел. першадрукар і асветнік Ф.Скарына называў сябе палачанінам, русінам і літвінам).
Розныя ўзроўні працэсаў этнічнага формаўтварэння, саслоўна-класавая і канфесіянальная дыферэнцыяцыя адбіліся на складванні бел. народнасці, на разнастайнасці формаў і элементаў яе культуры і побыту. Асаблівасцю гарадоў і мястэчак Беларусі быў іх хуткі рост. У канцы 16 ст. іх было больш за 300, а іх жыхары складалі каля 16—20% насельніцтва. Многія з іх мелі магдэбургскае права. Павялічвалася маёмаснае, прававое і саслоўнае размежаванне іх насельніцтва. Да асобных катэгорый належалі духавенства і арыстакратыя. Іншаэтнічнае насельніцтва часта не ўваходзіла ў катэгорыю мяшчан, а аб’ядноўвалася ў свае абшчыны з асобнымі правамі і прывілеямі.
Асн. масу насельніцтва Беларусі 14—16 ст. складалі сяляне. Яны падзяляліся на дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх. У выніку аграрнай рэформы — валочнай памеры, праведзенай у ВКЛ у 16 ст., саслоўна-сац. і гасп.-эканам. арганізацыя сялянства змянілася і стала складацца з трох асн. катэгорый: слугі, асадныя сяляне і цяглыя сяляне.
Асн. збожжавай культурай было жыта; сеялі таксама авёс, ячмень, проса, пшаніцу і інш. Былі пашыраны агародныя і садовыя культуры. З землеапрацоўчых прылад пераважала саха для парнай запрэжкі. Пры ляднай (падсечна-агнявой) сістэме апрацоўкі зямлі сяляне карысталіся матыкамі, баронамі, сукаваткамі, смыкамі. Збожжавыя культуры сеялі ўручную з сявенькі-лубянкі, жалі сярпом, малацілі цапамі, веялі зерне веялкай-шуфлікам, малолі на муку або абдзіралі на крупы. Павелічэнне плошчы ворных зямель суправаджалася ўзнікненнем новых пасяленняў. Іх памеры, характар узнікнення і інш. асаблівасці адлюстраваліся і ў назвах-вызначэннях. Побач з вядомымі са старажытнасці назвамі сяло, сяльцо, весь, вёска, пагост з 15 ст. пачалі сустракацца слабада. воля, вольта, засценак, селішча. Асн. тыпам планіроўкі новых пасяленняў быў вулічны, што адпавядаў дзярж. плану забудовы. Існавала таксама бессістэмная, або кучавая, забудова. Асноўным тыпам жылля была зрубная хата з двума памяшканнямі (хата + сенцы). Вядома і трохкамернае жыллё (святліца + сенцы + жылое або гасп. памяшканне). Дах накрывалі саломай, дранкай, гонтай. Печы рабілі з комінам або без яго (курная хата). Вокны былі невялікія, іх закрывалі засаўкай, бычыным пухіром, прамасленай паперай, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможнай шляхты былі значна большыя, шматкамерныя, часам двухпавярховыя.
Пэўныя асаблівасці мела архітэктура гарадоў і мястэчак, якія паступова набывалі урбанізаваны тып, набліжаны да зах.-еўрапейскіх традыцый горадабудаўніцтва. У іх павялічвалася колькасць мураваных пабудоў (найбольш у зах. абласцях). Мураванымі былі пераважна абарончыя (замкі, крэпасці) і культавыя (цэрквы, касцёлы), радзей жылыя, бытавыя і адм. пабудовы.
Да 16 ст. адносіцца з’яўленне пэўных відаў адзення, якія пазней ўвайшлі ў традыц.бел.нар. касцюм. Асновай жаночага і мужчынскага касцюма заставалася кашуля (сарочка). Мужчынскі гарнітур дапаўняўся паясным (штаны, споднікі), плечавым (кафтан) і верхнім (кажух, армяк, даламан) адзеннем. У жаночы гарнітур уваходзіла плечавое і паясное адзенне (андарак, панёва, фартух, летнік, спадніца), розныя галаўныя ўборы (хустка, рантух, плахта, каптур, чапец, магерка, капялюш), а таксама паясы, кашалькі, упрыгожанні. З даўніх часоў на Беларусі бытаваў скураны абутак. Для сял. асяроддзя характэрнымі былі і лапці, пашытыя са скуры або сплеценыя з лыка.
Аснову харч. рацыёну насельніцтва 14—16 ст. складалі прадукты земляробства, агародніцтва, жывёлагадоўлі. Дадатковымі крыніцамі былі паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва. З напіткаў спажывалі мёд, квас, піва і інш. (гл. таксама Беларускія народныя стравы).
Фальклор беларусаў перыяду фарміравання народнасці меў тыя самыя жанры і элементы, што і ў папярэднія стагоддзі: песні, магічныя заклінанні, звязаныя з язычніцкай абраднасцю, галашэнні, быліны, казкі, легенды, загадкі. Узнік і новы эпічны жанр — гіст. песні і паданні, гал. тэмай якіх была барацьба народа з іншаземнымі захопнікамі, а таксама з уласнымі прыгнятальнікамі. Шырока бытавалі лірычныя песні. Зліццём язычніцкіх і хрысц. элементаў характарызаваліся многія абрады і звычаі, звязаныя з каляндарна-аграрнымі святамі і сямейна-бытавой абраднасцю. Гл. таксама Народная паэтычная творчасць.
Традыцыі перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне ў рамках сям’і. Тагачасныя сем’і падзяляліся на малыя (шлюбная пара і іх дзеці) і вялікія (бацькоўскія і брацкія родзічы 2—3 пакаленняў, сваякі, якія мелі агульную маёмасць, вялі сумесную гаспадарку і лічыліся адным «дымам»). Распараджальнікам і галавой сям’і быў бацька, а ў выпадку яго смерці — маці (пры адсутнасці дарослага сына). Сямейна-бытавыя адносіны рэгламентаваліся звычаёвым правам і дзярж. сямейным правам.
