По́стаць1 ’палоска жыта ці іншай збажыны, занятая адной жняёй у час жніва’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Байк. і Некр., Мядзв., Дзмітр., Др.-Падб., Касп., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; івац., Хрэст. дыял.; парыц., Янк. Мат.; пін., Кольб.; навагр., Шн., Федар.), ’участак збожжа, скошаны касцом’ (гродз., Мат. АС), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (дрыс., ДАБМ, камент., 872), ’наперадзе’ (Кольб.), ’паласа, загон жыта’ (петрык., Мат. Гом.), укр. по́стать ’палоска нівы, занятая адной жняёй’, рус. по́стать ’тс’, ’поле’, ст.-рус., ц.-слав. постать ’доля, частка’, польск. postać ’пастава, форма, фігура, асоба’, дыял. ’шэраг жняцоў у полі’, ст.-польск. postać ’род, пакаленне’, чэш. postat у старэйшым значэнні — ’частка поля, на якім стаіць адзін жнец’, славац. postat ’тс’, славен. pástȃt ’рад работнікаў у полі’, серб. по̀стат/поста̑т ’палоска, рад пры жніве’, балг. по́стат ’паласа, якую жнуць некалькі жняцоў адначасова’. Прасл. *postatь, утворанае ад *postati (гл. стаць) са значэннем выніковасці дзеяння, даслоўна ’тое, што пастаўлена; рад, шэраг’. Паводле Праабражэнскага (2, 113): по‑стать ’шчыльна пакладзенае’), паводле Трубачова (Ремесл. терм., 123–125): *po‑statьстаяць нерухома’. Адсюль першапачатковы сінкрэтызм ’асоба, фігура, пастава’ і ’задача, што пастаўлена перад асобай для выканання’, параўн. постаць ’стан, фігура’ і ’паласа (пры жніве)’ (ТС), рус. стать ’пастава’ і по́стать ’участак, які косіцца жняцом за адзін раз’ (Банькоўскі, 2, 715; БЕР, 5, 549).

