УО́РД (Ward) Лестэр Франк (18.6.1841, г. Джоліет, штат Ілінойс, ЗША — 18.4.1913),
амерыканскі сацыёлаг і палеантолаг. Прэзідэнт Амер. сацыялагічнай асацыяцыі (1906—08). Навук. дзейнасць пачынаў як геолаг і палеантолаг; адзін з заснавальнікаў палеабатанікі. Яго сацыялагічныя погляды фарміраваліся пад уплывам эвалюцыянісцкіх ідэй А.Конта і Г.Спенсера. Выступаў супраць біялагізму і жорсткага дэтэрмінізму ў сацыялогіі; лічыў, што ў аснову сац. навукі павінны быць пакладзены прынцыпы псіхалогіі, што сац. працэсы адрозніваюцца ад прыродных мэтанакіраваным і творчым характарам. У якасці першаснай сац. сілы разглядаў жаданні, на аснове якіх фарміруюцца інтэлектуальныя, маральныя і эстэт. патрэбнасці. Паводле У., рэалізацыя патрэбнасцей у творчай дзейнасці чалавека забяспечвае развіццё грамадства. Абсалютызаваў ролю чалавечага інтэлекту як гал. фактару гіст. развіцця; лічыў, што навука павінна забяспечваць тэарэт. фундамент сац. прагрэсу. Выступаў з ідэямі пабудовы ідэальнага грамадства, у якім кантроль над сац. сіламі будзе ажыццяўляцца пры дапамозе «калект. розуму». Аўтар прац «Дынамічная сацыялогія, ці Прыкладная сацыяльная навука, заснаваная на статыстычнай сацыялогіі і менш складаных навуках» (1883), «Чыстая сацыялогія» (1903) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Психические факторы цивилизации. СПб. и др., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЦДЖЭ́РАЛЬД (Fitzgerald) Фрэнсіс Скот (24.9.1896, г. Сент-Пол, штат Мінесота, ЗША — 21.12.1940),
амерыканскі пісьменнік, кінасцэнарыст. Вучыўся ў Прынстанскім ун-це (1913—17). З 1924 жыў у Парыжы і на Рыўеры, з 1937 у Галівудзе. У раманах «Па гэты бок раю» (1920), «Цудоўныя і праклятыя» (1922), «Вялікі Гэтсбі» (1925), «Ноч пяшчотная» (1934), «Апошні магнат» (апубл. 1941. незавершаны), зб-ках навел «Аповеды джазавага стагоддзя» (1922), «Усе гэтыя сумныя маладыя людзі» (1926) тэмы «страчанага пакалення», «амерыканскай мары» і «амерыканскай трагедыі», згубнага ўздзеяння багацця на лёс таленавітай асобы. Аўтар аўтабіягр.кн. «Крах» (поўнасцю апубл. ў 1946), п’ес, шматлікіх кінасцэнарыяў і інш. Яго проза, пераважна рэаліст., адметная экспрэсіўнасцю, глыбокім лірызмам, драматызмам увасобленых у ёй падзей, часта з аўтабіягр. элементамі.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв.Т. 1—3. М., 1993;
Портрет в документах: Худож. публицистика. М., 1984.
Літ.:
Горбунов А.Н. Романы Ф.С.Фицджеральда. М., 1974;
Тернбулл Э. Скотт Фицджеральд: Пер. с англ.М., 1981;
Кухалашвили В.К. Фицджеральд и американский литературный процесс 20—30 гг. XX в. Киев, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́ФЕРСАН (Jefferson) Томас (11.4.1741, Шадвел, штат Віргінія, ЗША — 4.7.1826),
дзеяч амерыканскага нац.-вызв. руху, адзін з заснавальнікаў ЗША, паліт. філосаф, асветнік. Адвакат, плантатар. Член заканад. сходу брыт. калоніі Віргінія (1769—74), выступаў за вызваленне неграў-рабоў. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83дэп. 2-га Кантынент. кангрэса (1775—76, 1783), распрацаваў праект Дэкларацыі незалежнасці 1776 (у ёй значнае месца адвёў канцэпцыі правоў чалавека); член заканад. сходу (1776—79) і губернатар штата Віргінія (1779—82), падрыхтаваў «Статут аб рэлігійнай свабодзе». Пасланнік ЗША у Францыі (1785—89). Лідэр (разам з П.Генры) антыфедэралістаў. Ініцыіраваў прыняцце кангрэсам ЗША закону аб забароне рабства на ПнЗ краіны (1787). Дзярж. сакратар ЗША у 1-м урадзе Дж.Вашынгтона (1790—93). Віцэ-прэзідэнт (1797—1801) і прэзідэнт ЗША (1801—09). У часы прэзідэнцтва Дж. скасаваны антыдэмакр. законы папярэдняга ўрада Дж.Адамса аб іншаземцах і здрадзе, скарочаны ўзбр. сілы і дзярж. апарат, набыта Луізіяна (1803), устаноўлены дыпламат. адносіны з Расіяй (1808—09) і інш. Садзейнічаў развіццю архітэктуры і сістэмы адукацыі ў ЗША, у т. л. буд-ву Віргінскага ун-та ў г. Шарлатсвіл (1817—26).