Са стараж. часоў на Беларусі былі вядомы школы. Яны існавалі пераважна пры манастырах і цэрквах, з 16 ст. — пры брацтвах (гл.Брацкія школы). Пры ордэнах езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў існавалі калегіумы. Адукацыя гар. насельніцтва была звязана з агульнаеўрап. традыцыямі. Разам з тым духоўная культура і грамадская думка беларусаў у 14—16 ст. мелі свае асаблівасці. У той час узнікала бел.-літоўскае летапісанне (гл.«Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца). Вяршыняй тагачаснай бел. культуры стала гуманістычная дзейнасць Ф.Скарыны, які ў перакладзе на старабел. мову выдаў Біблію (Прага, 1517—19). Яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі і інш. былі актыўнымі дзеячамі бел.Рэфармацыі. З жыццём і побытам беларусаў знаёміў еўрап. чытача адзін з выдатных паэтаў эпохі Адраджэння М.Гусоўскі. Вострыя праблемы грамадска-паліт. жыцця ўзнімалі М.Сматрыцкі, Л.Карповіч, С.Зізаній, Афанасій Брэсцкі і інш. З 16 ст. вядомы школьны тэатр, папулярнымі ў народзе былі лялечны тэатр батлейка, бел. харавыя песні-гімны — канты і псалмы. Склалася адметная беларуская іканапісная школа, дасягнулі росквіту драўляная скульптура і разьба па дрэве, беларуская рэзь стала шырока вядома за межамі Беларусі. Узнікла своеасаблівая архітэктура: Мірскі, Навагрудскі, Лідскі, Крэўскі замкі, Мураванкаўская і Сынковіцкая цэрквы-крэпасці і інш.
Асн. вынікам дзейнасці комплексу сац.-эканам., паліт., этнічных працэсаў 14—16 ст. на Беларусі стала складванне самаст. этнасацыяльнай супольнасці феад. тыпу — бел. народнасці і яе асн. этнічных прыкмет — мовы, культуры, самасвядомасці.
Цяжкім і складаным у гісторыі беларусаў быў перыяд 17—18 ст. Шматлікія войны з суседзямі і паміж магнатамі прывялі да сац.-эканам. крызісу Рэчы Паспалітай, які скончыўся яе падзеламі (1772, 1793 і 1795) паміж суседнімі дзяржавамі. Абвастрэнне нац.-класавых, рэлігійных і інш. супярэчнасцей выклікалі ўздым вызв. войнаў і антыфеад. паўстанняў. У выніку войнаў, голаду і эпідэмій рэзка зменшылася колькасць насельніцтва, што негатыўна паўплывала на развіццё бел. народнасці. Бел. шляхта на працягу 17—18 ст. ў асноўнай масе была паланізавана. Сялянства, частка гараджан, ніжэйшага і сярэдняга духавенства, дробнай і часткова сярэдняй шляхты актыўна супраціўлялася паланізацыі, што забяспечвала этнаэвалюцыйнае развіццё бел. народа. Дыферэнцыяцыя бел. культуры на культуру нар. мас і пануючых саслоўяў набывала ярка выражаную этнічную накіраванасць, калі менавіта народ захоўваў традыцыйнасць этнавызначальных прыкмет этнасу.
У 17—18 ст. на ПнУ і У Беларусі, сумежных тэр. Смаленшчыны і Пскоўшчыны стабілізавалася назва Белая Русь, вядомая з 14 ст., паступова ў шырокі ўжытак увайшлі паняцці «беларускі край», «беларускія гарады», «беларуская мова», «беларуская вера» (уніяцтва). Канфесіянальны склад заставаўся стракатым. Падтрымка каралеўскім дваром і магнатамі каталіцкай царквы садзейнічала пашырэнню на Беларусі розных каталіцкіх ордэнаў (дамініканцаў, езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў, кармелітаў і інш.), якія актыўна падтрымлівалі уніяцтва. Да канца 18 ст. католікі складалі каля 15%, уніяты 70%, праваслаўныя 6%, іудзеі 7%, пратэстанты і інш. 2% насельніцтва Беларусі. Палітыка акаталічвання і паланізацыі закранула і мову. У 1696 на канфедэрацыі Рэчы Паспалітай прынята рашэнне, паводле якога агульнадзярж. мовай абвяшчалася польская. Гэтыя і інш. неспрыяльныя сац.-паліт. фактары пагоршылі ўмовы развіцця духоўнай культуры бел. народа.
І.У.Чаквін.
Фарміраванне беларускай нацыі. Драматычныя падзеі апошняй трэці 18 ст. шмат у чым прадвызначылі далейшы лёс бел. этнасу. Устанаўленне паліт. улады рас. царызму садзейнічала захаванню і нават узмацненню феад. прыгону. Сельская гаспадарка Беларусі знаходзілася ў крызісным стане. За 1796—1858 насельніцтва Беларусі павялічылася на 27% і складала 3,3 млн.чал.Вял. страты панесла Беларусь у час Айчыннай вайны 1812. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя прыкметы нац. кансалідацыі. У Віленскім ун-це ў канцы 1810-х г. М.Баброўскі і І.Даніловіч паклалі пачатак збіранню і публікацыі помнікаў бел. пісьменства 16—17 ст., садзейнічалі абуджэнню цікавасці да гіст. мінулага сярод студэнтаў — сяброў таварыстваў філаматаў і філарэтаў.
Развіццё бел. этнасу ў пач. 19 ст. характарызавалася не толькі працэсам фарміравання нац. самасвядомасці, але і іншаэтнічным асіміляцыйным уздзеяннем. Пры патуранні царскай адміністрацыі паланізацыя і акаталічванне карэннага насельніцтва ў канцы 18 — пач. 19 ст. нават узмацніліся. Тэарэтычным абгрунтаваннем гэтай дзейнасці сталі працы польскіх даследчыкаў С.Ліндэ, Л.Галамбёўскага, А.Дамбоўскага, А.Нарушэвіча, якія разглядалі беларусаў як этнагр. групу польскага народа. Пасля задушэння паўстання 1830—31 у дзярж. і навуч. установах замест польскай мовы ўводзілася руская. Полацкі царкоўны сабор 1839 абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з пануючай праваслаўнай царквой. Гэта выклікала супраціўленне многіх вернікаў, асабліва на ПнЗ Беларусі. Пачалося афармленне тэорыі заходнерусізму, паводле якой беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем рус. народа. Этнагр. асаблівасці, якія адрознівалі беларусаў ад рускіх, тлумачыліся польскім уплывам і падлягалі знішчэнню для аднаўлення нібыта «спрадвечна рускага характару краю». Заходнерусізм стаў ідэалогіяй і формай самасвядомасці часткі праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і дваран.
