наглядаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. за кім-чым, каго-што, з дадан. сказам і без дап. Уважліва сачыць вачыма за кім‑, чым‑н. Варанецкі здалёк наглядаў за работай экскаватара, за якім цягнулася доўгая града чорнага торфу. Дуброўскі. Я стаяў і, сцяўшы зубы, наглядаў, як дужыя санітары знялі з саней насілкі. Даніленка.

2. каго-што, з дадан. сказам і без дап. Тое, што і назіраць (у 2 знач.). За некалькі дзён прабывання на невялікім участку заходняй граніцы я меў магчымасць наглядаць людзей, якім радзіма даверыла ахову нашай працы і нашага шчасця. Брыль. Раней Ларысе ніколі не прыходзілася наглядаць, як ажывае новы дом. Даніленка.

3. каго-што, за кім-чым і без дап. Тое, што і назіраць (у 3 знач.).

4. за кім-чым. Тое, што і назіраць (у 4 знач.). [Майстар] сам адрэгуляваў накладку, сам зрабіў заліўку і змазку машыны. Міхасю засталося толькі стаяць ды глядзець — наглядаць за спраўнасцю друкавання. Брыль. Паснедаўшы, Кастусь пайшоў з Максімам і Феліксам у клуню, а Саўку і Язэпа папрасіў наглядаць за ваколіцай. — Калі што якое, — сказаў ён, — сігнальце. Якімовіч.

5. Тое, што і нагледжваць. Прыскочыўшы ў лес, Сомік пакінуў каня на тым месцы, дзе браў нядаўна кавалак [дзерава], а сам нібыта пайшоў наглядаць другі кавалак. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)