По́стаць2 ’стан, фігура’. Гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́да ‘гурт, статак, чарада, табун (коней, кароў, авечак, птушак)’ (Жыв. св., Ян., Скарбы, Барад., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ста́до ‘тс’ (ТС), ст.-бел. стадо ‘тс’ (Альтбаўэр); паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 212), у мове Статута 1529 г. адносілася толькі да сукупнасці коней і знаходзілася ў апазіцыі да быдло, якое аб’ядноўвала іншых свойскіх жывёл. Укр., рус. ста́до, стараж.-рус. стадо, польск. stado, в.-луж., н.-луж. stadło, чэш., славац. stádo, серб.-харв. ста̏до, балг. ста́до, макед. стадо, ст.-слав. стадо. Прасл. *stado ‘статак жывёл’, дэрыват ад прасл. *stati (гл. стаць) з рэдкім суфіксам *‑do, першапачаткова ‘група жывёл, якая стаіць’; гл. Слаўскі, SP, 1, 63; Борысь, 574. Роднасныя: ст.-ісл. stód н. р. ‘конскі завод, стада’, ст.-англ. stód ж. р. ‘тс’, ст.-в.-ням. stuot ‘тс’, літ. stodas, лат. stàds ‘саджанец, расліна’; гл. Фасмер, 3, 743. Па прычыне рэдкасці словаўтварэння прапанаваліся іншыя версіі: пранікненне з герм. stôd ‘стада’ < *sta‑стаяць’ з ‑d‑ як у лексікалізаванага дзеепрыметніка (Мартынаў, Лекс. взаим., 53 і наст.), даславянскае і дагерманскае запазычанне ад “праеўрапейскіх народаў” (Махэк₂, 573). Шустар-Шэўц (1353) як на словаўтваральную паралель спасылаецца на прасл. *čędo (гл. чада ‘дзіця’) < *čęti ‘пачынаць’, *čudo (гл. цуд) < *čuti, ‘адчуваць’. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў, Этимология–1968, 249; Трубачоў, Происх., 164; ЕСУМ, 5, 391–392. Сюды ж ста́днік ‘племянны бык або жарабец’ (ТС), ‘пастух’ (Касп., Нас., Нік. Очерки), ст.-бел. стадникъ ‘той, хто належыць да статку’ (Ст.-бел. лексікон).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стаці́вы, стоці́вы, стаціва́ ‘аснова ткацкага станка’ (гарад., лід., трак., шчуч., карэлку, Сл. ПЗБ), стацві́нні ‘тс’ (смарг., Сл. ПЗБ), стаці́ва, ста́цьвіна ‘бакавая частка ткацкага станка’ (Сцяшк.), стацьві́на ‘ставы’ (мёрск., ЛА, 4), стацьві́ны ‘бакавіны кроснаў’ (Касп.; ЛА, 4), стаці́ва ‘бок кроснаў, станіна’ (навагр., З нар. сл., Мат. Гом.), ‘асноўная частка ткацкага станка’ (чырв., З нар. сл.), ста́ціво ‘адзін з варыянтаў пастаноўкі кроснаў’, стаці́віна ‘станіна кроснаў’ (слонім., ЖНС), стаці́віна, стацьві́на ‘бакавая частка ставаў’ (Мат. Гом., ТС), статовы́нне, статовы́ны, статывкы́ ‘кросна’ (Сл. Брэс.), ста́ціва, стаці́віна ‘станіна’ (Мат. Гом.), мн. л. стаці́вы ‘тс’ (ЛА, 4), стаці́ва, статовы́ны, стату́ўкі ‘менш дасканалы з сучасных ткацкіх станкоў’, ‘дзве вертыкальныя паловы рамы, на якіх умацоўваюцца ўсе часткі больш дасканалых тыпаў ткацкага станка’ (Уладз.). Укр. стати́ва ‘рама, станіна ткацкага станка’, польск. stativa ‘рама ткацкага станка’, н.-луж. staśiva ‘ткацкі станок і яго станіна’, чэш. дыял. stativo ‘ткацкі станок’, серб.-харв. stativa ‘бок ткацкага станка’, славен. stȃtve мн. л. ‘ткацкі станок’, балг. ста́тива ‘ткацкі станок’. Прасл. *stativa — дэрыват ад *stati з суф. *‑iv‑, першапачаткова прыметнік, які потым субстантываваўся. Гл. спецыяльна Трубачоў (Ремесл. терм., 123), які падкрэслівае прыроду зыходнага дзеяслова *stati, што азначае не толькі ‘стаяць вертыкальна, але і нерухома на адным месцы, быць асновай чаго-небудзь’, а таксама ўказвае на славяна-лацінскую словаўтваральную паралель, параўн. лац. прым. statīvus ‘той, які стаіць на адным месцы’, наз. statīva ‘лагер, стан’. Гл. яшчэ Махэк₂, 576; Шустар-Шэўц, 1356; Бязлай, 3, 313.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Студзі́ць ‘рабіць халодным, астужаць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Варл., Сл. ПЗБ, Бяльк.), ‘ліхаманіць’ (Байк. і Некр.), ‘халадзіць, марозіць’ (баран., Сл. ПЗБ), студзі́цца ‘астуджвацца, ахалоджвацца’ (ТСБМ, Бяльк.), студзёны ‘халодны’ (Бяльк.), студзёна ‘холадна’ (Бяльк., Мат. Маг.). Параўн. укр. студи́ти, рус. студи́ть, польск. studzić, в.-луж. studzić, н.-луж. stuźiś, чэш. studiti ‘студзіць’, славац. studiť, серб.-харв. сту́дити, сту́дјети ‘быць халодным’, славен. stúditi ‘адносіцца з агідай’, балг. студя, макед. студи ‘астуджаць; халадаць’. Прасл. *studiti ‘рабіць халодным, астужваць’. Шустар-Шэўц (1369–1370), Бязлай (3, 337) дзеяслоў лічаць вытворным ад прасл. *studъ, *studa ‘холад’, параўн. укр. дыял. сту́да ‘холад’, студ ‘сорам’, рус. дыял. сту́да, студь ‘холад’, студ ‘сорам, знявага’, польск. ostuda ‘прастуда’, чэш., славац. stud ‘сорам’, серб.-харв. сту̑д ‘холад’, славен. stȗd ‘агіднасць’, балг., макед. студ ‘холад, мароз’, ст.-слав. стоудъ ‘сорам, ганьба’. Борысь (585) выводзіць з *stydnǫti (гл. стыць) з чаргаваннем галосных у корані ŭ/ou/y/u. Параўноўваецца з ст.-інд. tudáti, tundatē ‘штурхае, коле, джаліць’, tōdas ‘той, хто дасаліць’, tōdas ‘укол’, лац. tundō, tutudā, tū(n)sum, tundere ‘біць, калаціць, удараць’, гоц. stautan ‘штурхаць’ і інш., гл. Бернекер, IF, 10, 154. Славянскую дзеяслоўную аснову *stud‑ узводзяць да і.-е. *stou‑, *stū‑стаяць’ і звязваюць з стыгнуць (гл.) і роднаснымі (Младэнаў, 614; Бязлай, там жа) аналагічна да і.-е. nomen actionis *stou̯do‑s. Параўн. стыд. Гл. яшчэ з аглядам літ-ры Фасмер, 3, 786–787; а таксама Махэк₂, 589–590; ЕСУМ, 5, 456–457.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спі́на, ‑ы, ж.