Літ.:
Печатнов В.О. Гамильтон и Джефферсон. М., 1984;
Согрин В.В. Джефферсон: Человек. мыслитель, политик. М., 1989.
Т.Джэферсан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ АБСЕРВАТО́РЫІ,
навукова-даследчыя ўстановы па вывучэнні нябесных аб’ектаў і з’яў. Абсталёўваюцца астранамічнымі інструментамі і прыладамі, спец. лабараторыямі і сродкамі выліч. тэхнікі, могуць спецыялізавацца на пэўных кірунках даследаванняў у залежнасці ад віду ўстаноўленага тэлескопа (напр., сонечныя тэлескопы, спектрагеліёграфы, сонечныя магнітографы і інш.). Навук. даследаванні каардынуюцца Міжнародным астранамічным саюзам.
Астранамічныя абсерваторыі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Рэшткі стараж.астр. збудаванняў знаходзяцца ў Англіі, Арменіі, Мексіцы, Узбекістане і інш. Найстарэйшыя дзеючыя астранамічныя абсерваторыі — Парыжская (1667), Грынвічская (1675, Англія), Пулкаўская (1839, Расія), у 1753—1876 дзейнічала Віленская астранамічная абсерваторыя. Самыя вялікія астранамічныя абсерваторыі: на Гавайскіх а-вах (буйнейшы ў свеце тэлескоп, дыяметр люстра 10 м), Спец. астрафізічная абсерваторыя Расійскай АН (Паўн. Каўказ, станіца Зелянчукская; тэлескоп з дыяметрам люстра 6 м і самы вял. ў свеце радыётэлескоп), Маўнт-Паламарская астранамічная абсерваторыя (штат Каліфорнія, ЗША; тэлескоп з дыяметрам люстра 5 м), Нац. абсерваторыя Кіт-Пік (ЗША; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Паўднёвая астранамічная абсерваторыя ЗША (у Чылі; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Гал. астранамічная абсерваторыя Расійскай АН (Пулкава, пад г. Санкт-Пецярбург), Крымская, Бюраканская (Арменія), Абастуманская (Грузія) астрафізічныя абсерваторыі, Радыёастрафізічная абсерваторыя АН Латвіі і інш. З развіццём касманаўтыкі ствараюцца арбітальныя Астранамічныя абсерваторыі на ШСЗ і касм. станцыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕУ́ЦКІЯ АСТРАВЫ́ (Aleutian Islands),
архіпелаг на Пн Ціхага ак. (ЗША, штат Аляска). Дугападобны ланцуг са 110 астравоў і мноства скал (даўж. 1740 км) паміж п-авамі Аляска і Камчатка. Пл. 37,8 тыс.км². Нас. 7,5 тыс.чал. (1980) — алеуты, амерыканцы. Утвараюць 4 групы а-воў: Лісіныя, Андрыянаўскія, Пацучыныя, Блізкія. Большасць а-воў вулканічнага паходжання, вяршыні ўкрыты снягамі. Дзеючых вулканаў 25; самы высокі вулкан Шышалдзіна (2860 м) на в-ве Унімак. Клімат марскі субарктычны, вільготны. Зіма цёплая, са снегападамі і частымі адлігамі. Лета халаднаватае, з туманамі. Сярэдняя т-ра самага халоднага месяца (лютага) -1,4 °C, самага цёплага (жніўня) 11,9 °C. Ападкаў 1500 мм за год. Частыя штормы. Глебы субпалярныя, дзярнова-тарфяністыя і гарнатундравыя. Расліннасць: субарктычныя лугі, горныя тундры. Жывёльны свет: лісіца, марская выдра і сівуч (амаль знішчаны); на скалах птушыныя кірмашы, у прыбярэжных водах морж, цюлень і інш. Рыбалоўства. Пушны промысел. Зверагадоўля (блакітны пясец). Гал. населены пункт — Адак (на аднайм. в-ве). Ваенна-марская база ЗША Датч-Харбар (на в-ве Уналашка). Адкрыты ў 18 ст.рус. экспедыцыяй В.Берынга і А.Чырыкава. Да 1867 належалі Расіі, прададзены разам з Аляскай ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІНО́ЙС (Illinois),
штат на Пн ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўн.-Усх. цэнтра. На ПнУ прымыкае да воз. Мічыган, на З мяжа праходзіць па р. Місісіпі, на У — па р. Агайо і яе прытоку р. Уобаш. Пл. 146 тыс.км², нас. 11830 тыс.чал. (1995). Адм. ц. — г. Спрынгфілд, найб. горад, прамысл. цэнтр, чыг. вузел і порт на Вял. азёрах — Чыкага. Гар. насельніцтва 83%.