У 1840—50-я г. сярод шырокага кола мясц. інтэлігенцыі павялічылася цікавасць да гіст. мінулага Беларусі, вывучэння фальклору і побыту карэннага насельніцтва. З польскамоўнага літ. руху вылучылася т.зв. беларуская школа, творчасць прадстаўнікоў якой была прысвечана Беларусі. Асобныя творы Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі былі напісаны на бел. мове, а ў Я.Дуніна-Марцінкевіча яна стала асноўнай. У 1840-я г. А.Абрамовіч зрабіў першыя спробы стварэння нац. музычных твораў. У 1852 пастаўлена першая бел. опера «Сялянка» («Ідылія», муз. С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага, лібрэта Дуніна-Марцінкевіча). Самасвядомасць і творчасць гэтага кола інтэлігенцыі не заўсёды мелі ясна акрэслены нац. змест, але аб’ектыўна яны стваралі аснову бел. нацыянальнай мастацкай культуры. У цэлым развіццё нац. кансалідацыі слаба закранула этнас. Літвінамі сябе па-ранейшаму называлі жыхары Гродзенскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, часткова Слуцкага пав. У Віленскай губ., Мінскім, Дзісенскім, Барысаўскім пав. літвінамі называлі толькі католікаў, а праваслаўных — беларусамі. Зах. Беларусь, як і раней, называлі Літвой, а этнічную Літву — Жмуддзю, Самагіціяй. Саманазва «беларусы» была найб. пашырана ў «гістарычнай Беларусі» — Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Смаленшчыне, але яна мела пераважна тапанімічны характар. Захоўваліся шматлікія этніконы тыпу віцебцы, магілёўцы, гомельцы, пінчукі, бужане. Большасць памешчыкаў, 92% якіх былі католікамі, лічылі сябе палякамі. Многія з іх захоўвалі элементы мясц. («літоўскага», ці «беларускага») патрыятызму, які ў пач. 1860-х г. набыў нацынальна-паліт. і асветніцкі характар. У 1862 мінскі маршалак А.Аскерка выдаў у Варшаве бел. лемантар. Дробная шляхта сваю этнічную прыналежнасць звязвала з канфесіянальнай: католікі лічылі сябе палякамі, праваслаўныя — рускімі. Аналагічным чынам вызначалі сябе мяшчане. Этнічнае самавызначэнне інтэлігенцыі залежала гал. чынам ад яе паліт. арыентацыі, але большая частка аддавала перавагу польскай дэмакр. культуры. І толькі сярод нешматлікага кола дэмакр. інтэлігенцыі сфарміравалася ўяўленне пра тое, што беларусы валодаюць усімі ўмовамі для самастойнага развіцця і маюць на тое ўсе правы. Лідэрам гэтай групы стаў К.Каліноўскі. Яго публіцыстыка ў газ.«Мужыцкая праўда» сведчыла пра спеласць нац. руху. У час паўстання 1863—64 на Вілейшчыне па патрабаванні сялян былі адкрыты бел. школы. Паражэнне паўстання адмоўна адбілася на развіцці бел. этнасу. Лепшыя прадстаўнікі дэмакр. інтэлігенцыі загінулі, многія сасланы ў Сібір. Царская адміністрацыя ўстанавіла на Беларусі ваенна-паліцэйскі рэжым. Руская мова заняла пануючае становішча ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Было забаронена друкаваць бел. кнігі лацінкай.
Сялянская рэформа 1861 абумовіла пазітыўныя зрухі ў эканам. развіцці Беларусі. Вял. значэнне мела будаўніцтва густой сеткі чыгунак. Эканам. становішча сялян палепшылася. Вынікам гэтага стаў хуткі рост колькасці насельніцтва. За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў падвоілася. У 1897 на Беларусі жыло 6,5 млн.чал.
У 1868 у Пецярбургу ўзнікла асветніцкая арг-цыя«Крывіцкі вязок». Далейшае развіццё нац. руху было звязана з народніцкай ідэалогіяй. У канцы 1870-х — пач. 1880-х г. у Пецярбургу была створана група «Гоман» — першая паліт. самастойная арг-цыябел.нац. інтэлігенцыі, якая выдавала час.«Гомон», інш. выданні. У 2-й пал. 1880-х г. у Мінску ўзнікла група ліберальнай інтэлігенцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, У.З.Завітневіч, А.І.Слупскі, Я.Лучына і інш.), якая імкнулася абудзіць нац. самасвядомасць легальнымі сродкамі. Для гэтага выкарыстоўвалася першая прыватная на Беларусі газ.«Минский листок», а таксама выдадзеныя ў 1889—93 календары. Яшчэ большы ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці зрабіла творчасць Ф.Багушэвіча. Яго прадмова да «Дудкі беларускай» з’явілася сапраўдным маніфестам нац. адраджэння (гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух).
Вял. значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў, этнографаў. Іх публікацыі пераканаўча сведчылі, што беларусы з’яўляюцца самастойным этнасам, а не «сапсаванымі» рускімі ці палякамі.
На працягу 2-й пал. 19 ст. ў этнічнай самасвядомасці беларусаў адбыліся істотныя змены. Паводле перапісу 1897, 74% насельніцтва Беларусі лічылі роднай мовай беларускую. Да беларусаў сябе адносілі каля 43% саслоўя дваран. Роднай мовай беларускую лічылі 40% чыноўнікаў, 10% юрыстаў, 20% урачоў, 29% паштова-тэлеграфных служачых, 60% настаўнікаў. Сярод сялянства назва «беларусы» выцесніла большасць лакальных этніконаў. Тэрмін Беларусь замацаваўся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Аднак саманазва «беларус» яшчэ не мела агульнаэтнічнага і нац. зместу. Таму поруч з ім ужываліся канфесіянізмы («рускія», і «палякі»), а жыхары паўн.-заходняй і цэнтр. часткі Беларусі нярэдка называлі сябе «тутэйшымі».