1. Задняя (у жывёл — верхняя) частка тулава ад шыі да крыжа. Рыбак, які нёс сеці, выпрастаў нарэшце спіну і паварушыў плячыма. В. Вольскі. Гуз паморшчыўся — ён абдзёр спіну і плячо, калі лез пад нары. Шашкоў. Заклаўшы рукі за спіну, .. [Булай] задаволена пазіраў на квяцісты графік. Шыцік. Я схапіў сачок, ускочыў у ваду .. і ўбачыў побач з сабою доўгую цёмную спіну шчупака. Якімовіч. / у перан. ужыв. Рыбак зморана шпарыў па шырокай спіне пагорка, пакутна цямячы, што галоўнае цяпер — адбегчыся як мага далей. Быкаў. Хвалі паўзуць няўмольна, Калматыя спіны іх гнуцца. Свірка. Сонца аглядае развітальным позіркам [в]острыя спіны стрэх. Крапіва.

2. Тое, што і спінка (у 3 знач.). Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю. Брыль.

•••

Вецер у спіну каму гл. вецер.

Вывезці на спіне гл. вывезці.

Выехаць на чужой спіне гл. выехаць.

Гнуць спіну гл. гнуць.

Ездзіць на чыёй спіне гл. ездзіць.

За спінай — а) каго, чыёй, у каго таемна, без ведама каго‑н. [Джвучка:] — Вы мне тут сёння ўвесь вечар чаўплі, што за маім старшынствам жыццё было. Каму? Вам! Вы нажываліся за маёй спінай. Пташнікаў; б) каго, чыёй, у каго на чые‑н. сродкі; пад апекай каго‑н. [Якуб] жа робіць вялікую справу — адвучвае такіх лайдакоў, як ты, жыць за чужой спінай. Васілёнак; в) у мінулым. У Куляшова ўзлятаюць да зорак людзі, якія маюць за спінай вялікі, вопыт барацьбы за зямлю. Бярозкін; г) за сабой, ззаду. За спінаю ў мяне апынуўся горад, а наперадзе поле. Кавалёў. [Да салдат] дайшла вестка аб тым, што непадалёку, можна сказаць, за іх спінаю, размясціліся танкавая брыгада і полк «кацюш». Сіўцоў.

За спінай каго; з-за спіны каго — ззаду каго‑н., з-за каго‑н. Стоячы за спінай свайго незнаёмага таварыша, Сцёпка то ўсміхаўся, то паціскаў плячыма, калі чуў няправільныя адказы. Колас. Уся Падвалока паказалася Івану з-за спіны старога і паплыла, паплыла, паплыла ўправа. Брыль.

Мароз па спіне ідзе (прайшоў, прабег) гл. мароз.

Мурашкі забегалі (бегаюць, пабеглі, пайшлі) па спіне гл. мурашка.

Не разгінаючы спіны гл. разгінаць.

Нож у спіну гл. нож.

Павярнуцца спінай да каго-чаго гл. павярнуцца.

Стаяць за спінай чыёй, у каго гл. стаяць.

Удар у спіну гл. удар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвёрды, ‑ая, ‑ае.

1. Які характарызуецца стабільнасцю формы пры нармальных умовах, у адрозненне ад вадкага і газападобнага. Цвёрдае цела. Цвёрдыя рэчывы. Цвёрдае і вадкае паліва. // Сухі, не вадкі (пра ежу). Хоць .. [хворага] накармілі, як госця, але не дужа сытна: з галадухі любая цвёрдая страва можа пашкодзіць. Ваданосаў.

2. Які з цяжкасцю паддаецца сцісканню, згінанню, рэзанню і пад.; проціл. мяккі. Цвёрдае, як жалеза, дрэва слаба паддавалася піле. Чарнышэвіч. І манішка на ім [чалавеку] была цвёрдая, і гальштук спрытна падвязан. Чорны. // Які не прагінаецца (пры сядзенні, ляжанні); мулкі. Цвёрдае крэсла. □ Віця Шэўка ляжыць на цвёрдай жалезнай койцы. Брыль. // Грубы, жорсткі (навобмацак). Рукі ад работы [у Валюты] цвёрдыя .. Нацягалася за свой век. Пташнікаў. [Пані Яндрыхоўская:] Старая скура цвёрдая — загадаю бізуноў дзесяць лішніх дабавіць. Крапіва. // Уезджаны, убіты (пра дарогу, грунт і пад.). Толькі раніцой наступнага дня трактар выцягнуў машыну Семенюка на цвёрдую дарогу. Мяжэвіч. Капаць пячору ў цвёрдым камяністым грунце было нялёгка, і справа ішла вельмі марудна. Бяганская.