Паверхня — узгорыстая раўніна (выш. да 376 м на Пн). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -3 °C, ліп. 24 °C. За год выпадае да 1000 мм ападкаў. Гал. рака Місісіпі з прытокамі Рок, Ілінойс, Каскаскія, Агайо. Пераважаюць урадлівыя чарназёмныя глебы. І. — адзін з высокаразвітых індустр.-агр. штатаў ЗША Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: электратэхн., электронная, вытв-сцьпрамысл., буд. абсталявання і с.-г. прылад, сродкаў транспарту, чорная металургія, харч. (мясная, мукамольная, тлушчавая), хім., нафтаперапр., паліграф., гарбарна-абугковая. Здабыча нафты, каменнага вугалю, плавіковага шпату, буд. матэрыялаў. Вырошчваюць кукурузу, сою (2-е месца ў ЗША), люцэрну, пшаніцу, ячмень, жыта, авёс, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, хатнюю птушку. Развіты чыг. і аўтамаб. транспарт. Праз І. праходзіць Ілінойскі водны шлях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПЕР (Cooper) Джэймс Фенімор (15.9.1789, г. Берлінгтан, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 14.9.1851),
амерыканскі пісьменнік; пачынальнік гіст. жанру ў амер. л-ры. Вучыўся ў Іельскім ун-це. У 1806—10 служыў на флоце. У 1826—33 жыў у Еўропе. Першы раман «Перасцярога» (1820). Гіст. раман «Шпіён» (1821) пра вайну за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83. Рамант. паэтызацыя мора ў раманах «Лоцман» (1823), «Чырвоны карсар» (1827), «Марская чараўніца» (1830). У цэнтры нац. эпапеі з 5 раманаў («Піянеры», 1823; «Апошні з магікан», 1826; «Прэрыя», 1827; «Следапыт», 1840; «Зверабой», 1841) праблемы ўзаемастасункаў прыроды, чалавека і цывілізацыі. Пенталогія вызначаецца рысамі прыгодніцкай, гіст. і філас. прозы, дасканалай распрацоўкай індзейскай тэмы, якой упершыню нададзена трагічнае гучанне. Аўтар сатыр. рамана «Манікіны» (1835), «Еўрапейскіх нататкаў» (т. 1—5, 1836—38) і інш. У 1840-я г. апублікаваў каля 20 раманаў. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Г.Далідовіч, Я.Саламевіч.
Тв.:
Бел.пер. — Апошні з магікан, або Аповесць пра 1757 год. Мн., 1996;
Зверабой, або Першая сцяжына вайны. Мн., 1997;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—7. М., 1982.