Нац. рух, які ўступіў у новы перыяд свайго развіцця, меў сацыяліст. характар. У 1903 створана Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Паскорыўся працэс фарміравання бел. прафесійнай мастацкай культуры. Узніклі бел. выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, «Наша ніва», «Наша хата» і «Палачанін» у Вільні і інш. З’явіліся перыяд. выданні: газеты «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Беларус», часопісы «Лучынка», «Саха», «Крапіва», альманах «Маладая Беларусь». Характэрнай рысай усёй бел. нацыянальнай культуры было абуджэнне агульнаэтнічнай самасвядомасці.
Вял. ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці як сістэмы навук. поглядаў зрабілі працы Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22), артыкулы Доўнар-Запольскага, матэрыялы перапісу 1897, працы В.Ластоўскага, асабліва яго «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Вядучую ролю ў пашырэнні нац. самасвядомасці адыгрывала прэса, у першую чаргу газ. «Наша ніва», рэдакцыя якой стала арганізацыйным цэнтрам усяго нац. руху. Важнай формай папулярызацыі нац. культуры сталі бел. вечарынкі, што арганізоўваліся ў Вільні, Гродне, Полацку, Карэлічах, а таксама ў Пецярбургу, Варшаве, Тамбове і інш. Развіццю нац. культуры спрыяла кадыфікацыя бел. мовы. У 1908—10 былі спробы стварэння прыватных бел. школ.
Галоўным арэалам кансалідацыі бел. нацыі сталі цэнтр. і паўн.-зах. часткі Беларусі (Лідскі, Дзісенскі, Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Навагрудскі, Слуцкі і Мінскі пав). Менавіта сярэднебел. гаворкі, асабліва іх паўн.-зах. група, склалі дыялектную аснову бел. літаратурнай мовы. На пач. 20 ст.нац. самасвядомасць стала характэрнай рысай прадстаўнікоў практычна ўсіх класаў і сац. слаёў грамадства, што сведчыла пра завяршэнне фарміравання бел. нацыі як самаст. этнасацыяльнага арганізма.
П.У.Церашковіч.
Развіццё беларускай нацыі ў 20 ст. Першая сусв. вайна, Лютаўская і Кастр.рэв. 1917, грамадз. вайна, герм. і польск. акупацыі паставілі бел. народ на мяжу выжывання. У выніку страт на франтах і сярод мірнага насельніцтва ў часы ваен. дзеянняў і акупацый, эпідэмій, бежанства, эміграцыі з 7,5 млн.чал., што жылі на Беларусі ў 1914, на канец 1917 засталося 6,9 млн., а на пач. 1921 — 6,7 млн.чал. Радыкальныя змены ў паліт. сітуацыі пацягнулі за сабой трансфармацыю звыклых стэрэатыпаў, фарміраванне якасна новых уяўленняў аб сабе і суседзях. Важным крокам на шляху да бел. дзяржаўнасці было абвяшчэнне 25.3.1918 Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 1.1.1919 Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародаваў Маніфест аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Фактар дзяржаўнасці адыграў вял. этнафарміравальную ролю. У лют. 1919 БССР была аб’яднана з Літвой у Літоўска-Беларускую ССР. 31.7.1920 Беларусь зноў абвешчана незалежнай рэспублікай. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921зах.тэр. Беларусі з насельніцтвам больш за 4 млн.чал. засталася пад уладай Польшчы. Прымусовае адарванне Заходняй Беларусі стрымлівала этнічную кансалідацыю беларусаў. З пераходам да мірнага будаўніцтва, стварэннем СССР паступова вырашаліся нац. і культ. праблемы, пачалася беларусізацыя, якая прадугледжвала пашырэнне сферы ўжывання бел. мовы, вылучэнне на ключавыя пасады мясц. кадраў, развіццё нац. культуры.
Станаўленне новай школы ішло пераважна на роднай мове. На 15.12.1927 у БССР з 5510 школ 4573 былі беларускія. Працавалі таксама рус., яўр., укр., польск., лат., літ., ням. і інш. школы. Існавалі і школы змешанага тыпу: бел.-рус., бел.-польскія, бел.-яўр., рус.-яўр. і інш. Раўнапраўнымі дзярж. мовамі лічыліся бел., рус., польская і яўрэйская. Справаводства ў парт., дзярж., грамадскіх установах і арг-цыях пераводзілася на бел. мову. У станаўленні нац. адзінства пэўную ролю адыграла вышэйшая школа, у т. л.БДУ, Бел.ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, Віцебскі ветэрынарны ін-т і інш. У 1929 на аснове Інстытута беларускай культуры створана Акадэмія навук Беларусі. Працэсу кансалідацыі спрыяла развіццё прафесійных формаў культуры беларусаў. На рэв. хвалі з нар. глыбінь у л-ру прыйшлі маладыя пісьменнікі і паэты. Узніклі літ. аб’яднанні («Узвышша», «Полымя», «Маладняк»), якія адыгралі прыкметную ролю ва ўздыме нац. свядомасці. Стварэнне бел. прафесійных тэатраў (Першы БДТ у 1920, Другі БДТ у 1926) стала стымулам для развіцця бел. драматургіі. Бел. мастакі, апрача нац. выставак, дэманстравалі свае творы ў Маскве, Лейпцыгу, Лос-Анжэлесе. У бел. кіно вядучае месца адводзілася гіст.-рэв. фільмам. Развівалася прафесійная музыка, аснову якой складалі нар. мелодыі. Палітыка беларусізацыі дала магутны імпульс для росквіту нац. культуры, абудзіла духоўныя сілы народа. У працэсе культурнай рэвалюцыі назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі, выкліканыя ігнараваннем інтарэсаў пэўных грамадскіх плыняў. Істотныя страты беларусам прычынілі прымусовая калектывізацыя і звязаныя з ёй высылкі за межы Беларусі заможных сялян. Калектывізацыя пакінула глыбокі след у духоўным жыцці беларусаў: разбураліся многія нар. традыцыі, звычаі, абрады, якія складваліся стагоддзямі. Гіпертрафіраваных памераў дасягнула антырэліг. прапаганда: закрываліся і рабаваліся цэрквы, знішчаліся многія арх. і гіст. помнікі. З канца 1920-х г. пачалася кампанія па выкрыцці т.зв. нацыяналдэмакратызму. Да «нацдэмаў» найперш адносілі пісьменнікаў і паэтаў сял. паходжання. Ахвярамі беззаконня сталі таксама вядомыя вучоныя, дзеячы мастацтва, настаўнікі і інш. (гл.Рэпрэсіі палітычныя ў СССР).