3. перан. Стойкі ў сваіх перакананнях, намерах; непахісны. Цвёрды характар. Цвёрдая воля. □ [Кастусь:] — Будзьце цвёрдыя і непахісныя ў любой баталіі з ворагам — малой і вялікай. Якімовіч. // Які выражае непахіснасць, стойкасць. Да тэлефона падышоў Гаварушка. Голас у грубцы быў цвёрды і аўтарытэтна спакойны. Лобан. Спакойны цвёрды Зеленюкоў тон яшчэ больш раздражніў Карызну. Зарэцкі.

4. Устойлівы, трывалы, не хісткі. [Дзічкоўскі] ступіў на гладкую дарожку і далей пайшоў цвёрдым крокам. Алешка. // Які не падпадае пад адвольныя, частыя змены; стабільны. Цвёрдая ўлада. Цвёрдыя цэны. □ — У саўгасе цвёрдая аплата. Будзе большая матэрыяльная зацікаўленасць... Навуменка. «Зялёная падкормка, цвёрды распарадак у доглядзе, чысціня ў кароўніку, — падагульняў Ульянка. — Так, усё гэта трэба ўводзіць на ферме». Шчарбатаў. // Трывалы, надзейны; без парушэнняў. Цвёрдая дысцыпліна. Цвёрдае абяцанне.

5. перан. Канчатковы, беспаваротны; без хістанняў. Цвёрды намер. Цвёрдае рашэнне. Цвёрдая ўпэўненасць. □ — Ты павінен вырашыць сам, як падкажа табе сумленне. А вырашыш — дай цвёрды адказ. Шамякін.

6. Добра засвоены, трывалы, грунтоўны. Цвёрдыя веды.

7. Выразны, рэзкі (пра рысы твару). Чорныя кучаравыя валасы, белы твар,.. як вытачаныя дзеля прыгажосці пераноссе і барада — цвёрдыя рысы. Чорны.

8. Спец. Які вымаўляецца без набліжэння сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення. Цвёрдыя зычныя гукі.

•••

Цвёрды вагон гл. вагон.

Цвёрды знак гл. знак.

Стаяць на цвёрдай глебе; мець (адчуваць) цвёрдую глебу пад нагамі гл. стаяць.

Цвёрдае слова гл. слова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калю́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які колецца, можа рабіць укол. Калючыя шыпы ліян ранілі .. рукі і рвалі вопратку. Самуйлёнак. Пад нагамі шумна зашастаў калючы ржэўнік. Якімовіч. // Які выклікае балючае адчуванне ўколу. Нізка плылі цяжкія хмары, сыпаўся калючы халодны снег. Лупсякоў. Толькі вецер ганяў калючы пясок па дарозе. Шыцік.

2. Які мае калючкі. Калючы дрот. Калючы куст. □ [Тата] збірае грыбы і ўсё лезе туды, дзе густа стаяць калючыя ёлачкі. Брыль.

3. перан. Востры, са злой насмешкай. Бацька ў роспачы, у злосці Кінуў жмут калючых слоў. Колас. // Злы, нядобры (пра погляд, вочы і пад.). Людзі слухалі паказанні, і твары іх камянелі, сухімі, калючымі рабіліся іх вочы. Лынькоў. Позірк Шамоты быў стрыманы, калючы, недаверлівы, позірк Варановіча — вясёлы, усмешлівы, з нейкай вострай думкай у вачах. Дуброўскі.

4. перан. Які непрыхільна, недаверліва ставіцца да ўсяго; нелюдзімы, злосны (пра чалавека). Паходню варта было б правучыць — занадта ён ужо порсткі і калючы стаў у апошнія гады. Хадкевіч.