Літ.:
Боброва М. Джеймс Фенимор Купер. Саратов, 1967;
Шейнкер В. Исторический роман Джеймса Купера... Иваново, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНО́ЦІ (Menotti) Джан Карла (н. 7.7.1911, Кадэльяна, каля г. Варэсе, Італія),
амерыканскі кампазітар. Вучыўся ў Міланскай кансерваторыі (1923—27), у Муз. ін-це Кёртыс у Філадэльфіі (1928—33), у 1941—45 выкладаў у ім. З 1928 у ЗША. У 1958 заснаваў у г. Спалета (Італія) «Фестываль двух светаў» (італьян. і амер. музыкі; з 1977 дубліруецца ў г. Чарлстан, штатПаўд. Караліна, ЗША). З 1974 жыве ў Шатландыі. Яго оперы (больш за 20; многія ставіў як рэжысёр на ўласныя лібрэта) вылучаюцца яскравай тэатральнасцю, меладычным багаццем: «Медыум» (паст. 1946; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1989), «Тэлефон» (1947), «Консул» (1950), «Амал і начныя госці» (тэлеопера, 1951), «Святая з Блекер-стрыт» (1954; усе Нью-Йорк), «Марыя Галавіна» (паст. 1958), «Апошні дзікун» (паст. 1963), «Лабірынт» (тэлеопера; 1963), «Самы важны чалавек» (паст. 1971), «Таму-таму» (паст. 1973), «Герой» (паст. 1976), «Вар’ятка» (паст. 1979), «Гоя» (паст. 1986). Аўтар балетаў «Себасцьян» (паст. 1944), «Падарожжа ў лабірынт» (паст. 1947), «Аднарог, Гаргона і Мантыкора» (паст. 1956); сімфоніі «Зацішша» (1976), сімф. паэмы «Апакаліпсіс» (1951), канцэртаў для фп. (1945), скрыпкі (1952) з арк.; камерна-інстр. ансамбляў, п’ес для фп. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕВА́ДА (Nevada),
штат на З ЗША. Пл. 286,4 тыс.км². Нас. 1746,9 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — Карсан-Сіці, найб. гарады Лас-Вегас і Рына. Большая ч. штата ў горнай бяссцёкавай вобласці Вялікага Басейна; на З — адгор’і хр. Сьера-Невада. Клімат умераны, кантынентальны, вельмі сухі. Сярэдняя т-растудз. ў катлавінах 0—2 °C, ліп. 20—22 °C. Ападкаў каля 200 мм за год (каля падножжа Сьера-Невады 100 мм). Рэк мала, яны малаводныя, на ПдУ — р. Каларада. Расліннасць паўпустынь і пустынь. Гал. галіны гаспадаркі — абслугоўванне турыстаў і горная прам-сць. Развіты індустрыя адпачынку і забаў агульнанац. значэння, турызм, курортная справа (кліматычныя курорты); 42,6% працоўных занята ў сферы абслугоўвання. Вытв-сць электраэнергіі 26,6 млрд.кВт∙гадз (1998). Працуюць электрастанцыі на каменным вугалі і прыродным газе. Буйная ГЭС Гувер на р. Каларада. Здабыча руд золата, медзі, серабра, вальфраму, жалеза, марганцу, малібдэну і поліметалаў, барыту, дыятаміту. Прадпрыемствы выпускаюць каляровыя металы, харч. прадукты, адзенне, пластмасы, асобныя віды абсталявання (аэракасмічнае, ірыгацыйнае, сейсмічнага кантролю і інш.). Гал. галіна сельскай гаспадаркі — экстэнсіўная мясная жывёлагадоўля. Гадуюць (1999, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 510, авечак — 85, свіней, птушку. На арашальных землях вырошчваюць сеяныя травы, бульбу, цыбулю, часнок, ячмень, пшаніцу. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КСАН (Nixon) Рычард Мілхаўс (9.1.1913, Іорба-Лінда, штат Каліфорнія, ЗША — 22.4.1994),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Скончыў (1937) ун-т Дзьюка (г. Дарэм), займаўся юрыд. практыкай. У 1942—46 афіцэр ВМС. З 1947 чл. палаты прадстаўнікоў ад Рэсп. партыі, у 1951—53 сенатар. У 1953—61 віцэ-прэзідэнт ЗША у адміністрацыі Д.Д.Эйзенхаўэра. У 1969—74 прэзідэнт ЗША ад Рэсп. партыі. Урад Н. палепшыў адносіны з Кітаем (1972), падпісаў Парыжскае пагадненне 1973 пра спыненне вайны і аднаўленне міру ў В’етнаме (з 1969 паводле дактрыны Н. аб «в’етнамізацыі» вайны паступова скарачаўся амер.ваен. кантынгент у Паўд. В’етнаме), заключыў шэраг дагавораў і пагадненняў з СССР пра абмежаванне стратэг. узбраенняў, прадухіленне ядз. вайны, супрацоўніцтва ў розных галінах навукі, тэхнікі, культуры (1972—74) і інш. У час афіц. візіту ў СССР 1.7.1974 наведаў Мінск. 9.8.1974 добраахвотна пайшоў у адстаўку (першы выпадак у гісторыі ЗША) перад пагрозай імпічменту з-за паліт. скандалу па справе «Уотэргейт». У 1974 амнісціраваны прэзідэнтам Дж.Фордам. Аўтар кніг «Мемуары» (1978), «Ніякіх больш В’етнамаў» (1985), «1999: перамога без вайны» (1988) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — На арене: Воспоминания о победах, поражениях и возрождении. М., 1992.