І ўсё ж бел.л-ра і мастацтва набывалі жанравую разнастайнасць і займалі пачэснае месца ў агульнасаюзнай і еўрапейскай культуры. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена ўсеаг. абавязковае навучанне (пачатковае ў вёсцы, сямігадовае ў горадзе), у асноўным была ліквідавана непісьменнасць (паводле перапісу 1939 было 80,81% пісьменных). У 1938 працавала 7132 школы, у якіх вучылася больш за мільён дзяцей.
Складаным працэсам на Беларусі была індустрыялізацыя. У выніку хуткіх тэмпаў прамысл. развіцця БССР з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку. У працэсе тэхн. пераўзбраення нар. гаспадаркі мяняліся побыт і матэрыяльная культура беларусаў: традыц. касцюм паступова страчваў функцыі этнічнай прыкметы, традыц. прылады працы паступова выцясняліся машынамі. Замест шматлікіх вёсачак, засценкаў, хутароў узнікалі калгасныя пасёлкі, заснаваныя на нетрадыцыйных прынцыпах гасп. планавання. Пачалася планамерная забудова і рэканструкцыя гарадоў.
У Зах. Беларусі, якая да 1939 знаходзілася ў межах Польшчы, на нац. працэсы ўплывалі супярэчлівыя тэндэнцыі этнасац. развіцця. З аднаго боку, нарастала польска-каталіцкая каланізацыя «ўсходніх крэсаў», з другога — абуджэнне нац. самасвядомасці беларусаў. Запаволенае яе эканам. развіццё і слабая урбанізацыя былі адной з прычын кансервацыі традыц. культуры беларусаў. Важным паліт. актам, які станоўча паўплываў на развіццё бел. народа, было ўз’яднанне беларусаў у адзінай рэспубліцы (1939).
Працэсы ўнутранай кансалідацыі бел. этнасу перапыніла Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. За гады акупацыі гітлераўцы разбурылі і зруйнавалі на Беларусі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак, правялі больш за 140 карных аперацый, у час якіх спалілі 628 вёсак разам з жыхарамі. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Вайна выклікала вял. міграцыі насельніцтва: у першыя месяцы вайны з тэр. Беларусі эвакуіравана 1,5 млн.чал.; больш за мільён беларусаў змагаліся на франтах, больш за 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў вялі барацьбу на акупіраванай ворагам тэрыторыі (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну).
Пасля вайны ўнутрыэтнічная кансалідацыя бел. этнасу набірала сілу. У перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі адраджаліся традыц. промыслы і рамёствы. Да канца 1950-х г. з дапамогай усёй краіны Беларусь аднавіла свой эканам. патэнцыял. Аднак толькі праз 30 гадоў яна дасягнула даваен. колькасці насельніцтва.
З 1960-х г. з разгортваннем навукова-тэхн. прагрэсу, інтэнсіўным развіццём урбанізацыі і міграцыі, ростам адукацыйнага патэнцыялу насельніцтва адбываліся глыбокія структурныя зрухі ў эканам., паліт., сац. і духоўным абліччы беларусаў. Унутраная кансалідацыя этнасу спалучалася з нарастаннем інтэграцыйных працэсаў. Тэмпы эканам. развіцця Беларусі былі вышэйшыя за сярэднія паказчыкі ў СССР. Павялічылася ўраджайнасць с.-г. культур, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. Індустрыяльнае аблічча рэспублікі сталі вызначаць працаёмкія і навукаёмкія галіны прамысловасці. Хуткі рост прам-сці паўплываў на рост міграцыйных працэсаў і тэмпы урбанізацыі. У гарадах Беларусі жыве 68,6% яе насельніцтва (на 1.1.1995). Міграцыя з вёсак найб. актыўнай і адукаванай іх часткі, масавы прыток сельскіх жыхароў у гарады пэўным чынам паўплывалі на этнічныя працэсы, на аблічча гараджан (73% ад гараджан склалі беларусы). Вяскоўцы прыносілі ў гар. лад жыцця бел. традыцыйную культуру: песні, танцы, абрады, звычаі.
Пад уплывам навук.-тэхн. прагрэсу адбываюцца змены ў матэрыяльнай культуры народа. Бел.нар. адзенне знайшло сваё ўвасабленне ў сцэнічным і абрадавым касцюме. Традыцыі нар. творчасці выкарыстоўваюцца ў мадэліраванні сучаснага адзення. У асобных нас. пунктах захоўваюцца нар. промыслы і рамёствы.
Значныя змены адбываюцца ў жыллёвым буд-ве, ва ўпарадкаванні сельскіх і гар. паселішчаў. Сельскае жыллё развіваецца па 2 кірунках: удасканальванне традыц. тыпаў і забудова вёскі шматпавярховымі дамамі і катэджамі. Аднак пераважае традыц. жыллё: 73% жыллёвага фонду сельскіх нас. пунктаў прыпадае на індывід. хаты. Будуюцца ў вёсках цагляныя і шлакабетонныя дамы; на змену саламянаму даху прыйшлі чарапіца, гонта, бляха, шыфер.
Ідзе інтэнсіўная трансфармацыя інтэр’ера (вылучэнне пакояў, наяўнасць фабрычнай мэблі, хатняй бібліятэкі і інш.).
Пэўнай традыцыйнасцю вылучаецца нац. кухня беларусаў. Па-ранейшаму аддаецца перавага жытняму хлебу, штодзень на стале ў беларусаў бывае бульба ў розных варыянтах. Як і раней, пашыраны стравы з круп. Аднак і ў харчаванні адбыліся пэўныя змены: больш спажываецца мясных і малочных прадуктаў, яек, цукру; параўнальна менш хлеба і бульбы. Стравы, якія раней гатавалі на свята, сталі паўсядзённымі. У той жа час такія стравы, як дранікі, калдуны, бабка, мачанка, пераходзяць на святочны стол і служаць свайго роду этнічнай прыкметай бел. кулінарыі.