5. перан. Асляпляльны, рэзкі, яркі (пра святло). Лежачы на цвёрдым белым стале, аслепленая калючым святлом, яна [Лёдзя] адчувала, што траціць апошнія сілы. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зме́на, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. змяняць ​1 — змяніць, змяняцца — змяніцца. На змену ночы прыйшоў ясны і спакойны сонечны дзень. В. Вольскі. Рана .. нясцерпна балела перад зменай надвор’я. Мехаў. // Паварот да чаго‑н. новага, які наступіў у кім‑, чым‑н.; перамена. Змену ў [краўцу] заўважыў нават Міхал, які прыйшоў да сям’і. Барсток. Пра змены, якія думала Кавалёва ўвесці ў гаспадарцы, ведалі многія. Дуброўскі.

2. Прамежак часу, пасля заканчэння якога адна група людзей (якія працуюць, вучацца, адпачываюць) зменьваецца другой такой групай. Начная змена. Працаваць у дзве змены. Хадзіць у школу ў першую змену. □ Перад канцом змены Сашу выклікалі ў дырэкцыю завода. Шуцько.

3. Група людзей (якія працуюць, вучацца, адпачываюць), што зменьвае другую такую ж групу пасля заканчэння пэўнага прамежку часу. Змена, стаўшы на пост, рапартуе аб поўнай гатоўнасці стаяць да канца. Брыль.

4. перан. Маладое пакаленне, якое павінна замяніць старэйшых у якой‑н. сферы дзейнасці. Камсамольская змена. Рыхтаваць сабе змену. □ Цяпер з такім замілаваннем гляджу на нашу змену маладую. Дубоўка.

5. Камплект абутку, адзення, якія час ад часу мяняюцца. Дзве змены бялізны. □ — Трэба будзе чаравікі купіць і завезці. Няхай змена будзе. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радо́к, ‑дка, м.

1. Памянш. да рад (у 1 знач.). Роўнымі радкамі маладых груш і яблынь нельга было не залюбавацца. Шахавец. Унізе цягнецца балотца з радкамі скошанае атавы. Скрыган.

2. Частка тэксту або асобныя словы, літары ці іншыя знакі, напісаныя або надрукаваныя ў адну лінію. Радок верша. □ Чытаў .. [Лабановіч] зусім механічна, нічога не разумеючы з таго, што чытае. Ён проста пераводзіў вочы з радка на радок.., а думаў пра Ядвісю. Колас. Думы і вобразы, розум і радасць заключаны ў алавяныя радкі набора. Брыль. [Верыны] вочы тужліва бегалі па радках лічбаў і раптам спыніліся. Асіпенка. // толькі мн. (радкі́, ‑оў). Напісаныя, надрукаваныя словы, фразы. [Саша] прачытала радкі, якія пераканалі, што горад, дзе служыць Пятро, не здадзены, стаіць, змагаецца. Шамякін.

3. Разм. Прабор у валасах, рад (у 6 знач.). Сівыя валасы расчэсаны на просты радок. Пестрак. Цёмна-русыя валасы акуратненька разабраны на радок і гладка прычасаны. Дуброўскі.

•••

Ламаны (ломаны) радок — вершаваны радок, у якім словы стаяць не на адной лініі.

Радок у оадок — літаральна, даслоўна (пераказаць, спісаць і пад.).

Чытаць паміж радкоў гл. чытаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяро́д, прыназ. з Р.

1. У прамежку паміж краямі якой‑н. прасторы, пераважна ў роўнай адлегласці ад іх; пасярод. Стаяць сярод пакоя. □ Мікола чытаў, стоячы сярод хаты. Брыль. Палеткі калгаса «Рассвет» былі сярод лясоў. Кавалёў. // У прамежку паміж пачаткам і канцом якога‑н. адрэзка часу; на працягу чаго‑н. Сярод ночы.

2. У акружэнні каго‑, чаго‑н. (якіх‑н. аднародных прадметаў, з’яў, асоб); паміж кім‑, чым‑н. Карабель сярод ільдоў. Хата сярод лесу. □ Мне лес цяпер міл удвая, Бо родны лес мой краю служыць, Бо лес мой туліць смелых, дужых, Сярод якіх душой і я. Колас. Учора, як разыходзіліся ад пакгауза, не заўважыў Міколка сярод людзей, куды дзеўся яго стары таварыш. Лынькоў. // У ліку, у саставе каго‑, чаго‑н. Сярод тых, хто варочаўся паражняком, былі і Арсень з Міхасём. Каваленка. Сярод трафеяў было некалькі афіцэрскіх мундзіраў. Грахоўскі. // У асяроддзі, у акружэнні каго‑н. [Алаізе] так многа далі простыя людзі, сярод якіх яна жыла. Яны навучылі яе любіць кожную травінку на роднай зямлі, захапляцца паэзіяй паданняў, легенд. Арабей.

•••

Сярод белага дня гл. дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)