ФІЦДЖЭ́РАЛЬД (Fitzgerald) Фрэнсіс Скот (24.9.1896, г. Сент-Пол, штат Мінесота, ЗША — 21.12.1940),

амерыканскі пісьменнік, кінасцэнарыст. Вучыўся ў Прынстанскім ун-це (1913—17). З 1924 жыў у Парыжы і на Рыўеры, з 1937 у Галівудзе. У раманах «Па гэты бок раю» (1920), «Цудоўныя і праклятыя» (1922), «Вялікі Гэтсбі» (1925), «Ноч пяшчотная» (1934), «Апошні магнат» (апубл. 1941. незавершаны), зб-ках навел «Аповеды джазавага стагоддзя» (1922), «Усе гэтыя сумныя маладыя людзі» (1926) тэмы «страчанага пакалення», «амерыканскай мары» і «амерыканскай трагедыі», згубнага ўздзеяння багацця на лёс таленавітай асобы. Аўтар аўтабіягр. кн. «Крах» (поўнасцю апубл. ў 1946), п’ес, шматлікіх кінасцэнарыяў і інш. Яго проза, пераважна рэаліст., адметная экспрэсіўнасцю, глыбокім лірызмам, драматызмам увасобленых у ёй падзей, часта з аўтабіягр. элементамі.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—3. М., 1993;

Портрет в документах: Худож. публицистика. М., 1984.

Літ.:

Горбунов А.Н. Романы Ф.​С.​Фицджеральда. М., 1974;

Тернбулл Э. Скотт Фицджеральд: Пер. с англ. М., 1981;

Кухалашвили В.К. Фицджеральд и американский литературный процесс 20—30 гг. XX в. Киев, 1983.

Е.​А.​Лявонава.

Ф.С.Фіцджэральд.

т. 16, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)