Пазітыўныя змены адбыліся і ў духоўнай культуры беларусаў. Ажыццяўляецца ўсеагульная сярэдняя адукацыя. За 1970—90 колькасць нац. інтэлігенцыі падвоілася. Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацый, што працуюць у нар. гаспадарцы, беларусы складаюць 61% (1974), колькасць студэнтаў беларусаў павялічылася да 70,7% (1989). Калі ў 1970 на 1 тыс. беларусаў, што працавалі ў нар. гаспадарцы, прыпадала 40 чал. з вышэйшай і 515 з сярэдняй адукацыяй, то ў 1989 — адпаведна 115 і 774 чал. Беларусы прадстаўлены ва ўсіх групах інтэлігенцыі. Сярод дактароў навук беларусаў 47%, сярод кандыдатаў — каля 50%. Адметнай рысай самасвядомасці беларусаў стала прафесійная культура (літаратура, мастацтва). Яна заняла моцныя пазіцыі ў перадачы этнічных ведаў.
Вялікае значэнне ва ўмацаванні агульнаэтнічнага адзінства набылі тэлебачанне, радыё, друк, якія знаёмяць з багатай спадчынай беларусаў, іх гісторыяй, культурай. У абрадавым жыцці беларусаў ідуць складаныя, супярэчлівыя працэсы. Абраднасць выцясняецца за межы сям’і. Паралельна з працэсам арганізаванага ўкаранення новай абраднасці ідзе актывізацыя абрадавай творчасці нар. мас. Ступень захаванасці нац. самабытнасці найб. высокая ў абрадах, звязаных з жыццём сям’і (радзіны, вяселле, пахаванне). У апошнія дзесяцігоддзі заўважаецца адраджэнне каляндарных свят (провады зімы, гуканне вясны, зажынкі, дажынкі, Купалле), а з 1990-х г. агульнанац. святамі сталі Каляды, Вялікдзень, Дзяды.
Неадназначныя працэсы ідуць і ў моўнай сферы беларусаў. Перапіс 1959 зафіксаваў павелічэнне колькасці беларусаў, якія лічаць бел. мову роднай. Аднак з 1970 працэнт такіх людзей памяншаўся. Мацнейшыя арыентацыі на бел. мову ў сельскай мясцовасці. Больш трывала яна ўтрымлівалася ў сферы чытання, менш — ва ўнутры- і міжнац. зносінах. Патэнцыяльнае валоданне роднай мовай у беларусаў больш высокае, чым яе фактычнае выкарыстанне. Ва ўмовах інтэнсіўнай адаптацыі беларусаў да індустрыяльна-урбанізаванага асяроддзя, інтэрнацыяналізацыі ладу жыцця змяніліся адносіны ў выкарыстанні бел. і рус. моў на карысць апошняй. У выніку нац. свядомасць часткі беларусаў стала абапірацца на мову не як на аб’ектыўную прыкмету, а як на этнічны сімвал. Матэрыялы спец. даследаванняў і перапісаў сведчаць, што нац. самасвядомасць беларусаў абапіраецца на 2 мовы: беларускую і рускую. Масавае двухмоўе стала ўстойлівай з’явай, што пацвердзіў рэферэндум 1995. Руская мова адносіцца да найбольш пашыраных у свеце моў, валодае высокім інфармацыйна-камунікатыўным патэнцыялам, з’яўляецца роднаснай беларускай мове, што і вызначае яе шырокае выкарыстанне беларусамі.
Інтэнсіфікацыя этнакультурных кантактаў, рост нац. змешаных сем’яў, інтэрнацыяналізацыя працоўных калектываў ідзе на фоне нац. цярпімасці і суправаджаецца пэўнай мадыфікацыяй этнасу. У выніку кансалідацыйных працэсаў устойліва замацаваўся ў якасці агульнаэтнічнай назвы этнонім «беларусы». У іншанац. асяроддзі беларусы выступаюць як адзіная нац. агульнасць.
У этнічнай гісторыі беларусаў 1970—80-я г. адзначаны развіццём эканомікі, культуры, своеасаблівай раўнавагай (балансам) інтарэсаў розных нац. і сац. сіл, умацаваннем нац. самасвядомасці. Аднак у канцы 1980 — пач. 1990-х г. заўважаюцца негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы, дэмаграфічным развіцці (павялічваецца смяротнасць, зніжаецца нараджальнасць), у культуры этнасу, экалогіі (найперш Чарнобыльская катастрофа 1986).
Канец 20 ст., як і яго пачатак, стаў пераломным у гісторыі беларусаў, калі на эвалюцыйны шлях развіцця вял. ўплыў аказвалі паліт. і сац. зрухі. 27.7.1990 сесія Вярх. Савета БССР прыняла Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі», якой 25.8.1991 нададзены статус канстытуцыйнага закону. Пасля распаду СССР глабальныя паліт. змены адбыліся і на Беларусі. На 1990-я г. прыпадаюць змены ў культурна-гіст. самасвядомасці беларусаў: умацоўваецца рэліг. самасвядомасць і прыналежнасць чалавека да пэўнага этнасу, а ўтварэнне менавіта сваёй бел. дзяржаўнасці спрыяе развіццю этнакансалідуючых тэндэнцый.
Гісторыя сведчыць, што беларусы на працягу свайго шматвяковага шляху стварылі і захавалі багатую, самабытную і унікальную культуру, якая ўвайшла ў сусветную цывілізацыю, паказалі мужнасць і гераізм, цярпенне і працавітасць, міласэрнасць і ўменне жыць у добрасуседстве. Гэта дае надзею на будучае, што і ў 3-м тысячагоддзі беларусы не страцяць свайго «твару», знойдуць сваё месца ў шматколернай сусветнай супольнасці народаў.
