(15.9.1789, г. Берлінгтан, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 14.9.1851),
амерыканскі пісьменнік; пачынальнік гіст. жанру ў амер. л-ры. Вучыўся ў Іельскім ун-це. У 1806—10 служыў на флоце. У 1826—33 жыў у Еўропе. Першы раман «Перасцярога» (1820). Гіст. раман «Шпіён» (1821) пра вайну за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83. Рамант. паэтызацыя мора ў раманах «Лоцман» (1823), «Чырвоны карсар» (1827), «Марская чараўніца» (1830). У цэнтры нац. эпапеі з 5 раманаў («Піянеры», 1823; «Апошні з магікан», 1826; «Прэрыя», 1827; «Следапыт», 1840; «Зверабой», 1841) праблемы ўзаемастасункаў прыроды, чалавека і цывілізацыі. Пенталогія вызначаецца рысамі прыгодніцкай, гіст. і філас. прозы, дасканалай распрацоўкай індзейскай тэмы, якой упершыню нададзена трагічнае гучанне. Аўтар сатыр. рамана «Манікіны» (1835), «Еўрапейскіх нататкаў» (т. 1—5, 1836—38) і інш. У 1840-я г. апублікаваў каля 20 раманаў. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Г.Далідовіч, Я.Саламевіч.
Тв.:
Бел.пер. — Апошні з магікан, або Аповесць пра 1757 год. Мн., 1996;
Зверабой, або Першая сцяжына вайны. Мн., 1997;
Рус пер. — Собр. соч.Т. 1—7. М., 1982.
Літ.:
Боброва М. Джеймс Фенимор Купер. Саратов, 1967;
Шейнкер В. Исторический роман Джеймса Купера... Иваново, 1980.