Да арт.Беларусы. Свінцовая пячатка Усевалада Яраславіча з Полацка. 11 ст.Да арт.Беларусы. Карта Вялікага княства Літоўскага і Белай Русі Г.Баплана. Каля 1654.Да арт.Беларусы. Дзяўчынкі са Случчыны. Пач. 20 ст.Да арт.Беларусы. Дзяўчына ў святочным уборы. Вёска Колкі Клецкага р-на Мінскай вобл.Неглюбскія ручнікі. Вёска Неглюбка Веткаўскага раёна.Хата ў вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыя сектара «Цэнтральная Беларусь».Крыжы з аброчнымі тканінамі на могілках у Чарнобыльскай зоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
але́1, злучн.
I.супраціўны.
1. Злучае процілеглыя члены сказа і сказы; па свайму значэнню адпавядае словам «а», «аднак», «наадварот». І вось ён, горад, зноў перад намі, скалечаны, але жывы.Шамякін.З партызанамі поруч ступала невысокая жанчына, яшчэ маладая, але з плецівам першых маршчын каля вачэй.Мележ.Палешукі стаялі, як строгія і справядлівыя суддзі, але сур’ёзныя твары іх часта рабіліся вясёлымі, і дружныя покаты смеху напаўнялі вуліцу.Колас.// Прылучае процілеглыя члены сказа і сказы з абмежавальным адценнем; адпавядае слову «аднак». Малады чалавек гаварыў па-беларуску, але з моцным польскім акцэнтам.Колас.[Максім:] — Чалавечына добры, розуму — бездань, але трошкі і старазаветны.Брыль.Слухачы засмяяліся, але іх смех быў прыязны.Мележ.// Падкрэслівае проціпастаўленне галоўнага сказа даданаму ўступальнаму або аднаго з членаў сказа другому з уступальнымі злучнікамі «хоць», «хаця» і інш. Стары млын хоць ужо і не працаваў доўгі час, але грэбля была яшчэ моцная і ўтварала прасторны стаў.Чарнышэвіч.Хоць і холадна яшчэ, марозна, але паварочвае ўжо на вясну.Арабей.[Сымон:] — Хоць малады [Грышка], але, відаць, бывалы.Танк.// Ужываецца ў спалучэнні са злучнікам «затое» пры замяшчальным проціпастаўленні. Пясчаныя глебы, але затое колькі іншых выгад!Шамякін.[Свідэрскі:] Свідэрскі не ваяка, гэта так, Але затое першы між гуляк.Глебка.
2. Злучае члены сказа і сказы з узаемным выключэннем; па свайму значэнню адпавядае злучнікам «а», «аднак». [Яўмень:] Ты ведаеш, але казаць не хочаш!Чарот.Зморанасць усяго цела магла скончыцца толькі пасля сну, але спаць не даваў холад.Чорны.У гэтым баі маёр Караневіч быў ранены, але не пакінуў каманднага пункта.Крапіва.Нявідны стаяў і цярпліва лавіў зручны момант, каб выйсці з свае засады. Але момант гэты не налучаўся.Колас.
3. Злучае сказы, у адным з якіх выказваецца неадпаведнасць таму, аб чым гаворыцца ў другім сказе. Столь гатова была ўпасці, але яе трымалі тры свежа абструганыя жардзіны.Чорны.Быў.. [дзед Талаш] там ці не быў, напэўна ніхто не ведаў. Але ж людзі называлі яго імя.Колас.
II.далучальны.
1. Далучае сказы і члены сказа, якія развіваюць, дапаўняюць або паясняюць выказаную думку, паўтараючы пры гэтым адно з слоў папярэдняга сказа ці словазлучэння. Ты ад мяне цяпер далёка, Але і з той далечыні Гараць вясёлкай яснавокай Твае прывабныя агні.Колас.Кожны выбірае сам сабе шлях да шчасця, але толькі яно не заўсёды даецца лёгка і проста.Паслядовіч.[Несцяровіч:] — Людзей нам патрэбна многа, але такіх, якія працуюць.Чорны.
2. Далучае члены сказа і сказы, звязаныя паміж сабой часавай паслядоўнасцю (часта ў спалучэнні з прыслоўямі часу або словамі, якія абазначаюць час). На лесніковым двары забрахаў сабака, але зараз жа сціх, відаць, пазнаўшы гаспадара.Паслядовіч.Люба зачыніла дзверы, але праз хвіліну хтосьці пачаў стукаць у іх.Чорны.З аднаго паста абазваўся кулямёт, але пасля першага стрэлу з «трыццацьчацвёркі» ён змоўк.Мележ.
3. Ужываецца ў пачатку самастойных сказаў пры рэзкім пераходзе да новай думкі або новай тэмы выказвання; адпавядае злучніку «ды». Нават Ячны і той маўчаў... Але што я кажу, — ён, бадай, лепш за ўсіх разумеў, што за свята было для Івана ў той дзень.Брыль.[Пан:] — Бяры сабе з маёнтка, што пажадаеш, ды ідзі дахаты, каб я цябе больш не бачыў! — Добра, — кажа дзяўчынка. — Але мне хочацца на адыход цябе віном пачаставаць.Якімовіч.
4. Выкарыстоўваецца ў мове адной асобы пры адказе самому сабе ці нязгодзе з самім сабою або на пачатку рэплікі пры адказе субяседніку. [Лютынскі:] Тут канечне доктар патрэбен. Але дзе нам узяць яго?Крапіва.На возеры мяце пазёмка, рухомы снег схаваў ворагаў, якія заляглі, накрыліся халатамі і, безумоўна, некуды паўзуць. Але куды? Адступаюць назад ці падпаўзаюць да берага, да нас?Шамякін.[Ніна:] «Мусіць, доля, лёс мой такі ўжо, што суджана прапасці ні за што... Але ж не! Знайду і на.. [Лявона] ўправу...»Галавач.
III.узнач.нескл.наз., н.
Акалічнасці, якія перашкаджаюць ажыццяўленню чаго‑н. Ніякіх «але».
але́2, часціца.
1.сцвярджальная. Ужываецца пры сцвярджальным адказе або згодзе з чым‑н. [Наведвальнік:] — Магу вас запэўніць, тыя [стравы] надзвычай каларыйныя. [Жанчына:] — Ну, але, але. А от ці смачныя, а?Васілёнак.
2.узмацняльная(успалучэннізчасціцай «ж» інаступным «і»). Выказвае здзіўленне, захапленне, абурэнне, іронію. Але ж і навальніца! Але ж і нягоднік! Але ж і ты добры, нечага сказаць. □ [Купрыян:] — Ну, ты, брат Мікіта, і дока! Але ж і на выдумкі хват!Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́сца, ‑а, н.
1. Прастора зямной паверхні, якая занята або можа быць занята кім‑, чым‑н. [Насця і Мікалай] прыехалі ў Арэхаўку, ці, правільней, на тое месца, дзе калісьці была вёска.Шамякін.[Мікола:] — Не, нашаму чалавеку лепшага месца няма, як дома, на сваёй роднай зямлі.Якімовіч.// Прастора або пункт, дзе што‑н. адбываецца або размяшчаецца. Праз некаторы час цэлая калона сабралася каля месца аварыі.Кулакоўскі.Сяргей Карага стаў узірацца ў тое месца, адкуль толькі што грымнула гармата.Колас.// Прастора, пункт, прызначаныя для чаго‑н. Месца для начлегу выбралі надзвычай добрае.Лынькоў.Хата-чытальня была тым месцам, дзе збіраліся людзі на сходы, дзе пыталіся газеты.Бядуля.// Пункт, на якім знаходзіцца хто‑, што‑н., з якога пачынаецца або на якім канчаецца рух. Тупаць на месцы. □ Машына рэзка рванулася з месца.Шахавец.Пярэднія коні, як толькі ступілі ў рэчку, уткнуліся мордамі ў ваду і ні лейцамі, ні дубцом нельга было іх скрануць з месца.Ставер.// Пэўная прастора, пункт якой‑н. паверхні. Месца ўдару.
2. Мясцовасць. Парэчча — месца неблагое, і поле там не так пустое.Колас.
3. Прастора, на якой можна размясціцца; прастора, прызначаная для каго‑н. Жыгалка сышоў са сцэны і сеў на сваё месца.Гурскі.Поезд спыніўся, а Канстанцін Пятровіч усё яшчэ сядзеў на сваім месцы.Васілёнак.// Памяшканне для адной асобы ў інтэрнаце, гасцініцы і пад. Анатоль Котаў, ведаючы, што ў гасцініцы ўсе месцы заняты, прапанаваў пасяліцца ў інтэрнаце.Дадзіёмаў.
4. Урывак, частка літаратурнага, мастацкага або музычнага твора. Рыгор прагна.. і засаб некалькі разоў прачытаў паказанае месца.Гартны.[Гудовіч:] Адно месца ў арыі ўсё ніяк не ўдавалася.Крапіва.
5.перан. Становішча, якое займае хто‑н. у чым‑н. (грамадскім жыцці, спорце і пад.). Заняць першае месца ў спаборніцтвах. Знайсці сваё месца ў жыцці. □ Мы камуністы, і наша месца ў баі.Няхай.Адам Мігай, якому перадалі новы трактар, заняў першае месца ў МТС.Шамякін.// Становішча, якое займае што‑н. у чым‑н. У сэрцы не было ўжо месца ні любасці, ні каханню, ні няёмкасці.Мурашка.
6.Разм. Служба, работа, пасада. Вакантнае месца. □ [Костусь:] — Ідзі, дзядзька Ёсель, займай месца старшага брыгадзіра ў сталярні.Чорны.У пачатку навучальнага года мне прапанавалі месца інспектара нашага райана.Васілевіч.
7.Спец. Адзін прадмет багажу. Дастаўка кожнага месца ад порта да поезда каштуе 200 франкаў.Філімонаў.
•••
Дзіцячае месца — тое, што і плацэнта.
Лобнае месца (гіст.) — узвышэнне, з якога ў старажытнасці аб’яўляліся царскія ўказы і на якім адбываліся пакаранні смерцю.
Агульнае месца — прапісная ісціна, збіты выраз.
Балючае месца — пра тое, што ўвесь час хвалюе, мучыць; пра чый‑н. слабы бок.
Ведаць (знаць) сваё месцагл. ведаць.
Вочы на мокрым месцыгл. вока.
Вузкае месца — слабы, ненадзейны ўчастак у якой‑н. справе.
Да месца — якраз калі трэба, дарэчы.
Душа не на месцыгл. душа.
Жывога месца нямагл. няма.
З месца на месца — з аднаго месца на іншае.
З месца ў кар’ер (у галоп) — адразу, не марудзячы, без падрыхтоўкі.
Каб мне з гэтага месца не сысцігл. сысці.
Мазгі не на месцыгл. мозг.
Месца пад сонцам — права на існаванне.
Мокрае месца застанецца — ужываецца як пагроза расправіцца з кім‑н.
На голым месцы — там, дзе пуста, нічога няма. Невялікае селішча Скіп’ёўскае Пераброддзе ўзнікла на голым месцы пры вялікім Скіп’ёўскім лесе адразу пасля рэвалюцыі.Чорны.
Нагрэць месцагл. нагрэць.
На месцы — там, дзе што‑н. адбылося ці будзе адбывацца. Справа з будаўнічымі матэрыяламі вырашаецца на месцы.Брыль.
На месцы злачынства — у момант, калі робіцца нешта нядобрае, заганнае (злавіць, застаць і пад.).
На (самым) відным месцы — на месцы, якое кідаецца ў вочы.
На (сваім) месцы — адпавядае свайму прызначэнню.
На тым самым месцы сесцігл. сесці.
Не да месца — калі не трэба, недарэчы.
Не знаходзіць (сабе) месцагл. знаходзіць.
Не месца — не павінна быць.
Ні з месца — а) не рухацца, стаяць нерухома; б) перан. у тым жа становішчы, на тым жа ўзроўні.
Паставіцькагона (сваё) месцагл. паставіць.
Пустое месца — пра чалавека, ад якога няма ніякага толку, ніякай карысці, або з якім ніхто не лічыцца. Сядзіць вось за сталом часамі значны чын. Спрабуй, скажы яму, што ён — пустое месца.Корбан.
Стаць на (сваё) месцагл. стаць.
Сухога месца нямагл. няма.
Таптацца на (адным) месцыгл. таптацца.
Уступіць месцагл. уступіць.
Цёплае месца — аб даходнай службе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)